Лукаша 2 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І сталася ў тыя дні: выйшаў загад ад цэзара Аўгуста, каб перапісаць увесь свет.
У тыя дні выйшаў загад ад цэзара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі.
Гэты перапіс быў першы і зроблены за гаспадараннем Квірына ў Сірыі.
Гэта быў першы перапіс падчас панавання Квірынія ў Сірыі.
І ішлі ўсе запісацца, кожны ў свой горад.
Усе пайшлі запісвацца, кожны ў свой горад.
Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у Давідаў горад, які называўся Бэтлехэм, таму што быў з дому і роду Давідава,
Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда,
каб запісацца разам з Марыяй, заручанай яму жонкаю, Якая была цяжарная.
каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай.
І сталася, калі там былі, прыйшоў час нарадзіць Ёй.
А калі яны былі там, надышоў Ёй час нарадзіць.
І нарадзіла Сына Свайго першароднага, і спавіла Яго ў пялёнкі, і паклала Яго ў яслі, бо не было для іх месца ў заездзе.
І нарадзіла Сына свайго першароднага. Спавіла Яго і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе.
У той ваколіцы былі пастухі на полі, якія пільнавалі і вартавалі ўночы пры сваім статку.
У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак.
І паўстаў перад імі Анёл Госпадаў, і слава Госпада асвяціла іх, і яны вельмі спалохаліся.
З’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх.
І сказаў ім Анёл: «Не бойцеся, вось, абвяшчаю вам радасць вялікую, якая будзе ўсім людзям:
Анёл сказаў ім: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу,
сёння нарадзіўся вам Збаўца, Які ёсць Хрыстос Госпад, у горадзе Давіда.
бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан.
Такі вось вам знак: знойдзеце Дзіцятка, спавітае ў пялёнкі і пакладзенае ў яслях».
І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях».
Ды раптам з Анёлам з’явілася мноства войска нябеснага, славячы Бога і кажучы:
Раптам з анёлам з’явілася вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала:
«Слава на вышынях Богу, і на зямлі супакой, людзям — добрая воля!»
«Хвала на вышынях Богу,а на зямлі спакой людзям добрай волі».
І сталася, як анёлы ўзняліся ад іх на неба, пастухі казалі адзін аднаму: «Хадземце ў Бэтлехэм і пабачым, што там сталася, пра што паведаміў нам Госпад».
Калі анёлы адышлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: «Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася і пра што абвясціў нам Пан».
І пайшлі, спяшаючыся, і знайшлі Марыю, і Язэпа, і Дзіця, што было пакладзена ў яслях.
Яны пайшлі, спяшаючыся, і знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля, якое ляжала ў яслях.
А ўбачыўшы, паведамілі пра слова, якое ім было сказана пра Дзіця гэтае.
А калі ўбачылі, расказалі тое, што было абвешчана ім пра гэтае Дзіця.
І ўсе, што чулі, дзівіліся таму, што ім расказалі пастухі.
Усе, хто чуў, дзівіліся таму, што расказвалі ім пастухі.
Марыя ж захоўвала ўсе гэтыя словы, складаючы ў сэрцы Сваім.
А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім.
І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, як ім было сказана.
І вярнуліся пастухі, праслаўляючы і хвалячы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі, як было сказана ім.
І, калі мінула восем дзён, калі належала абрэзаць Дзіця, назвалі Яго імем Ісус, якое было Яму дадзена Анёлам, перш чым Ён быў пачаты ва ўлонні.
Калі мінула восем дзён, каб абрэзаць Дзіця, далі Яму імя Езус, якое было названа анёлам перад Яго зачаццем ва ўлонні.
І, калі споўніліся дні ачышчэння Яе па законе Майсея, прынеслі Яго ў Ерузалім, каб прадставіць Госпаду,
А калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць Пану,
як напісана ў законе Госпада: «Кожнае дзіця мужчынскага полу, што раскрывае ўлонне, будзе пасвячона Госпаду»,
— як напісана ў Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; —
ды каб скласці ахвяру паводле таго, што сказана ў законе Госпада: пару туркавак або два галубы.
і каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або двух галубіных птушанят.
І вось, у той час быў у Ерузаліме чалавек, на імя Сімяон, і быў ён справядлівы, і баяўся Бога, і чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы быў на ім.
Быў у Ерузалеме чалавек, імя якога Сімяон. Чалавек гэты, праведны і пабожны, чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы спачываў на ім.
Ён атрымаў абяцанне ад Духа Святога, што не пабачыць смерці, пакуль перш не ўбачыць Хрыста Госпадава.
Было яму прадказана Духам Святым, што ён не зазнае смерці, пакуль не ўбачыць Месію Пана.
І, ведзены Духам, ён пайшоў у святыню. І, калі бацькі прынеслі Дзіцятка Ісуса ў святыню, каб выканаць закон адносна Яго,
І прыйшоў ён, натхнёны Духам, у святыню. А калі бацькі прынеслі Дзіця Езуса, каб учыніць з Ім паводле звычаю Закону,
ён узяў Яго на рукі свае, і дабраславіў Бога, і сказаў:
ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў:
«Цяпер па слове Тваім, Госпадзе, адпускаеш паслугача Твайго ў супакоі,
«Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару,паводле слова Твайго, у спакоі;
бо вочы мае бачылі збаўленне Тваё,
бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё,
якое Ты прыгатаваў перад абліччам усіх народаў;
якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў,
святло для прасвятлення паганаў і славу народа Твайго, Ізраэля».
святло для асвятлення язычнікаўі хвалу народу Твайго Ізраэля».
Язэп жа і Маці Яго дзівіліся таму, што аб Ім казалі.
А бацька і Маці Езуса дзівіліся таму, што было сказана пра Яго.
І дабраславіў іх Сімяон, кажучы Марыі, Маці Яго: «Вось, Ён пастаўлены на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі ды на знак, якому будуць працівіцца,
І благаславіў іх Сімяон, і сказаў Марыі, Маці Яго: «Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць.
і Тваю ўласную душу праб’е меч, каб выявіліся намеры многіх сэрцаў».
А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў».
Там жа была і прарочыца Ганна, дачка Фануэля, з пакалення Асэрава. Яна была на схіле дзён сваіх, ад дзявоцтва свайго з мужам жыла сем гадоў,
Была таксама там Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з роду Асэра. Яна была ў вельмі старым узросце і пражыла з мужам ад дзявоцтва свайго сем гадоў;
і была ўдавой васьмідзесяці чатырох гадоў, якая не пакідала святыні, служачы там Богу днём і ўночы ў постах і маленнях.
удава васьмідзесяці чатырох гадоў, якая не адыходзіла ад святыні, пастамі і малітвамі служачы Богу ўдзень і ўначы.
Яна, вось, прыйшоўшы ў тую пару, славіла Госпада і расказвала аб Ім усім, якія чакалі адкуплення ў Ерузаліме.
Яна таксама прыйшла ў той самы час і славіла Пана, і казала пра Яго ўсім, хто чакаў вызвалення Ерузалема.
І, калі споўнілі ўсё паводле закону Госпада, вярнуліся ў Галілею, у Назарэт, горад свой.
Калі яны выканалі ўсё паводле Закону Пана, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт.
А Дзіця расло і ўмацоўвалася Духам, поўнае мудрасці, ды ласка Божая была на Ім.
Дзіця ж расло і ўмацоўвалася, і напаўнялася мудрасцю, а ласка Божая спачывала на Ім.
І хадзілі бацькі Яго штогод у Ерузалім на ўрачыстасць Пасхі.
Бацькі Езуса хадзілі штогод у Ерузалем на свята Пасхі.
І, калі Ён меў ужо дванаццаць гадоў, пайшлі яны, як звычайна, на свята,
І калі Яму было дванаццаць гадоў, яны ўзышлі ў Ерузалем паводле звычаю свята.
і, калі, па заканчэнні святочных дзён, вярталіся, хлопчык Ісус застаўся ў Ерузаліме, і не заўважылі гэтага Язэп і Маці Яго.
Калі па заканчэнні дзён свята вярталіся, застаўся Хлопец Езус у Ерузалеме, і не заўважылі гэтага Ягоныя бацькі.
Думаючы, што Ісус ідзе сярод іншых, прайшлі дзень дарогі і шукалі Яго паміж сваякоў і знаёмых,
Думаючы, што Ён ідзе з пілігрымамі, прайшлі дзень дарогі і тады пачалі шукаць Яго між сваякамі і знаёмымі.
і, не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерузалім, шукаючы Яго.
Не знайшоўшы, вярнуліся ў Ерузалем, шукаючы Яго.
І сталася, што па трох днях знайшлі Яго ў святыні, і Ён сядзеў паміж настаўнікаў, слухаў іх і пытаўся ў іх.
Пасля трох дзён знайшлі Яго ў святыні. Ён сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх.
Усе, хто Яго слухалі, дзівіліся з розуму і адказаў Яго.
А ўсе, хто слухаў Яго, дзівіліся розуму і адказам Яго.
І, убачыўшы Яго, здзівіліся. І Маці Яго сказала Яму: «Сынок, чаму так нам зрабіў? Вось жа, бацька Твой і Я, пакутуючы, шукалі Цябе».
Убачыўшы Яго, яны здзівіліся, і сказала Яму Маці Ягоная: «Дзіця, чаму Ты зрабіў нам так? Вось бацька Твой і я балюча перажывалі, шукаючы Цябе».
А Ён гаворыць ім: «Навошта Мяне шукалі? Няўжо не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?»
Ён сказаў ім: «Чаго ж вы шукалі Мяне? Ці вы не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?»
Але яны не зразумелі гэтых слоў, якія ім сказаў.
Але яны не зразумелі таго, што Ён сказаў ім.
І пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. І Маці Яго захавала ўсе словы гэтыя ў Сваім сэрцы.
І Ён пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. А Маці Яго захавала ўсе гэтыя словы ў сэрцы сваім.
А Ісус сталеў мудрасцю, і гадамі, і ласкаю ў Бога і ў людзей.
Езус жа ўзрастаў у мудрасці, у гадах і ў ласцы ў Бога і ў людзей.