Лукаша 16 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхася Міцкевіча
Сказаў жа і вучням Сваім: адзін чалавек быў багаты і меў упраўніка, на якога данесьлі яму, што распускае маёмасьць ягоную;
Прамовіў таксама й да вучняў Сваіх: — быў адзін багаты чалавек, які меў аканома, і той абгавораны быў прад гаспадарам, што растрачвае маемасьць яго.
і паклікаўшы яго, сказаў яму: што гэта я чую пра цябе?
І прызваўшы яго, сказаў яму: — што гэта я чую пра цябе? здай разьлік з твайго справаваньня, бо ты ня можаш надалей аставацца управіцелем.
Тады ўпраўнік сказаў сам сабе: што мне рабіць? гаспадар мой адбірае ў мяне ўправу над домам: капаць не магу, прасіць саромеюся;
Тады аканом стаў разважаць сам сабе: — што мне рабіць? бо гаспадар адыймае ад мяне кіраваньне гаспадарствам; капаць я не магу, жабраваць саромеюся.
ведаю, што зрабіць, каб прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад управы над домам.
Але — ведаю, што зраблю, каб, калі адстаўлены буду ад кіравецтва, прынялі мяне ў дамы свае.
І паклікаўшы даўжнікоў гаспадара свайго, кожнага паасобку, сказаў першаму: колькі ты вінен гаспадару майму?
І, заклікаўшы паасобку вінных гаспадару сваіму, сказаў першаму: — колькі вінен гаспадару майму?
Той сказаў: сто мераў алею. І сказаў яму: вазьмі тваю расьпіску і сядай, хутчэй напішы: пяцьдзясят.
Той-жа сказаў: — сто мерак алею; і сказаў яму: — вазьмі сваю расьпіску й садзіся хутчэй напішы — пяцьдзясят.
Потым другому сказаў: а ты колькі вінен? той сказаў: сто мераў пшаніцы. І сказаў яму: вазьмі тваю расьпіску і напішы: восемдзесят.
Потым сказаў другому: — а ты колькі вінен? — і той адказаў: — сто мерак пшаніцы; і яму сказаў: — вазьмі расьпіску тваю й напішы — восемдзесят.
І пахваліў гаспадар упраўніка нявернага, што абачліва зрабіў; бо сыны веку гэтага здагадлівейшыя за сыноў сьвету ў сваім родзе.
І пахваліў гаспадар управіцеля нявернага, што асьцярожна ўчыніў, бо сыны сьвету гэтага ў родзе сваім больш кемныя за сыноў сьвятла.
І Я кажу вам: набывайце сабе сяброў багацьцем няправедным, каб яны, калі зубожыцеся, прынялі вас у вечныя сялібы.
І Я кажу вам: — здабывайце сабе прыяцеляў з багацьця нясправядлівасьці, каб яны, калі будзеце спанявераны, прынялі вас у сялібы вечныя.
Верны ў малым і ў вялікім верны, а няверны ў малым няверны і ў вялікім.
Хто верны ў найменшым, той і ў большым верны, і хто ў малым несправядлівы, той несправядлівы і ў вялікім.
Дык вось, калі вы ў няправедным багацьці ня былі верныя, хто даверыць вам сапраўднае?
Для таго, калі вы ў несправядлівым багацьці ня былі вернымі, хто даверыць вам праўдзівае?
І калі ў чужым ня былі верныя, хто дасьць вам вашае?
І калі ў чужым ня былі вернымі, хто дасьць вам вашае?
Ніякі слуга ня можа служыць двум гаспадарам, бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаму пачне рупліва дагаджаць, а пра другога ня дбаць. Ня можаце служыць Богу і мамоне.
Ніякі слуга ня можа служыць двум гаспадарам, бо альбо аднаго зьненавідзіць, а другога любіць, альбо аднаму будзе служыць, а другога занядбае; ня можаце служыць Богу й мамоне.
Чулі ўсё гэта і фарысэі, якія былі срэбралюбцы, і яны сьмяяліся зь Яго.
Чулі ўсё гэтае й срэбралюбцы фарысеі й сьмяяліся з Яго.
Ён сказаў ім: вы аказваеце сябе праведнікамі перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя: бо, што высока ў людзей, тое брыдота перад Богам.
І Ён сказаў ім: вы выстаўляецеся праведнікамі прад людзьмі, Бог-жа ведае сэрцы вашыя; бо што ў людзей узьнёслае, тое прад Богам агідлівае.
Закон і прарокі да Яна; з гэтага часу Царства Божае зьвястуецца, і кожны з намогаю ўваходзіць у яго.
Закон і прарокі да Яна; з таго часу абвяшчаецца Уладарства Божае, і кажны з натугаю ўвайходзіць у яго.
Але хутчэй неба і зямля мінуцца, чым адна рыска з закону прападзе.
Але хутчэй неба й зямля прамянуць, ніж хоць адна рыса з Закону выпадзе.
Кожны, хто разводзіцца з жонкай сваёю і жэніцца зь іншаю, чыніць пералюб; і кожны, хто жэніцца з разьведзенай з мужам, чыніць пералюб.
Усякі, хто пакідае жану сваю і жэніцца з іншай — блудадзее, і хто жэніцца з пакіненай мужам, — чыніць блудадзеяньне.
Нейкі чалавек быў багаты, апранаўся ў парфіру і вісон і кожны дзень банкетаваў раскошна.
Быў адзін багаты чалавек; адзяваўся ён у парфіру і віссон, і кажны дзень банкетаваў раскошна.
Быў таксама нейкі жабрак, на імя Лазар, які ляжаў каля варотаў ягоных ў струпах
І быў адзін жабрак, на імя Лазар, які ляжаў ля варот яго, увесь у струпох.
і хацеў накарміцца крошкамі, што падалі са стала багацея, і сабакі праходзілі і лізалі струпы ягоныя.
І рад быў пажывіцца крошкамі ад стала багача; і сабакі прыходзілі й лізалі раны ягоныя.
Памёр жабрак і ўзьнесены быў анёламі на ўлоньне Абрагамавае; памёр і багаты, і пахавалі яго;
І сталася: памёр убогі, і ангелы аднесьлі яго ў аселішча Абрагамава; памёр і багач, і пахавалі яго.
і ў пекле, ужо ў пакутах, ён узьвёў вочы свае, убачыў удалечыні Абрагама і Лазара на ўлоньні ягоным,
І апынуўшыся ў пекле, у вялікіх муках ён узьняў вочы свае, і убачыў здалёк Абрагама й Лазара ля яго.
і загаласіўшы, сказаў: Войча Абрагаме! умілажалься сэрцам зь мяне і пашлі Лазара, каб умачыў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў язык мой, бо я пакутую ў полымі гэтым.
І, усклікнуўшы, ён прамовіў: — войча, Абрагаме! зьмілуйся нада мною й пашлі Лазара, няхай абмочыць канец пальца свайго й асьвежыць язык мой, бо я мучуся ў полымі гэтым.
Але Абрагам сказаў: дзіця! згадай, што ты атрымаў ужо добраснае тваё ў жыцьці тваім, а Лазар ліхое; і цяпер ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш;
Абрагам-жа сказаў: — сыне! прыпомні, колькі ўжыў ты дабра за жыцьця твайга, а Лазар — благоцьця; цяпер-жа ён цешыцца, а ты пакутуеш.
і звыш таго паміж намі і вамі пакладзена вялізная прорва, так што тыя, хто хоча перайсьці адсюль да вас, ня могуць, гэтак сама і адтуль да нас не пераходзяць.
Датаго-ж між намі й вамі паложана вялікая бездань, і калі-б хто хацеў перайсьці з гэтага боку да вас, то ня могуць; таксама й адтуль да нас не перайходзяць.
Тады сказаў ён: дык прашу цябе, войча, пашлі яго ў дом бацькі майго,
Тады сказаў ён: — дык малю цябе, войча, пашлі яго ў дом айца майго;
бо ў мяне пяць братоў: хай ён засьведчыць ім, каб і яны ня прыйшлі ў гэтае месца пакуты.
Бо я маю пяць братоў, няхай пасьветчыць ім, каб і яны ня прыйшлі ў гэтае месца мучэньня.
Абрагам сказаў яму: у іх ёсьць Майсей і прарокі; хай слухаюцца іх.
Абрагам сказаў яму: — у іх ёсьць Майсей і прарокі, няхай слухаюць іх.
А ён сказаў: не, войча Абрагаме! але калі хто зь мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца.
Ён-жа сказаў: — не, войча Абрагаме! але калі хто з умершых прыйдзе да іх, то пакаюцца.
Тады Абрагам сказаў яму: калі Майсея і прарокаў ня слухаюцца, дык, калі б хто і зь мёртвых уваскрэс, не павераць.
Тады Абрагам сказаў яму: — калі Майсея й прарокаў ня слухаюць, то хоць-бы хто й з памершых устаў — не павераць.