Лукаша 7 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Міхася Міцкевіча
Калі ж Ён скончыў [гаварыць] усе словы Свае ў вушы народу, увайшоў у Капэрнаум.
Калі-ж скончыў усе мовы Свае да народу, які слухаў Яго, то ўвайшоў у Капернаум.
У аднаго ж сотніка слуга, якога той цаніў, быў хворы пры сьмерці.
Быў там у аднаго сотніка хворы, ужо пры сьмерці, слуга, які быў любы яму.
Пачуўшы пра Ісуса, ён паслаў да Яго старшыняў Юдэйскіх прасіць Яго, каб прыйшоў аздаравіць слугу ягонага.
Пачуўшы пра Ісуса, сотнік паслаў да Яго старшыняў юдэйскіх, прасіць Яго, каб прыйшоў ацаліць слугу ягонага.
І яны, прыйшоўшы да Ісуса, дужа прасілі Яго, кажучы: «Ён варты, каб Ты зрабіў для яго гэтае,
І яны, прыйшоўшы да Ісуса, моцна прасілі Яго, кажучы: — ён дастойны, каб Ты зрабіў яму гэта.
бо ён любіць народ наш і пабудаваў нам сынагогу».
Бо ён любіць народ наш, і пабудаваў нам сынагогу.
Ісус пайшоў з імі. А калі Ён быў ужо недалёка ад дому, сотнік прыслаў да Яго сяброў сказаць Яму: “Не турбуйся, Госпадзе! Бо я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой,
Ісус пайшоў з імі; і калі Ён быў ужо недалёка ад дома, паслаў да Яго сотнік прыяцеляў сказаць Яму: ня турбуйся, Госпадзе, бо недастойны я, каб Ты ўвайшоў пад стрэху маю;
бо і сябе самога я не палічыў вартым прыйсьці да Цябе. Але скажы слова, і будзе аздароўлены слуга мой.
Дзеля таго й сябе самога ня лічыў я дастойным прыйсьці да Цябе, але скажы толькі слова, і ачуняе слуга мой.
Бо і я чалавек, які маю над сабою ўладу, і маю пад сабою жаўнераў; і кажу аднаму: “Пайдзі”, — і ён ідзе; і другому: “Прыйдзі”, — і ён прыходзіць; і слузе майму: “Зрабі тое”, — і ён робіць».
Бо і я падуладны чалавек, але, маю й падуладных мне воінаў, і кажу аднаму — пайдзі! — і ён ідзе, і другому — прыйдзі! — і прыйходзіць, і слузе майму — зрабі тое! — і робіць.
Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся з яго і, павярнуўшыся, сказаў натоўпу, які ішоў за Ім: «Кажу вам, што нават у Ізраілю не знайшоў Я гэткае веры».
Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся й, абярнуўшыся да народу, які йшоў за Ім, сказаў: — папраўдзе кажу вам, і ў Ізраілі не знайшоў Я такой веры.
І вярнуўшыся ў дом, пасланыя знайшлі хворага слугу паздаравеўшым.
Пасланцы-ж, вярнуўшыся дадому, засталі слугу, які быў хворы, у добрым здароўі.
І сталася пасьля гэтага, пайшоў Ён у горад, называны Наін; і з Ім ішлі многія з вучняў Ягоных і шматлікі натоўп.
І сталася потым: ішоў Ён у места называнае Наін, і з Ім ішлі вучні Ягоныя й мноства народу.
Калі ж Ён наблізіўся да брамы гораду, вось, выносілі памёршага, адзінароднага сына ў маці сваёй, а яна была ўдава; і вялікі натоўп з гораду ішоў з ёю.
Калі-ж зблізіліся да мястовае брамы, вось выносяць нябожніка, адзінага сына ў маці, а яна была ўдавою; і многа народу йшло з ёю з места.
І, убачыўшы яе, Госпад зьлітаваўся над ёю і сказаў ёй: «Ня плач».
Убачыўшы яе, Гаспод зьміласэрдзіўся над ёю й сказаў: — ня плач.
І, падыйшоўшы, дакрануўся да пахавальных насілак; а тыя, што несьлі іх, затрымаліся, і Ён сказаў: «Юнача, табе кажу: "Устань!"»
І, падышоўшы, дакрануўся да насілак, і насільшчыкі спыніліся, і Ён сказаў: — юнача, табе кажу ўстань!
І сеў мёртвы, і пачаў гаварыць; і Ён аддаў яго маці ягонай.
І нябожчык устаў, сеў і пачаў гаварыць; і аддаў яго Ісус маці ягонай.
І ўсіх ахапіў страх, і яны славілі Бога, кажучы: «Вялікі прарок паўстаў між намі», і: «Бог адведаў народ Свой».
Праняў-жа ўсіх страх, і славілі Бога, кажучы: — вялікі прарок паўстаў між намі, і Бог наведаў народ Свой.
І разыйшлося слова гэтае пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсёй ваколіцы.
І разыйшлося слова гэтае пра Яго па ўсёй Юдэі й па ўсім навакольлі.
І паведамілі Яну вучні ягоныя пра ўсё гэтае.
І паведамілі Яна вучні ягоныя пра ўсё гэтае.
І, паклікаўшы двух з вучняў сваіх, Ян паслаў іх да Ісуса, кажучы: «Ці Ты Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам іншага?»
Паклікаўшы двух вучняў сваіх, Ян паслаў іх да Ісуса спытацца: — ці Ты Той, Хто павінен прыйсьці, ці чакаць нам іншага?
А мужы [гэтыя], прыйшоўшы да Яго, сказалі: «Ян Хрысьціцель паслаў нас да Цябе, кажучы: “Ці Ты Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам іншага?”»
І, прыйшоўшы да Ісуса, яны сказалі: — Ян Хрысьціцель паслаў нас да Цябе спытацца: ці Ты Той, Хто павінен прыйсьці, ці іншага чакаць нам?
У гэтую гадзіну Ён многіх аздаравіў ад хваробаў і немачаў, і ад злых духаў, і многім сьляпым вярнуў зрок.
У той-жа час Ён шматлікіх ацаліў ад нядугаў і цярпеньняў, і злых духаў, і многім сьляпым вярнуў зрок.
І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Пайдзіце, паведаміце Яну, што вы бачылі і чулі, што сьляпыя бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, убогім дабравесьціцца.
І ў адказ Ісус сказаў ім: — ідзеце, паведайце Яну, што вы бачылі й чулі: сьляпыя празраюць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія стаюцца чуткімі, мёртвыя ўваскрасаюць, ўбогія дабравесьцяць.
І шчасьлівы той, хто ня згоршыцца праз Мяне».
І шчасьлівы той, хто не зьняверыцца ўва Мне.
Калі ж пасланцы Яна пайшлі, Ён пачаў гаварыць да натоўпаў пра Яна: «Што глядзець хадзілі вы ў пустыню? Ці трысьціну, якую вецер хістае?
Калі-ж вучні Янавыя адайшлі пачаў гаварыць народу пра Яна: — чаго вы хадзілі глядзець у пустыню? ці трысьцінку, ветрам калыханую?
Але што хадзілі вы ўбачыць? Ці чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Вось, тыя, што ў пышным адзеньні і жывуць раскошна, знаходзяцца пры дварох валадарскіх.
Дык каго глядзець хадзілі вы? ці чалавека адзетага ў мяккія адзеньні? але тыя, якія пышна адзяюцца й жывуць у раскошы, знайходзяцца ў палацах каралеўскіх.
Але што хадзілі вы ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока.
Дык каго глядзець хадзілі вы? ці прарока? так, кажу вам, і больш за прарока.
Ён ёсьць той, пра якога напісана: “Вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою”.
Гэта ёсць той пра каго напісана: — вось Я пасылаю ангела Майго прад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою.
Бо кажу вам: "Сярод народжаных жанчынамі няма ніводнага прарока, большага за Яна Хрысьціцеля; але меншы ў Валадарстве Божым большы за яго".
І кажу вам: з народжаных жанчынамі няма большага прарока за Яна Хрысьціцеля; але меншы у Ўладарстве Божым больш за яго.
І ўвесь народ, які слухаў яго, і мытнікі аддалі хвалу Богу, хрысьцячыся хрышчэньнем Янавым;
І, выслухаўшы Яго, увесь народ і мытнікі ўславілі праўду Божую, хрысьцячыся хрышчэньнем Янавым.
а фарысэі і законьнікі адкінулі параду Божую для іх, не ахрысьціўшыся ў яго».
Фарысеі-ж і законьнікі зьняважылі волю Божую для іх, і ня хрысьціліся ў яго.
Госпад жа сказаў: «З кім параўнаю людзей пакаленьня гэтага? І да каго яны падобныя?
І сказаў Гаспод: — да каго прыраўнаю людзей роду гэтага, і да каго яны падобныя.
Яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на вуліцы, і клічуць адзін аднаго, і кажуць: “Мы гралі вам на жалейцы, і вы не скакалі; мы галасілі, і вы ня плакалі”.
Яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на рынку й пераклікаюцца між сабою, кажучы: — мы гралі вам на пішчалках, а вы не танцавалі! — а мы жалобу сьпявалі і вы ня плакалі.
Бо прыйшоў Ян Хрысьціцель, ані хлеба ня есьць, ані віна ня п’е, і вы кажаце: “Дэмана мае”.
Вось прыйшоў Ян Хрысьціцель, — ні хлеба ня есьць, ні віна ня п'е, — і кажаце: ён мае злыдуха.
Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е, і вы кажаце: “Вось, чалавек — абжора і п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў”.
Прыйшоў Сын Чалавечы — есьць і п'е, — і кажаце: гэты чалавек абжора й п'яніца — сябра мытнікаў і грэшнікаў.
І апраўдана мудрасьць усімі дзецьмі яе».
І апраўдана мудрасьць праз усіх дзецей яе.
Нехта з фарысэяў прасіў Яго паесьці разам з ім, і Ён, увайшоўшы ў дом фарысэя, узьлёг.
Аднойчы адзін з фарысеяў запрасіў Яго на пачастунак; і Ён, увайшоўшы, прысеў пры стале.
І вось жанчына з таго гораду, якая была грэшніцай, даведаўшыся, што Ён узьлягае ў доме фарысэя, прынесла алябастравы збанок міра,
І вось адна жанчына з таго места, якая была грэшніцай, дачуўшыся, што Ён супачывае ў доме фарысея, прынясла алябастравы слоік міра.
і, стаўшы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя сьлязьмі, і выцірала валасамі галавы сваёй, і цалавала ногі Ягоныя, і мазала мірам.
І стануўшы ззаду у ногах Ягоных і, плачучы, пачала абліваць сьлязьмі ногі Яго й выціраць валасамі галавы сваёй, і цалавала ногі Яго й намашчвала мірам.
Бачачы гэтае, фарысэй, які быў запрасіў Яго, сказаў сам у сабе: «Калі б Ён быў прарок, дык ведаў бы, хто і якая жанчына дакранаецца да Яго, бо яна — грэшніца».
Бачачы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, разважаў сам у сабе: калі-б Ён быў прарок, то пэўна ведаў-бы, хто й якая жанчына дакранаецца да Яго, бо яна грэшніца.
І, адказваючы, Ісус сказаў яму: «Сымоне, Я маю нешта сказаць табе». Ён жа кажа: «Кажы, Настаўнік».
Ісус, адазваўшыся да яго, сказаў: — Сыман! Я маю нешта сказаць табе; ён кажа: — скажы, Вучыцель.
[Ісус сказаў]: «У аднаго пазычальніка былі два даўжнікі: адзін быў вінен пяцьсот дынараў, а другі — пяцьдзясят.
Ісус сказаў: — нехта пазычыў двом грошы — аднаму пяцьсот дынараў, а другому пяцьдзясят.
А як яны ня мелі, чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Скажы, каторы з іх больш узьлюбіць яго?»
І калі яны ня мелі чым аддаць, дараваў абодвум; скажы-ж, каторы з іх больш узьлюбіць яго.
Адказваючы, Сымон сказаў: «Думаю, што той, якому больш дараваў». Ён жа сказаў яму: «Слушна ты пастанавіў».
Сыман адказаў: — думаю той, катораму больш дараваў; і Ён сказаў яму: — разважыў ты добра.
І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: «Ці бачыш ты гэтую жанчыну? Я прыйшоў у дом твой, і ты вады Мне на ногі ня даў; а яна сьлязьмі абліла ногі Мае і валасамі галавы сваёй выцерла.
І зьвярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сыману: — бачыш ты гэтую жанчыну? Я ўвайшоў у дом твой, і ты вады Мне на ногі ня даў, а яна сьлязьмі абліла ногі Мне, і валасамі галавы сваей ацерла;
Ты пацалунку Мне ня даў, а яна, як толькі Я прыйшоў, не перастае цалаваць ногі Мае.
Ты цалунку Мне ня даў, а яна, ўсьцяж не перастае цалаваць ногі Мае;
Ты галавы Мне алеем не памазаў; а яна мірам памазала ногі Мае.
Ты галавы Мае не памазаў алеем, а яна мірам намасьціла ногі Мае.
Дзеля гэтага кажу табе: даруюцца многія грахі яе за тое, што яна шмат узьлюбіла; а каму мала даруецца, той мала любіць».
Дзеля таго кажу табе: даруюцца многія грахі яе за тое, што ўзьлюбіла многа; а каму мала даруецца, той мала любіць.
А ёй сказаў: «Адпускаюцца табе грахі».
Ёй-жа сказаў: — адпушчаюцца грахі табе.
І тыя, што ўзьлягалі з Ім, пачалі гаварыць у сабе: «Хто Ён ёсьць, што і грахі адпускае?»
Тыя-ж, якія былі разам з Ім за сталом, пачалі разважаць у сабе: — Хто Ён гэткі, што й грахі адпушчае?
А Ён сказаў жанчыне: «Вера твая збавіла цябе; ідзі ў супакоі».
Ён-жа сказаў жанчыне: — вера твая выбавіла цябе; ідзі ў супакоі.