Лукаша 22 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Набліжалася ж свята Праснакоў, што называецца Пасхаю.
Набліжалася свята Праснакоў, якое называецца Пасхай.
І першасвятары і кніжнікі шукалі, як бы забіць Яго, бо яны баяліся народу.
Першасвятары з кніжнікамі шукалі, як забіць Езуса, бо баяліся народу.
Сатана ж увайшоў у Іуду, званага Іскарыётам, аднаго з ліку дванаццаці;
А сатана ўвайшоў у Юду, аднаго з Дванаццаці, якога звалі Іскарыётам.
і ён, пайшоўшы, дамовіўся з першасвятарамі і начальнікамі, як ён ім выдасць Яго.
Ён пайшоў і дамовіўся з першасвятарамі і дазорцамі святыні, як ён ім выдасць Езуса.
І яны абрадаваліся і згадзіліся даць яму срэбранікаў.
Тыя ж узрадаваліся і згадзіліся даць яму срэбранікаў.
І ён абяцаў і шукаў зручнага часу, каб выдаць ім Яго не пры народзе.
І ён абяцаў, і шукаў нагоды выдаць ім Яго здалёк ад народу.
І надышоў дзень Праснакоў, калі належала прыносіць у ахвяру пасху53;
Настаў дзень Праснакоў, калі трэба было прыносіць пасхальную ахвяру.
і Ён паслаў Пятра і Іаана, сказаўшы: Пайдзіце, падрыхтуйце нам пасху, каб мы маглі спажыць яе.
Тады Езус паслаў Пятра і Яна, кажучы: «Пайдзіце і прыгатуйце нам з’есці пасху».
Яны ж спыталіся ў Яго: Дзе Ты хочаш, каб мы падрыхтавалі?
Тыя спыталіся: «Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі?»
і Ён сказаў ім: Вось, калі вы ўвойдзеце ў горад, сустрэнецца вам чалавек, які будзе несці збан вады; ідзіце ўслед за ім у дом, куды ён увойдзе;
Ён адказаў ім: «Калі будзеце ўваходзіць у горад, сустрэне вас чалавек, які будзе несці збан вады. Ідзіце за ім у дом, у які ўвойдзе.
і скажыце гаспадару дома: «Настаўнік кажа табе: Дзе пакой, у якім бы Я спажыў пасху з Маімі вучнямі?»
І скажыце гаспадару дома: “Настаўнік пытаецца ў цябе: дзе святліца, у якой Я магу з’есці пасху з вучнямі Маімі?”
І той вам пакажа вялікі верхні пакой, высланы: там падрыхтуйце.
Ён пакажа вам вялікі засланы верхні пакой; там прыгатуеце».
І, пайшоўшы, яны знайшлі, як Ён казаў ім, і падрыхтавалі пасху.
Яны пайшлі і знайшлі так, як сказаў ім, і прыгатавалі пасху.
І калі надышоў час, Ён узлёг, і дванаццаць апосталаў з Ім.
Калі настала гадзіна, Езус заняў месца за сталом, і Апосталы разам з Ім.
І Ён сказаў ім: Я вельмі хацеў спажыць гэтую пасху з вамі, перш чым мукі прыму;
І сказаў ім: «Я вельмі хацеў спажыць гэтую пасху з вамі, перш чым буду цярпець,
бо кажу вам: не буду спажываць яе, пакуль не здзейсніцца яна ў Царстве Божым.
бо кажу вам, што ўжо не буду есці яе, аж пакуль яна не здзейсніцца ў Божым Валадарстве».
І, узяўшы чашу, падзякаваўшы, сказаў: Вазьміце яе і падзяліце між сабою;
І, узяўшы келіх, узнёс падзяку і сказаў: «Вазьміце гэта і падзяліце паміж сабою,
бо кажу вам, [што] не буду піць Я з гэтага часу ад плоду вінаграднай лазы пакуль не прыйдзе Царства Божае.
бо кажу вам, што адгэтуль не буду піць ад вінаграднага плоду, пакуль не прыйдзе Божае Валадарства».
І, узяўшы хлеб, падзякаваўшы, пераламаў яго і падаў ім, кажучы: Гэта Маё цела, што за вас аддаецца; рабіце гэта на ўспамін пра Мяне.
І, узяўшы хлеб, узнёс падзяку, паламаў і даў ім, кажучы: «Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць».
Гэтак жа — і чашу пасля вячэры, кажучы: Гэтая чаша — новы запавет у Маёй крыві, што за вас праліваецца.
Таксама ўзяў і келіх пасля вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсць новым запаветам у Крыві Маёй, якая за вас будзе праліта.
Аднак вось рука таго, хто выдае Мяне, са Мною на стале,
Аднак вось рука таго, хто выдасць Мяне, на стале са Мною.
бо Сын Чалавечы ідзе, як вызначана, але бяла таму чалавеку, праз якога Ён выдаецца.
Бо сапраўды, Сын Чалавечы ідзе як вызначана, але гора таму чалавеку, які выдае Яго!»
І яны пачалі дапытвацца адзін у аднаго, хто ж з іх тады рыхтуецца зрабіць гэта.
І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто з іх збіраецца ўчыніць гэта.
І ўсчалася таксама спрэчка між імі, хто з іх павінен лічыцца большым.
Узнялася спрэчка паміж імі, хто з іх павінен лічыцца большым.
Ён жа сказаў ім: Цары народаў пануюць над імі, а тыя, што імі валодаюць, называюцца дабрадзеямі.
А Езус адказаў ім: «Каралі народаў пануюць над імі, і валадары іх называюцца дабрадзеямі.
А вы не так: але хто большы між вас, няхай будзе як малодшы, а начальнік — як слуга.
У вас жа няхай будзе не так, але большы сярод вас няхай будзе як меншы, а правадыр — як слуга.
Бо хто большы: ці той, хто ўзлягае за сталом, ці той, хто слугуе? Ці не той, хто ўзлягае? А Я сярод вас — як той, хто слугуе.
Бо хто большы? Той, хто сядзіць за сталом, ці той, хто служыць? Ці ж не той, хто сядзіць за сталом? Я сярод вас як той, хто служыць.
Вы ж тыя, што заставаліся са Мною ў Маіх выпрабаваннях;
Вы тыя, хто вытрываў са Мною ў Маіх выпрабаваннях.
і Я дару вам, як падарыў Мне Мой Бацька, Царства,
Я перадаю вам у спадчыну Валадарства, як Мне перадаў яго Айцец Мой,
каб вы елі і пілі за Маім сталом у Маім Царстве, і сядзелі на тронах, судзячы дванаццаць плямёнаў Ізраілевых.
каб вы елі і пілі за Маім сталом у Валадарстве Маім, і каб сядзелі на тронах, судзячы дванаццаць пакаленняў Ізраэля.
[І сказаў Госпад:] Сімане, Сімане, вось сатана дамагаўся таго, каб прасеяць вас, як пшаніцу;
Сымоне, Сымоне, вось сатана дамагаўся прасеяць вас, як пшаніцу,
Я ж маліў за цябе, каб не знікла твая вера; і ты некалі, вярнуўшыся, умачуй сваіх братоў.
але Я папрасіў за цябе, каб не знікла твая вера. І ты, калі вернешся, умацуй братоў сваіх».
А ён сказаў Яму: Госпадзе, з Табою гатовы я і ў турму і на смерць ісці.
Той адказаў Яму: «Пане, я гатовы ісці з Табою і ў вязніцу, і на смерць».
Ён жа сказаў: Кажу табе, Пётр, не прапяе певень, як ты тройчы адрачэшся, што ведаеш Мяне.
Але Ён сказаў: «Кажу табе, Пётр, не заспявае сёння певень, як ты тройчы адрачэшся, кажучы, што не ведаеш Мяне».
І Ён сказаў ім: Калі Я вас пасылаў без кашалька, торбы, і сандаляў, ці мелі вы ў чым нястачу? — І яны сказалі: Ні ў чым.
І сказаў ім: «Калі Я пасылаў вас без каліты і торбы, і абутку, ці неставала вам чаго-небудзь?» Яны адказалі: «Нічога».
І Ён сказаў ім: Але цяпер хто мае кашалёк, няхай возьме яго, таксама і торбу, а хто не мае, няхай прадасць сваю вопратку і купіць меч.
Тады сказаў ім: «Але цяпер, хто мае каліту, няхай яе возьме, таксама і торбу, а хто не мае, няхай прадасць адзенне сваё і купіць меч.
Бо кажу вам: трэба [яшчэ], каб на Мне закончылася гэтае напісанае: «І да беззаконных злічаны», бо і тое, што сказана пра Мяне, падыходзіць да канца.
Бо кажу вам: тое, што напісана пра Мяне: “І да злачынцаў быў залічаны”, павінна збыцца. Бо ўсё, што датычыць Мяне, спаўняецца».
Яны ж сказалі: Госпадзе, вось тут два мячы. — А Ён сказаў ім: Даволі.
Яны сказалі: «Пане, вось тут два мячы». А Ён адказаў ім: «Дастаткова».
І, выйшаўшы, Ён пайшоў, як звычайна, на Аліўную гару, а ўслед за ім пайшлі і [Яго] вучні.
Выйшаўшы, Ён пайшоў, як звычайна, на Аліўную гару. За Ім пайшлі таксама вучні.
А прыйшоўшы на месца, Ён сказаў ім: Маліцеся, каб ўвайсці ў спакусу.
Калі прыйшоў на месца, сказаў ім: «Маліцеся, каб не паддацца спакусе».
А Сам адышоў ад іх, як дакінуць каменем, і, укленчыўшы, маліўся,
А сам адышоў ад іх, як кінуць камень, укленчыў і маліўся,
кажучы: Татухна, калі хочаш, аднялі гэтую чашу ад Мяне; аднак не Мая воля, але Твая няхай будзе.
кажучы: «Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца».
І паказаўся Яму Анёл з неба, умацоўваючы Яго.
З’явіўся Яму анёл з неба, суцяшаючы Яго.
І, будучы ў смяротнай трывозе, старанней маліўся; і зрабіўся Яго пот, як кроплі крыві, што спадаюць на зямлю54.
І, моцна пакутуючы, Ён маліўся яшчэ больш. А пот Ягоны быў, быццам кроплі крыві, што падалі на зямлю.
І, устаўшы з малітвы, прыйшоўшы да вучняў, знайшоў іх у сне ад гора,
Калі ўстаў пасля малітвы і прыйшоў да вучняў, убачыў, што яны заснулі, змучаныя тугою.
і сказаў ім: Што вы спіце? Уставайце і маліцеся, каб не ўвайсці вам у спакусу.
І сказаў ім: «Чаму вы спіце? Устаньце і маліцеся, каб не паддацца спакусе».
Калі Ён яшчэ казаў, вось натоўп і той, каго звалі Іуда, адзін з дванаццаці, ішоў наперадзе іх, і ён наблізіўся да Ісуса, каб пацалаваць Яго, [бо такі знак ён даў ім: Каго я пачалую, Той і ёсць].
Калі Ён яшчэ гаварыў, з’явіўся натоўп, а наперадзе ішоў адзін з Дванаццаці, якога звалі Юда. Ён падышоў да Езуса, каб пацалаваць Яго.
Ісус жа сказаў яму: Іуда, пацалункам выдаеш Сына Чалавечага?
А Езус сказаў яму: «Юда, пацалункам выдаеш Сына Чалавечага?»
Тыя ж, якія былі вакол Яго, убачыўшы, да чаго ідзе, сказалі: Госпадзе, ці не ўдарыць нам мячом?
Тыя, хто быў з Езусам, убачылі, што можа стацца, і сказалі: «Пане, ці не ўдарыць нам мячом?»
І адзін з іх ударыў першасвятаровага слугу і адцяў яму правае вуха.
Адзін з іх ударыў слугу першасвятара і адсек яму правае вуха.
У адказ жа Ісус сказаў: Пакіньце, даволі. — І, дакрануўшыся вуха, загаіў яго.
Тады Езус сказаў: «Пакіньце, даволі!» І, дакрануўшыся да вуха, вылечыў яго.
І сказаў Ісус першасвятарам, і начальнікам аховы святыні, і старэйшынам, што сабраліся супроць Яго: Як на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі?
А першасвятарам, дазорцам святыні і старэйшынам, якія выйшлі супраць Яго, Езус сказаў: «Як на злачынцу выйшлі вы з мячамі і кіямі.
Калі Я штодня быў з вамі ў святыні, вы не паднялі рук на Мяне, але гэта — ваша гадзіна і ўлада цемры.
Кожны дзень, калі Я быў з вамі ў святыні, вы не падымалі рук на Мяне, але цяпер — ваша гадзіна і ўлада цемры».
І, схапіўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасвятара; Пётр да ішоў зводаль следам.
Схапіўшы, павялі Яго і прывялі ў дом першасвятара. А Пётр ішоў следам за Ім зводдаль.
І калі яны распалілі агонь сярод двара і селі разам, сядзеў і Пётр між імі.
Калі яны распалілі агонь сярод дзядзінца і селі разам, Пётр сеў паміж імі.
І адна служанка, убачыўшы, што ён сядзіць пры агні, і, угледзеўшыся ў яго, сказала: І гэты быў з Ім.
Адна служанка ўбачыла, што ён сядзеў каля агня, прыгледзелася да яго і сказала: «І гэты быў з Ім!»
Ён жа адрокся [ад Яго], кажучы: Жанчына, Я не ведаю Яго.
Але ён адрокся, кажучы: «Жанчына, я не ведаю Яго!»
І неўзабаве другі, убачыўшы яго, сказаў: І ты з іх. — Але Пётр сказаў: Не, чалавеча.
Неўзабаве другі ўбачыў яго і сказаў: «І ты з іх!» Але Пётр адказаў: «Чалавеча, гэта не я!»
І праз нейкую гадзіну хтосьці іншы настойваў, кажучы: Сапраўды, і гэты быў з Ім; бо і ён галілеянін.
Мінула каля адной гадзіны часу, і яшчэ нехта пачаў казаць: «Сапраўды, і гэты быў з Ім, бо ён галілеец!»
А Пётр сказаў: Чалавеча, я не ведаю, што ты кажаш. — І зараз жа, пакуль ён яшчэ гаварыў, прапяяў певень.
Але Пётр адказаў: «Чалавеча, не ведаю, што ты кажаш!» І адразу, калі ён яшчэ гаварыў, заспяваў певень.
І, Госпад, павярнуўшыся, паглядзеў на Пятра, і Пётр успомніў Гасподняе слова, як Ён казаў яму: «Перш чым сёння прапяе певень, ты тройчы адрачэшся ад Мяне».
А Пан абярнуўся і паглядзеў на Пятра. І ўспомніў Пётр слова Пана, калі сказаў яму: «Перш чым сёння заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне».
І, выйшаўшы адтуль, ён горка заплакаў.
І, выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.
А мужчыны, што трымалі Яго, насміхаліся з Яго, б’ючы;
А людзі, якія трымалі Езуса, насміхаліся над Ім і білі Яго.
І, накрыўшы Яго, [білі па твары і] пыталіся, кажучы: Прароч, хто ўдарыў Цябе?
І, закрываючы Яго, пыталіся: «Прароч, хто ўдарыў Цябе?»
І шмат іншых блюзнерстваў казалі яны на Яго.
І шмат іншых блюзнерстваў казалі супраць Яго.
І калі надышоў дзень, сабралася рада старэйшын народа: першасвятары і кніжнікі — і прывялі Яго ў свой сінедрыён.
А калі настаў дзень, сабраліся старэйшыны народу, першасвятары і кніжнікі і павялі Яго на месца сваіх пасяджэнняў,
кажучы: Калі ты Хрыстос, скажы нам. — Ён жа сказаў ім: Калі Я вам скажу, вы не паверыце;
кажучы: «Калі Ты Хрыстус, скажы нам». Ён сказаў ім: «Калі вам скажу, не паверыце,
а калі [і] спытаюся, не адкажаце [Мне і не вызваліце].
а калі спытаюся ў вас, вы не адкажаце.
Але з гэтага часу Сын Чалавечы будзе сядзець праваруч сілы Божай.
Адгэтуль Сын Чалавечы будзе сядзець праваруч моцы Божай».
І ўсе сказалі: Дык Ты Божы Сын? — Ён жа сказаў ім: Вы кажаце, што Я.
І ўсе сказалі: «Дык Ты Сын Божы?» Ён жа адказаў ім: «Вы кажаце, што Я».
Яны ж сказалі: Якая яшчэ нам патрэба ў сведчанні? Бо мы самі пачулі гэта з Яго вуснаў.
А яны сказалі: «Навошта яшчэ нам сведчанне? Самі пачулі з вуснаў Ягоных!»