Лукаша 22 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Набліжалася ж свята Праснакоў, якое называецца Пасхай.
Набліжалася свята Праснакоў, якое называецца Пасхай.
І першасвятары і кніжнікі шукалі, як бы забіць Яго, але баяліся людзей.
Першасвятары з кніжнікамі шукалі, як забіць Езуса, бо баяліся народу.
Шатан жа ўвайшоў у Юду, якога празывалі Іскарыётам, аднаго з дванаццаці;
А сатана ўвайшоў у Юду, аднаго з Дванаццаці, якога звалі Іскарыётам.
і ён выйшаў і дамовіўся з першасвятарамі і начальнікамі, як выдаць ім Ісуса.
Ён пайшоў і дамовіўся з першасвятарамі і дазорцамі святыні, як ён ім выдасць Езуса.
Яны ж узрадаваліся і вырашылі даць яму грошы.
Тыя ж узрадаваліся і згадзіліся даць яму срэбранікаў.
І паабяцаў ён ім, ды шукаў нагоды, каб выдаць Яго ім не пры людзях.
І ён абяцаў, і шукаў нагоды выдаць ім Яго здалёк ад народу.
І надышоў дзень праснакоў, у які належала ахвяраваць Пасху.
Настаў дзень Праснакоў, калі трэба было прыносіць пасхальную ахвяру.
І паслаў Ісус Пётру і Яна, кажучы: «Ідзіце і прыгатуйце нам Пасху, каб мы з’елі».
Тады Езус паслаў Пятра і Яна, кажучы: «Пайдзіце і прыгатуйце нам з’есці пасху».
А яны сказалі Яму: «Дзе хочаш, каб прыгатавалі?»
Тыя спыталіся: «Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі?»
І Ён сказаў ім: «Вось, калі вы будзеце ўваходзіць у горад, сустрэнецца вам чалавек, што будзе несці збан вады; ідзіце за ім у дом, у які ўвойдзе.
Ён адказаў ім: «Калі будзеце ўваходзіць у горад, сустрэне вас чалавек, які будзе несці збан вады. Ідзіце за ім у дом, у які ўвойдзе.
Ды скажыце гаспадару дома: “Вучыцель кажа табе: “Дзе пакой, у якім Я з вучнямі Маімі мог бы з’есці пасху?”
І скажыце гаспадару дома: “Настаўнік пытаецца ў цябе: дзе святліца, у якой Я магу з’есці пасху з вучнямі Маімі?”
Ён вам пакажа вялікую святліцу засланую, там прыгатуйце».
Ён пакажа вам вялікі засланы верхні пакой; там прыгатуеце».
Пайшоўшы, знайшлі ўсё, як Ён сказаў ім, і прыгатавалі пасху.
Яны пайшлі і знайшлі так, як сказаў ім, і прыгатавалі пасху.
А калі надышла гадзіна, узлег Ён і дванаццаць Апосталаў з Ім.
Калі настала гадзіна, Езус заняў месца за сталом, і Апосталы разам з Ім.
І гаворыць ім: «Жаданнем вялікім жадаў Я з’есці гэтую пасху з вамі перш, чым буду цярпець.
І сказаў ім: «Я вельмі хацеў спажыць гэтую пасху з вамі, перш чым буду цярпець,
Бо кажу вам: не буду ўжо яе есці, пакуль не споўніцца яна ў Валадарстве Божым».
бо кажу вам, што ўжо не буду есці яе, аж пакуль яна не здзейсніцца ў Божым Валадарстве».
І, узяўшы келіх, склаў падзяку і сказаў: «Бярыце яго і падзяліце між сабой.
І, узяўшы келіх, узнёс падзяку і сказаў: «Вазьміце гэта і падзяліце паміж сабою,
Бо кажу вам: адсюль не буду піць з плода вінаграду, пакуль не прыйдзе Валадарства Божае».
бо кажу вам, што адгэтуль не буду піць ад вінаграднага плоду, пакуль не прыйдзе Божае Валадарства».
І, узяўшы хлеб, склаў падзяку, і паламаў, і даў ім, кажучы: «Гэта Цела Маё, каторае за вас даецца. Гэта рабіце ў Маю памяць».
І, узяўшы хлеб, узнёс падзяку, паламаў і даў ім, кажучы: «Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць».
Падобна і келіх [узяў] па вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсць Новы Запавет у Крыві Маёй, якая за вас праліваецца.
Таксама ўзяў і келіх пасля вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсць новым запаветам у Крыві Маёй, якая за вас будзе праліта.
Аднак вось рука таго, хто выдае Мяне, разам з Маёю на стале.
Аднак вось рука таго, хто выдасць Мяне, на стале са Мною.
Сын Чалавечы, праўда, адыходзіць паводле таго, як вызначана; аднак гора таму чалавеку, якім Ён выдаецца».
Бо сапраўды, Сын Чалавечы ідзе як вызначана, але гора таму чалавеку, які выдае Яго!»
І яны пачалі пытацца адзін аднаго, хто з іх той, які збіраецца гэта ўчыніць.
І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто з іх збіраецца ўчыніць гэта.
І сталася спрэчка між імі, хто з іх павінен лічыцца большым.
Узнялася спрэчка паміж імі, хто з іх павінен лічыцца большым.
Але Ён сказаў ім: «Цары народаў валадараць над імі, і тыя, хто над імі маюць уладу, завуцца дабрадзеямі.
А Езус адказаў ім: «Каралі народаў пануюць над імі, і валадары іх называюцца дабрадзеямі.
Але вы не так: і хто ў вас большы, хай будзе як меншы, і правадыр — як паслугач.
У вас жа няхай будзе не так, але большы сярод вас няхай будзе як меншы, а правадыр — як слуга.
Бо хто большы: ці той, хто ўзлягае, ці той, хто паслугуе? Ці не той, хто сядзіць пры стале? Я, аднак, пасярод вас як той, што паслугуе.
Бо хто большы? Той, хто сядзіць за сталом, ці той, хто служыць? Ці ж не той, хто сядзіць за сталом? Я сярод вас як той, хто служыць.
Вы ж ёсць тыя, што вытрывалі пры Мне ў выпрабаваннях Маіх.
Вы тыя, хто вытрываў са Мною ў Маіх выпрабаваннях.
Я вам пераказваю Валадарства, як Мне пераказаў Айцец Мой,
Я перадаю вам у спадчыну Валадарства, як Мне перадаў яго Айцец Мой,
каб вы елі і пілі пры стале Маім у Валадарстве Маім, і сядзелі на пасадах, судзячы дванаццаць пакаленняў Ізраэля».
каб вы елі і пілі за Маім сталом у Валадарстве Маім, і каб сядзелі на тронах, судзячы дванаццаць пакаленняў Ізраэля.
[І сказаў Госпад:] «Сімоне, Сімоне! Вось шатан дабіваўся вас, каб пасеяць, як пшаніцу;
Сымоне, Сымоне, вось сатана дамагаўся прасеяць вас, як пшаніцу,
але Я маліўся за цябе, каб не заняпала вера твая. І ты, з часам навярнуўшыся, умацоўвай братоў тваіх».
але Я папрасіў за цябе, каб не знікла твая вера. І ты, калі вернешся, умацуй братоў сваіх».
Той жа сказаў Яму: «Госпадзе, я гатовы з Табой ісці ў вязніцу і на смерць».
Той адказаў Яму: «Пане, я гатовы ісці з Табою і ў вязніцу, і на смерць».
Але Ён сказаў: «Кажу табе, Пётра, не запяе певень сёння, як тройчы зрачэшся, што ведаеш Мяне».
Але Ён сказаў: «Кажу табе, Пётр, не заспявае сёння певень, як ты тройчы адрачэшся, кажучы, што не ведаеш Мяне».
І сказаў ім: «Калі Я пасылаў вас без капшука і без торбы і пасталоў, ці ж вам не хапала чаго?» І яны сказалі: «Анічога».
І сказаў ім: «Калі Я пасылаў вас без каліты і торбы, і абутку, ці неставала вам чаго-небудзь?» Яны адказалі: «Нічога».
Сказаў ім тады: «А цяпер хто мае капшук, хай возьме, таксама і торбу, а хто не мае, хай прадасць туніку сваю і купіць меч.
Тады сказаў ім: «Але цяпер, хто мае каліту, няхай яе возьме, таксама і торбу, а хто не мае, няхай прадасць адзенне сваё і купіць меч.
Бо кажу вам: мусіць споўніцца на Мне тое, што напісана: “І да злачынцаў быў залічаны”. Бо тое, што адносіцца да Мяне, спаўняецца».
Бо кажу вам: тое, што напісана пра Мяне: “І да злачынцаў быў залічаны”, павінна збыцца. Бо ўсё, што датычыць Мяне, спаўняецца».
А яны сказалі: «Госпадзе, вось тут два мечы». І Ён сказаў ім: «Хопіць».
Яны сказалі: «Пане, вось тут два мячы». А Ён адказаў ім: «Дастаткова».
І, выйшаўшы, Ісус па звычаю накіраваўся на гару Аліўную, а за Ім пайшлі і вучні Яго.
Выйшаўшы, Ён пайшоў, як звычайна, на Аліўную гару. За Ім пайшлі таксама вучні.
І, калі прыбыў на месца, сказаў ім: «Маліцеся, каб не ўвайшлі ў спакушэнне».
Калі прыйшоў на месца, сказаў ім: «Маліцеся, каб не паддацца спакусе».
І Сам аддаліўся, адышоўшы ад іх, як кінуць камень, ды, упаўшы на калені, маліўся,
А сам адышоў ад іх, як кінуць камень, укленчыў і маліўся,
кажучы: «Ойча, калі хочаш, пранясі гэты келіх міма Мяне! Аднак не Мая воля, але Твая хай станецца».
кажучы: «Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца».
І з’явіўся Яму анёл з неба, умацоўваючы Яго. А Ён, будучы ў агоніі, тым даўжэй маліўся.
З’явіўся Яму анёл з неба, суцяшаючы Яго.
І стаўся пот Яго, як кроплі крыві, што сцякае на зямлю.
І, моцна пакутуючы, Ён маліўся яшчэ больш. А пот Ягоны быў, быццам кроплі крыві, што падалі на зямлю.
І, калі падняўся ад малітвы і прыйшоў да вучняў, убачыў, што яны спяць ад смутку.
Калі ўстаў пасля малітвы і прыйшоў да вучняў, убачыў, што яны заснулі, змучаныя тугою.
І гаворыць ім: «Чаму спіце? Падымайцеся і маліцеся, каб не ўвайшлі ў спакушэнне».
І сказаў ім: «Чаму вы спіце? Устаньце і маліцеся, каб не паддацца спакусе».
Калі яшчэ Ён гэта гаварыў, вось, натоўп, і наперадзе яго адзін з дванаццаці, які называўся Юда, і ён наблізіўся да Ісуса, каб пацалаваць Яго.
Калі Ён яшчэ гаварыў, з’явіўся натоўп, а наперадзе ішоў адзін з Дванаццаці, якога звалі Юда. Ён падышоў да Езуса, каб пацалаваць Яго.
А Ісус сказаў яму: «Юда, пацалункам Сына Чалавечага выдаеш?»
А Езус сказаў яму: «Юда, пацалункам выдаеш Сына Чалавечага?»
А тыя, што вакол Яго былі, бачачы, што мае адбыцца, сказалі: «Госпадзе, ці не ўдарыць нам мечам?»
Тыя, хто быў з Езусам, убачылі, што можа стацца, і сказалі: «Пане, ці не ўдарыць нам мячом?»
Ды адзін з іх ударыў паслугача першасвятара і адсёк яму правае вуха.
Адзін з іх ударыў слугу першасвятара і адсек яму правае вуха.
А Ісус, адказваючы, гаворыць: «Спыніцеся, хопіць!» і, дакрануўшыся да вуха яго, аздаравіў яго.
Тады Езус сказаў: «Пакіньце, даволі!» І, дакрануўшыся да вуха, вылечыў яго.
Затым сказаў Ісус тым, што прыйшлі па Яго, першасвятарам, і кіраўнікам святыні, і старэйшынам: «Як на разбойніка выйшлі вы з мечамі і кіямі?
А першасвятарам, дазорцам святыні і старэйшынам, якія выйшлі супраць Яго, Езус сказаў: «Як на злачынцу выйшлі вы з мячамі і кіямі.
Калі штодзень знаходзіўся Я з вамі ў святыні, не паднялі вы на Мяне рук; але цяпер ваш час і ўлада цемры».
Кожны дзень, калі Я быў з вамі ў святыні, вы не падымалі рук на Мяне, але цяпер — ваша гадзіна і ўлада цемры».
І, узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасвятара. Пётра ж ішоў за імі здалёк.
Схапіўшы, павялі Яго і прывялі ў дом першасвятара. А Пётр ішоў следам за Ім зводдаль.
А калі распалілі вогнішча пасярод двара і заселі вакол агню, сядзеў між іх і Пётра.
Калі яны распалілі агонь сярод дзядзінца і селі разам, Пётр сеў паміж імі.
І, калі ўбачыла нейкая служка, што ён сядзіць пры святле, і ўгледзелася ў яго, сказала:
Адна служанка ўбачыла, што ён сядзеў каля агня, прыгледзелася да яго і сказала: «І гэты быў з Ім!»
«І гэты быў з Ім». А ён зрокся Яго, кажучы:
Але ён адрокся, кажучы: «Жанчына, я не ведаю Яго!»
«Жанчына, я не ведаю Яго!» А праз кароткі час, убачыўшы яго, нехта іншы сказаў: «І ты з іх». Пётра ж гаворыць: «О чалавеча, гэта не я».
Неўзабаве другі ўбачыў яго і сказаў: «І ты з іх!» Але Пётр адказаў: «Чалавеча, гэта не я!»
А калі прайшло каля гадзіны часу, нехта іншы настойваў, кажучы: «Сапраўды, і гэты быў з Ім, бо і ён галілеец».
Мінула каля адной гадзіны часу, і яшчэ нехта пачаў казаць: «Сапраўды, і гэты быў з Ім, бо ён галілеец!»
І гаворыць Пётра: «Чалавеча, не ведаю, што ты кажаш». І зараз, калі ён яшчэ гаварыў, запяяў певень.
Але Пётр адказаў: «Чалавеча, не ведаю, што ты кажаш!» І адразу, калі ён яшчэ гаварыў, заспяваў певень.
І Госпад, павярнуўшыся, глянуў на Пётру; і Пётра ўспомніў слова Госпада, як яму прадказаў: «Перш, чым запяе певень, тройчы зрачэшся Мяне».
А Пан абярнуўся і паглядзеў на Пятра. І ўспомніў Пётр слова Пана, калі сказаў яму: «Перш чым сёння заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне».
І, выйшаўшы вон, Пётра горка заплакаў.
І, выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.
А мужы, якія трымалі Ісуса, здзекаваліся з Яго і білі,
А людзі, якія трымалі Езуса, насміхаліся над Ім і білі Яго.
і закрылі Яму твар, і пыталіся ў Яго, кажучы: «Праракуй, хто ўдарыў Цябе?»
І, закрываючы Яго, пыталіся: «Прароч, хто ўдарыў Цябе?»
Ды многа іншых блюзненняў гаварылі на Яго.
І шмат іншых блюзнерстваў казалі супраць Яго.
А калі настаў дзень, сабраліся старэйшыны народа, і першасвятары, і кніжнікі і прывялі Яго ў свой сінедрыён,
А калі настаў дзень, сабраліся старэйшыны народу, першасвятары і кніжнікі і павялі Яго на месца сваіх пасяджэнняў,
кажучы: «Калі Ты — Хрыстос, дык скажы нам». А Ён гаворыць ім: «Калі скажу вам, не паверыце Мне,
кажучы: «Калі Ты Хрыстус, скажы нам». Ён сказаў ім: «Калі вам скажу, не паверыце,
а калі спытаюся, не адкажаце Мне і не вызваліце.
а калі спытаюся ў вас, вы не адкажаце.
Але адгэтуль будзе Сын Чалавечы сядзець праваруч Магутнасці Бога».
Адгэтуль Сын Чалавечы будзе сядзець праваруч моцы Божай».
Дык сказалі яны ўсе: «Дык Ты — Сын Божы?» Ён гаворыць ім: «Вы самі кажаце, што гэта Я».
І ўсе сказалі: «Дык Ты Сын Божы?» Ён жа адказаў ім: «Вы кажаце, што Я».
Дык яны сказалі: «Якая нам яшчэ патрэба ў сведчанні? Бо мы самі чулі з вуснаў Яго».
А яны сказалі: «Навошта яшчэ нам сведчанне? Самі пачулі з вуснаў Ягоных!»