Лукаша 4 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Ісус жа, поўны Святога Духа, вярнуўся ад Іардана, і вадзіў Яго Дух у пустэльні
Езус, напоўнены Духам Святым, вярнуўся з-над Ярдана, і вадзіў Яго Дух па пустыні
сорак дзён, і быў Ён спакушваны д’ябалам. І не еў нічога тыя дні, а калі яны скончыл, адчуў голад.
сорак дзён, а д’ябал выпрабоўваў Яго. І нічога не еў у тыя дні, а калі яны скончыліся, згаладаўся.
І д’ябал сказаў Яму: Калі Ты Сын Божы, скажы гэтаму каменю, каб ён зрабіўся хлебам.
Тады д’ябал сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, скажы гэтаму каменю, каб ён стаў хлебам».
Ісус адказаў яму: Напісана: «Не хлебам адным бузе жыць чалавек, [а кожным словам Божым]».
Езус адказаў яму: «Напісана: “Не хлебам адным будзе жыць чалавек”».
І, узвёўшы Яго, [на высокую гару], паказаў Яму ў імгненне часу ўсе царствы населенай зямлі,
Тады д’ябал павёў Яго і паказаў Яму ў імгненне ўсе валадарствы свету.
І д’ябал сказаў Яму: Табе дам усю гэтую ўладу і славу іх, бо мне яна перададзена, і я, каму хачу, даю яе.
І сказаў Яму д’ябал: «Я дам Табе ўсю гэтую ўладу і славу іх, бо яна мне перададзена, і каму хачу, даю яе.
Дык Ты, калі паклонішся перада мной, яна ўся будзе Твая7.
Калі Ты паклонішся мне, уся будзе Тваёй».
І ў адказ Ісус сказаў яму: [Адыдзі ад Мяне, сатана]. Напісана: «Госпаду, твайму Богу, пакланяйся і Яму аднаму служы».
У адказ Езус сказаў яму: «Напісана: “Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць”».
І ён павёў Яго ў Іерусалім, паставіў на крыло святыні і сказаў Яму: Калі Ты Сын Божы, кінься адсюль уніз;
Тады завёў Яго ў Ерузалем, паставіў на крыле святыні і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз,
бо напісана: «Сваім Анёлам Ён загадае пра Цябе ўсцерагчы Цябе,
бо напісана: “Анёлам сваім загадае пра Цябе,каб ахоўвалі Цябе”
і на руках яны панясуць Цябе, каб Ты не спатыкнуўся аб камень Сваёю нагою».
і: “Яны на руках панясуць Цябе,каб Ты часам не спатыкнуўся аб камень сваёй нагой”».
А Ісус сказаў у адказ яму: Сказана: «Не выпрабоўвай Госпада, твайго Бога».
А Езус сказаў яму ў адказ: «Сказана: “Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго”».
І, скончыўшы ўсё спакушэнне, д’ябал адышоў ад Яго да часу.
Скончыўшы ўсе выпрабаванні, д’ябал адступіў ад Яго да пары.
І вярнуўся Ісус у моцы Духа ў Галілею. І вестка пра Яго разышлася па ўсім наваколлі.
Езус вярнуўся ў моцы Духа ў Галілею. І разышліся чуткі пра Яго па ўсёй ваколіцы.
І Ён вучыў у іх сінагогах, і ўсе Яго славілі.
А Ён навучаў у іх сінагогах, і ўсе Яго славілі.
І прыйшоў Ён у Назарэт, дзе быў узгадаваны, і ўвайшоў Сваім звычаем у суботні дзень у сінагогу і ўстаў, каб чытаць.
Калі прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, увайшоў паводле свайго звычаю ў шабат у сінагогу і падняўся, каб чытаць.
І падалі Яму кнігу прарока Ісаіі, і, развінуўшы скрутак, Ён знайшоў месца, дзе было напісана:
Яму падалі кнігу прарока Ісаі. Разгарнуўшы кнігу, Ён трапіў на месца, дзе было напісана:
«Дух Госпада на Мне, бо Ён памазаў Мяне дабравесціць убогім, паслаў Мяне [вылечыць разбітых сэрцам], абвясціць палонным вызваленне і сляпым — відушчасць, адпусціць прыгнечаных на волю,
«Дух Пана на Мне,бо Ён намасціў Мянеабвяшчаць Добрую Навіну ўбогім,паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палоннымі сляпым вяртаць зрок,каб выпусціць спакутаваных на свабоду,
абвясціць спрыяльны год Гасподні».
каб абвясціць год ласкі Пана».
І, згарнуўшы скрутак, аддаў служку і сеў; і вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваны на Яго.
Згарнуўшы кнігу, Ён аддаў яе слугу і сеў. А вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго.
Ён пачаў казаць ім: Сёння спраўдзілася гэтае Пісанне, якое вы чулі.
І Ён пачаў гаварыць ім: «Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі».
І ўсе сведчылі Яму і дзівіліся словам ласкі, што зыходзілі з Яго вуснаў, і пыталі: Ці не Іосіфаў гэта сын?
Усе сведчылі Яму і здзіўляліся словам ласкі, якія выходзілі з вуснаў Ягоных, і казалі: «Ці ж не сын Юзафа гэта?»
І Ён сказаў ім: Вядома, вы скажаце Мне гэтае выслоўе: «Доктару, вылеч Самога Сябе»; «Тое, што мы чулі, адбылося ў Капернауме, зрабі і тут у Сваёй бацькаўшчыне».
А Ён сказаў ім: «Напэўна, скажаце мне такую прыказку: “Лекар, вылечы самога сябе; зрабі і тут, у тваёй бацькаўшчыне тое, што, як мы чулі, сталася ў Кафарнауме”».
І Ён сказаў: Праўду кажу вам: Ніякага прарока не прымаюць у сваёй бацькаўшчыне.
І сказаў: «Сапраўды кажу вам: ніводнага прарока не прымаюць на бацькаўшчыне яго.
Па праўдзе ж кажу вам: шмат было ўдоў у дні Іліі ў Ізраіле, калі зачынілася неба на тры гады і шэсць месяцаў, так што вялікі голад настаў на ўсёй зямлі,
Сапраўды кажу вам: шмат удоў было ў Ізраэлі ў дні Іллі, калі неба было зачынена тры гады і шэсць месяцаў, так што быў вялікі голад па ўсёй зямлі.
і да ніводнае з іх не быў пасланы Ілія, а только ў Сарэпту Сідонскую да жанчыны-ўдавы.
І да ніводнай з іх не быў пасланы Ілля, а толькі да аўдавелай жанчыны ў Сарэпце Сідонскай.
І шмат было пракажоных у Ізраіле пры Елісеі прароку, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, акрамя сірыйца Неямана.
Шмат таксама было пракажоных у Ізраэлі ў часы прарока Елісея, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, апрача сірыйца Наамана».
І перапоўніліся гневам усе ў сінагозе, пачуўшы гэта,
Пачуўшы гэта, усе ў сінагозе напоўніліся гневам
і, устаўшы, выгналі Яго з горада, і павялі Яго на вяршыню гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго ўніз;
і, устаўшы, выгналі Яго прэч з горада, і павялі на край гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго.
Ён жа, прайшоўшы пасярод іх, пайшоў далей.
Але Ён, прайшоўшы паміж імі, адышоў.
І спусціўся ў Капернаум, галілейскі горад. І вучыў іх па суботах;
І прыйшоў у Кафарнаум, галілейскі горад, і навучаў іх у дні шабату.
і яны ўразіліся Яго навукаю, бо Яго слова мела ўладу.
І здзіўляліся вучэнню Ягонаму, таму што слова Ягонае мела ўладу.
І быў у сінагозе чалавек, які меў духа, нячыстага дэмана, і ён закрычаў моцным голасам:
Быў у сінагозе чалавек, які меў нячыстага духа. Ён закрычаў моцным голасам:
Эй, што Табе да нас, Ісусе Назараніне? Ты прыйшоў загубіць нас? Я ведаю Цябе, хто Ты, — Святы Божы.
«Ах! Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Я ведаю Цябе, хто Ты: Святы Божы».
Ды Ісус забараніў яму, кажучы: Замоўкні і выйдзі з яго! — І дэман, кінуўшы таго на сярэдзіну, выйшаў з яго, ані не пашкодзіўшы яму.
Але Езус забараніў яму, кажучы: «Змоўкні і выйдзі з яго!» Тады злы дух кінуў яго на сярэдзіну і выйшаў з яго, нічым не нашкодзіўшы яму.
І напаў на ўсіх жах і разважалі між сабою, кажучы: Што гэта за слова, што Ён з уладаю і сілай загадвае нячыстым духам, і яны выходзяць.
І здзіўленне ахапіла ўсіх, і казалі адзін аднаму: «Што гэта за слова, што з ўладаю і моцай Ён загадвае нячыстым духам, і яны выходзяць?»
І розгалас пра Яго разышоўся па ўсіх навакольных мясцінах.
І разнеслася пагалоска пра Яго па ўсёй навакольнай мясцовасці.
А Ён, устаўшы і выйшаўшы з сінагогі, увайшоў у дом Сімана. Цешча ж Сіманава была ахоплена моцнай гарачкаю, і Яго папрасілі за яе.
Выйшаўшы з сінагогі, Езус увайшоў у дом Сымона. Цешчу Сымонаву ахапіла моцная гарачка. Таму прасілі Яго за яе.
І, стаўшы над ёю, Ён забараніў гарачцы, і тая пакінула яе: яна ж, зараз жа ўстаўшы, прыслугоўвала ім.
Стаўшы над ёю, Ён забараніў гарачцы, і тая пакінула яе. Адразу ўстаўшы, яна прыслужвала ім.
Калі ж сонца заходзіла, усе, хто меў хворых на розныя хваробы, прывялі іх да Яго; Ён жа, ускладаючы рукі на кожнага з іх, вылечваў іх.
На захадзе сонца ўсе, хто меў хворых на розныя хваробы, прыводзілі іх да Езуса. Ён жа, ускладаючы рукі на кожнага з іх, аздараўляў іх.
Выходзілі ж і дэманы з многіх, крычучы і кажучы: Ты [Хрыстос], Сын Божы! — Ды Ён забараняў і не даваў ім гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.
З многіх таксама выходзілі з крыкам злыя духі і казалі: «Ты — Сын Божы». Але Ён забараняў і не дазваляў ім казаць, бо яны ведалі, што Ён Месія.
Калі ж настаў дзень, Ён, выйшаўшы, падаўся ш пустэльнае месца; і натоўпы шукалі Яго, і прыйшлі да Яго, і затрымлівалі Яго, каб Ён не адыходзіў ад іх.
Калі настаў дзень, Езус выйшаў і адправіўся ў пустыннае месца. А людзі шукалі Яго і, прыйшоўшы да Яго, затрымлівалі, каб не адыходзіў ад іх.
Ён жа сказаў ім: І іншым гарадам Я павінен дабравесціць Царства Божае, бо на гэта я пасланы.
Але Ён сказаў ім: «Таксама іншым гарадам Мне трэба абвяшчаць Добрую Навіну пра Валадарства Божае, бо дзеля гэтага Я пасланы».
І Ён абвяшчаў у сінагогах Іудзеі8.
І прапаведаваў у сінагогах Юдэі.