Лукаша 4 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхася Міцкевіча
Ісус, поўны Духа Сьвятога, вярнуўся ад Ярдана і паведзены быў Духам у пустыню;
Ісус, у поўні Духа Сьвятога, вярнуўся з Йардану, і быў ведзены Духам у пустыню;
там сорак дзён Ён быў спакушаны д’яблам і нічога ня еў у гэтыя дні; а як прайшлі яны, напасьледак захацеў есьці.
І праз сорак дзён быў спакушаны праз шатана, і нічога ня еў у тыя дні, а калі кончыліся дні тыя, адчуў голад.
І сказаў Яму д’ябал: калі Ты Сын Божы, дык загадай гэтаму каменю зрабіцца хлебам.
Тады д'ябал сказаў Яму: — калі Ты Сын Божы, скажы каменю гэтаму, каб стаўся хлебам.
Ісус сказаў яму ў адказ: напісана, што «ня хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам Божым».
Ісус-жа ў адказ сказаў яму: — напісана, што ня хлебам адзіным жыў будзе чалавек, але ўсякім словам Божым.
І ўзьвёўшы Яго на высокую гару, д’ябал паказаў Яму ўсе царствы сусьвету ў імгненьне часу,
І ўзьвёў Яго д'ябал на высокую гару, і ўраз паказаў Яму ўсе гаспадарствы сьвету.
і сказаў Яму д’ябал: Табе дам уладу над ўсімі гэтымі царствамі і славу іх, бо яна аддадзена мне, і я, каму хачу, даю яе;
І сказаў Яму д'ябал: — аддам Табе ўладу над усімі імі й славу іхную, бо яны мне адданыя, і каму я хачу, таму я даю.
і вось, калі Ты паклонішся мне, дык усё будзе Тваё.
Вось калі Ты паклонішся мне — усё Тваё будзе.
Ісус сказаў яму ў адказ: адыйдзі ад Мяне, сатана; напісана: «Госпаду Богу пакланяйся і Яму аднаму служы».
Ісус у адказ сказаў яму: — адступіся ад Мяне, шатане, бо напісана: Госпаду Богу Твайму пакланяйся й Яму Адзінаму служы.
І павёў Яго ў Ерусалім, і паставіў Яго на крыле храма, і сказаў Яму: калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз;
І павёў Яго ў Ерусалім, і паставіў на высокім прысьценку храму ды сказаў Яму: — калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз.
бо напісана: «анёлам Сваім накажа пра Цябе захаваць Цябе»;
Бо напісана: — ангелам Сваім запавядаў за Цябе, ахаваць Цябе.
і: «на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю».
І на руках панясуць Цябе, каб не спаткнуўся на камені нагою Тваею.
Ісус сказаў яму ў адказ: сказана: «не спакушай Госпада Бога Твайго».
Ісус-жа ў адказ сказаў яму: — сказана ёсць, — не спакушай Госпада Бога Твайго.
І закончыўшы ўсё спакушэньне, д’ябал адышоў ад Яго да часу.
І закончыўшы ўсё спакушаньні, д'ябал адыйшоў ад Яго да часу.
І вярнуўся Ісус у сіле духу ў Галілею; і разьнесьліся чуткі пра Яго па ўсёй навакольнай краіне.
І вярнуўся Ісус у сіле Духа ў Галілею; і разыйшлася вестка пра Яго па ўсёй краіне.
Ён вучыў у сынагогах іхніх, і ўсе Яго ўслаўлялі.
І Ён навучаў у сынагогах іхных, і ўсе ўслаўлялі Яго.
І прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў, па звычаі Сваім, у дзень суботні ў сынагогу, і ўстаў чытаць.
І прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадаваны, і, подля звычаю Свайго, увайшоў у дзень сыботні ў сынагогу, і стаў да чытаньня.
Яму падалі кнігу прарока Ісаі; і Ён, разгарнуўшы кнігу, знайшоў месца, дзе было напісана:
Падалі Яму кнігу Ісайі прарока; і, разгарнуўшы яе, знайшоў месца, дзе было напісана:
«Дух Гасподні на Мне; бо Ён памазаў Мяне зьвеставаць убогім і паслаў Мяне ацаляць зламаных сэрцам, прапаведаваць палонным вызваленьне, сьляпым празарэньне, адпусьціць спакутаваных на свабоду,
— Дух Гасподні на Мне, і Ён памазаў Мяне — дабравесьціць паслаў Мяне, ацаляць струджаных сэрцам, абвяшчаць зьняволеным адпушченьне, сьляпым празрэньне, даць вызваленьне прыгнобленым;
абвяшчаць год Гасподняга спрыяньня».
Абвяшчаць лета Гасподняе прыемнае.
І загарнуўшы кнігу і аддаўшы слузе, сеў; і вочы ўсіх у сынагозе былі скіраваныя на Яго.
І, загарнуўшы кнігу, аддаў прыслужніку й сеў; вочы-ж усіх у сынагозе былі скіраваныя да Яго.
І Ён пачаў гаварыць да іх: сёньня спраўдзілася пісаньне гэтае, чутае вамі.
Тады пачаў гаварыць ім: — цяпер споўнілася Пісаньне гэтае прад вашым слыхам.
І ўсе засьведчылі Яму гэта, і дзівавалі са словаў мілаты, якія зыходзілі з вуснаў Ягоных, і казалі: ці не Язэпаў гэта сын?
І ўсе засьветчылі гэта Яму. І дзівіліся ўсе з ласкавасьці словаў, якія выйходзілі з вуснаў Ягоных; і казалі: — ці не Язэпаў гэта сын?
Ён сказаў ім: вядома, вы скажаце Мне прыказку: лекару! ацалі самога сябе; зрабі і тут, у Тваёй бацькаўшчыне, тое, што, мы чулі, было ў Капернауме.
Ён-жа сказаў ім: — вы, пэўна скажаце Мне прымаўку — лекару! ацалі Самога Сябе; зрабі тут, на бацькаўшчыне Тваёй, тое, што мы чулі было ў Капэрнауме.
І сказаў: праўду кажу вам: ніякі прарок ня прымаецца ў сваёй бацькаўшчыне;
І прамовіў: — па праўдзе кажу вам, ніякі прарок ня прыймаецца ў бацькаўшчыне сваёй.
па праўдзе кажу вам: шмат удоваў было ў Ізраілі ў дні Ільлі, калі замкнута было неба тры гады і шэсьць месяцаў, так што зрабіўся вялікі голад па ўсёй зямлі;
І праўду кажу вам: многа ўдавіцаў было ў дні Ільлі, калі замкнёнае было неба праз тры гады й шэсьць месяцаў, і стаўся вялікі голад па ўсёй зямлі;
і да ніводнай зь іх ня быў пасланы Ільля, а толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую;
І да ніводнай з іх ня быў пасланы Ільля, а толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую.
шмат таксама было пракажоных у Ізраілі за прарока Ялісея, і ніводзін зь іх не ачысьціўся, апрача Нэемана Сірыяніна.
І многа таксама было пракажоных у Ізраэлі за прарока Елісея, і ніводзін з іх ня быў ачышчаны, апрача Нэемана Сірыйца.
Пачуўшы гэта, усе ў сынагозе напоўніліся гневам;
Пачуўшы гэта, усе ў сынагозе разьярыліся злосьцю.
і ўстаўшы, выгналі Яго прэч з горада і павялі на вяршыню гары, на якой горад іхні быў пабудаваны, каб скінуць Яго;
І ўстаўшы, выгналі Яго з места й павялі на верх гары, на якой стаяла іхнае места, каб скінуць Яго;
але Ён, прайшоўшы сярод іх, пайшоў.
Але Ён, прайшоўшы сярод іх, адыйшоў.
І прыйшоў у Капернаум, горад Галілейскі, і вучыў іх у дні суботнія.
І прыйшоў у Капернаум, места Галілейскае, і там навучаў іх па сыботах.
І зьдзіўляліся з вучэньня Ягонага, бо слова Ягонае было з уладаю.
І вельмі дзівіліся з навукі Яго, бо ўладная была мова Ягоная.
Быў у сынагозе чалавек, які меў у сабе духа дэмана нячыстага, і той закрычаў зычным голасам:
Быў-жа ў сынагозе чалавек, які меў нячыстага духа шатанскага; і закрычаў ён моцным голасам, сказаўшы:
кінь; што Табе да нас, Ісусе Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас; ведаю Цябе, Хто Ты, — Сьвяты Божы.
— пакінь! што Табе да нас, Ісус Назаранін? прыйшоў Ты загубіць нас? ведаю Цябе, Хто Ты — Сьвяты Божы.
Ісус загразіў яму, сказаўшы: замоўкні і выйдзі зь яго. І дэман, паваліўшы таго пасярэдзіне сынагогі, выйшаў зь яго, ані не пашкодзіўшы яму.
Але Ісус загразіў яму, сказаўшы: — змоўкні й выйдзі з яго! і злыдух, паваліўшы яго пасярод сынагогі, выйшаў з яго, нічога яму не пашкодзіўшы.
І напала на ўсіх жудасьць, і разважалі паміж сабою; што гэта азначае, што Ён з уладаю і сілаю загадвае нячыстым духам, і яны выходзяць?
І агарнуў усіх вялікі страх; і разважалі між сабою: што гэта за слова такое, што з уладаю й сілай загадвае нячыстым духам, і яны выйходзяць?
І разьнеслася чутка пра Яго па ўсіх навакольных мясьцінах.
І разыйшлася мова пра Яго па ўсіх ваколічных мясцох.
Выйшаўшы з сынагогі, Ён увайшоў у дом Сымонаў; а Сымонава цешча была апанаваная моцнай гарачкаю; і прасілі Яго за яе.
Выйшаўшы з сынагогі Ён увайшоў у дом Сымона; цешча-ж Сымонава была ў вялікай гарачцы, і прасілі Яго за яе.
Падышоўшы да яе, Ён загразіў гарачцы; і пакінула яе. Яна адразу ўстала і слугавала ім.
Стаўшы над ею, Ён забараніў гарачцы, і пакінула яе; яна ўраз устала й прыслугоўвала ім.
А як заходзіла сонца, усе, хто меў хворых на розныя хваробы, прыводзілі іх да Яго; і Ён, ускладаючы на кожнага рукі, ацаляў іх.
На захадзе сонца ўсе, якія мелі хворых рознымі нядугамі, прыводзілі іх да Яго; і Ён, пакладаючы на кажнага з іх рукі, аздараўляў іх.
Выходзілі таксама і дэманы з многіх з крыкам і казалі: Ты Хрыстос, Сын Божы. А Ён забараняў ім расказваць, што яны ведаюць, што Ён Хрыстос.
Выйходзілі таксама й злыдухі з многіх, лемянтуючы й вымаўлыючы: — Ты Хрыстос, Сын Божы; але Ён забараняў і не даваў ім гаварыць, што яны ведаюць Хрыста Самога.
А як настаў дзень, Ён выйшаў з дому, пайшоў у пустэльную мясьціну, і людзі шукалі Яго і, прыйшоўшы да Яго, затрымлівалі Яго, каб ня сыходзіў ад іх.
Калі-ж настаў дзень, Ён выйшаўшы з дому, пайшоў у пустыннае месца; а народ шукаў Яго і, прыйшоўшы да Яго, задзержваў Яго, каб не адыйходзіў ад іх.
Але Ён сказаў ім: і іншым гарадам зьвеставаць Я павінен Царства Божае, бо на тое Я пасланы.
Але Ён сказаў ім: — Я павінен і іншым местам дабравесьціць пра Ўладарства Божае, бо на тое Я пасланы.
І прапаведаваў у сынагогах Галілейскіх.
І прапаведваў у сынагогах Галілейскіх.