Лукаша 15 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб слухаць Яго.
 
Прыхіляліся да Яго ўсе мытнікі й грэшнікі, каб паслухаць Яго.

А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: «Ён прымае грэшнікаў і есць з імі».
 
Фарысеі-ж і кніжнікі абгаворвалі Яго, кажучы: — Ён прыймае грэшнікаў і есьць з імі.

Тады Ён расказаў ім наступную прыпавесць, кажучы:
 
І сказаў ім Ісус гэткую прыпавесьць:

«Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе шукаць згубленую, пакуль не знойдзе яе?
 
Ці-ж каторы чалавек з вас, маючы сто авец і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяцьдзясят дзевяць у пустыні й ня пойдзе шукаць загінутую, пакуль ня знойдзе яе?

А знайшоўшы, бярэ яе на плечы свае з радасцю
 
А знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасьцю.

і, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: “Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку”.
 
І прыйшоўшы дадому, пакліча сяброў і суседзяў, кажучы ім: — пацешцеся са мною — я знайшоў маю загінутую авечку.

Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння.
 
Кажу-ж вам: гэтак у небе — больш радасьці будзе з аднаго пакаянага грэшніка, ніж з дзевяцьдзесят дзевяцёх праведнікаў, якія ня маюць патрэбы ў пакаяньні.

Або якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запальвае свечкі і не вымятае дом, і не шукае пільна, пакуль не знойдзе?
 
Ці якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запаліць сьвятла й ня стане вымятаць сваю хату, рупна шукаючы, пакуль ня знойдзе?

А знайшоўшы, склікае сябровак і суседак ды кажа: “Цешцеся са мною, бо я знайшла згубленую драхму”.
 
І знайшоўшы, скліча прыяцеляк сваіх і суседак, і скажа: — цешцеся са мною, бо я знайшла драхму загубленую.

Так, кажу вам, бывае радасць у анёлаў Божых за аднаго грэшніка, які каецца».
 
Гэтак, кажу вам, — бывае радасьць у ангелаў Божых з аднаго грэшніка пакаянага.

І сказаў: «У аднаго чалавека было два сыны.
 
Яшчэ сказаў: — у аднаго чалавека былі два сыны.

Малодшы з іх сказаў бацьку: “Ойча, дай належную мне частку маёмасці”. І той падзяліў паміж імі маёмасць.
 
І сказаў малодшы з іх айцу: — войча! дай мне належную частку маемасьці; і айцец падзяліў ім маемасьць.

Праз некалькі дзён малодшы сын забраў усё, ад’ехаў у далёкі край і там растраціў сваю маёмасць, жывучы распусна.
 
Па колькіх днёх малодшы сын, забраўшы ўсё сваё, адыйшоў у дальнюю краіну, і там жывучы распусна, растраціў усю маемасьць сваю.

А калі выдаў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён апынуўся ў нястачы.
 
Калі-ж пражыў усё, настаў вялікі голад у краіне тэй, і ён пачаў гібець.

Тады пайшоў і наняўся да аднаго жыхара гэтага краю, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней.
 
І пайшоўшы, прыстаў да аднаго жыхара тэй краіны, які паслаў яго на сваё поле пасьвіць сьвіньні.

Ён жадаў напоўніць жывот свой стручкамі, што елі свінні, але ніхто не даваў яму.
 
І ён рады быў-бы пад'есьці карнявіцы, што елі сьвіньні, але й гэтага не давалі яму.

Апамятаўшыся, ён сказаў: “Колькі наймітаў у майго бацькі маюць удосталь хлеба, а я гіну тут з голаду.
 
І, прыйшоўшы да сябе, сказаў: — колькі наймітаў у айца майго збыткуюцца хлебам, а я тут дайходжу з голаду!

Устану і пайду да айца майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою.
 
Устану й пайду да айца майго й скажу яму: войча! зграшыў я прад небам і прад табою;

Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх”.
 
І ўжо недастойны называцца сынам тваім, але прымі мяне за аднаго з наймітаў тваіх.

І ён ўстаў, і пайшоў да свайго бацькі.А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго.
 
І ўстаўшы, пайшоў да айца свайго; яшчэ здалёк убачыў яго айцец і зьлітаваўся над ім, і падбегшы, паў на шыю яму й цалаваў яго.

А сын сказаў яму: “Ойча, зграшыў я супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам”.
 
Сын-жа сказаў яму: — войча! зграшыў я прад небам і прад табою, і ўжо недастойны называцца сынам тваім.

Бацька ж сказаў слугам сваім: “Прынясіце хутчэй найлепшую вопратку і апраніце яго, і надзеньце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі.
 
Але айцец сказаў слугам сваім: — прынясеце хутчэй найлепшае адзеньне й адзеньце яго, і дайце персьцень на руку яго й абутак на ногі;

Прывядзіце адкормленае цяля і зарэжце. Будзем есці і весяліцца,
 
І прывядзеце кормнага падцёлка й забеце, будзем есьці й весяліцца.

бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца.
 
Бо сын мой гэты быў умершы й ажыў, быў загінуты й знайшоўся; і пачалі весяліцца.

А яго старэйшы сын быў на полі. Калі, вяртаючыся, падышоў да дому, пачуў музыку і танцы.
 
Старэйшы-ж сын ягоны быў на полі, і ён варачаўся й падыйходзіў дадому, пачуў сьпевы й скокі.

Паклікаўшы аднаго са слугаў, спытаўся, што гэта такое.
 
Тады, падклікаўшы аднаго слугу, спытаўся, што гэта такое.

Той адказаў яму: “Брат твой вярнуўся, і бацька твой зарэзаў адкормленае цяля, бо атрымаў яго назад здаровым”.
 
Той-жа сказаў яму: — брат твой прыйшоў, і айцец твой забіў кормнага падцёлка, бо спаткаў яго здаровым.

Ён жа разгневаўся і не хацеў уваходзіць. Тады выйшаў бацька ягоны і пачаў прасіць яго.
 
І ён узлаваўся й не хацеў увайсьці; айцец-жа, выйшаўшы, клікаў яго.

Але ён адказаў свайму бацьку: “Вось я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, але ты ніколі не даў мне нават казляняці, каб я павесяліўся з маімі сябрамі.
 
Але ён у адказ айцу сказаў: вось, я колькі гадоў служу табе, і ніколі не пярэчыў прыказаньням тваім; але ты ніколі й казьляняці ня даў мне, каб павесяліцца з сябрамі маімі.

А калі вярнуўся гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць з распусніцамі, ты зарэзаў для яго адкормленае цяля”.
 
А калі гэты сын твой прыйшоў, распусьціўшы маемасьць тваю з блудніцамі, ты забіў для яго кормнага падцёлка.

Ён жа адказаў яму: “Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё.
 
Айцец-жа сказаў яму: — сыне! ты заўсёды пры мне, і ўсё маё тваім будзе.

А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”».
 
А з таго трэба цешыцца й радавацца, што гэты брат твой быў умершы й ажыў, быў загінуў і знайшоўся.