Лукаша 4 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Міхася Міцкевіча
Ісус, напоўнены Духам Сьвятым, вярнуўся з Ярдану і быў паведзены Духам у пустыню.
Ісус, у поўні Духа Сьвятога, вярнуўся з Йардану, і быў ведзены Духам у пустыню;
Там сорак дзён Ён быў спакушваны д’яблам і нічога ня еў у гэтыя дні; а калі яны скончыліся, урэшце захацеў есьці.
І праз сорак дзён быў спакушаны праз шатана, і нічога ня еў у тыя дні, а калі кончыліся дні тыя, адчуў голад.
І сказаў Яму д’ябал: «Калі Ты — Сын Божы, скажы гэтаму камяню, каб ён стаўся хлебам».
Тады д'ябал сказаў Яму: — калі Ты Сын Божы, скажы каменю гэтаму, каб стаўся хлебам.
І адказаў яму Ісус, кажучы: «Напісана, што ня хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсякім словам Божым».
Ісус-жа ў адказ сказаў яму: — напісана, што ня хлебам адзіным жыў будзе чалавек, але ўсякім словам Божым.
І, узьвёўшы Яго на высокую гару, д’ябал паказаў Яму ўсе валадарствы сусьвету ў імгненьне часу.
І ўзьвёў Яго д'ябал на высокую гару, і ўраз паказаў Яму ўсе гаспадарствы сьвету.
І сказаў Яму д’ябал: «Дам Табе ўладу над усім гэтым і славу іхнюю, бо яна мне аддадзена, і я, каму хачу, даю яе.
І сказаў Яму д'ябал: — аддам Табе ўладу над усімі імі й славу іхную, бо яны мне адданыя, і каму я хачу, таму я даю.
Дык калі Ты паклонішся мне, усё будзе Тваё».
Вось калі Ты паклонішся мне — усё Тваё будзе.
І, адказваючы, сказаў яму Ісус: «Адыйдзі ад Мяне, шатан! Бо напісана: “Госпаду, Богу твайму, пакланяйся і Яму аднаму служы”».
Ісус у адказ сказаў яму: — адступіся ад Мяне, шатане, бо напісана: Госпаду Богу Твайму пакланяйся й Яму Адзінаму служы.
І павёў Яго ў Ерусалім, і паставіў на самым версе сьвятыні, і сказаў Яму: «Калі Ты — Сын Божы, кінься адгэтуль уніз,
І павёў Яго ў Ерусалім, і паставіў на высокім прысьценку храму ды сказаў Яму: — калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз.
бо напісана: “Анёлам Сваім загадае пра Цябе ўсьцерагчы Цябе”,
Бо напісана: — ангелам Сваім запавядаў за Цябе, ахаваць Цябе.
і: “На руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся аб камень нагою Тваёю”».
І на руках панясуць Цябе, каб не спаткнуўся на камені нагою Тваею.
І, адказваючы, сказаў яму Ісус: «Сказана: “Не спакушай Госпада, Бога твайго”».
Ісус-жа ў адказ сказаў яму: — сказана ёсць, — не спакушай Госпада Бога Твайго.
І, скончыўшы ўсё спакушэньне, д’ябал адыйшоў ад Яго да пары.
І закончыўшы ўсё спакушаньні, д'ябал адыйшоў ад Яго да часу.
І вярнуўся Ісус у сіле Духа ў Галілею; і разыйшлася чутка пра Яго па ўсёй ваколіцы.
І вярнуўся Ісус у сіле Духа ў Галілею; і разыйшлася вестка пра Яго па ўсёй краіне.
І вучыў Ён у сынагогах іхніх, і ад усіх быў слаўлены.
І Ён навучаў у сынагогах іхных, і ўсе ўслаўлялі Яго.
І прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў паводле звычаю Свайго ў дзень суботні ў сынагогу, і ўстаў чытаць.
І прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадаваны, і, подля звычаю Свайго, увайшоў у дзень сыботні ў сынагогу, і стаў да чытаньня.
І далі Яму кнігу прарока Ісаі; і Ён, разгарнуўшы кнігу, знайшоў месца, дзе было напісана:
Падалі Яму кнігу Ісайі прарока; і, разгарнуўшы яе, знайшоў месца, дзе было напісана:
«Дух Госпада на Мне, бо Ён памазаў Мяне дабравесьціць убогім, паслаў Мяне аздараўляць скрышаных сэрцам, абвяшчаць вязьням вызваленьне і сьляпым — вяртаньне зроку, пусьціць змучаных на свабоду,
— Дух Гасподні на Мне, і Ён памазаў Мяне — дабравесьціць паслаў Мяне, ацаляць струджаных сэрцам, абвяшчаць зьняволеным адпушченьне, сьляпым празрэньне, даць вызваленьне прыгнобленым;
і абвяшчаць год Госпада прыемны».
Абвяшчаць лета Гасподняе прыемнае.
І, згарнуўшы кнігу, аддаў паслугачу і сеў; і вочы ўсіх у сынагозе былі зьвернуты на Яго.
І, загарнуўшы кнігу, аддаў прыслужніку й сеў; вочы-ж усіх у сынагозе былі скіраваныя да Яго.
А Ён пачаў гаварыць ім: «Сёньня споўнілася Пісаньне гэтае, [якое] ў вушах вашых».
Тады пачаў гаварыць ім: — цяпер споўнілася Пісаньне гэтае прад вашым слыхам.
І ўсе засьведчылі Яму гэта, і зьдзіўляліся словам ласкі, якія выходзілі з вуснаў Ягоных, і гаварылі: «Ці не Язэпаў гэта сын?»
І ўсе засьветчылі гэта Яму. І дзівіліся ўсе з ласкавасьці словаў, якія выйходзілі з вуснаў Ягоных; і казалі: — ці не Язэпаў гэта сын?
І Ён сказаў ім: «Вядома, вы скажаце Мне гэткую прыповесьць: “Лекару, аздараві Самога Сябе; зрабі і тут, у бацькаўшчыне Сваёй, тое, што, мы чулі, сталася ў Капэрнауме”».
Ён-жа сказаў ім: — вы, пэўна скажаце Мне прымаўку — лекару! ацалі Самога Сябе; зрабі тут, на бацькаўшчыне Тваёй, тое, што мы чулі было ў Капэрнауме.
І сказаў: «Сапраўды кажу вам: Ніводзін прарок не прыймаецца ў бацькаўшчыне сваёй.
І прамовіў: — па праўдзе кажу вам, ніякі прарок ня прыймаецца ў бацькаўшчыне сваёй.
Праўдзіва кажу вам: Шмат удоваў было ў Ізраілю ў дні Ільлі, калі было зачынена неба тры гады і шэсьць месяцаў, так што стаўся вялікі голад па ўсёй зямлі;
І праўду кажу вам: многа ўдавіцаў было ў дні Ільлі, калі замкнёнае было неба праз тры гады й шэсьць месяцаў, і стаўся вялікі голад па ўсёй зямлі;
і ані да аднае з іх ня быў пасланы Ільля, але толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую.
І да ніводнай з іх ня быў пасланы Ільля, а толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую.
І шмат было пракажоных у Ізраілі пры прароку Элісеі, і ніводзін з іх ня быў ачышчаны, акрамя Наамана Сірыйца».
І многа таксама было пракажоных у Ізраэлі за прарока Елісея, і ніводзін з іх ня быў ачышчаны, апрача Нэемана Сірыйца.
І ўсе ў сынагозе напоўніліся ярасьцю, пачуўшы гэтае,
Пачуўшы гэта, усе ў сынагозе разьярыліся злосьцю.
і, устаўшы, выгналі Яго навонкі з гораду, і павялі Яго на вяршыню гары, на якой быў пабудаваны горад іхні, каб скінуць Яго,
І ўстаўшы, выгналі Яго з места й павялі на верх гары, на якой стаяла іхнае места, каб скінуць Яго;
але Ён, прайшоўшы сярод іх, пайшоў.
Але Ён, прайшоўшы сярод іх, адыйшоў.
І прыйшоў у Капэрнаум, горад Галілейскі, і вучыў іх у суботы.
І прыйшоў у Капернаум, места Галілейскае, і там навучаў іх па сыботах.
І дзівіліся з вучэньня Ягонага, бо з уладаю былі словы Ягоныя.
І вельмі дзівіліся з навукі Яго, бо ўладная была мова Ягоная.
І быў у сынагозе чалавек, які меў духа дэмана нячыстага, і ён загаласіў моцным голасам,
Быў-жа ў сынагозе чалавек, які меў нячыстага духа шатанскага; і закрычаў ён моцным голасам, сказаўшы:
кажучы: «Аёй! Што нам і Табе, Ісус Назарэец? Ты прыйшоў загубіць нас. Ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы».
— пакінь! што Табе да нас, Ісус Назаранін? прыйшоў Ты загубіць нас? ведаю Цябе, Хто Ты — Сьвяты Божы.
І забараніў яму Ісус, кажучы: «Змоўкні і выйдзі з яго!» І, кінуўшы яго на сярэдзіну, дэман выйшаў з яго, нічога не пашкодзіўшы яму.
Але Ісус загразіў яму, сказаўшы: — змоўкні й выйдзі з яго! і злыдух, паваліўшы яго пасярод сынагогі, выйшаў з яго, нічога яму не пашкодзіўшы.
І ахапіў усіх страх, і гутарылі між сабою, кажучы: «Што гэта за слова такое, што з уладаю і моцаю Ён загадвае духам нячыстым, і яны выходзяць?»
І агарнуў усіх вялікі страх; і разважалі між сабою: што гэта за слова такое, што з уладаю й сілай загадвае нячыстым духам, і яны выйходзяць?
І разыйшлася чутка пра Яго па ўсіх вакалічных месцах.
І разыйшлася мова пра Яго па ўсіх ваколічных мясцох.
Выйшаўшы ж з сынагогі, Ён прыйшоў у дом Сымона. А цешча Сымонава была ў моцнай гарачцы, і прасілі Яго за яе.
Выйшаўшы з сынагогі Ён увайшоў у дом Сымона; цешча-ж Сымонава была ў вялікай гарачцы, і прасілі Яго за яе.
І, стаўшы каля яе, Ён забараніў гарачцы, і пакінула яе, а яна, адразу ўстаўшы, паслугавала ім.
Стаўшы над ею, Ён забараніў гарачцы, і пакінула яе; яна ўраз устала й прыслугоўвала ім.
Пры захадзе сонца ўсе, якія мелі хворых на розныя хваробы, прыводзілі іх да Яго; і Ён, усклаўшы на кожнага з іх рукі, аздаравіў іх.
На захадзе сонца ўсе, якія мелі хворых рознымі нядугамі, прыводзілі іх да Яго; і Ён, пакладаючы на кажнага з іх рукі, аздараўляў іх.
Выганяў таксама з многіх дэманаў, якія крычалі і казалі: «Ты — Хрыстос, Сын Божы». І Ён забараняў ім казаць, што яны ведаюць, што Ён — Хрыстос.
Выйходзілі таксама й злыдухі з многіх, лемянтуючы й вымаўлыючы: — Ты Хрыстос, Сын Божы; але Ён забараняў і не даваў ім гаварыць, што яны ведаюць Хрыста Самога.
А калі настаў дзень, Ён, выйшаўшы, пайшоў у пустыннае месца, і натоўпы шукалі Яго, і, прыйшоўшы да Яго, затрымлівалі Яго, каб не ішоў ад іх.
Калі-ж настаў дзень, Ён выйшаўшы з дому, пайшоў у пустыннае месца; а народ шукаў Яго і, прыйшоўшы да Яго, задзержваў Яго, каб не адыйходзіў ад іх.
А Ён сказаў ім: «І ў іншых гарадах Я мушу дабравесьціць Валадарства Божае, бо дзеля гэтага Я пасланы».
Але Ён сказаў ім: — Я павінен і іншым местам дабравесьціць пра Ўладарства Божае, бо на тое Я пасланы.
І абвяшчаў у сынагогах Галілейскіх.
І прапаведваў у сынагогах Галілейскіх.