Лукаша 17 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Міхася Міцкевіча
І сказаў вучням Сваім: «Згаршэньні ня могуць не прыйсьці, але гора таму, праз каго яны прыходзяць.
І сказаў Ён вучням Сваім: — немагчыма, каб ня прыйшлі спакусы, але гора таму, праз каго яны прыходзяць.
Лепей яму, калі камень ад жорнаў вісіць у яго на шыі і ён кінуты ў мора, чым каб ён згоршыў аднаго з малых гэтых.
Лепш было-б яму, калі-б завешаны быў жарнавы камень на шыю ягоную і ўкінуты быў у мора, ніж ён меў-бы спакусіць аднаго з малых гэтых.
Сьцеражыцеся. Калі ж саграшыць супраць цябе брат твой, дакарай яго і, калі навернецца, даруй яму.
Аглядайцеся й на сябе; калі згрэшыць супроць цябе брат твой, вымаві яму, і калі пакаецца, даруй яму.
І калі сем разоў у дзень саграшыць супраць цябе, і сем разоў у дзень зьвернецца да цябе, кажучы: “Каюся”, даруй яму».
І хоць-бы сем раз на дзень правініўся прад табою, і сем раз на дзень зьвернуўся да цябе, кажучы — каюся, — даруй яму.
І сказалі апосталы Госпаду: «Дадай нам веры».
І сказалі Апосталы Госпаду: — прыспор нам веры.
А Госпад сказаў: «Калі б вы мелі веру як зерне гарчычнае і сказалі гэтаму фігаваму дрэву: “Будзь вырванае з коранем і перасаджанае ў мора”, яно паслухала б вас.
Госпад-жа сказаў: — калі-б вы мелі веру хоць з гарчычнае зерне й сказалі смакоўніцы гэтай — вырвіся й перасадзіся ў мора, — то яна паслухала-б вас.
А хто з вас, маючы слугу, які арэ ці пасьвіць, калі ён прыйдзе з поля, скажа: “Ідзі хутчэй, узьляж [за сталом]”?
А хто з вас, маючы слугу — аратага ці пастуха, — калі ён вернецца з поля, скажа яму: — ідзі хутчэй сядай за стол?
Але ж ці ня скажа яму: “Падрыхтуй мне вячэру і, падперазаўшыся, паслугуй мне, пакуль буду есьці ды піць, і пасьля гэтага еш і пі сам”?
А ці ня скажа яму: — прыгатуй мне вячэру й, падперазаўшыся, паслугуй мне, пакуль буду есьці й піць, а потым еж і пі сам.
Ці дзякуе ён слузе гэтаму за тое, што зрабіў загаданае яму? Ня думаю.
І ці будзе ён дзякаваць слузе таму, які выканаў загаданае яму? ня думаю.
Так і вы, калі зробіце ўсё, што загадана вам, кажыце: “Мы — слугі нягодныя, бо зрабілі, што павінны былі зрабіць”».
Гэтак і вы: калі споўніце ўсё сказанае вам, гаварэце: — мы слугі нязначныя, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць.
І сталася, як ішоў у Ерусалім, праходзіў між Самарыяй і Галілеяй.
Было-ж тое, калі йдучы да Ерусаліму Ён прайходзіў між Самарыяй і Галілеяй.
І, калі ўваходзіў Ён у адно мястэчка, сустрэлі яго дзесяць пракажоных, якія сталі здалёк.
І калі ўвайходзіў у адну сялібу, спаткалі Яго дзесяць пракажоных, якія спыніліся здаля;
І ўзвысілі яны голас, кажучы: «Ісусе, Настаўнік! Зьлітуйся над намі».
І моцным голасам усклінулі: — Ісусе, Вучыцелю, зьлітуйся над намі!
І, убачыўшы, Ён сказаў ім: «Ідзіце, пакажыцеся сьвятарам». І сталася, калі яны ішлі, былі ачышчаныя.
Ён-жа, убачыўшы іх, сказаў: — ідзеце пакажэцеся сьвятарам; і сталася, калі яны йшлі, сталі чыстымі.
Адзін жа з іх, бачачы, што аздароўлены, вярнуўся, моцным голасам славячы Бога,
Адзін-жа з іх, абачыўшы, што ацалены, вярнуўся, голасна славячы Бога.
і ўпаў на твар ля ног Яго, дзякуючы Яму, і гэта быў Самаранін.
І паўшы ніц да ног Ягоных, дзякаваў Яму, — то быў самаранін.
Адказваючы, Ісус сказаў: «Ці ня дзесяць былі ачышчаныя? Дзе ж дзевяць?
І сказаў Ісус, пытаючы: — ці-ж ня дзесяць ачысьціліся? а дзе дзевяць?
Яны не вярнуліся аддаць славу Богу, апрача гэтага чужынца».
Ніхто з іх не патурбавайся аддаць хвалу Богу, апрача вось аднаго — чужаземца.
І сказаў яму: «Устань, ідзі. Вера твая збавіла цябе».
Яму-ж сказаў: — устань, ідзі; вера твая выбавіла цябе.
Запытаны ж фарысэямі, калі прыйдзе Валадарства Божае, адказаў ім і сказаў: «Не прыходзіць Валадарства Божае відавочна.
Калі-ж фарысеі спыталіся: — калі прыйдзе Уладарства Божае? — адказаў ім: — ня прыйдзе Уладарства Божае відавочна.
І ня скажуць: “Вось, яно тут”, ці: “Вось, там”. Бо вось, Валадарства Божае ўнутры вас ёсьць».
І ня скажуць: — вось, яно тут, ці — вось там; бо Уладарства Божае ўнутры ў вас ёсьць.
Вучням жа сказаў: «Прыйдуць дні, калі зажадаеце бачыць хоць адзін дзень Сына Чалавечага, і ня ўбачыце.
Вучням-жа сказаў: — прыйдуць дні, калі захочаце абачыць Сына Чалавечага хоць у адзін каторы дзень, і ня ўбачыце.
І скажуць вам: “Вось, тут”, ці: “Вось, там”, — не хадзіце і не ганяйцеся,
І скажуць вам: — вось, тут, ці — вось там; не хадзеце й ня слухайце іх.
бо як бліскавіца, мільгануўшы, з аднаго краю неба да другога краю неба сьвеціць, так будзе і Сын Чалавечы ў дзень Свой.
Бо як маланка, бліснуўшы ў небе, асьвячае ўсе паднябесьсе, так будзе Сын Чалавечы ў дзень Свой.
Спачатку ж Ён мусіць шмат перацярпець і быць адкінутым пакаленьнем гэтым.
Але перш належыць Яму тяжка адцярпець і быць здражанаму родам гэтым.
І як было ў дні Ноя, так будзе ў дні Сына Чалавечага:
І як сталася ў дні Ноя, так будзе ў дні Сына Чалавечага.
елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж да таго дня, як Ной увайшоў у каўчэг, і прыйшоў патоп, і загубіў усіх.
Елі й пілі, жаніліся й замуж ішлі аж да дня, калі Ной увайшоў у карабель, і прыйшоў патоп і загубіў усіх.
Падобна як было ў дні Лота: елі, пілі, куплялі, продалі, садзілі, будавалі,
Таксама, як сталася ў дні Лота: елі й пілі, куплялі й прадавалі, садзілі й будавалі.
а ў дзень, калі Лот выйшаў з Садому, лінуў з неба агонь з серкаю і загубіў усіх.
Але ў дзень, калі Лот выйшаў з Садому, лінуў з неба агонь з серкаю й выгубіў усіх.
Такім будзе той дзень, калі зьявіцца Сын Чалавечы.
Так будзе ў той дзень, калі прыйдзе Сын Чалавечы.
У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы яго ў доме, няхай не зыходзіць узяць іх; і хто будзе ў полі, няхай не варочаецца.
У той дзень, хто будзе на стрэсе, а рэчы ягоныя ў доме, няхай ня злазіць узяць іх; і хто будзе на полі, няхай не варачаецца назад.
Памятайце жонку Лота.
Успамінайце жану Лотаву.
Бо хто шукае, каб здабыць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць яе, той ажывіць яе.
Хто будзе старацца захаваць жыццё, загубіць яго, а хто-б загубіў яго, ажывіць яго.
Кажу вам, у тую ноч будуць двое на адным ложку, адзін будзе ўзяты, а другі — пакінуты;
Кажу вам: у тую ноч, калі будзе двое на аднэй пасьцелі, — аднаго возьмуць, другі застанецца;
дзьве будуць малоць разам, адна будзе ўзятая, а другая — пакінутая;
Дзьве будуць малоць разам, — адна возьмецца, а другая пакінецца.
двое будуць у полі, адзін будзе ўзяты, а другі — пакінуты».
І калі двое будуць на полі, — адзін узяты будзе, а другі пакінены.
І, адказваючы, кажуць Яму: «Дзе, Госпадзе?» Ён жа сказаў ім: «Дзе цела, там зьбяруцца і арлы».
Тады, адазваўшыся, сказалі Яму: — дзе Госпадзе? Ён-жа адказаў ім: — дзе будзе цела, там і арлы зьбяруцца.