Лукаша 19 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Міхася Міцкевіча
Увайшоўшы, Ён праходзіў праз Ерыхон.
І прайходзячы па дарозе ўвайшоў у Ерыхон.
І вось, чалавек па імені Закхей, кіраўнік мытнікаў і багаты,
І вось чалавек, на імя Закхей, старшы над мытнікамі й багаты,
стараўся ўбачыць Езуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малога росту.
— Хацеў пабачыць Ісуса, Хто Ён ёсьць, і ня мог за народам, бо быў малы ростам.
Забегшы наперад, ён залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там праходзіць.
Тады, забегшы наперад, узьлез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо тудою меўся праходзіць.
А калі Езус прыйшоў на гэтае месца, паглядзеў уверх і сказаў яму: «Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння Мне трэба быць у тваім доме».
Ісус-жа, прыйшоўшы на гэтае месца, ўзглянуў і ўбачыу яго й сказаў яму: — Закхей, хутчэй зьлезь, бо сёньня мне трэба затрымацца ў цябе ў доме тваім.
Той хутка спусціўся і прыняў Яго з радасцю.
І ён хутка зьлез, і прыняў Яго ў радасьці.
А ўсе, убачыўшы гэта, пачалі наракаць і казалі: «Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека».
Усе-ж, бачачы гэтае, пачалі наракаць, кажучы, што да грэшніка ўвайшоў з прывітаньнем.
Закхей жа ўстаў і сказаў Пану: «Вось, палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш».
Закхей-жа, стануўшы прад Госпадам, сказаў: — Госпадзе! палавіну дабра свайго я аддам убогім, і калі каго чым скрыўдзіў, вярну чацьвярыцаю.
Езус сказаў яму: «Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты, таму што і ён сын Абрагама.
Ісус сказаў яму: — сёньня прыйшло збавеньне дому гэтаму, бо й ён сын Абрагама.
Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула».
А Сын Чалавечы прыйшоў знайсьці й выбавіць загінутае.
Калі ж яны слухалі гэта, Ён расказаў прыпавесць, бо блізка быў да Ерузалема, а яны думалі, што зараз з’явіцца Божае Валадарства.
Калі яны слухалі гэтае, сказаў ім яшчэ й прыпавесьць, бо быў Ён недалёка ад Ерусаліму, і ўсе думалі, што хутка ўжо павінна аб'явіцца Уладарства Божае.
Таму сказаў: «Пэўны чалавек шляхетнага паходжання адпраўляўся ў далёкую краіну, каб здабыць сабе каралеўства і вярнуцца.
Дзеля гэтага сказаў: чалавек адзін высокага роду адыйходзіў у дальні край прыняць на сябе уладарства й вярнуцца.
Паклікаўшы дзесяць сваіх слугаў, даў ім дзесяць мін і сказаў ім: “Зарабляйце, пакуль не вярнуся”.
Прызваўшы дзесяць слугаў сваіх, даў ім дзесяць мін срэбра й сказаў ім: пускайце іх у рух, пакуль не вярнуся.
Але суайчыннікі ненавідзелі яго і адправілі следам за ім пасланцоў, сказаўшы: “Не хочам, каб валадарыў над намі!”
Але грамадзяне ненавідзелі яго, і паслалі ўсьлед за ім пасланцоў, кажучы: — ня хочам, каб ён уладарыў над намі.
Калі ж ён, здабыўшы каралеўства, вярнуўся, загадаў паклікаць да сябе тых слуг, якім даў срэбра, каб даведацца, што яны зарабілі.
І сталася, калі вярнуўся, прыняўшы уладарства, загадаў паклікаць да сябе слугаў тых, якім даў срэбра, каб даведацца, хто што прыдбаў.
Прыйшоў першы і сказаў: “Гаспадару, твая міна прынесла дзесяць мін”.
І прыйшоў першы й сказаў: — гаспадару! міна твая прынясла дзесяць мінаў.
Той адказаў яму: “Добра, слуга добры; за тое, што ты ў малым быў верны, валадар над дзесяццю гарадамі”.
І сказаў яму: — добра, добры слуга; таму што ў малым быў мне верным, вазьмі пад сваю ўладу дзесяць местаў.
Прыйшоў і другі, кажучы: “Гаспадару, твая міна прынесла пяць мін”.
Прыйшоў і другі й сказаў: — гаспадару! міна твая прынясла пяць мін.
Таксама сказаў гэтаму: “І ты валадар над пяццю гарадамі”.
І яму сказаў: вазьмі й ты пад сваю ўладу пяць местаў.
Прыйшоў і іншы, кажучы: “Гаспадару, вось твая міна, якую я трымаў у хустцы,
Прыйшоў трэйці й сказаў: — гаспадару! вось твая міна, якую я схаваў, увязаўшы ў хусьціну.
бо баяўся цябе, таму што ты чалавек жорсткі: бярэш чаго не клаў, і жнеш, чаго не сеяў”.
Бо я баяўся цябе, таму што ты чалавек жорсткі: бярэш, чаго ня клаў, і жнеш, чаго ня сеяў.
Той сказаў яму: “Паводле вуснаў тваіх суджу цябе, нягодны слуга! Ты ведаў, што я чалавек жорсткі, бяру чаго не клаў, і жну, чаго не сеяў.
Гаспадар сказаў яму: — вуснамі тваімі буду судзіць цябе, ліхі слуга; калі ведаў, што я чалавек жорсткі, бяру, чаго ня клаў, і жну, чаго ня сеяў,
Чаму ж ты не пусціў срэбра майго ў абарот, каб я, прыйшоўшы, забраў яго з прыбыткам?”
— Чаму ты не аддаў срэбра майго ў банк, каб я, прыйшоўшы, атрымаў яго з прыбыткам?
Пасля сказаў тым, хто стаяў побач: “Забярыце ў яго міну і аддайце таму, хто мае дзесяць мін”.
І сказаў былым там: — вазьмеце ў яго міну й дайце таму, хто мае дзесяць мінау.
І сказалі яму: “Гаспадару, ён ужо мае дзесяць мін!”
І сказалі яму: — гаспадару! ён-жа мае дзесяць мінаў.
Кажу вам, што кожнаму, хто мае, дадзена будзе; а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае.
Але, кажу вам: — ўсякаму, хто мае, дададзена будзе, а хто ня мае, ў таго адыймецца й тое, што й мог-бы мець.
А тых ворагаў маіх, якія не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзіце сюды і забіце іх перада мною!»
А тых ворагаў маіх, якія не хацелі, каб я быў уладца над імі, прывядзеце сюды й зьбеце прада мною.
Сказаўшы гэта, Езус пайшоў далей, узыходзячы ў Ерузалем.
І сказаўшы гэтае, Ён пайшоў далей, ідучы да Ерусаліму.
Калі Ён наблізіўся да Бэтфагіі і Бэтаніі, да гары, называнай Аліўнай, паслаў двух вучняў сваіх,
І калі наблізіліся да Віфагіі й Віфаніі, што пры гары, называнай Аліўнаю, Ён паслаў двух вучняў Сваіх,
кажучы: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі. Калі ўвойдзеце ў яго, знойдзеце прывязанае асляня, на якое ніхто з людзей ніколі яшчэ не сядаў. Адвяжыце яго і прывядзіце.
— Сказаўшы: ідзеце проста наперад у сялібу; увайшоўшы ў яе знайдзеце асьлё прывязанае, на якое ніхто з людзей ніколі не садзіўся, адвяжэце яго й прывядзеце.
А калі нехта спытаецца ў вас: “Навошта адвязваеце?”, адкажыце яму так: “Яно патрэбна Пану”».
А калі хто ў вас папытае: — нашто адвязваеце? — скажэце яму так: яно патрэбнае Госпаду.
Пасланцы пайшлі і знайшлі ўсё так, як сказаў ім.
Пасланыя пайшлі й знайшлі, як і сказаў Ён ім.
А калі яны адвязвалі асляня, яго гаспадары спыталіся ў іх: «Навошта адвязваеце асляня?»
Калі-ж яны адвязвалі асьлё, гаспадары яго сказалі ім: — нашто адвязваеце асьлё?
Яны адказалі: «Яно патрэбна Пану».
Яны-ж адказвалі: — яно патрэбнае Госпаду.
Прывялі яго да Езуса і, накінуўшы на асляня свае плашчы, пасадзілі Езуса.
І прывялі яго да Ісуса, і накінуўшы вопраткі свае на асьлё, пасадзілі на яго Ісуса.
А калі Ён ехаў, рассцілалі свае плашчы на дарозе.
Калі-ж Ён ехаў, пасьцілалі адзеньне сваё па дарозе.
Калі ж Ён наблізіўся да падножжа гары Аліўнай, усё мноства вучняў Ягоных пачало ў радасці гучным голасам праслаўляць Бога за ўсе цуды, якія яны бачылі,
Калі-ж Ён ужо наблізіўся да спуску з гары Аліўнай, усё мноства вучняў Ягоных у радасьці пачалі галосна ўслаўляць Госпада за ўсе цуды, якія яны бачылі,
кажучы: «Благаслаўлёны Кароль, які прыходзіць у імя Пана!Спакой у небе і хвала на вышынях!»
— Прамаўляючы: — Дабраславёны Валадар, Хто йдзе ў імя Гасподняе! мір на небе, і слава ў вышынях.
Некаторыя фарысеі з натоўпу сказалі Яму: «Настаўнік, забарані вучням Тваім!»
А некаторыя фарысеі спасярод народу сказалі Яму: — Вучыцель! забарані вучням Тваім.
А Ён адказаў: «Кажу вам, калі яны змоўкнуць, дык камяні закрычаць!»
Але Ён сказаў ім у адказ: — кажу вам, што калі яны змоўкнуць, то каменьні загалосяць.
Калі Ён наблізіўся і ўбачыў горад, заплакаў над ім
І калі падыйшоў да места, то, гледзячы на яго, заплакаў па ім
і сказаў: «Калі б і ты ў гэты дзень пазнаў, што служыць для спакою твайго! Аднак цяпер гэта схавана ад вачэй тваіх.
І прамовіў: — о, каб пазнаў і ты хоць у гэты дзень твой, што служыць да супакою твайго! але гэта цяпер сукрыта ад вачэй тваіх.
Бо прыйдуць да цябе такія дні, калі ворагі твае абкапаюць цябе валам, і акружаць цябе, і сціснуць з кожнага боку,
Бо настануць для цябе дні, калі ворагі твае абложаць цябе акопамі, і акружаць цябе, і сьціснуць цябе адусюль.
зраўнаюць з зямлёю цябе і дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць каменя на камені за тое, што ты не пазнаў часу сваіх адведзінаў ».
І зруйнуюць цябе, і паб'юць дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць у табе каменя на камені, за тое, што не пазнаў ты часу наведаньня твайго.
Увайшоўшы ў святыню, Ён пачаў выганяць гандляроў,
І, ўвайшоўшы ў храм, пачаў выганяць як тых, хто прадаваў, так і тых, хто купляў,
кажучы ім: «Напісана: “Дом Мой — гэта дом малітвы”, а вы зрабілі з яго пячору разбойнікаў».
— Кажучы ім: — напісана, — дом Мой — дом для малітвы, а вы зрабілі яго лагвом разбойнікаў.
І штодня вучыў Ён у святыні. Але першасвятары, кніжнікі і старэйшыны народу шукалі, як забіць Яго.
І навучаў штодзень у храме; а першасьвятары й кніжнікі й старшыні народныя шукалі спасобу, каб загубіць Яго.
І не знаходзілі, што зрабіць з Ім, бо ўвесь народ абступаў Яго, каб слухаць.
І не маглі нічога ўчыніць Яму, бо ўвесь народ быў пры Ім, слухаючы словы Ягоныя.