Лукаша 16 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Сказаў жа і вучням Сваім: адзін чалавек быў багаты і меў упраўніка, на якога данесьлі яму, што распускае маёмасьць ягоную;
І сказаў таксама вучанікам: «Быў якісь багаты чалавек, што меў аканома, каторага ўдалі яму, што раськідае маемасьць ягоную.
і паклікаўшы яго, сказаў яму: што гэта я чую пра цябе?
І, пагукаўшы яго, сказаў яму: "Што гэта я чую празь цябе? здай лічбу з аканомства свайго, бо ты ня можаш быць балей аканомам".
Тады ўпраўнік сказаў сам сабе: што мне рабіць? гаспадар мой адбірае ў мяне ўправу над домам: капаць не магу, прасіць саромеюся;
І аканом сказаў сам сабе: "Што імне рабіць? бо спадар мой адбірае аканомства ад мяне: капаць не магу, прасіць саромлюся.
ведаю, што зрабіць, каб прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад управы над домам.
Ведаю, што зрабіць, каб, як я буду аддалены ад аканомства, мяне прынялі ў дамы свае".
І паклікаўшы даўжнікоў гаспадара свайго, кожнага паасобку, сказаў першаму: колькі ты вінен гаспадару майму?
І, пагукаўшы паасобку кажнага з даўжбітоў спадара свайго, сказаў першаму: "Колькі ты вінен спадару майму?"
Той сказаў: сто мераў алею. І сказаў яму: вазьмі тваю расьпіску і сядай, хутчэй напішы: пяцьдзясят.
А тый сказаў: "Сто барылак алівы". І сказаў яму: "Вазьмі свой квіт і борзьдзенька садзіся напішы пяцьдзясят".
Потым другому сказаў: а ты колькі вінен? той сказаў: сто мераў пшаніцы. І сказаў яму: вазьмі тваю расьпіску і напішы: восемдзесят.
Тады сказаў другому: "А ты колькі вінен?" Ён жа сказаў: "Сто карцоў пшонкі". І кажа яму: «Вазьмі свой квіт і напішы асьмідзясят».
І пахваліў гаспадар упраўніка нявернага, што абачліва зрабіў; бо сыны веку гэтага здагадлівейшыя за сыноў сьвету ў сваім родзе.
І спадар пахваліў несправядлівага аканома, што разважна зрабіў; бо сынове веку гэтага разважнейшыя ў сваім родзе за сыноў сьвятліні.
І Я кажу вам: набывайце сабе сяброў багацьцем няправедным, каб яны, калі зубожыцеся, прынялі вас у вечныя сялібы.
І кажу вам: прыдбавайце прыяцеляў багацьцям несправядлівым, каб, як яго ня стане, прынялі вас да вечных буданоў.
Верны ў малым і ў вялікім верны, а няверны ў малым няверны і ў вялікім.
«Хто верны ў найменшым, верны і ў шмат якім; а хто несправядлівы ў найменшым, несправядлівы і ў шмат якім.
Дык вось, калі вы ў няправедным багацьці ня былі верныя, хто даверыць вам сапраўднае?
Дык калі вы ня былі верныя ў багацьцю несправядлівым, хто павера вам праўдзівае?
І калі ў чужым ня былі верныя, хто дасьць вам вашае?
І калі ня былі верныя ў чужым, хто дасьць вам ваша?
Ніякі слуга ня можа служыць двум гаспадарам, бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаму пачне рупліва дагаджаць, а пра другога ня дбаць. Ня можаце служыць Богу і мамоне.
«Ніякі слуга ня можа служыць двум спадаром, — бо альбо аднаго зьненавідзе, а другога будзе любіць; або аднаму будзе прыяць, а другога ўлегцы мець. Ня можаце служыць Богу й мамоне».
Чулі ўсё гэта і фарысэі, якія былі срэбралюбцы, і яны сьмяяліся зь Яго.
Фарысэі, што былі гальлівыя, слухалі ўсе гэта й сьміяліся зь Яго.
Ён сказаў ім: вы аказваеце сябе праведнікамі перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя: бо, што высока ў людзей, тое брыдота перад Богам.
І сказаў ім: «Вы правіцеся перад людзьмі, але Бог знае сэрцы вашыя; бо што высака ў людзёў, тое агіда перад Богам.
Закон і прарокі да Яна; з гэтага часу Царства Божае зьвястуецца, і кожны з намогаю ўваходзіць у яго.
«Закон а прарокі аж да Яана; адгэтуль дабравесьць гаспадарства Божага абяшчаецца, і кажны сілаю пракладае дарогу да яго.
Але хутчэй неба і зямля мінуцца, чым адна рыска з закону прападзе.
Але лацьвей небу й зямлі мінуць, чымся адна рыска ў Законе шчэзьне.
Кожны, хто разводзіцца з жонкай сваёю і жэніцца зь іншаю, чыніць пералюб; і кожны, хто жэніцца з разьведзенай з мужам, чыніць пералюб.
«Кажны, хто адпушчае жонку сваю і жэніцца зь іншаю, чужаложа; і кажны, што жэніцца з адпушчанай мужам, чужаложа.
Нейкі чалавек быў багаты, апранаўся ў парфіру і вісон і кожны дзень банкетаваў раскошна.
«Быў жа якісь багаты чалавек, і адзяваўся ў шкарлат а цянюсенькае палатно, і кажны дзень гучна дзедаваў.
Быў таксама нейкі жабрак, на імя Лазар, які ляжаў каля варотаў ягоных ў струпах
І якісь убогі, імям Лазар, ляжаў ля брамы ягонае, увесь у скульлю;
і хацеў накарміцца крошкамі, што падалі са стала багацея, і сабакі праходзілі і лізалі струпы ягоныя.
І жадаў есьці крошкі, што валіліся із столу багатыровага; і сабакі, праходзячы, лізалі скульле ягонае.
Памёр жабрак і ўзьнесены быў анёламі на ўлоньне Абрагамавае; памёр і багаты, і пахавалі яго;
І сталася, што ўбогі памер, і ангілы панесьлі яго на ўлоньне Абрагамова. І багатыр таксама памер, і быў пахаваны.
і ў пекле, ужо ў пакутах, ён узьвёў вочы свае, убачыў удалечыні Абрагама і Лазара на ўлоньні ягоным,
І ў пекле, будучы ў муках, узьняўшы вочы свае, бача Абрагама здалеку і Лазара на ўлоньню ягоным.
і загаласіўшы, сказаў: Войча Абрагаме! умілажалься сэрцам зь мяне і пашлі Лазара, каб умачыў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў язык мой, бо я пакутую ў полымі гэтым.
І, загаласіўшы, сказаў: "Войча Абрагаме! зжалься над імною і пашлі Лазара, каб занурыў канец палца свайго ў ваду і астудзіў язык мой, бо я мучаюся ў гэтым поламені".
Але Абрагам сказаў: дзіця! згадай, што ты атрымаў ужо добраснае тваё ў жыцьці тваім, а Лазар ліхое; і цяпер ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш;
Але Абрагам сказаў: "Дзяцё, успомні, што ты супоўна адзяржаў дабро свае за жыцьця свайго, а Лазар таксама ліха; цяпер жа ён цешыцца тут, а ты мучышся.
і звыш таго паміж намі і вамі пакладзена вялізная прорва, так што тыя, хто хоча перайсьці адсюль да вас, ня могуць, гэтак сама і адтуль да нас не пераходзяць.
І апрача ўсяго гэтага, памеж нас і вас устаноўлена вялікае бяздоньне, так што тыя, што хочуць перайсьці адгэтуль да вас, ня могуць, ані адгэнуль да нас не пераходзяць".
Тады сказаў ён: дык прашу цябе, войча, пашлі яго ў дом бацькі майго,
І сказаў ён: "Дык я прашу цябе, войча, паслаць яго да дому айца майго;
бо ў мяне пяць братоў: хай ён засьведчыць ім, каб і яны ня прыйшлі ў гэтае месца пакуты.
Бо ў мяне пяцёх братоў, — няхай сьветча ім, каб і яны ня прышлі да гэтага месца мукаў".
Абрагам сказаў яму: у іх ёсьць Майсей і прарокі; хай слухаюцца іх.
Але Абрагам кажа яму: "У іх ё Масей а прарокі; няхай слухаюць іх".
А ён сказаў: не, войча Абрагаме! але калі хто зь мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца.
Ён жа сказаў: "Не, войча Абрагаме, але калі б хтось ізь мертвых прышоў да іх, пакаяцца".
Тады Абрагам сказаў яму: калі Майсея і прарокаў ня слухаюцца, дык, калі б хто і зь мёртвых уваскрэс, не павераць.
А ён сказаў яму: "Калі ня слухаюць Масея а прарокаў, то калі б хто і зь мертвых ускрэс, не пераканаюцца".»