Лукаша 2 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І ста́лася ў тыя дні: выйшаў указ ад ке́сара Аўгуста зрабіць пе́рапіс па ўсёй зямлі.
У тыя дні выйшаў загад ад цэзара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі.
Гэта быў першы пе́рапіс, калі Сíрыяй пра́віў Квіры́ній.
Гэта быў першы перапіс падчас панавання Квірынія ў Сірыі.
І ўсе ішлі запíсвацца, кожны ў свой горад.
Усе пайшлі запісвацца, кожны ў свой горад.
Пайшоў таксама і Іосіф з Галіле́і, з горада Назарэ́та, у Іудзею, у горад Давідаў, які называецца Віфлее́м, бо ён быў з дому і роду Давідавага,
Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда,
запісацца з Марыяй, заручо́най з ім Жонкай, Якая была цяжа́рная.
каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай.
І ста́лася: калі яны былí там, споўніліся дні, каб радзíць Ёй;
А калі яны былі там, надышоў Ёй час нарадзіць.
і нарадзíла Сына Свайго Першынца, і спавіла́ Яго, і пакла́ла Яго ў я́слях, бо не было ім ме́сца ў гасцíніцы.
І нарадзіла Сына свайго першароднага. Спавіла Яго і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе.
У той краіне былí пастухі, што пільнава́лі і не́слі начную ва́рту каля статку свайго.
У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак.
І вось Ангел Гасподні стаў перад імі, і слава Гасподняя азары́ла іх; і напоўніліся страхам вялікім.
З’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх.
І сказаў ім Ангел: не бойцеся, бо вось абвяшча́ю вам радасць вялікую, якая будзе ўсяму народу:
Анёл сказаў ім: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу,
нарадзíўся вам сёння ў горадзе Давідавым Спасіцель, Які ёсць Хрыстос Гасподзь;
бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан.
і вось вам знак: вы зно́йдзеце Дзіця́тка спавíтае, што ляжы́ць у я́слях.
І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях».
І раптам з’явілася з Ангелам шматлікае воінства нябеснае, усхваля́ючы Госпада і прамаўля́ючы:
Раптам з анёлам з’явілася вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала:
слава ў вы́шніх Богу і на зямлі мір, у лю́дзях добрая воля.
«Хвала на вышынях Богу,а на зямлі спакой людзям добрай волі».
І ста́лася: калі адышлí ад іх Ангелы на неба, людзі-пастухі казалі адзін аднаму: по́йдзем у Віфлеем і паглядзíм тое, што адбыло́ся, пра што Гасподзь абвясцíў нам.
Калі анёлы адышлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: «Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася і пра што абвясціў нам Пан».
І, спяша́ючыся, прыйшлі, і знайшлі Марыю і Іосіфа, і Дзіця́тка, што ляжала ў я́слях.
Яны пайшлі, спяшаючыся, і знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля, якое ляжала ў яслях.
Убачыўшы ж, абвясцíлі тое, што было́ ска́зана ім пра гэтае Дзіця́.
А калі ўбачылі, расказалі тое, што было абвешчана ім пра гэтае Дзіця.
І ўсе, хто чуў, здзіўляліся таму, што́ казалі ім пастухі.
Усе, хто чуў, дзівіліся таму, што расказвалі ім пастухі.
А Марыя захоўвала ўсе словы гэтыя, склада́ючы ў сэрцы Сваім.
А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім.
І вярнуліся пастухі, сла́вячы і хва́лячы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі, як было ска́зана ім.
І вярнуліся пастухі, праслаўляючы і хвалячы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі, як было сказана ім.
І калі спо́ўнілася восем дзён, каб абрэ́заць Дзіця́, далí імя́ Яму Іісус, назва́нае Ангелам перш, чым Ён зача́ты быў ва ўлонні.
Калі мінула восем дзён, каб абрэзаць Дзіця, далі Яму імя Езус, якое было названа анёлам перад Яго зачаццем ва ўлонні.
І калі споўніліся дні ачышчэння іх паводле закону Маісеевага, прыне́слі Яго ў Іерусалім, каб прадста́віць Яго Госпаду, —
А калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць Пану,
як напíсана ў законе Гасподнім: каб кожнае дзіця мужчынскага полу, што раскрыва́е ўлонне, было́ пасвячо́на Госпаду, —
— як напісана ў Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; —
і каб прыне́сці ахвяру паводле ска́занага ў законе Гасподнім: па́ру го́рліц або дваіх птушаня́т галубíных.
і каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або двух галубіных птушанят.
І вось, быў у Іерусаліме чалавек, імя́ якому Сімяо́н. І чалавек гэты, праведны і богабая́зны, чакаў суцяшэ́ння Ізра́іля, і Дух Святы быў на ім.
Быў у Ерузалеме чалавек, імя якога Сімяон. Чалавек гэты, праведны і пабожны, чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы спачываў на ім.
І было́ яму прадве́шчана Духам Святым, што ён не ўбачыць смерці, пакуль не ўбачыць Хрыста Гасподняга.
Было яму прадказана Духам Святым, што ён не зазнае смерці, пакуль не ўбачыць Месію Пана.
І прыйшоў ён па натхне́нню Духа ў храм. І калі бацькí прыне́слі Дзіця́ Іісуса, каб вы́канаць над Ім устано́ўленае па закону,
І прыйшоў ён, натхнёны Духам, у святыню. А калі бацькі прынеслі Дзіця Езуса, каб учыніць з Ім паводле звычаю Закону,
ён узяў Яго на ру́кі, благаславíў Бога і сказаў:
ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў:
цяпер адпуска́еш раба́ Твайго, Уладыка, паводле сло́ва Твайго, з мірам;
«Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару,паводле слова Твайго, у спакоі;
бо бачылі вочы мае́ спасе́нне Тваё,
бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё,
якое Ты ўгатава́ў перад аблíччам усіх народаў,
якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў,
святло для асветы язычнікаў і славу народа Твайго Ізра́іля.
святло для асвятлення язычнікаўі хвалу народу Твайго Ізраэля».
Іосіф жа і Маці Яго здзіўля́ліся ска́занаму пра Яго.
А бацька і Маці Езуса дзівіліся таму, што было сказана пра Яго.
І благаславíў іх Сімяо́н і сказаў Марыі, Маці Яго: вось, Ён ляжы́ць для падзе́ння і паўстання многіх у Ізра́ілі і на знаме́нне супярэ́чання, —
І благаславіў іх Сімяон, і сказаў Марыі, Маці Яго: «Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць.
і Табе Самой душу́ пратне́ меч, — каб адкрыліся по́мыслы многіх сэ́рцаў.
А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў».
І была́ Анна прарочыца, дачка Фану́ілава, з калена Асíравага, якая дасягнула глыбокай старасці, пражы́ўшы з мужам сем год ад дзяво́цтва свайго,
Была таксама там Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з роду Асэра. Яна была ў вельмі старым узросце і пражыла з мужам ад дзявоцтва свайго сем гадоў;
удава́ гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад храма, паста́мі і малітвамі слу́жачы Богу дзень і ноч.
удава васьмідзесяці чатырох гадоў, якая не адыходзіла ад святыні, пастамі і малітвамі служачы Богу ўдзень і ўначы.
І яна ў той самы час, падышоўшы, сла́віла Госпада і гаварыла пра Яго ўсім, хто чакаў збаўле́ння ў Іерусаліме.
Яна таксама прыйшла ў той самы час і славіла Пана, і казала пра Яго ўсім, хто чакаў вызвалення Ерузалема.
І калі вы́каналі яны ўсё паводле Закону Гасподняга, вярнуліся ў Галіле́ю, у горад свой Назарэ́т.
Калі яны выканалі ўсё паводле Закону Пана, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт.
Дзіця́ ж расло́ і ўмацо́ўвалася духам, напаўня́ючыся мудрасцю, і благадаць Божая была́ на Ім.
Дзіця ж расло і ўмацоўвалася, і напаўнялася мудрасцю, а ласка Божая спачывала на Ім.
І хадзілі бацькí Яго штогод у Іерусалім на свята Пасхі.
Бацькі Езуса хадзілі штогод у Ерузалем на свята Пасхі.
І калі Яму было́ дванаццаць гадоў, узышлí яны ў Іерусалім, паводле звы́чаю свя́та,
І калі Яму было дванаццаць гадоў, яны ўзышлі ў Ерузалем паводле звычаю свята.
і правялí тыя дні; і калі вярта́ліся яны, застаўся Хлопчык Іісус у Іерусаліме; і не ведалі Іосіф і Маці Яго;
Калі па заканчэнні дзён свята вярталіся, застаўся Хлопец Езус у Ерузалеме, і не заўважылі гэтага Ягоныя бацькі.
думаючы, што Ён разам са спадаро́жнымі, прайшлі яны дзённы шлях; і сталі шукаць Яго сярод сваяко́ў і знаёмых;
Думаючы, што Ён ідзе з пілігрымамі, прайшлі дзень дарогі і тады пачалі шукаць Яго між сваякамі і знаёмымі.
і, не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Іерусалім, шука́ючы Яго.
Не знайшоўшы, вярнуліся ў Ерузалем, шукаючы Яго.
І ста́лася: праз тры дні знайшлі Яго ў храме, калі сядзеў Ён сярод настаўнікаў, слухаў іх і пытаўся ў іх;
Пасля трох дзён знайшлі Яго ў святыні. Ён сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх.
і дзівíліся ўсе, хто слухаў Яго, розуму і адказам Яго.
А ўсе, хто слухаў Яго, дзівіліся розуму і адказам Яго.
І, убачыўшы Яго, яны вельмі здзівíліся, і Маці Яго сказала Яму: Дзіця́! чаму Ты зрабіў нам так? Вось, бацька Твой і Я, паку́туючы, шукалі Цябе.
Убачыўшы Яго, яны здзівіліся, і сказала Яму Маці Ягоная: «Дзіця, чаму Ты зрабіў нам так? Вось бацька Твой і я балюча перажывалі, шукаючы Цябе».
І сказаў Ён ім: чаго ж вы шукалі Мяне? хіба́ вы не ведалі, што Я павінен быць у тым, што нале́жыць Айцу Майму?
Ён сказаў ім: «Чаго ж вы шукалі Мяне? Ці вы не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?»
Але яны не зразуме́лі сло́ва, якое Ён казаў ім.
Але яны не зразумелі таго, што Ён сказаў ім.
І Ён пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт; і быў паслухмя́ны ім. І Маці Яго захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэ́рцы Сваім.
І Ён пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. А Маці Яго захавала ўсе гэтыя словы ў сэрцы сваім.
А Іісус узраста́ў у мудрасці і гада́х, і ў любві ў Бога і ў людзей.
Езус жа ўзрастаў у мудрасці, у гадах і ў ласцы ў Бога і ў людзей.