Лукаша 10 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Пасля гэтага Госпад вызначыў іншых семдзесят і паслаў іх перад абліччам Сваім па двое ў кожны горад і месца, куды Сам меўся пайсці.
 
Пасля гэтага Пан вызначыў іншых семдзесят двух і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам меўся пайсці.

І казаў ім: «Сапраўды жніво вялікае, працаўнікоў мала. Дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў працаўнікоў на жніво Сваё.
 
І сказаў ім: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё.

Ідзіце; вось, Я пасылаю вас, як ягнят пасярод ваўкоў.
 
Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў.

Не насіце з сабою ані капшука, ані торбы, ані пасталоў ды нікога ў дарозе не вітайце.
 
Не бярыце ні каліты, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце.

У які дом увойдзеце, перш скажыце: “Супакой гэтаму дому”.
 
У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: “Спакой гэтаму дому!”

І, калі будзе там сын супакою, застанецца на ім супакой ваш; а калі не, вернецца да вас.
 
Калі будзе там сын спакою, то на ім спачне спакой ваш. Калі ж не, то вернецца да вас.

У тым жа доме заставайцеся, ешце і піце, што ёсць у ім: бо працаўнік варты платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.
 
Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ёсць у іх, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.

І ў які горад увойдзеце і прымуць вас, ешце, што вам пададуць,
 
Калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць.

і аздараўляйце хворых, што ў ім, ды кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”.
 
Аздараўляйце ў ім хворых і кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”.

А калі ў які горад увойдзеце і не прымуць вас, выходзячы на вуліцы іх, кажыце:
 
Калі прыйдзеце ў які горад і не прымуць вас, то выйдзіце на яго вуліцы і скажыце:

“Нават і пыл, што прыліп нам да ног з вашага горада, абтрасаем мы на вас; а ўсё ж такі ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае”.
 
“Нават пыл горада вашага, які прыліп да ног нашых, атрасаем; аднак ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае”.

Кажу вам, што лягчэй будзе Садому ў той дзень, чым гораду таму.
 
Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе лягчэй, чым гораду таму.

Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсайда! Бо калі б у Тыры і Сідоне гэтыя цуды адбываліся, што ў вас, яны б ужо даўно, у зрэбніцы і попеле седзячы, пакаяліся.
 
Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо, калі б у Тыры і Сідоне былі цуды, што сталіся сярод вас, яны б даўно, седзячы ў мешкавіне і ў попеле, пакаяліся.

Аднак лягчэй будзе Тыру і Сідону на судзе, чым вам.
 
Але Тыру і Сідону лепш будзе на судзе, чым вам.

І ты, Кафарнаўм, хіба ты аж да неба ўзнёсся? Дык у пекла будзеш укінуты!
 
І ты, Кафарнаум, ці аж да неба будзеш узвышаны? Аж да адхлані нізрынешся!

Хто вас слухае, Мяне слухае; і хто вамі пагарджае, Мною пагарджае; а хто Мною пагарджае, пагарджае Тым, Хто Мяне паслаў».
 
Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас адкідае, Мяне адкідае. А хто адкідае Мяне, адкідае таго, хто паслаў Мяне».

Затым з радасцю вярнуліся семдзесят, кажучы: «Госпадзе, нават дэманы паддаюцца нам у імя Тваё!»
 
Вярнуліся семдзесят два з радасцю і казалі: «Пане, нават злыя духі слухаюцца нас у імя Тваё!»

І гаворыць ім: «Я бачыў шатана, што падаў з неба, як маланка.
 
А Ён сказаў ім: «Я бачыў сатану, які падаў з неба, як маланка.

Вось жа, Я даў вам уладу таптаць змеяў і скарпіёнаў ды ўсю варожую сілу; і нішто вам не будзе шкодзіць.
 
Вось Я даў вам уладу наступаць на змеяў і скарпіёнаў і на ўсю варожую сілу, і нішто не пашкодзіць вам.

Аднак не з таго весяліцеся, што духі вам паддаюцца, але з таго радуйцеся, што імёны вашы запісаны на нябёсах».
 
Аднак не радуйцеся таму, што духі слухаюцца вас, а радуйцеся таму, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах».

У той час узрадаваўся Ісус у Духу і сказаў: «Слаўлю Цябе, Ойча, Госпад неба і зямлі, што закрыў гэта перад мудрымі і прадбачлівымі і адкрыў гэта малым; так, Ойча, бо так спадабалася Табе.
 
У тую гадзіну Ён узрадаваўся ў Духу Святым і сказаў: «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо так было Табе даспадобы.

Усё дадзена Мне Айцом Маім; і ніхто не ведае, Хто ёсць Сын, толькі Айцец, і Хто ёсць Айцец, толькі Сын ды каму Сын хацеў бы адкрыць».
 
Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае кім ёсць Сын, апроч Айца, і кім ёсць Айцец, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць».

І, звярнуўшыся да вучняў Сваіх, сказаў: «Шчасныя вочы, якія бачаць, што вы бачыце.
 
І, звярнуўшыся асобна да вучняў, сказаў: «Шчаслівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце.

Бо кажу вам: многія прарокі і цары хацелі бачыць тое, што вы бачыце, і не бачылі, і чуць тое, што вы чуеце, і не чулі».
 
Бо кажу вам, што многія прарокі і каралі хацелі бачыць, што вы бачылі, і не ўбачылі, і чуць, што вы чуеце, і не пачулі».

І вось, адзін заканазнаўца ўстаў, выпрабоўваючы Яго і кажучы: «Настаўнік, што маю рабіць, каб здабыць жыццё вечнае?»
 
Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Яго, сказаў: «Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?»

А Ісус сказаў яму: «Што напісана ў законе? Як чытаеш?»
 
Ён адказаў яму: «У Законе што напісана? Як чытаеш?»

Той, адказваючы, сказаў: «Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцай тваёй, і ўсім розумам тваім, і блізкага твайго, як сябе самога».
 
Той адказаў: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцаю тваёй, і ўсім розумам тваім, а бліжняга свайго, як самога сябе».

Ісус сказаў яму: «Добра ты адказаў; рабі гэтак — і будзеш жыць».
 
Езус сказаў яму: «Слушна ты адказаў. Так рабі, і будзеш жыць».

Той, хочучы апраўдацца, сказаў Ісусу: «А хто мой блізкі?»
 
Але той, жадаючы апраўдацца, сказаў Езусу: «А хто мой бліжні?»

Працягваючы, Ісус сказаў: «Адзін чалавек ішоў з Ерузаліма ў Ерыхон і трапіў да разбойнікаў, якія раздзеўшы яго і пабіўшы, адышлі, пакінуўшы ледзь жывога.
 
На гэта Езус адказаў: «Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога.

Здарылася, што гэтаю дарогай праходзіў нейкі святар і, паглядзеўшы на яго, прайшоў міма.
 
Выпадкова нейкі святар ішоў той дарогай і, убачыўшы яго, прайшоў міма.

Таксама і левіт, калі быў недалёка ад таго месца і бачыў яго, прамінуў яго.
 
Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма.

А самарыцянін нейкі, праходзячы гэтай дарогай каля яго і ўбачыўшы яго, праявіў міласэрнасць,
 
А нейкі самаранін, падарожны, натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся.

ды, падышоўшы, абвязаў раны яго, паліўшы алеем і віном; і, пасадзіўшы на сваю жывёліну, завёз у заезд, і даглядаў яго.
 
Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. І, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім.

А назаўтра дастаў два дынары і даў гаспадару заезду і гаворыць яму: “Апякуйся над ім, а калі больш выдасі, я, як вярнуся, дадам табе”.
 
А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: “Паклапаціся аб ім. А калі патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся”.

Хто з гэтых трох, здаецца табе, быў блізкім таму, хто трапіў да разбойнікаў?»
 
Як здаецца табе, хто з гэтых трох быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?»

Ён сказаў: «Той, хто аказаў яму міласэрнасць». І сказаў яму Ісус: «Ідзі і ты рабі падобна».
 
Ён сказаў: «Той, хто паступіў з ім міласэрна». Тады Езус сказаў яму: «Ідзі і ты рабі так».

Калі ж яны ішлі, Ён зайшоў у адно сяленне, і адна жанчына на імя Марта прыняла Яго.
 
Калі былі ў дарозе, Ён зайшоў у адно паселішча. Нейкая жанчына, якую звалі Марта, прыняла Яго.

І была ў яе сястра на імя Марыя, якая нават села ля ног Ісуса і слухала Яго слова.
 
У яе была сястра імем Марыя, якая села каля ног Пана і слухала Ягоныя словы.

Марта ж завіхалася старанна ў многіх паслугах, потым спынілася і гаворыць: «Госпадзе, хіба няма Табе справы, што сястра пакінула мяне адну паслугаваць? Дык скажы ёй, каб яна мне дапамагла».
 
Марта ж, занятая многімі паслугамі, падышоўшы, сказала: «Пане, ці Табе ўсё адно, што сястра мая пакінула мяне адну прыслугоўваць? Таму скажы ёй, каб дапамагла мне».

І, адказваючы, сказаў ёй Ісус: «Марта, Марта, пра многае ты рупішся і клапоцішся,
 
Але Пан сказаў ёй у адказ: «Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае,

а адно толькі патрэбна; Марыя выбрала найлепшую долю, якая не будзе аднята ў яе».
 
а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала добрую частку, якая не адымецца ў яе».