Лукаша 14 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І сталася Яму прыйсьці ў суботу ў дом нейкага начальніка хварысэяў паесьці хлеба, і яны сачылі за Ім;
Калі Езус прыйшоў у шабат да дому аднаго з кіраўнікоў фарысейскіх з’есці хлеба, яны сачылі за Ім.
і вось зьявіўся перад Ім нейкі чалавек, хворы на вадзянку.
І вось, стаў перад Ім чалавек, які хварэў на вадзянку.
І, загаварыўшы да законьнікаў і хварысэяў, Ісус запытаў (іх) кажучы: ці дазваляецца (па Закону) аздараўляць у суботу?
Адазваўшыся, Езус спытаўся ў кніжнікаў і фарысеяў: «Ці дазволена вылечыць у шабат ці не?»
Яны ж прамаўчалі. І, дакрануўшыся, аздаравіў яго і адправіў.
Яны ж маўчалі. І, дакрануўшыся, аздаравіў таго і адпусціў.
І, загаварыўшы да іх, запытаў: калі чый-небудзь із вас асёл ці вол уваліцца ў студню, ці ня адразу выцягнеце яго ў дзень суботы?
А ім сказаў: «Калі ў каго-небудзь з вас сын або вол упадзе ў студню, ці ж не выцягне адразу яго ў дзень шабату?»
І ня змаглі (яны) Яму запярэчыць на гэта.
І яны не змаглі запярэчыць Яму на гэта.
Казаў жа (Ён) запрошаным прыповесьць, убачыўшы як (яны) выбіралі першыя мейсцы, гаворачы ім:
Заўважыўшы, што запрошаныя выбіралі першыя месцы, расказаў ім прыпавесць:
калі ты запрошаны кім-небудзь на вясельле, ня узьлягай на першае мейсца, каб сярод запрошаных ім ня аказаўся (нехта) больш шаноўны за цябе,
«Калі нехта пакліча цябе на вяселле, не сядай на першае месца, каб не аказалася, што нехта з пакліканых ім больш ганаровы за цябе,
і той, хто запрасіў цябе і яго, падыйшоўшы, скажа табе: саступі яму мейсца; і тады (ты) з сорамам зоймеш апошняе мейсца.
і каб той, хто запрасіў і яго, і цябе, не падышоў і не сказаў табе: “Саступі яму месца”. Тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца.
Але, калі (ты) запрошаны, прыйшоўшы, узьляж на апошнім мейсцы, каб, калі падыйдзе той, хто цябе запрасіў, сказаў табе: дружа! перайдзі вышэй. Тады будзе табе гонар перад узьляжачымі з табою.
Але калі запросяць цябе, прыйдзі і сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоў да цябе і сказаў: “Дружа, перасядзь вышэй”. Тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою.
Бо кожны, хто ўзвышае сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвышаны будзе.
Бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца».
Казаў жа (Ён) і запрасіўшаму Яго: калі ты ладзіш абед ці вячэру ня кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні сваякоў тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны цябе ня запрасілі (узаемна) каб ня сталася табе адплата.
Таксама сказаў кіраўніку фарысеяў, які запрасіў Яго: «Калі наладжваеш абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родных тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны не паклікалі цябе ў адказ, і ты атрымаў бы адплату.
Але, калі ты ладзіш урачысты абед, запрашай убогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых,
Але калі наладжваеш гасціну, кліч убогіх, калек, кульгавых, сляпых,
і шчасьлівы будзеш, бо яны ня могуць адплаціць табе; бо аддасца табе ў ускрасеньне праведных.
і будзеш шчаслівы, што яны не маюць як адплаціць табе, бо адплаціцца табе ў дзень уваскрашэння справядлівых».
Нехта ж з узьляжачых, пачуўшы гэта, сказаў Яму: шчасьлівы той, хто будзе есьці хлеб у Каралеўстве Бога.
Адзін з тых, хто сядзеў разам з Езусам, сказаў Яму: «Шчаслівы, хто будзе есці хлеб ў Валадарстве Божым».
Ён жа сказаў яму: нейкі чалавек зладзіў багатую вячэру і запрасіў многіх.
А Ён сказаў яму: «Адзін чалавек наладжваў вялікую вячэру і паклікаў многіх.
І паслаў раба свайго ў час вячэры сказаць запрошаным: прыходзьце, бо ўжо ўсё гатова.
Калі настаў час вячэры, паслаў слугу свайго сказаць запрошаным: “Прыйдзіце, бо ўжо ўсё гатова”.
І пачалí дружна, усе як адзін, прасіць прабачэньня. Першы сказаў яму: (я) купіў зямлю і мне трэба пайсьці паглядзець яе; прашу цябе, прабач мне.
І пачалі ўсе, як адзін, адгаворвацца. Першы сказаў яму: “Я купіў поле, і мне трэба пайсці паглядзець яго. Прашу цябе, прабач мне”.
І другі сказаў: (я) купіў пяць пар валоў, і іду выпрабаваць іх; прашу цябе, прабач мне.
Другі сказаў: “Я купіў пяць пар валоў і іду выпрабаваць іх. Прашу цябе, прабач мне”.
І іншы сказаў: (я) ажаніўся, і таму ня магу прыйсьці.
Іншы сказаў: “Я ажаніўся, і таму не магу прыйсці”.
І, вярнуўшыся, раб той пераказаў гэтае гаспадару свайму. Тады, разгневаўшыся, гаспадар дому сказаў рабу свайму: выйдзі хутчэй на вуліцы і завулкі места і прывядзі сюды ўбогіх і калекаў, і сьляпых, і кульгавых.
Вярнуўшыся, слуга расказаў пра гэта свайму гаспадару. Тады гаспадар дома разгневаўся і сказаў слугу свайму: “Ідзі хутчэй на вуліцы і завулкі горада і прывядзі сюды ўбогіх, калек, сляпых і кульгавых”.
І сказаў раб: гаспадар! сталася, як ты загадаў, і яшчэ ёсьць мейсца.
І сказаў слуга: “Пане, зроблена, як загадаў ты, і яшчэ ёсць месца”.
І сказаў гаспадар рабу: выйдзі на дарогі і каля платоў і ўгавары прыйсьці, каб напоўніўся дом мой.
Гаспадар сказаў слугу: “Ідзі да дарог і загарадзяў і прымушай прыйсці, каб напоўніўся мой дом.
Бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных мужчын ня пакаштуе маёй вячэры.
Бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных людзей не пакаштуе маёй вячэры”».
І вялікія грамады ішлі за Ім, і Ён, абярнуўшыся, сказаў ім:
Шмат людзей ішло за Езусам. Абярнуўшыся, Ён сказаў ім:
Калі хто прыходзіць да Мяне і ня зьнянавідзіць бацьку свайго і матку, і жонку і дзяцей, і братоў і сёстраў, а яшчэ і жыцьцё сваё, ня можа быць Маім вучнем;
«Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзеў бацькі свайго, маці і жонкі, дзяцей і братоў, сясцёр і нават жыцця свайго, той не можа быць Маім вучнем.
і хто ня нясе крыжа свайго і ідзе за Мною, ня можа быць вучнем Маім.
Хто не нясе крыжа свайго, а ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем.
Бо хто з вас, жадаючы пабудаваць вежу, перш, сеўшы, ня палічыць выдаткі, ці мае (патрэбнае) для завяршэньня,
Бо хто з вас, калі захоча пабудаваць вежу, спачатку не сядзе і не падлічыць выдаткаў, ці мае на завяршэнне будовы.
Каб калі паложыць ён падмурак і ня здолее дакончыць, усе назіраючыя ня пачалí сьмяяцца зь яго,
Калі ж закладзе падмурак і не зможа закончыць, усе, хто ўбачыць, пачнуць смяяцца з яго,
кажучы: гэты чалавек пачаў будаваць і ня здолеў дакончыць.
кажучы: “Гэты чалавек пачаў будаваць і не змог скончыць”.
Або які кароль ідучы на вайну супраць другога караля, сеўшы, перш, ня параіцца, ці здолее (ён) з дзесяцьцю тысячамі сустрэць ідучага на яго з дваццацьцю тысячамі?
Або які кароль, ідучы на вайну супраць іншага караля, не сядзе і не параіцца спачатку, ці моцны ён, каб ісці з дзесяццю тысячамі супраць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю тысячамі?
Бо калі не, дык пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасольства прасіць міру.
Калі не, то пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасланцоў прасіць міру.
Гэтак кожны з вас, хто ня адрачэцца ад усяго, што мае, ня можа быць Маім вучнем.
Таму кожны з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем.
Соль — добрая (рэч), але калі соль страціць сілу, як вернеш ёй салёнасьць?
Соль — добрая рэч, але калі соль страціць смак, чым прыправіць яе?
Ні ў зямлю, ні на ўгнаеньне яна ня прыдатная; вон выкідаюць яе. Хто мае вушы, каб чуць, няхай слухае!
Ні для зямлі, ні для ўгнаення яна не прыдатная; яе выкідаюць вон. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».