Лукаша 15 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Наблізіліся да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі слухаць Яго.
 
І ўсі мытнікі а грэшнікі бліжыліся да Яго, слухаць Яго.

А фарысэі і кніжнікі наракалі, кажучы: Ён прымае грэшнікаў і есьць зь імі.
 
Фарысэі ж а кніжнікі наракалі, кажучы: «Гэты прыймае грэшнікаў і есьць ізь імі».

Але Ён сказаў ім наступную прытчу:
 
Ён жа сказаў ім гэткую прыпавесьць, кажучы:

хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну зь іх, не пакіне дзевяноста дзевяцёх ў пустыні і ня пойдзе па прапалую, пакуль ня знойдзе яе?
 
«Хто з вас, маючы сто авец і згубіўшы адну зь іх, не пакіне дзевяцьдзясят дзевяць на пустыні і ня пойдзе за згубленай, пакуль ня знойдзе яе?

А знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасьцю;
 
А знайшоўшы, кладзець яе на плечы свае, цешачыся;

і прыйшоўшы дамоў, пакліча сяброў і суседзяў і скажа ім; парадуйцеся са мною, я знайшоў маю прапалую авечку.
 
І, прышоўшы двору, згукае прыяцеляў а суседзяў, кажучы: "Цешчася з імною, бо я знайшоў згубленую авечку сваю".

Маўляю вам, што так на нябёсах болей радасьці будзе за аднаго грэшніка, які каецца, чым за дзевяноста дзевяцёх праведнікаў, якія ня маюць патрэбы ў каяньні.
 
Кажу вам, што так будуць цешыцца ў небе з аднаго пакаятнага грэшніка, чымся зь дзевяцьдзясят дзевяцёх справядлівых, каторыя не патрабуюць каяцца.

Альбо якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, не запаліць сьвечкі і не пачне месьці пакой і шукаць пільна, пакуль ня знойдзе?
 
«Альбо, якая жонка, маючы дзесяць драхмаў, калі згубе адну драхму, не засьвеце лянпы, і не падмяцець хаты, і ня будзе ўважліва шукаць, пакуль ня знойдзе яе?

А знайшоўшы, пакліча сябровак і суседак і скажа: парадуйцеся са мною, я знайшла згубленую драхму,
 
А знайшоўшы, згукае прыяцелкі а суседкі, кажучы: "Цешчася з імною, бо я знайшла драхму, каторую была згубіўшы".

Так, кажу вам, бывае радасьць у анёлаў Божых і за аднаго грэшніка, які каецца.
 
Гэтак, кажу вам, ё радасьць перад ангіламі Божымі з аднаго каятнага грэшніка».

Яшчэ сказаў: у аднаго чалавека было два сыны;
 
І сказаў: «Якісь чалавек меў двух сыноў;

і сказаў малодшы бацьку: тата! дай мне належную мне долю маёмасьці. І бацька падзяліў ім маёмасьць.
 
І сказаў айцу малодшы зь іх: "Войча, дай імне прыпадаючую дзель собскасьці". І падзяліў ім маемасьць.

Праз колькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, пайшоў у далёкі край і там распусьціў маёмасьць сваю, жывучы распусна.
 
Як мінула троху дзён, малодшы сын, зьбершы ўсе, пайшоў да далёкага краю і там вышышкаў собскасьць сваю, жывучы раськідонліва.

А калі ён пражыў усё, настаў вялікі голад у той краіне, і ён апынуўся ў нястачы;
 
А як ён высіліў усе, настала вялікая галадоў у тым краю, і ён згалеў.

і пайшоў, прыстаў да аднаго жыхара той краіны, а той паслаў яго на палі свае пасьвіць сьвіньні;
 
І пайшоў, і прыстаў да аднаго із жыхараў таго краю, і ён паслаў яго на полі свае паеьціць сьвіньне.

і ён рады быў напоўніць чэрава сваё струкамі, якія елі сьвіньні, але ніхто не даваў яму.
 
І ён жадаў напоўніць жывот свой лускою, што елі сьвіньне, але ніхто не даваў яму.

Апамятаўшыся, сказаў: колькі парабкаў у бацькі майго маюць лішкі хлеба, а я паміраю з голаду!
 
І, глыбака ўдумаўшыся, сказаў: "Колькі наймітаў у вайца майго маюць даволі хлеба, а я гіну тут з голаду!

Устану, пайду да бацькі майго і скажу яму: тата! я зграшыў супроць неба і перад табою,
 
Устаўшы, пайду да айца свайго і скажу яму: «Войча, я ізграшыў супроці неба і перад табою,

і ўжо ня варты называцца сынам тваім; прымі мяне ў лік парабкаў тваіх.
 
Я ўжо нягожы звацца сынам тваім; прыймі мяне як аднаго з наймітаў сваіх»".

Устаў і пайшоў да бацькі свайго. І калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і ўмілажаліўся; і пабегшы, упаў яму на шыю і пацалаваў яго.
 
І, устаўшы, ён пайшоў да айца свайго. Але, як ён быў яшчэ воддаль, айцец ягоны абачыў яго, і зжаліўся над ім, і пабег, і паў на шыю яму, і горача цалаваў яго.

А сын сказаў яму: тата! я зграшыў супроць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сынам тваім.
 
Сын жа сказаў яму: "Войча, я ізграшыў супроці неба й перад табою, я ўжо ня гожы звацца сынам тваім".

А бацька сказаў рабам сваім: прынясеце найлепшую вопратку і апранеце яго, і дайце пярсьцёнак на руку яму і абутак на ногі;
 
Але айцец сказаў слугам: "Вынясіце ўборзьдзе найлепшую адзежу, і адзеньце яго, і дайце жуковіну на руку яму, і вобуй на ногі;

і прывядзеце ўкормленае цяля і закалеце: будзем есьці і весяліцца,
 
І прывядзіце ўкормленае цялё, і зарэжча яго, і ежма, і весялімася;

бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся. І пачалі весяліцца.
 
Бо гэты сын мой быў памершы, і ажыў; быў згубіўшыся, і знайшоўся". І пачалі весяліцца.

А старэйшы сын ягоны быў на полі; і вяртаючыся, калі наблізіўся да дома, пачуў сьпевы і весялосьць;
 
«А старшы сын ягоны быў на полю; і, ідучы, як бліжыўся да дому, пачуў музыку а скокі.

і паклікаўшы аднаго слугу, спытаўся: што гэта такое?
 
І, гукнуўшы аднаго зь дзяцюкоў, папытаўся ў яго, што бы гэта было.

Той сказаў яму: брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў укормленае цяля, бо прыняў яго здаровага.
 
Тый жа сказаў яму: "Прышоў брат твой, і айцец твой зарэзаў кормнае цялё з тае прычыны, што прыняў яго ўратаванага а здаровага".

Ён угневаўся і не хацеў увайсьці. А бацька, выйшаўшы, клікаў яго.
 
Але ён зазлаваўея і не хацеў увыйсьці. І айцец ягоны, вышаўшы, прасіў яго.

Але ён сказаў у адказ бацьку: вось, я столькі гадоў служу табе і ніколі не пераступаў загаду твайго, але ты ніколі ня даў мне і казьляняці, каб мне павесяліцца зь сябрамі маімі;
 
Адказуючы ж, ён сказаў айцу свайму: «Вось, толькі год я служу тэ і ніколі не выступаў з расказаньня твайго, а ты ніколі ня даў імне й казяняці, каб я мог павесяліцца з прыяцельмі сваімі.

а калі сын твой, вось гэты, распусьціўшы маёмасьць сваю з блудніцамі, прыйшоў, ты закалоў яму ўкормленае цяля.
 
А як гэты сын твой, каторы вышышкаў маемасьць тваю зь бязулямі, прышоў, ты зарэзаў яму кормнае цялё».

А ён сказаў яму: сыне мой! ты заўсёды са мною, і ўсё маё ёсьць тваё;
 
Ён жа сказаў яму: "Дзяцё, ты заўсёды з імною, і ўсе мае — твае;

а з таго трэба было радавацца і весяліцца, што брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся.
 
А з гэтага надабе было весяліцца, бо гэты брат твой быў памершы, і ажыў; быў згубіўшыся, і знайшоўся"».