Лукаша 10 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Пасля гэтага Госпад прызначыў іншых семдзесят [двух] і паслаў іх па двух перад Сваім абліччам у кожны горад і месца, куды Сам збіраўся ісці.
 
Пасля гэтага Пан вызначыў іншых семдзесят двух і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам меўся пайсці.

І сказаў ім: Жніво вялікае, а работнікаў мала; дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на Сваё жніво.
 
І сказаў ім: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё.

Ідзіце! Вось пасылаю вас, як ягнят паміж ваўкоў.
 
Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў.

Не насіце з сабою ні кашалька, ні торбы, ні сандаляў, і нікога ў дарозе не вітайце.
 
Не бярыце ні каліты, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце.

І калі ўвойдзеце ў які дом, спярша кажыце: «Мір гэтаму дому».
 
У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: “Спакой гэтаму дому!”

І калі будзе там сын міру, то ваш мір спачне на ім, калі ж не, то на вас вернецца.
 
Калі будзе там сын спакою, то на ім спачне спакой ваш. Калі ж не, то вернецца да вас.

І ў гэтым доме заставайцеся, ядучы і п’ючы, што яны маюць; бо варты работнік сваёй платы. Не пераходзбце з дому ў дом.
 
Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ёсць у іх, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.

І калі ў які горад увойдзеце і вас прымуць, ешце, што вам пададуць,
 
Калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць.

І вылечвайце ў ім хворых і кажыце ім: «Наблізілася да вас Царства Божае».
 
Аздараўляйце ў ім хворых і кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”.

А калі ў які горад увойдзеце і вас не прымуць, то, выйшаўшы на яго вуліцы, скажыце:
 
Калі прыйдзеце ў які горад і не прымуць вас, то выйдзіце на яго вуліцы і скажыце:

«Нават пыл, што прыліп да нашых ног з вашага горада, мы страсаем вам; аднак ведайце тое, што наблізілася [да вас] Царства Божае».
 
“Нават пыл горада вашага, які прыліп да ног нашых, атрасаем; аднак ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае”.

Кажу вам, што Садому ў той дзень будзе лягчэй, чым таму гораду.
 
Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе лягчэй, чым гораду таму.

Бяда табе, Харадзіне! Бяда табе, Віфсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне адбыліся цуды, што адбыліся ў вас, яны б дайўно, седзячы ў валасяніцы і попеле, пакаяліся.
 
Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо, калі б у Тыры і Сідоне былі цуды, што сталіся сярод вас, яны б даўно, седзячы ў мешкавіне і ў попеле, пакаяліся.

Але Тыру і Сідону будзе лягчэй на судзе, чым вам.
 
Але Тыру і Сідону лепш будзе на судзе, чым вам.

І ты, Капернауме, ці да неба будзеш узвышаны?19 Да пекла зыдзеш20.
 
І ты, Кафарнаум, ці аж да неба будзеш узвышаны? Аж да адхлані нізрынешся!

Хто слухае вас, Мяне слухае, а хто вас адкідае, Мяне адкідае, хто ж Мяне адкідае, адкідае Таго, Хто паслаў Мяне.
 
Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас адкідае, Мяне адкідае. А хто адкідае Мяне, адкідае таго, хто паслаў Мяне».

Вярнуліся ж семдзесят [два] з радасцю, кажучы: Госпадзе, нават дэманы пакараюцца нам у Тваё імя.
 
Вярнуліся семдзесят два з радасцю і казалі: «Пане, нават злыя духі слухаюцца нас у імя Тваё!»

Ён жа сказаў ім: Бачыў Я Сатану, што, як маланка, спадаў з неба.
 
А Ён сказаў ім: «Я бачыў сатану, які падаў з неба, як маланка.

Вось, Я даў21 вам уладу наступаць на змеяў і скарпіёнаў і на ўсю варожую сілу, і нішто не зашкодзіць вам.
 
Вось Я даў вам уладу наступаць на змеяў і скарпіёнаў і на ўсю варожую сілу, і нішто не пашкодзіць вам.

Але не радуйцеся таму, што духі вам пакараюцца, а радуйцеся, што вашы імёны запісаны ў нябёсах.
 
Аднак не радуйцеся таму, што духі слухаюцца вас, а радуйцеся таму, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах».

У гэты самы час Ён узрадаваўся ў Святым Духу і сказаў: Усхваляю Цябе, Татухна, Госпадзе неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта малым дзецям; так, Татухна, бо такое было Тваё ўпадабненне.
 
У тую гадзіну Ён узрадаваўся ў Духу Святым і сказаў: «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо так было Табе даспадобы.

Усё22 перададзена Мне Маім Бацькам; і ніхто не ведае, хто ёсць Сын, акрамя Бацькі, і хто ёсць Бацька — акрамя Сына і таго, каму Сын хоча Яго адкрыць.
 
Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае кім ёсць Сын, апроч Айца, і кім ёсць Айцец, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць».

І, павярнуўшыся да вучняў, асобна сказаў: Шчаслівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце.
 
І, звярнуўшыся асобна да вучняў, сказаў: «Шчаслівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце.

Бо кажу вам, што шмат прарокаў і цароў хацелі ўбачыць тое, што бачыце вы, і не ўбачылі, і пачуць, што чуеце вы, і не пачулі.
 
Бо кажу вам, што многія прарокі і каралі хацелі бачыць, што вы бачылі, і не ўбачылі, і чуць, што вы чуеце, і не пачулі».

І вось устаў адзін законнік і, выпрабоўваючы Яго спытаўся: Настаўніку, што мне зрабіць, каб атрымаць у спадчыну вечнае жыццё?
 
Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Яго, сказаў: «Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?»

Ён жа сказаў яму: У Законе што напісана? Як чытаеш?
 
Ён адказаў яму: «У Законе што напісана? Як чытаеш?»

Той жа ў адказ сказаў: «Любі Госпада, твайго Бога, усім тваім сэрцам, і ўсёю тваёю душою, і усёю сілай, і ўсім тваім розумам; і твайго блізкага, як самога сябе».
 
Той адказаў: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцаю тваёй, і ўсім розумам тваім, а бліжняга свайго, як самога сябе».

Ён жа сказаў яму: Ты правільна адказаў; рабі гэта і будзеш жыць.
 
Езус сказаў яму: «Слушна ты адказаў. Так рабі, і будзеш жыць».

А ён, хочучы апраўдаць сябе, сказаў Ісус: А хто мой блізкі?
 
Але той, жадаючы апраўдацца, сказаў Езусу: «А хто мой бліжні?»

Ісус на гэта адказаў: Адзін чалавек спускаўся з Іерусаліма ў Іерыхон і трапіў да разбойнікаў, якія, раздзеўшы яго і збіўшы, пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога.
 
На гэта Езус адказаў: «Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога.

Выпадкам спускаўся тою дарогаю адзін святар і, убачыўшы яго, прайшоў другім бокам.
 
Выпадкова нейкі святар ішоў той дарогай і, убачыўшы яго, прайшоў міма.

Гэтак жа і лявіт, прыйшоўшы на тое месца і ўбачыўшы, прайшоў другім бокам.
 
Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма.

А адзін самаранін, праязджаючы, натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся.
 
А нейкі самаранін, падарожны, натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся.

і, падышоўшы, перавязаў яму раны, узліваючы алеем і віном; і, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз яго ў гасцініцу і паклапаціўся пра яго.
 
Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. І, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім.

І на другі дзень, выняўшы два дынарыі, даў гаспадару гасцініцы і сказаў: Паклапаціцеся пра Яго, а калі што больш патраціш, я, вяртаючыся, аддам табе.
 
А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: “Паклапаціся аб ім. А калі патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся”.

Хто з гэтых трох, думаецца табе, быў блізкі таму, што трапіў да разбойнікаў.
 
Як здаецца табе, хто з гэтых трох быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?»

Ён жа сказаў: Той, хто зрабіў яму ласку. — І Ісус сказаў яму: Ідзі, і ты рабі гэтак.
 
Ён сказаў: «Той, хто паступіў з ім міласэрна». Тады Езус сказаў яму: «Ідзі і ты рабі так».

І калі яны ішлі, Ён увайшоў у адно сяло. І адна жанчына, імем Марфа, прыняла Яго [у свой дом].
 
Калі былі ў дарозе, Ён зайшоў у адно паселішча. Нейкая жанчына, якую звалі Марта, прыняла Яго.

І была ў яе сястра — звалася Марыям, якая прысела ў нагах Ісуса і слухала Яго слова.
 
У яе была сястра імем Марыя, якая села каля ног Пана і слухала Ягоныя словы.

Марфа ж завіхалася ў многіх паслугах; і, падышоўшы, сказала: Госпадзе, ці ж не абыходзіць Табе, што мая сястра адну мяне пакінула прыслугоўваць? Дык скажы ёй, каб яна мне дапамагла.
 
Марта ж, занятая многімі паслугамі, падышоўшы, сказала: «Пане, ці Табе ўсё адно, што сястра мая пакінула мяне адну прыслугоўваць? Таму скажы ёй, каб дапамагла мне».

Але Госпад23 сказаў ёй у адказ: Марфа, Марфа, турбуешся ты і непакоішся пра многае,
 
Але Пан сказаў ёй у адказ: «Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае,

а ў адным ёсць патрэба: Марыям жа выбрала найлепшую долю, якая не адымецца ў яе.
 
а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала добрую частку, якая не адымецца ў яе».