Лукаша 7 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Міхася Міцкевіча
А калі напоўніў Ён Сваімі словамі вушы людзей, што слухалі Яго, накіраваўся ў Кафарнаўм.
Калі-ж скончыў усе мовы Свае да народу, які слухаў Яго, то ўвайшоў у Капернаум.
А ў аднаго сотніка быў паслугач, які быў яму вельмі дарагі, моцна хворы і пры смерці.
Быў там у аднаго сотніка хворы, ужо пры сьмерці, слуга, які быў любы яму.
І, калі пачуў ён пра Ісуса, паслаў да Яго старэйшын юдэйскіх, просячы Яго, каб прыйшоў і аздаравіў паслугача яго.
Пачуўшы пра Ісуса, сотнік паслаў да Яго старшыняў юдэйскіх, прасіць Яго, каб прыйшоў ацаліць слугу ягонага.
Калі яны прыйшлі да Ісуса, пераканаўча прасілі Яго, кажучы: «Варты ён, каб гэта яму зрабіў,
І яны, прыйшоўшы да Ісуса, моцна прасілі Яго, кажучы: — ён дастойны, каб Ты зрабіў яму гэта.
бо ён любіць наш народ, і пабудаваў нам сінагогу».
Бо ён любіць народ наш, і пабудаваў нам сынагогу.
Дык Ісус пайшоў з імі. А калі ўжо быў недалёка ад дома, паслаў сотнік сяброў сказаць Яму: «Госпадзе, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой,
Ісус пайшоў з імі; і калі Ён быў ужо недалёка ад дома, паслаў да Яго сотнік прыяцеляў сказаць Яму: ня турбуйся, Госпадзе, бо недастойны я, каб Ты ўвайшоў пад стрэху маю;
бо лічу, што і сам я не варты прыйсці да Цябе; але скажы слова, і паздаравее паслугач мой.
Дзеля таго й сябе самога ня лічыў я дастойным прыйсьці да Цябе, але скажы толькі слова, і ачуняе слуга мой.
Бо і я — чалавек, пастаўлены пры ўладзе, маю пад сабой жаўнераў і кажу аднаму: “Ідзі”, і ён ідзе, а другому: “Прыйдзі”, і ён прыходзіць, і паслугачу свайму: “Рабі гэта”, і ён робіць».
Бо і я падуладны чалавек, але, маю й падуладных мне воінаў, і кажу аднаму — пайдзі! — і ён ідзе, і другому — прыйдзі! — і прыйходзіць, і слузе майму — зрабі тое! — і робіць.
Ісус, пачуўшы гэта, падзівіўся на яго ды, звярнуўшыся да тых, што ішлі за Ім у натоўпе, сказаў: «Кажу вам, не знайшоў я такой веры ў Ізраэлі!»
Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся й, абярнуўшыся да народу, які йшоў за Ім, сказаў: — папраўдзе кажу вам, і ў Ізраілі не знайшоў Я такой веры.
І тыя, што былі адпраўлены дамоў, калі вярнуліся, знайшлі слугу здаровым.
Пасланцы-ж, вярнуўшыся дадому, засталі слугу, які быў хворы, у добрым здароўі.
І сталася пасля: адышоў у горад, які называецца Наін, і з Ім ішлі многія вучні Яго ды вялікі натоўп людзей.
І сталася потым: ішоў Ён у места называнае Наін, і з Ім ішлі вучні Ягоныя й мноства народу.
А калі падыходзіў да брамы горада, якраз выносілі нябожчыка, адзінага сына маці сваёй, якая была ўдавой, ды мноства людзей з горада з ёю.
Калі-ж зблізіліся да мястовае брамы, вось выносяць нябожніка, адзінага сына ў маці, а яна была ўдавою; і многа народу йшло з ёю з места.
Калі ўбачыў яе Госпад, пашкадаваў яе ды сказаў ёй: «Не плач!»
Убачыўшы яе, Гаспод зьміласэрдзіўся над ёю й сказаў: — ня плач.
І падышоў і дакрануўся да труны; а тыя, што неслі, спыніліся. І гаворыць: «Юнача, кажу табе, устань!»
І, падышоўшы, дакрануўся да насілак, і насільшчыкі спыніліся, і Ён сказаў: — юнача, табе кажу ўстань!
І сеў той, які быў мёртвы, і пачаў гаварыць, і аддаў яго маці яго.
І нябожчык устаў, сеў і пачаў гаварыць; і аддаў яго Ісус маці ягонай.
Дык усіх ахапіў страх і славілі Бога, кажучы: «Вялікі прарок паўстаў сярод нас» ды: «Бог наведаў народ Свой».
Праняў-жа ўсіх страх, і славілі Бога, кажучы: — вялікі прарок паўстаў між намі, і Бог наведаў народ Свой.
І разнесліся словы гэтыя пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсім наваколлі.
І разыйшлося слова гэтае пра Яго па ўсёй Юдэі й па ўсім навакольлі.
І паведамілі Яну яго вучні пра ўсё гэта.
І паведамілі Яна вучні ягоныя пра ўсё гэтае.
Дык Ян паклікаў двух сваіх вучняў і паслаў іх да Ісуса, кажучы: «Ці Ты — Той, Які мае прыйсці, ці нам чакаць другога?»
Паклікаўшы двух вучняў сваіх, Ян паслаў іх да Ісуса спытацца: — ці Ты Той, Хто павінен прыйсьці, ці чакаць нам іншага?
Як толькі яны прыйшлі да Яго, сказалі: «Ян Хрысціцель паслаў нас да Цябе, кажучы: “Ці Ты — Той, Які мае прыйсці, ці нам чакаць другога?”»
І, прыйшоўшы да Ісуса, яны сказалі: — Ян Хрысьціцель паслаў нас да Цябе спытацца: ці Ты Той, Хто павінен прыйсьці, ці іншага чакаць нам?
А ў гэты час Ісус аздаравіў многіх ад хвароб, і ад пакут, і ад ліхіх духаў ды многім сляпым даў зрок.
У той-жа час Ён шматлікіх ацаліў ад нядугаў і цярпеньняў, і злых духаў, і многім сьляпым вярнуў зрок.
І, адказваючы, сказаў ім Ісус: «Ідзіце і абвясціце Яну тое, што вы бачылі і чулі: сляпыя бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, убогя дабравесцяць;
І ў адказ Ісус сказаў ім: — ідзеце, паведайце Яну, што вы бачылі й чулі: сьляпыя празраюць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія стаюцца чуткімі, мёртвыя ўваскрасаюць, ўбогія дабравесьцяць.
і шчасныя тыя, што з Мяне не згоршацца».
І шчасьлівы той, хто не зьняверыцца ўва Мне.
І, калі адышліся пасланцы Яна, пачаў Ён казаць пра Яна да народа: «Што вы выйшлі глядзець у пустыню? Ці трысціну, якую вецер калыша?
Калі-ж вучні Янавыя адайшлі пачаў гаварыць народу пра Яна: — чаго вы хадзілі глядзець у пустыню? ці трысьцінку, ветрам калыханую?
Ды што выйшлі пабачыць? Мо чалавека, што апрануты ў мяккія шаты? Вось, тыя, што ў багатых шатах ды ў раскошы, у дамах царскіх жывуць.
Дык каго глядзець хадзілі вы? ці чалавека адзетага ў мяккія адзеньні? але тыя, якія пышна адзяюцца й жывуць у раскошы, знайходзяцца ў палацах каралеўскіх.
Дык што вы выйшлі пабачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока.
Дык каго глядзець хадзілі вы? ці прарока? так, кажу вам, і больш за прарока.
Ён той, аб кім напісана: “Вось жа, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які прыгатуе дарогу Тваю перад Табою”.
Гэта ёсць той пра каго напісана: — вось Я пасылаю ангела Майго прад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою.
Бо кажу вам: паміж народжаных жанчынамі няма прарока большага за Яна Хрысціцеля, але найменшы ў Валадарстве Божым большы за яго».
І кажу вам: з народжаных жанчынамі няма большага прарока за Яна Хрысьціцеля; але меншы у Ўладарстве Божым больш за яго.
І ўвесь народ, які Яго чуў, і мытнікі славілі справядлівасць Божую, хрысцячыся хростам Янавым.
І, выслухаўшы Яго, увесь народ і мытнікі ўславілі праўду Божую, хрысьцячыся хрышчэньнем Янавым.
Фарысеі ж і заканазнаўцы адкінулі волю Божую аб сабе і не прынялі хросту ад яго.
Фарысеі-ж і законьнікі зьняважылі волю Божую для іх, і ня хрысьціліся ў яго.
Тады Госпад сказаў: «З кім мог бы параўнаць Я гэтае пакаленне людзей і да каго яны падобны?
І сказаў Гаспод: — да каго прыраўнаю людзей роду гэтага, і да каго яны падобныя.
Яны падобны да дзяцей, што сядзяць на рынку і кажуць адны да адных: “Мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі, спявалі сумныя песні, а вы не плакалі”.
Яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на рынку й пераклікаюцца між сабою, кажучы: — мы гралі вам на пішчалках, а вы не танцавалі! — а мы жалобу сьпявалі і вы ня плакалі.
Прыйшоў Ян Хрысціцель, які хлеба не еў і віна не піў, — і вы кажаце: “Дэмана мае”.
Вось прыйшоў Ян Хрысьціцель, — ні хлеба ня есьць, ні віна ня п'е, — і кажаце: ён мае злыдуха.
Прыйшоў Сын Чалавечы, Які есць і п’е, і вы кажаце: “Вось чалавек, абжора і п’яніца, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў”.
Прыйшоў Сын Чалавечы — есьць і п'е, — і кажаце: гэты чалавек абжора й п'яніца — сябра мытнікаў і грэшнікаў.
І апраўдана мудрасць усімі яе сынамі».
І апраўдана мудрасьць праз усіх дзецей яе.
Адзін фарысей запрасіў Яго да сябе паесці разам з ім; і Ён, увайшоўшы ў дом фарысея, узлёг.
Аднойчы адзін з фарысеяў запрасіў Яго на пачастунак; і Ён, увайшоўшы, прысеў пры стале.
І вось, адна жанчына, што была ў горадзе грэшніцай, як даведалася, што Ён узлягае пры стале ў доме фарысея, прынесла алябастравую пасудзіну алейку,
І вось адна жанчына з таго места, якая была грэшніцай, дачуўшыся, што Ён супачывае ў доме фарысея, прынясла алябастравы слоік міра.
ды, стаўшы ззаду каля ног Яго, пачала, плачучы, слязамі абліваць ногі Яго і абцірала валасамі сваёй галавы, ды цалавала ногі Яго і намашчала іх алейкам.
І стануўшы ззаду у ногах Ягоных і, плачучы, пачала абліваць сьлязьмі ногі Яго й выціраць валасамі галавы сваёй, і цалавала ногі Яго й намашчвала мірам.
Бачачы гэта, фарысей, што запрасіў Яго, падумаў, кажучы ў душы сваёй: «Каб Ён быў прарокам, ведаў бы, што гэта за жанчына, якая датыкаецца да Яго, бо яна — грэшніца».
Бачачы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, разважаў сам у сабе: калі-б Ён быў прарок, то пэўна ведаў-бы, хто й якая жанчына дакранаецца да Яго, бо яна грэшніца.
І, адказваючы, сказаў яму Ісус: «Сімоне, маю табе нешта сказаць». А ён гаворыць: «Настаўнік, кажы».
Ісус, адазваўшыся да яго, сказаў: — Сыман! Я маю нешта сказаць табе; ён кажа: — скажы, Вучыцель.
«Нейкі пазычальнік меў двух даўжнікоў: адзін быў яму пяцьсот дынараў вінаваты, а другі — пяцьдзесят.
Ісус сказаў: — нехта пазычыў двом грошы — аднаму пяцьсот дынараў, а другому пяцьдзясят.
Але як не мелі з чаго аддаць, дараваў ім абодвум. Дык скажы, які з іх больш удзячны яму?»
І калі яны ня мелі чым аддаць, дараваў абодвум; скажы-ж, каторы з іх больш узьлюбіць яго.
Сімон, адказваючы, сказаў: «Думаю, што той, якому болей дараваў». А Ён сказаў яму: «Добра ты рассудзіў».
Сыман адказаў: — думаю той, катораму больш дараваў; і Ён сказаў яму: — разважыў ты добра.
І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сімону: «Бачыш гэтую жанчыну? Увайшоў Я ў дом твой, і ты не падаў Мне вады на ногі; а яна слязамі абмыла ногі Мае і валасамі сваімі абцёрла.
І зьвярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сыману: — бачыш ты гэтую жанчыну? Я ўвайшоў у дом твой, і ты вады Мне на ногі ня даў, а яна сьлязьмі абліла ногі Мне, і валасамі галавы сваей ацерла;
Ты Мне пацалунку не даў; а яна, як Я ўвайшоў, не перастае цалаваць ногі Мае.
Ты цалунку Мне ня даў, а яна, ўсьцяж не перастае цалаваць ногі Мае;
Не намасціў ты галавы Маёй; а яна ногі Мае намасціла алейкам.
Ты галавы Мае не памазаў алеем, а яна мірам намасьціла ногі Мае.
Дзеля таго кажу табе: адпускаюцца многія грахі ёй, бо многа ўзлюбіла. А каму менш адпускаецца, той менш і любіць».
Дзеля таго кажу табе: даруюцца многія грахі яе за тое, што ўзьлюбіла многа; а каму мала даруецца, той мала любіць.
Сказаў затым ёй: «Адпускаюцца грахі твае».
Ёй-жа сказаў: — адпушчаюцца грахі табе.
І тыя, што ўзлягалі разам з Ім, сталі гаварыць між сабой: «Хто Ён, што нават грахі адпускае?»
Тыя-ж, якія былі разам з Ім за сталом, пачалі разважаць у сабе: — Хто Ён гэткі, што й грахі адпушчае?
Затым сказаў Ісус жанчыне: «Вера твая збавіла цябе, ідзі ў супакоі».
Ён-жа сказаў жанчыне: — вера твая выбавіла цябе; ідзі ў супакоі.