Лукаша 19 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Міхася Міцкевіча
І Ён, увайшоўшы, праходзіў праз Іерыхон.
І прайходзячы па дарозе ўвайшоў у Ерыхон.
І вось чалавек, званы імем Закхей, а быў ён галоўным зборшчыкам падаткаў і быў багаты;
І вось чалавек, на імя Закхей, старшы над мытнікамі й багаты,
і шукаў ўбачыць Ісуса, хто Ён, і не мог з-за натоўпу, таму што быў ростам малы.
— Хацеў пабачыць Ісуса, Хто Ён ёсьць, і ня мог за народам, бо быў малы ростам.
І, забегшы наперад, узлез на сікамору, каб убачыць Яго, бо тою дарогаю Ён меўся праходзіць.
Тады, забегшы наперад, узьлез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо тудою меўся праходзіць.
І Ісус, калі прыйшоў на гэтае месяца, паглядзеўшы ўгару, [ўбачыў яго] і сказаў яму: Закхею, хутчэй злазь, бо сёння Мне трэба застацца ў тваім доме.
Ісус-жа, прыйшоўшы на гэтае месца, ўзглянуў і ўбачыу яго й сказаў яму: — Закхей, хутчэй зьлезь, бо сёньня мне трэба затрымацца ў цябе ў доме тваім.
І той спешна злез і прыняў Яго, радуючыся.
І ён хутка зьлез, і прыняў Яго ў радасьці.
І, убачыўшы, усе пачалі наракаць, кажучы: Ён зайшоў спыніцца ў грэшнага чалавека.
Усе-ж, бачачы гэтае, пачалі наракаць, кажучы, што да грэшніка ўвайшоў з прывітаньнем.
А Закхей, устаўшы, сказаў Госпаду: Вось, палавіну маёй паёмасці, Госпадзе, я даю ўбогім, і калі ў каго, што ашуканствам узяў, аддаю ў чатыры разы больш.
Закхей-жа, стануўшы прад Госпадам, сказаў: — Госпадзе! палавіну дабра свайго я аддам убогім, і калі каго чым скрыўдзіў, вярну чацьвярыцаю.
Ісус жа сказаў яму: Сёння прыйшло выратаванне гэтаму дому, бо і ён сын Аўраамаў;
Ісус сказаў яму: — сёньня прыйшло збавеньне дому гэтаму, бо й ён сын Абрагама.
бо Сын Чалавечы прыйшоў шукаць і ўратаваць загінулае.
А Сын Чалавечы прыйшоў знайсьці й выбавіць загінутае.
Калі ж яны слухалі гэта, Ён у дадатак сказаў прыпавесць, бо Ён быў блізка ад Іерусаліма, і ім здавалася, што тут жа павінна з’явіцца Царства Божае.
Калі яны слухалі гэтае, сказаў ім яшчэ й прыпавесьць, бо быў Ён недалёка ад Ерусаліму, і ўсе думалі, што хутка ўжо павінна аб'явіцца Уладарства Божае.
Дык Ён сказаў: Адзін чалавек знатнага роду выпраўляўся ў далёкую краіну, каб прыняць сабе царства і вярнуцца.
Дзеля гэтага сказаў: чалавек адзін высокага роду адыйходзіў у дальні край прыняць на сябе уладарства й вярнуцца.
І, паклікаўшы дзесяць сваіх слуг, ён даў ім дзесяць мінаў48 і сказаў ім: Пускайце ў ход, пакуль я не прыйду.
Прызваўшы дзесяць слугаў сваіх, даў ім дзесяць мін срэбра й сказаў ім: пускайце іх у рух, пакуль не вярнуся.
Але яго грамадзяне ненавідзелі яго і паслалі ўслед за ім пасольства, кажучы: «Мы не хочам, каб гэты чалавек быў чаром над намі».
Але грамадзяне ненавідзелі яго, і паслалі ўсьлед за ім пасланцоў, кажучы: — ня хочам, каб ён уладарыў над намі.
І сталася: калі ён вярнуўся, прыняўшы царства, сказаў паклікаць да яго тых слуг, якім даў серабра, каб даведацца, што яны прыдбалі49.
І сталася, калі вярнуўся, прыняўшы уладарства, загадаў паклікаць да сябе слугаў тых, якім даў срэбра, каб даведацца, хто што прыдбаў.
І прыйшоў першы, кажучы: Гаспадару, твая міна прыспорыла дзесяць мінаў.
І прыйшоў першы й сказаў: — гаспадару! міна твая прынясла дзесяць мінаў.
І ён сказаў яму: Выдатна, добры слуга; за тое, што ў самым малым быў верны, май уладу над дзесяццю гарадамі.
І сказаў яму: — добра, добры слуга; таму што ў малым быў мне верным, вазьмі пад сваю ўладу дзесяць местаў.
і прыйшоў другі, кажучы: Твая міна, гаспадару, дала пяць мінаў.
Прыйшоў і другі й сказаў: — гаспадару! міна твая прынясла пяць мін.
Сказаў жа і гэтаму: А ты будзь над пяццю гарадамі.
І яму сказаў: вазьмі й ты пад сваю ўладу пяць местаў.
І астатні прыйшоў, кажучы: Гаспадару, вось твая міна, якую я, адклаўшы, хаваў у хустцы;
Прыйшоў трэйці й сказаў: — гаспадару! вось твая міна, якую я схаваў, увязаўшы ў хусьціну.
таму што я баяўся цябе, бо ты чалавек патрабавальны: бярэш, чаго не клаў. І жнеш, чаго не сеяў.
Бо я баяўся цябе, таму што ты чалавек жорсткі: бярэш, чаго ня клаў, і жнеш, чаго ня сеяў.
Той кажа яму: Тваімі вуснамі буду судзіць цябе, ліхі слуга. Ты ведаў, што я чалавек патрабавальны: бяру, чаго не клаў, і жну, чаго не сеяў.
Гаспадар сказаў яму: — вуснамі тваімі буду судзіць цябе, ліхі слуга; калі ведаў, што я чалавек жорсткі, бяру, чаго ня клаў, і жну, чаго ня сеяў,
Чаму ж не даў ты майго серабра ліхвярам?50 І я, прыйшоўшы, атрымаў бы яго з прыбыткам.
— Чаму ты не аддаў срэбра майго ў банк, каб я, прыйшоўшы, атрымаў яго з прыбыткам?
І тым, што стаялі побач, сказаў: Вазьміце ад яго міну і дайце таму, у каго дзесяць мінаў.
І сказаў былым там: — вазьмеце ў яго міну й дайце таму, хто мае дзесяць мінау.
І сказалі яму: Гаспадару, ён мае дзесяць мінаў.
І сказалі яму: — гаспадару! ён-жа мае дзесяць мінаў.
Кажу вам, што кожнаму, хто мае, будзе дадзена, а ў таго, хто не мае, і тое, што мае, адымецца.
Але, кажу вам: — ўсякаму, хто мае, дададзена будзе, а хто ня мае, ў таго адыймецца й тое, што й мог-бы мець.
А ворагаў маіх, гэтых, што не хацелі, каб я быў царом над імі, прывядзіце сюды і забіце іх перада мною.
А тых ворагаў маіх, якія не хацелі, каб я быў уладца над імі, прывядзеце сюды й зьбеце прада мною.
І, сказаўшы гэта, Ён пайшоў наперадзе, узыходзячы ў Іерусалім.
І сказаўшы гэтае, Ён пайшоў далей, ідучы да Ерусаліму.
І сталася: калі Ён наблізіўся да Віфагіі, да гары, што завецца Аліўнаю, паслаў Ён двух [сваіх] вучняў,
І калі наблізіліся да Віфагіі й Віфаніі, што пры гары, называнай Аліўнаю, Ён паслаў двух вучняў Сваіх,
кажучы: Ідзіце ў сяло насупроць, пры ўваходзе ў яго знойдзеце прывязанае асляня, на якое ніхто з людзей ніколі не садзіўся, і, адвязаўшы яго, прывядзіце.
— Сказаўшы: ідзеце проста наперад у сялібу; увайшоўшы ў яе знайдзеце асьлё прывязанае, на якое ніхто з людзей ніколі не садзіўся, адвяжэце яго й прывядзеце.
І, калі хто будзе пытацца ў вас: «навошта адвязваеце?», скажыце так: «Яно патрэбна Госпаду».
А калі хто ў вас папытае: — нашто адвязваеце? — скажэце яму так: яно патрэбнае Госпаду.
І пасланыя пайшлі і знайшлі, як Ён сказаў ім.
Пасланыя пайшлі й знайшлі, як і сказаў Ён ім.
А калі яны адвязалі асляня, яго гаспадары сказалі ім: Што вы адвязваеце асляня?
Калі-ж яны адвязвалі асьлё, гаспадары яго сказалі ім: — нашто адвязваеце асьлё?
Яны ж сказалі: Яно пастрэбна Госпаду.
Яны-ж адказвалі: — яно патрэбнае Госпаду.
І прывялі яго да Ісуса; і, накінуўшы сваю вопратку на асляня, пасадзілі Ісуса.
І прывялі яго да Ісуса, і накінуўшы вопраткі свае на асьлё, пасадзілі на яго Ісуса.
І, калі Ён ехаў, яны падсцілалі сваю вопратку на дарозе.
Калі-ж Ён ехаў, пасьцілалі адзеньне сваё па дарозе.
А калі Ён набліжаўся ўжо да спуску з Аліўнай гары, усё мноства вучняў, радуючыся, пачало моцным голасам хваліць Бога за ўсе з’явы сілы, што яны ўбачылі,
Калі-ж Ён ужо наблізіўся да спуску з гары Аліўнай, усё мноства вучняў Ягоных у радасьці пачалі галосна ўслаўляць Госпада за ўсе цуды, якія яны бачылі,
кажучы: Дабраславёны Цар, Які прыходзіць у імя Гасподняе! У небе мір і слава ў вышніх!
— Прамаўляючы: — Дабраславёны Валадар, Хто йдзе ў імя Гасподняе! мір на небе, і слава ў вышынях.
І некаторыя фарысеі з натоўпу сказалі Яму: Настаўніку, забарані Сваім вучням!
А некаторыя фарысеі спасярод народу сказалі Яму: — Вучыцель! забарані вучням Тваім.
А Ён у адказ сказаў: Кажу вам, калі яны змоўкнуць, закрычаць камяні.
Але Ён сказаў ім у адказ: — кажу вам, што калі яны змоўкнуць, то каменьні загалосяць.
І, калі Ён наблізіўся, то, убачыўшы горад, заплакаў па ім,
І калі падыйшоў да места, то, гледзячы на яго, заплакаў па ім
кажучы: Калі б і ты хоць у гэты твой дзень зразумеў, што служыць для міру твайго, ды цяпер гэта схавана ад тваіх вачэй.
І прамовіў: — о, каб пазнаў і ты хоць у гэты дзень твой, што служыць да супакою твайго! але гэта цяпер сукрыта ад вачэй тваіх.
Бо прыйдуць для цябе дні, і твае ворагі узвядуць вакол цябе вал, і абложаць цябе, і сціснуць цябе адсюль,
Бо настануць для цябе дні, калі ворагі твае абложаць цябе акопамі, і акружаць цябе, і сьціснуць цябе адусюль.
і зраўняюць цябе з зямлёю і паб’юць тваіх дзяцей у табе, і не пакінуць каменя на камені за тое, што ты не распазнаў часу адведзін цябе.
І зруйнуюць цябе, і паб'юць дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць у табе каменя на камені, за тое, што не пазнаў ты часу наведаньня твайго.
І, увайшоўшы ў святыню, пачаў выганяць прадаўцоў [у ім і пакупнікоў],
І, ўвайшоўшы ў храм, пачаў выганяць як тых, хто прадаваў, так і тых, хто купляў,
кажучы ім: Напісана: «І будзе Мой дом домам малітвы51», вы ж яго зрабілі пячорай52 разбойнікаў.
— Кажучы ім: — напісана, — дом Мой — дом для малітвы, а вы зрабілі яго лагвом разбойнікаў.
І Ён кожны дзень навучаў у святыні. А першасвятары, і кніжнікі шукалі, як бы Яго загубіць, таксама і першыя людзі народу,
І навучаў штодзень у храме; а першасьвятары й кніжнікі й старшыні народныя шукалі спасобу, каб загубіць Яго.
ды не знаходзілі, што зрабіць, бо ўвесь народ неадступна лухаў Яго.
І не маглі нічога ўчыніць Яму, бо ўвесь народ быў пры Ім, слухаючы словы Ягоныя.