Лукаша 9 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Склікаўшы ж дванаццаць, Ён даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі і вылечваць хваробы
 
Паклікаўшы Дванаццаць, Езус даў ім сілу і ўладу над усімі злымі духамі, і ўладу лячыць хваробы.

і паслаў іх абвяшчаць Царства Божае і вылечваць [нямоглых],
 
Ён паслаў іх абвяшчаць Валадарства Божае і аздараўляць хворых.

і сказаў ім: Нічога не бярыце ў дарогу: ні посаха, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, і не майце па два хітоны.
 
Ён сказаў ім: «Нічога не бярыце ў дарогу: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, не майце таксама па дзве вопраткі.

І ў які дом увойдзеце, там заставайцеся і адтуль выходзьце ў дарогу.
 
У які дом увойдзеце, там заставайцеся аж да свайго адыходу.

А калі дзе не прымуць вас, выходзячы з таго горада, абтрасіце пыл з вашых ног у сведчанне на іх.
 
Калі ж вас нехта не прыме, то, выходзячы з горада таго, абтрасіце пыл з ног вашых на сведчанне супраць іх».

І, выйшаўшы, яны праходўзілі па сёлах, дабравесцячы і вылечваючы ўсюду.
 
Пайшоўшы, яны праходзілі па вёсках, абяшчаючы Добрую Навіну і аздараўляючы ўсюды.

Пачуў жа пра ўсе выдарэнні Ірад чацвёраўладнік і не ведаў, што і думаць, бо некаторыя казалі, што Іаан быў уваскрэшаны з мёртвых,
 
Тэтрарх Ірад пачуў пра ўсё, што здзяйснялася Езусам, і пачаў сумнявацца, бо адны гаварылі, што Ян паўстаў з памерлых,

а некаторыя, што Ілія з’явіўся, а іншыя, што ўваскрэс адзін са старажытных прарокаў.
 
а другія, што з’явіўся Ілля, іншыя, што ўваскрос нехта з даўніх прарокаў.

І сказаў Ірад: Іаана я абезгаловіў. Хто ж Гэты, пра Каго я чую такое? — І дамагаўся ўбачыць Яго.
 
І казаў Ірад: «Яну я адсек галаву; хто ж той, пра каго я чую такое?» І хацеў убачыць Яго.

А апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму, што зрабілі. І, узяўшы іх з Сабою, Ён падаўся асобна ў горад, званы15 Віфсаіда.
 
Вярнуўшыся, Апосталы расказалі Езусу ўсё, што зрабілі. Тады Ён узяў іх з сабой і асобна адышоў да горада, званага Бэтсаіда.

Але натоўпы, даведаўшыся, пайшлі ўслед за Ім; і Ён, прыняўшы іх, казаў ім пра Царства Божае і тых, што мелі патрэбу ў лячэнні, вылечыў.
 
А калі людзі даведаліся, пайшлі за Ім. Ён прыняў іх, гаварыў ім пра Валадарства Божае і аздараўляў тых, каму было патрэбнае аздараўленне.

А дзень пачаў хіліцца да вечара; і, падышоўшы, дванаццаць сказалі Яму: Адпусці натоўп, каб, пайшоўшы ў навакольныя сёлы і вёскі, спыніліся і знайшлі ежу, бо мы тут у пустэльнай мясціне.
 
Калі дзень пачаў хіліцца да вечара, падышлі да Яго Дванаццаць і сказалі Яму: «Адпусці людзей, каб яны пайшлі ў навакольныя паселішчы і вёскі, дзе знойдуць начлег і ежу, бо мы тут у пустынным месцы».

Ён жа сказаў ім: Вы дайце ім есці. — Яны ж сказалі: Няма ў нас больш як пяць хлябоў ды дзве рыбы, хіба што мы пойдзем і купім яды для ўсяго гэтага народу.
 
Але Ён сказаў ім: «Вы дайце ім есці». Яны сказалі: «У нас няма больш пяці хлябоў і дзвюх рыбін, хіба што пойдзем купім ежы на ўвесь гэты люд».

Бо было каля пяці тысяч мужчын. Але Ён сказаў Сваім вучням: Рассадзіце іх групамі [прыблізна] па пяцьдзесят.
 
Было ж каля пяці тысяч чалавек. Але Ён сказаў вучням сваім: «Загадайце ім сесці групамі па пяцьдзясят чалавек».

І яны зрабілі так і рассадзілі ўсіх.
 
І зрабілі так, і пасадзілі ўсіх.

Ён жа, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбы, глянуўшы на неба, добраславіў іх і разламаў, і даваў вучням, каб разносілі натоўпу.
 
А Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеў на неба, благаславіў іх і паламаў, і даваў вучням, каб раздавалі людзям.

І елі і наеліся ўсе, і назбіралі пазасталых у іх кавалкаў дванаццаць кошыкаў.
 
І елі, і насыціліся ўсе, а рэшты кавалкаў сабрана было дванаццаць кашоў.

І сталася: калі Ён маліўся на адзіноце, з Ім былі вучні, і Ён спытаўся ў іх, кажучы: Кім Мяне лічаць натоўпы?
 
Калі Езус маліўся ў самоце, былі разам з Ім вучні. Ён спытаўся ў іх: «Кім лічаць Мяне людзі?»

Яны ж у адказ сказалі: Іаанам Хрысціцелем, некаторыя ж Іліёю, а іншыя, што ўваскрэс адзін са старажытных прарокаў.
 
Яны сказалі ў адказ: «Янам Хрысціцелем, іншыя — Іллёю, яшчэ іншыя кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос».

І сказаў ім: А вы кім Мяне лічыце? — Пётр жа у адказ сказаў: Хрыстом Божым.
 
Тады Ён спытаўся ў іх: «А вы кім лічыце Мяне?» Пётр, адказваючы, сказаў: «Месіяй Божым».

Ён жа, забараніўшы ім, загадаў нікому гэтага не казаць,
 
Але Ён, забараніўшы ім, загадаў нікому не казаць пра гэта,

сказаўшы: Сыну Чалавечаму належыць шмат выцерпець, і быць адрынутым старэйшынамі, першасвятарамі, і кніжнікамі, і быць забітым, а на трэці дзень быць ўваскрэшаным.
 
кажучы, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець і быць адкінутым старэйшынамі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць.

І да ўсіх казаў: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, і штодня бярэ свой крыж, і ідзе ўслед за Мною.
 
А ўсім сказаў: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною.

Бо хто хоча сваё жыццё16 ўратаваць, той загубіць яго17; а хто загубіць сваё жыццё дзеля Мяне, той уратуе яго.
 
Бо, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго. А хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго.

Бо што за карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а самога сябе загубіць ці пашкодзіць сабе?
 
Бо якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а сябе загубіць ці пашкодзіць сабе?

Бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй, і Бацькавай, і святых Анёлаў.
 
Хто ж будзе саромецца Мяне і Маіх словаў, таго і Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе сваёй, Айца і святых анёлаў.

Кажу ж вам па праўдзе: Некаторыя з тых, што стаяць тут, не спазнаюць смерці, як ужо ўбачаць Царства Божае.
 
Праўдзіва кажу вам: некаторыя з тых, хто тут стаіць, не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Валадарства Божага».

І сталася: пасля гэтых слоў дзён праз восем Ён, узяўшы Пятра, Іаана і Іякава, узышоў на гару памаліцца.
 
Пасля гэтых словаў дзён праз восем, узяўшы з сабою Пятра, Яна і Якуба, Ён узышоў на гару памаліцца.

І калі Ён маліўся, выгляд Яго аблічча зрабіўся іншым, Яго ўбранне — белым, бліскучым.
 
Калі маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся, і адзенне Ягонае стала бліскуча-белым.

І вось два мужы размаўлялі з Ім, гэта былі Маісей і Ілія,
 
І вось, два мужы размаўлялі з Ім, а былі гэта Майсей і Ілля.

што, з’явіўшыся ў славе, казалі пра Яго адыход, які належала Яму здейсніць у Іерусаліме.
 
Яны з’явіліся ў славе і казалі пра Ягоны адыход, які Ён павінен здзейсніць у Ерузалеме.

Пятра ж і тых, хто быў з Ім, змарыў сон; а прачнуўшыся, яны ўбачылі Яго славу і двух мужоў, што стаялі з Ім.
 
Пётр і тыя, хто быў разам з ім, былі змораныя сном. Калі ж абудзіліся, убачылі славу Яго і двух мужоў, якія стаялі разам з Ім.

І сталася: калі тыя адыходзілі ад Яго, Пётр сказаў Ісусу: Настаўніку, добра нам тут быць, і давайце зробім тры палаткі, адну Табе, адну Маісею і адну Іліі, — не ведаючы, што кажа.
 
А калі яны адыходзілі адтуль, Пётр сказаў Езусу: «Настаўнік, добра нам тут быць. Таму зробім тры шатры: адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі». Не ведаў ён, што кажа.

І калі ён казаў гэта, паўстала воблака і ахінула іх; яны ж спалохаліся, калі ўвайшлі ў воблака.
 
Калі гаварыў гэта, з’явілася воблака і агарнула іх. І спалохаліся яны, калі тыя ўвайшлі ў воблака.

І голас пачуўся з воблака, кажучы: Гэта Мой Сын, Абраны18; Яго слухайце!
 
А з воблака пачуўся голас, які казаў: «Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце».

І калі голас прагучаў, Ісус апынуўся адзін. І яны маўчалі і нікому не расказвалі ў тыя дні нічога з таго, што бачылі.
 
Калі гучаў гэты голас, Езус застаўся адзін. А яны маўчалі і ў тыя дні нікому нічога не казалі пра тое, што бачылі.

І сталася: на другі дзень, калі яны зышлі з гары, сустрэў Яго вялікі натоўп.
 
У наступны дзень, калі яны сышлі з гары, вялікі натоўп выйшаў насустрач Яму.

І вось, чалавек з натоўпу закрычаў, кажучы: Настаўніку, малю Цябе паглядзець на майго сына, бо Ён адзіны ў мяне.
 
І вось, адзін чалавек з натоўпу закрычаў: «Настаўнік, прашу Цябе, паглядзі на майго сына, бо ён у мяне адзін.

і вось, дух хапае яго, і ён раптам крычыць, і курчыць яго, аж той пену пускае, і ледзь адступае ад яго, змучыўшы яго;
 
Хапае яго дух, і ён раптам крычыць, і трасе яго, аж пускае пену. І з цяжкасцю адпускае, змучаўшы яго.

і я прасіў Тваіх вучняў, каб выгналі яго, ды яны не змаглі.
 
Я прасіў Тваіх вучняў выгнаць яго, але яны не змаглі».

У адказ жа Ісус сказаў: О пакаленне бязвернае і разбэшчанае, дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? Прывядзі сюды свайго сына!
 
Адказваючы, Езус сказаў: «О пакаленне нявернае і распуснае, дакуль буду з вамі і дакуль буду цярпець вас? Прывядзі сюды свайго сына».

І калі яшчэ той падыходзіў, дэман кінуў яго і скурчыў; але Ісус забараніў нячыстаму духу, і вылечыў хлопца, і аддаў яго бацьку.
 
А калі ён падыходзіў, злы дух кінуў яго на зямлю і пачаў трэсці. Але Езус забараніў нячыстаму духу, вылечыў хлопца і аддаў яго бацьку.

І ўсе ўразіліся велічы Божай. Калі ўсе дзівіліся ўсяму таму, што рабіў Ісус, Ён сказаў Сваім вучням:
 
І ўсе дзівіліся велічы Божай.Другое прадказанне мукі і ўваскрасення Калі ўсе здзіўляліся ўсяму, што рабіў Езус, Ён сказаў сваім вучням:

Укладзіце сабе ў вушы гэтыя словы: Сын Чалавечы будзе выданы ў людскія рукі.
 
«Укладзіце сабе ў вушы словы гэтыя, бо Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей».

Яны ж не разумелі гэтага слова. І яно было закрыта ад іх, так што яны не спазналі яго, і яны баяліся спытацца ў Яго аб гэтым слове.
 
Але вучні не зразумелі сказанага, таму што гэта было ўкрыта ад іх, каб яны не зразумелі. А спытацца ў Яго пра сказанае баяліся.

І прыйшло ім на думку, хто з іх большы.
 
Паўстала між вучняў пытанне: хто з іх быў бы большы?

Ісус жа, ведаючы думку іх сэрца, узяў дзіцятка і паставіў яго каля Сябе
 
Але Езус, пазнаўшы задуму іх сэрца, узяў дзіця, паставіў яго перад сабою

і сказаў ім: Хто прыме гэтае дзіцятка ў Маё імя, Мяне прымае; і хто Мяне прыме, прымае Таго, Хто паслаў Мяне; бо хто меншы між усіх вас, той вялікі.
 
і сказаў ім: «Хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, прымае таго, хто паслаў Мяне. Бо, хто меншы сярод усіх вас, той будзе вялікі».

У адказ жа Іаан сказаў: Настаўніку, мы бачылі аднаго, што Тваім імем выганяў дэманаў, і мы забаранілі яму, бо ён не ходзіць з намі.
 
Ян сказаў у адказ: «Настаўнік, мы бачылі кагосьці, хто ў імя Тваё выганяе злых духаў, і забаранялі яму, бо ён не ходзіць з намі».

А Ісус сказаў яму: Не забараняйце; бо хто не супроць вас, той за вас.
 
А Езус сказаў яму: «Не забараняйце; бо хто не супраць вас, той за вас».

І сталася: калі спаўняліся дні Яго ўзяцця ў неба, Ён цвёрда скіраваў Сваё аблічча да Іерусаліма.
 
Калі надышлі дні Яго ўзнясення, Ён цвёрда вырашыў ісці ў Ерузалем

І выслаў перад Сабою пасланцоў. І, выправіўшыся, тыя ўвайшлі ў самарыцянскае сяло, каб падрыхтаваць усё для Яго.
 
і выслаў пасланцоў перад сабою. Пайшоўшы, яны ўвайшлі ў самаранскую вёску, каб падрыхтаваць Яму побыт.

Ды не прынялі Яго, бо Яго аблічча выдавала, што Ён ідзе ў Іерусалім.
 
Але там не прынялі Яго, бо Ён накіроўваўся ў Ерузалем.

Убачыўшы ж гэта, [Яго] вучні Іякаў і Іаан сказалі: Госпадзе, хочаш, мы скажам, каб агонь зышоў з неба і знішчыў іх, [як і Ілія зрабіў].
 
Калі вучні Якуб і Ян убачылі гэта, сказалі: «Пане, хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба і знішчыў іх?»

Але Ён, павярнуўшыся, забараніў ім, [і сказаў: Не ведаеце, якога вы духа:
 
Але Ён, абярнуўшыся, забараніў ім.

бо Сын Чалавечы не прыйшоў душы людзей загубіць, але ўратаваць.] І яны пайшлі ў другое сяло.
 
І пайшлі ў іншую вёску.

І [сталася:] калі яны ішлі, хтосьці ў дарозе сказаў Яму: Я пайду ўслед з Табою, куды б Ты, [Госпадзе], ні ішоў.
 
Калі яны былі ў дарозе, хтосьці сказаў Яму: «Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў».

І сказаў яму Ісус: Лісы маюць норы, і нябесныя птушкі — гнёзды, а Сыну Чалавечаму няма дзе галаву прыхіліць.
 
А Езус сказаў яму: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву».

І сказаў другому: Ідзі ўслед за Мною. — Ён жа сказаў: Госпадзе, дазволь Мне пайсці спярша пахаваць майго бацьку.
 
Тады сказаў другому: «Ідзі за Мною». Але той адказаў: «Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго».

Але Ён сказаў яму: Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых. Ты ж ідзі і абвяшчай Царства Божае.
 
А Ён сказаў яму: «Пакінь памерлым хаваць сваіх памерлых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае».

Сказаў жа і другі: Я пайду ўслед за Табою, Госпадзе; але спярша дазволь мне развітацца з маімі дамашнімі.
 
Яшчэ іншы сказаў: «Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі».

Ісус сказаў [яму]: Ніводны чалавек, хто паклаў [сваю] руку на плуг і азіраецца назад, не прыдатны для Царства Божага.
 
А Езус сказаў яму: «Ніхто з тых, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага».