Лукаша 17 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Міхася Міцкевіча
Езус сказаў сваім вучням: «Немагчыма, каб не прыйшлі спакусы, але гора таму, праз каго прыходзяць!
І сказаў Ён вучням Сваім: — немагчыма, каб ня прыйшлі спакусы, але гора таму, праз каго яны прыходзяць.
Лепш было б яму, калі б павесілі на шыю яму млынавы камень і кінулі ў мора, чым каб спакусіў ён аднаго з гэтых малых.
Лепш было-б яму, калі-б завешаны быў жарнавы камень на шыю ягоную і ўкінуты быў у мора, ніж ён меў-бы спакусіць аднаго з малых гэтых.
Зважайце на сябе! Братэрскі напамін Калі ж брат твой зграшыць, дакары яго, а калі пакаецца, прабач яму.
Аглядайцеся й на сябе; калі згрэшыць супроць цябе брат твой, вымаві яму, і калі пакаецца, даруй яму.
І калі сем разоў на дзень зграшыць супраць цябе і сем разоў звернецца да цябе, кажучы: “Каюся”, — прабач яму».
І хоць-бы сем раз на дзень правініўся прад табою, і сем раз на дзень зьвернуўся да цябе, кажучы — каюся, — даруй яму.
Апосталы сказалі Пану: «Дадай нам веры!»
І сказалі Апосталы Госпаду: — прыспор нам веры.
А Пан сказаў: «Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне, вы маглі б сказаць гэтай смакоўніцы: “Вырвіся з карэннем і перасадзіся ў мора”, і яна б паслухалася вас.
Госпад-жа сказаў: — калі-б вы мелі веру хоць з гарчычнае зерне й сказалі смакоўніцы гэтай — вырвіся й перасадзіся ў мора, — то яна паслухала-б вас.
Хто з вас, маючы слугу, які арэ або пасвіць, скажа яму, калі ён вернецца з поля: “Як прыйдзеш, адразу сядай за стол?”
А хто з вас, маючы слугу — аратага ці пастуха, — калі ён вернецца з поля, скажа яму: — ідзі хутчэй сядай за стол?
Наадварот, ці не скажа яму: “Прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, прыслужвай мне, пакуль буду есці і піць, а пасля будзеш есці і піць ты?”
А ці ня скажа яму: — прыгатуй мне вячэру й, падперазаўшыся, паслугуй мне, пакуль буду есьці й піць, а потым еж і пі сам.
Ці будзе ён дзякаваць слугу гэтаму за тое, што ён выканаў загаданае?
І ці будзе ён дзякаваць слузе таму, які выканаў загаданае яму? ня думаю.
Таксама вы, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажыце: “Мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць”.
Гэтак і вы: калі споўніце ўсё сказанае вам, гаварэце: — мы слугі нязначныя, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць.
Калі Езус ішоў у Ерузалем, праходзіў праз Самарыю і Галілею.
Было-ж тое, калі йдучы да Ерусаліму Ён прайходзіў між Самарыяй і Галілеяй.
І калі Ён уваходзіў у адну вёску, сустрэлі Яго дзесяць пракажоных, якія, стаўшы здалёк,
І калі ўвайходзіў у адну сялібу, спаткалі Яго дзесяць пракажоных, якія спыніліся здаля;
моцным голасам казалі: «Езу, Настаўнік, змілуйся над намі!»
І моцным голасам усклінулі: — Ісусе, Вучыцелю, зьлітуйся над намі!
Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: «Ідзіце, пакажыцеся святарам». А калі адышлі, яны ачысціліся.
Ён-жа, убачыўшы іх, сказаў: — ідзеце пакажэцеся сьвятарам; і сталася, калі яны йшлі, сталі чыстымі.
Адзін з іх, убачыўшы, што быў вылечаны, вярнуўся і моцным голасам праслаўляў Бога,
Адзін-жа з іх, абачыўшы, што ацалены, вярнуўся, голасна славячы Бога.
і, упаўшы ніцма да ног Ягоных, дзякаваў Яму. А быў гэта самаранін.
І паўшы ніц да ног Ягоных, дзякаваў Яму, — то быў самаранін.
Тады Езус сказаў: «Ці не дзесяць было ачышчаных? Дзе ж дзевяць?
І сказаў Ісус, пытаючы: — ці-ж ня дзесяць ачысьціліся? а дзе дзевяць?
Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся праславіць Пана, акрамя гэтага чужынца?»
Ніхто з іх не патурбавайся аддаць хвалу Богу, апрача вось аднаго — чужаземца.
І сказаў яму: «Устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе».
Яму-ж сказаў: — устань, ідзі; вера твая выбавіла цябе.
Спыталіся ў Яго фарысеі: «Калі прыйдзе Валадарства Божае?» Ён адказаў ім: «Не прыйдзе Валадарства Божае заўважальна,
Калі-ж фарысеі спыталіся: — калі прыйдзе Уладарства Божае? — адказаў ім: — ня прыйдзе Уладарства Божае відавочна.
і не скажуць: “Вось тут”, або: “Там”. Бо Валадарства Божае ёсць унутры вас».
І ня скажуць: — вось, яно тут, ці — вось там; бо Уладарства Божае ўнутры ў вас ёсьць.
Сказаў таксама вучням: «Прыйдуць дні, калі захочаце ўбачыць хоць адзін з дзён Сына Чалавечага, і не ўбачыце.
Вучням-жа сказаў: — прыйдуць дні, калі захочаце абачыць Сына Чалавечага хоць у адзін каторы дзень, і ня ўбачыце.
І скажуць вам: “Вось, там”, або: “Вось, тут”, але вы не ідзіце і не ганіцеся.
І скажуць вам: — вось, тут, ці — вось там; не хадзеце й ня слухайце іх.
Бо, як маланка, якая мільганула з аднаго краю неба да другога, так будзе Сын Чалавечы ў свой дзень.
Бо як маланка, бліснуўшы ў небе, асьвячае ўсе паднябесьсе, так будзе Сын Чалавечы ў дзень Свой.
Але спачатку трэба Яму шмат выцерпець і быць адкінутым гэтым пакаленнем.
Але перш належыць Яму тяжка адцярпець і быць здражанаму родам гэтым.
Як было ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына Чалавечага.
І як сталася ў дні Ноя, так будзе ў дні Сына Чалавечага.
Елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг. Прыйшоў патоп і знішчыў усіх.
Елі й пілі, жаніліся й замуж ішлі аж да дня, калі Ной увайшоў у карабель, і прыйшоў патоп і загубіў усіх.
Таксама было і ў дні Лота. Елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі.
Таксама, як сталася ў дні Лота: елі й пілі, куплялі й прадавалі, садзілі й будавалі.
Але ў дзень, калі Лот выйшаў з Садомы, праліліся з неба агонь і сера і знішчылі ўсіх.
Але ў дзень, калі Лот выйшаў з Садому, лінуў з неба агонь з серкаю й выгубіў усіх.
Так будзе ў дзень, калі з’явіцца Сын Чалавечы.
Так будзе ў той дзень, калі прыйдзе Сын Чалавечы.
У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы ягоныя ў доме, няхай не сыходзіць узяць іх. І хто будзе на полі, таксама няхай не вяртаецца назад.
У той дзень, хто будзе на стрэсе, а рэчы ягоныя ў доме, няхай ня злазіць узяць іх; і хто будзе на полі, няхай не варачаецца назад.
Узгадайце жонку Лота.
Успамінайце жану Лотаву.
Хто паспрабуе захаваць жыццё сваё, той загубіць яго, а хто загубіць яго, той ажывіць яго.
Хто будзе старацца захаваць жыццё, загубіць яго, а хто-б загубіў яго, ажывіць яго.
Кажу вам: у тую ноч будуць двое на адной пасцелі: адзін будзе ўзяты, а другі застанецца.
Кажу вам: у тую ноч, калі будзе двое на аднэй пасьцелі, — аднаго возьмуць, другі застанецца;
Дзве будуць малоць разам: адна будзе ўзята, а другая пакінута».
Дзьве будуць малоць разам, — адна возьмецца, а другая пакінецца.
[отсутсвует]
І калі двое будуць на полі, — адзін узяты будзе, а другі пакінены.
У адказ сказалі Яму: «Дзе, Пане?» А Ён сказаў ім: «Дзе мёртвае цела, там збяруцца і арлы».
Тады, адазваўшыся, сказалі Яму: — дзе Госпадзе? Ён-жа адказаў ім: — дзе будзе цела, там і арлы зьбяруцца.