Лукаша 15 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Міхася Міцкевіча
Набліжа́ліся да Яго ўсе мы́тнікі і грэшнікі, каб слу́хаць Яго.
Прыхіляліся да Яго ўсе мытнікі й грэшнікі, каб паслухаць Яго.
І нарака́лі фарысеі і кніжнікі, ка́жучы: Ён прыма́е грэшнікаў і есць з імі.
Фарысеі-ж і кніжнікі абгаворвалі Яго, кажучы: — Ён прыймае грэшнікаў і есьць з імі.
А Ён сказаў ім такую прытчу, гаворачы:
І сказаў ім Ісус гэткую прыпавесьць:
хто з вас, ма́ючы сто авечак і згубíўшы адну з іх, не пакіда́е дзевяно́ста дзевяцí ў пусты́ні і не ідзе па тую, што згубíлася, пакуль не зно́йдзе яе?
Ці-ж каторы чалавек з вас, маючы сто авец і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяцьдзясят дзевяць у пустыні й ня пойдзе шукаць загінутую, пакуль ня знойдзе яе?
І, знайшо́ўшы, усклада́е на пле́чы свае, ра́дуючыся;
А знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасьцю.
і, прыйшо́ўшы дадому, скліка́е сябро́ў і суседзяў, ка́жучы ім: пара́дуйцеся са мною, бо я знайшоў сваю згу́бленую авечку.
І прыйшоўшы дадому, пакліча сяброў і суседзяў, кажучы ім: — пацешцеся са мною — я знайшоў маю загінутую авечку.
Кажу вам, што гэтак бо́льшая радасць будзе на небе за аднаго грэшніка, які ка́ецца, чым за дзевяноста дзевяць пра́веднікаў, якія не ма́юць патрэ́бы ў пакая́нні.
Кажу-ж вам: гэтак у небе — больш радасьці будзе з аднаго пакаянага грэшніка, ніж з дзевяцьдзесят дзевяцёх праведнікаў, якія ня маюць патрэбы ў пакаяньні.
Альбо якая жанчына, ма́ючы дзесяць дра́хмаў, калі згу́біць адну дра́хму, не запа́львае свяцíльнік і не мяце́ ха́ту, і не шука́е стара́нна, пакуль не зно́йдзе?
Ці якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запаліць сьвятла й ня стане вымятаць сваю хату, рупна шукаючы, пакуль ня знойдзе?
І, знайшо́ўшы, скліка́е сябро́вак і сусе́дак, ка́жучы: пара́дуйцеся са мною, бо я знайшла згу́бленую дра́хму.
І знайшоўшы, скліча прыяцеляк сваіх і суседак, і скажа: — цешцеся са мною, бо я знайшла драхму загубленую.
Так, кажу вам, бывае радасць у Ангелаў Божых і за аднаго грэшніка, які ка́ецца.
Гэтак, кажу вам, — бывае радасьць у ангелаў Божых з аднаго грэшніка пакаянага.
І Ён сказаў: у аднаго чалавека было́ два сыны́;
Яшчэ сказаў: — у аднаго чалавека былі два сыны.
і сказаў мало́дшы з іх бацьку: бацька, дай мне нале́жную частку маёмасці. І той падзялíў ім маёмасць.
І сказаў малодшы з іх айцу: — войча! дай мне належную частку маемасьці; і айцец падзяліў ім маемасьць.
І праз некалькі дзён, сабра́ўшы ўсё, малодшы сын адышоў у далёкую краíну і там растра́ціў маёмасць сваю, жывучы́ распу́сна.
Па колькіх днёх малодшы сын, забраўшы ўсё сваё, адыйшоў у дальнюю краіну, і там жывучы распусна, растраціў усю маемасьць сваю.
Калі ж ён патра́ціў усё, настаў голад вялікі ў той краíне, і ён пачаў цярпе́ць няста́чу;
Калі-ж пражыў усё, настаў вялікі голад у краіне тэй, і ён пачаў гібець.
і, пайшоўшы, прыста́ў да аднаго з жыхароў той краíны, а той паслаў яго на свае палí па́свіць свіне́й;
І пайшоўшы, прыстаў да аднаго жыхара тэй краіны, які паслаў яго на сваё поле пасьвіць сьвіньні.
і ён жада́ў напоўніць жывот свой ражка́мі , якія елі свíнні, але ніхто не даваў яму.
І ён рады быў-бы пад'есьці карнявіцы, што елі сьвіньні, але й гэтага не давалі яму.
І, прыйшо́ўшы да розуму, сказаў: колькі на́ймітаў у ба́цькі майго ма́юць хле́ба ўдо́сталь, а я з голаду гíну;
І, прыйшоўшы да сябе, сказаў: — колькі наймітаў у айца майго збыткуюцца хлебам, а я тут дайходжу з голаду!
устану, пайду да ба́цькі майго і скажу яму: бацька, я саграшы́ў су́праць неба і перад табою,
Устану й пайду да айца майго й скажу яму: войча! зграшыў я прад небам і прад табою;
і ўжо не ва́рты называ́цца сы́нам тваім; прымí мяне як аднаго з на́ймітаў тваіх.
І ўжо недастойны называцца сынам тваім, але прымі мяне за аднаго з наймітаў тваіх.
І, устаўшы, пайшоў да ба́цькі свайго. І калі ён яшчэ быў далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжа́ліўся; і, пабе́гшы, кінуўся на шы́ю яму і пацалава́ў яго.
І ўстаўшы, пайшоў да айца свайго; яшчэ здалёк убачыў яго айцец і зьлітаваўся над ім, і падбегшы, паў на шыю яму й цалаваў яго.
Сын жа сказаў яму: бацька, я саграшы́ў су́праць неба і перад табою і ўжо не ва́рты называцца сы́нам тваім.
Сын-жа сказаў яму: — войча! зграшыў я прад небам і прад табою, і ўжо недастойны называцца сынам тваім.
А бацька сказаў рабам сваім: прынясíце найлепшае адзе́нне і апранíце яго, і дайце пе́рсцень на руку́ яго і абу́так на но́гі;
Але айцец сказаў слугам сваім: — прынясеце хутчэй найлепшае адзеньне й адзеньце яго, і дайце персьцень на руку яго й абутак на ногі;
і прывядзíце ўко́рмленае цяля́ і зарэ́жце, будзем есці і весяліцца,
І прывядзеце кормнага падцёлка й забеце, будзем есьці й весяліцца.
бо сын мой гэты быў мёртвы і ажы́ў, прапада́ў і знайшоўся. І пачалí весяліцца.
Бо сын мой гэты быў умершы й ажыў, быў загінуты й знайшоўся; і пачалі весяліцца.
А яго старэйшы сын быў на полі; і калі, вярта́ючыся, наблíзіўся да дому, пачуў му́зыку і танцы,
Старэйшы-ж сын ягоны быў на полі, і ён варачаўся й падыйходзіў дадому, пачуў сьпевы й скокі.
і, паклíкаўшы аднаго са слуг, пытаўся: што гэта такое?
Тады, падклікаўшы аднаго слугу, спытаўся, што гэта такое.
Той жа сказаў яму: брат твой прыйшоў, і твой бацька зарэ́заў уко́рмленае цяля́, бо здаровым яго спатка́ў.
Той-жа сказаў яму: — брат твой прыйшоў, і айцец твой забіў кормнага падцёлка, бо спаткаў яго здаровым.
І ён разгневаўся і не хацеў увайсцí. Бацька ж яго вы́йшаў і прасіў яго.
І ён узлаваўся й не хацеў увайсьці; айцец-жа, выйшаўшы, клікаў яго.
А ён сказаў бацьку ў адказ: вось, я столькі гадоў служу́ табе і ніколі загаду твайго не пераступíў, а ты мне ніколі не даў казляня́ці, каб я з сябра́мі сваімі павесялíўся;
Але ён у адказ айцу сказаў: вось, я колькі гадоў служу табе, і ніколі не пярэчыў прыказаньням тваім; але ты ніколі й казьляняці ня даў мне, каб павесяліцца з сябрамі маімі.
а калі прыйшоў гэты сын твой, што прае́ў тваю маёмасць з блуднíцамі, ты закалоў яму ўко́рмленае цяля́.
А калі гэты сын твой прыйшоў, распусьціўшы маемасьць тваю з блудніцамі, ты забіў для яго кормнага падцёлка.
Ён жа сказаў яму: дзіця́, ты заўсёды са мною, і ўсё маё — гэта тваё;
Айцец-жа сказаў яму: — сыне! ты заўсёды пры мне, і ўсё маё тваім будзе.
а ўзвесялíцца і ўзра́давацца трэ́ба было́, што гэты брат твой мёртвы быў і ажы́ў, прапада́ў і знайшо́ўся.
А з таго трэба цешыцца й радавацца, што гэты брат твой быў умершы й ажыў, быў загінуў і знайшоўся.