Лукаша 14 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

І сталася: калі Ён прыйшоў у суботу ў дом аднаго з фарысейскіх начальнікаў з’есці хлеба, яны сачылі за Ім.
 
Калі Езус прыйшоў у шабат да дому аднаго з кіраўнікоў фарысейскіх з’есці хлеба, яны сачылі за Ім.

І вось перад Ім быў адзін чалавек, хворы на вадзянку.
 
І вось, стаў перад Ім чалавек, які хварэў на вадзянку.

І, азваўшыся, Ісус спытаўся ў законнікаў і фарысеяў, кажучы: Ці дазваляецца вылечваць у суботу ці не?
 
Адазваўшыся, Езус спытаўся ў кніжнікаў і фарысеяў: «Ці дазволена вылечыць у шабат ці не?»

Яны ж змаўчалі. І, дакрануўшыся да хворага, Ён вылечыў яго і адпусціў.
 
Яны ж маўчалі. І, дакрануўшыся, аздаравіў таго і адпусціў.

А ім Ён сказаў: Хіба хто з вас, у каго сын36 або вол уваліцца ў студню, не выцягне яго зразу ж, у суботні дзень?
 
А ім сказаў: «Калі ў каго-небудзь з вас сын або вол упадзе ў студню, ці ж не выцягне адразу яго ў дзень шабату?»

І яны не змаглі адказаць на гэта.
 
І яны не змаглі запярэчыць Яму на гэта.

І казаў Ён запрошаным прыпавесць, бо заўважыў, як яны выбіралі сабе першыя месцы, і сказаў ім:
 
Заўважыўшы, што запрошаныя выбіралі першыя месцы, расказаў ім прыпавесць:

Калі хто запросіць цябе на вяселле, не ўзлягай на першае месца; каб часам хто важнейшы за цябе не быў запрошаны ім
 
«Калі нехта пакліча цябе на вяселле, не сядай на першае месца, каб не аказалася, што нехта з пакліканых ім больш ганаровы за цябе,

і не прыйшоў бы той, хто паклікаў цябе і яго, і не сказаў табе: «Дай яму месца», і тады ты з сорамам пачнеш займаць апошняе месца.
 
і каб той, хто запрасіў і яго, і цябе, не падышоў і не сказаў табе: “Саступі яму месца”. Тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца.

Але калі запросяць, пайдзі і ўзляж на апошняе месца, каб той, хто паклікаў цябе, прыйшоўшы, сказаў табе: «Дружа, падыміся вышэй»; тады табе будзе гонар перад усімі, хто з табою ўзлягае.
 
Але калі запросяць цябе, прыйдзі і сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоў да цябе і сказаў: “Дружа, перасядзь вышэй”. Тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою.

Бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, будзе ўзвышаны.
 
Бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца».

Казаў жа і таму, хто Яго запрасіў: Калі спраўляеш абед ці вячэру, не кліч сваіх сяброў, ні сваіх братоў, ні сваіх сваякоў, ні багатых суседзяў, каб і яны не паклікалі ў адказ цябе і не была табе аддзяка.
 
Таксама сказаў кіраўніку фарысеяў, які запрасіў Яго: «Калі наладжваеш абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родных тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны не паклікалі цябе ў адказ, і ты атрымаў бы адплату.

Але калі спраўляеш гасціну, кліч убогіх, калек, кульгавых, сляпых;
 
Але калі наладжваеш гасціну, кліч убогіх, калек, кульгавых, сляпых,

і будзеш шчаслівы, бо яны не маюць чым адплаціць табе, табе ж будзе адплачана пры ўваскрэсенні праведных.
 
і будзеш шчаслівы, што яны не маюць як адплаціць табе, бо адплаціцца табе ў дзень уваскрашэння справядлівых».

І адзін з тых, што ўзляглі, пачуўшы гэта, сказаў Яму: Шчаслівы той, хто будзе есці хлеб у Царстве Божым!
 
Адзін з тых, хто сядзеў разам з Езусам, сказаў Яму: «Шчаслівы, хто будзе есці хлеб ў Валадарстве Божым».

Ён жа сказаў яму: Адзін чалавек спраўляў вялікую вялікую вячэру і запрасіў многіх
 
А Ён сказаў яму: «Адзін чалавек наладжваў вялікую вячэру і паклікаў многіх.

і паслаў свайго слугу ў час вячэры сказаць запрошаным: «Прыходзьце, бо ўжо ўсё гатова».
 
Калі настаў час вячэры, паслаў слугу свайго сказаць запрошаным: “Прыйдзіце, бо ўжо ўсё гатова”.

І пачалі яны ўсе да аднаго прасіць прабачэння. Першы сказаў яму: Я купіў поле і павінен пайсці паглядзець, яго; прашу цябе, прабач мне.
 
І пачалі ўсе, як адзін, адгаворвацца. Першы сказаў яму: “Я купіў поле, і мне трэба пайсці паглядзець яго. Прашу цябе, прабач мне”.

І другі сказаў: Я купіў пяць пар валоў і іду выпрабоўваць іх; прашу цябе, прабач мне.
 
Другі сказаў: “Я купіў пяць пар валоў і іду выпрабаваць іх. Прашу цябе, прабач мне”.

І іншы сказаў: Я ажаніўся і таму не магу прыйсці.
 
Іншы сказаў: “Я ажаніўся, і таму не магу прыйсці”.

І, прыйшоўшы, [той] слуга расказаў гэта свайму гаспадару. Тады, разгневаўшыся, сказаў гаспадар дома свайму слузе: Выйдзі хутчэй на вуліцы і завулкі горада і прывядзі сюды ўбогіх, калек, сляпых і кульгавых.
 
Вярнуўшыся, слуга расказаў пра гэта свайму гаспадару. Тады гаспадар дома разгневаўся і сказаў слугу свайму: “Ідзі хутчэй на вуліцы і завулкі горада і прывядзі сюды ўбогіх, калек, сляпых і кульгавых”.

І слуга сказаў: Гаспадару, зроблена, як ты загадаў, і яшчэ ёсць месца.
 
І сказаў слуга: “Пане, зроблена, як загадаў ты, і яшчэ ёсць месца”.

і сказаў гаспадар слузе: Выйдзі на дарогі і на загароды, і змусь людзей прыйсці, каб напоўніўся мой дом;
 
Гаспадар сказаў слугу: “Ідзі да дарог і загарадзяў і прымушай прыйсці, каб напоўніўся мой дом.

бо кажу я вам, што ніводзін з тых запрошаных мужоў не пакаштуе маёй вячэры. [Бо шмат пакліканых, ды выбраных мала].
 
Бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных людзей не пакаштуе маёй вячэры”».

Ішлі ж з Ім вялікія натоўпы, і, павярнуўшыся, Ён сказаў ім:
 
Шмат людзей ішло за Езусам. Абярнуўшыся, Ён сказаў ім:

Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзіць свайго бацьку і маці, і жонку, і дзяцей, і братоў, і сясцёр, а яшчэ і жыцця свайго, той не можа быць Маім вучнем.
 
«Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзеў бацькі свайго, маці і жонкі, дзяцей і братоў, сясцёр і нават жыцця свайго, той не можа быць Маім вучнем.

Хто не нясе свайго крыжа, а ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем.
 
Хто не нясе крыжа свайго, а ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем.

Бо хто з вас, хочучы пабудаваць вежу, не сядзе спярша і не падлічыць выдаткаў: ці мае на завяршэнне?
 
Бо хто з вас, калі захоча пабудаваць вежу, спачатку не сядзе і не падлічыць выдаткаў, ці мае на завяршэнне будовы.

Каб, калі ён закладзе падмурак, але не зможа дакончыць, усе, хто пабачыць, не пачалі смяяцца з яго.
 
Калі ж закладзе падмурак і не зможа закончыць, усе, хто ўбачыць, пачнуць смяяцца з яго,

кажучы: «Гэты чалавек пачаў будаваць, а не змог дакончыць».
 
кажучы: “Гэты чалавек пачаў будаваць і не змог скончыць”.

Або які цар, ідучы на вайну супроць другога цара, перш не сядзе і не абдумае, ці зможа ён з дзесяццю тысячамі сустрэць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю тысячамі?
 
Або які кароль, ідучы на вайну супраць іншага караля, не сядзе і не параіцца спачатку, ці моцны ён, каб ісці з дзесяццю тысячамі супраць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю тысячамі?

Калі ж не, то пакуль той яшчэ далёка, ён, паслаўшы пасольства, просіць аб умовах міру.
 
Калі не, то пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасланцоў прасіць міру.

Гэтак і кожны з вас, калі не адмовіцца ад усёй сваёй маёмасці, не можа быць Маім вучнем.
 
Таму кожны з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем.

Вядома, соль — добрая; але калі і соль будзе абяссоленая, чым прыправіць?
 
Соль — добрая рэч, але калі соль страціць смак, чым прыправіць яе?

І ні ў зямлю, ні ў гной яна непрыдатная; яе вон выкідваюць. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
 
Ні для зямлі, ні для ўгнаення яна не прыдатная; яе выкідаюць вон. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».