Лукаша 11 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Міхася Міцкевіча
І сталася, калі быў Ён у нейкім месцы, молячыся, як скончыў, сказаў Яму адзін з вучняў Яго: «Госпадзе, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў».
І было-ж гэта, калі Ён маліўся ў пэўным месцы, і калі кончыў, адзін з вучняў Яго сказаў Яму: — Госпадзе! навучы нас маліцца, як і Ян навучыў вучняў сваіх.
А Ён гаворыць ім: «Калі моліцеся, кажыце: “Ойча наш, Які ў нябёсах, свяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё. Станься воля Твая як у нябесах, так і на зямлі!
І Ён сказаў ім: — калі моліцеся, гаварэце: — Войча наш Нябесны! Сьвяціся Імя Тваё, прыйдзі Ўладарства Тваё, і станься воля Твая, як на небе, так і на зямлі;
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння.
Хлеба надзённага сёньня нам дай;
І даруй нам грахі нашы, як і мы даруем кожнаму нам вінаватаму, і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога”».
І адпусьці нам нашыя віны, як і мы адпушчаем правінным прад намі, і не ўвядзі нас у спакусу, але збаві нас ад златворнага.
Затым гаворыць ім: «Хто з вас будзе мець прыяцеля, і пойдзе да яго апоўначы, і скажа яму: “Прыяцелю, пазыч мне тры хлябы,
І прамовіў да іх: — калі-б хто з вас меў прыяцеля й пайшоў-бы да яго апоўначы й сказаў яму: — дружа! пазыч мне тры хлябы;
бо прыбыў да мяне мой прыяцель з дарогі і не маю чым яго прыняць”;
Бо прыяцель мой з дарогі зайшоў да мяне, і ня маю чаго пасуліць яму;
а той знутры адкажа, кажучы: “Не дакучай мне; дзверы ўжо замкнёны, і дзеці мае са мной у ложку, не магу ўстаць і даць табе”.
А той у адказ сказаў-бы яму з хаты: — ня турбуй мяне; ужо дзьверы замкнёныя, і дзеці ў пасьцелі пры мне, — і не магу ўстаць і даць табе.
Кажу вам: нават калі не падымецца і не дасць яму дзеля таго, што з’яўляецца яго прыяцелем, дык дзеля яго дакучлівасці ўстане і дасць, колькі яму трэба.
Кажу вам: — калі ня ўстане й ня дасьць яму з прыязьні, то з настойлівасьці ягонай устане й дасьць яму, колькі просіць.
Дык і Я вам кажу: прасіце — і будзе вам дадзена; шукайце — і знойдзеце; стукайце — і будзе вам адчынена.
І Я вам кажу: — прасеце — і дасца вам, шукайце — і знойдзеце, стукайце — і адчыніцца вам.
Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і таму, хто стукае, будзе адчынена.
Бо ўсякі, хто просіць, — атрымлівае, хто шукае — знаходзіць, хто стукае — адчыняць яму.
І калі ў кагосьці з вас, як у бацькі, сын папросіць хлеба, ці падасць яму камень, калі папросіць рыбу, ці ж замест рыбы дасць яму змяю?
І хто з вас бацькоў, калі сын папросіць у яго хлеба, дасьць яму камень? ці папросіць рыбы, а дасьць яму зьмяю замест рыбы?
Або калі папросіць яйка, ці ж дасць яму скарпіёна?
Або, калі папросіць яйка, дасьць яму скарпіёна.
Таму, калі вы, хоць і благія, умееце даваць дзецям вашым добрыя дары, дык наколькі ж больш Айцец з неба дасць Духа Святога тым, хто просіць Яго».
Вось-жа, калі вы, самі благія, умееце даяньні добрыя даваць дзецям вашым, тым балей Айцец ваш Нябесны дасьць Духа Сьвятога тым, хто ў Яго просіць.
І раз выгнаў Ён дэмана, і быў ён нямы; і сталася, калі дэман выйшаў, нямы пачаў гаварыць. І дзівіліся людзі.
Было-ж, аднойчы выгнаў Ён злыдуха, які быў нямы; і калі злыдух выйшаў, нямы стаў гаварыць; і падзіўляўся народ.
А некаторыя з іх казалі: «Моцаю Бэльзебула, князя дэманаў, Ён выганяе дэманаў».
Некаторыя-ж з іх гаварылі: — Ён выганяе злыдухаў сілаю Вэльзевула, князя шатанскага.
А іншыя, выпрабоўваючы Яго, патрабавалі ад Яго знака з неба.
А іншыя, спакушаючы, патрабавалі ад Яго знаменьня з неба.
Але Ён, ведаючы іх думкі, сказаў ім: «Кожнае царства, падзеленае ў самім сабе, не выстаіць, і дом на дом упадзе.
Ён-жа, ведаючы помыслы іхныя, сказаў ім: — усякае гаспадарства, разьдзяліўшыся само ў сабе, апусьцее, і дом, разьдзяліўшыся, упадзе.
А калі і шатан падзелены ў самім сабе, дык як утрымаецца царства яго? Бо вы кажаце, што Я праз Бэльзебула выганяю дэманаў.
Калі-ж і шатан разьдзеліцца сам у сабе, як устоіць уладарства яго? вы-ж кажаце, што я сілаю Вэльзевула выганяю злыдухаў.
А калі Я праз Бэльзебула выганяю дэманаў, дык сыны вашы праз каго выганяюць? Таму яны будуць суддзямі вашымі.
І калі Я сілаю Вэльзевула выганяю злыдухаў, то сыны вашыя чыёю сілаю выганяюць іх? дзеля таго-ж яны будуць судзьдзямі вам.
Але калі Я пальцам Божым выганяю дэманаў, значыць прыйшло да вас Валадарства Божае.
І калі Я Божым пальцам выганяю злыдухаў, то пэўна, надыйшло да вас Уладарства Божае.
Калі ўзброены асілак ахоўвае дом свой, дык у бяспецы тое, што ён мае.
Калі дужы, узброены сьцеражэ дом свой, тады ў бясьпечнасьці маёмасьць яго.
А калі дужэйшы ад яго прыйдзе і пераможа яго, дык забярэ ўсю яго зброю, на якую спадзяваўся, і здабычу яго падзеліць.
Калі-ж дужэйшы за яго нападзе й пераможа яго, тады забярэ ўсю зброю яго, на якую той надзею пакладаў, і раздасьць здабытак яго.
Хто не са Мною, той супраць Мяне, і хто не збірае са Мною, той раскідае.
Хто не са Мною, той супраць Мяне, і хто са Мною ня зьбірае, той раскідае.
Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, бадзяецца па бязводных мясцінах, шукаючы спачынку, і, не знаходзячы яго, кажа: “Вярнуся ў дом свой, адкуль выйшаў”.
Калі нячысты дух выйдзе з чалавека й вандруе па бязводных мясцох, шукаючы супакою, і не знайходзіць, — тады кажа: — вярнуся ў дом свой які пакінуў.
І, калі прыходзіць, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным.
І, прыйшоўшы, знайходзіць яго вымеценым і прыбраным.
Тады ідзе і бярэ з сабой сем іншых духаў, горшых за сябе, ды, увайшоўшы, яны пасяляюцца там, і апошнее робіцца таму чалавеку горшае за першае».
Тады йдзе й бярэ з сабою сем іншых духаў, горшых за сябе, і ўвайходзяць ды жывуць там; і бывае для чалавека таго апошняе горшае за першае.
І сталася, калі Ён гэтак навучаў, адна жанчына з натоўпу, узвысіўшы голас, сказала Яму: «Шчаснае ўлонне, якое вынасіла Цябе, ды грудзі, якія выкармілі Цябе».
І калі Ён гаварыў гэтае, жанчына некая, узвысіўшы голас з народу, сказала Яму: — шчасьлівае ўлоньне, што Цябе насіла, і грудзі, што Цябе кармілі.
А Ён сказаў: «Тым болей шчасныя тыя, што слухаюць слова Божае ды захоўваюць яго».
Ён-жа сказаў: — шчасьлівыя й тыя, якія слухаюць Слова Божае й захоўваюць яго.
А калі сабраліся людзі, пачаў казаць: «Род гэты ёсць род нягодны; шукае знака, і знак не будзе дадзены яму, толькі знак Ёны прарока.
Калі-ж пачала зьбірацца грамада народу, Ён пачаў гаварыць: — род гэты — род пракудны: ён шукае знаменьня, але знаменьня ня дасца яму, апрача знаменьня Йоны прарока.
Бо як Ёна быў знакам для нініўцаў, так Сын Чалавечы будзе знакам для роду гэтага.
Бо як Йона быў знаменьнем для Ніневіцян, так будзе Сын Чалавечы для роду гэтага.
Царыца з поўдня падчас суда паўстане разам з людзьмі гэтага пакалення ды асудзіць іх, бо яна прыбыла з канца зямлі паслухаць мудрасці Саламона, а вось, тут большы за Саламона.
Каралева Паўднёвая ўстане на суд з людзьмі роду гэтага й засудзіць іх; бо яна прыйходзіла з крайсьвету паслухаць мудрасьці Салямонавае; і вось тут большае за Салямона.
Мужы з Нінівы стануць на судзе з гэтым пакаленнем і асудзяць яго, бо яны на заклік Ёны навярнуліся, а вось, тут большы за Ёну.
Мужы Ніневійскія ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся ад навучаньня Йонавага; і вось тут большае за Йону.
І ніхто, запаліўшы свечкі, не ставіць у сховішча або пад пасудзіну, але на падсвечніку, каб бачылі святло яе ўсе тыя, што ўваходзяць.
Ніхто, запаліўшы сьвяцільнік, ня ставіць яго ў сукрыцьце, ані пад пасудзіну, але на падстаўцы, каб тым, хто ўвайходзіць, відзён быў сьвет.
Светач цела — вока. Дык калі вока тваё будзе чыстае, дык і ўсё цела тваё будзе светлае; а калі вока тваё будзе нягодным, дык і ўсё цела тваё цёмным будзе.
Сьветач цела твайго — вока тваё; калі вока твае будзе простае, то ўсё цела тваё будзе сьветлае; калі-ж вока тваё крывое будзе, то ўсё цела тваё зацьмянае будзе.
Дык глядзі, каб святло, якое ў табе, не сталася цемрай.
Дык уважай, каб тваё ўласнае сьвятло ня было цемраю.
Калі ж усё цела тваё светлым будзе, не маючы ані часткі зацемненай, дык усё будзе светлым, быццам свяцільнік у ззянні сваім асвятляе цябе».
А калі ўсё цела тваё сьветлае, бяз ніводнае цёмнае плямы, то будзе яно зьзяць, нібы сьветач яснасьці асьвячае цябе.
І, калі Ён гаварыў, адзін фарысей запрасіў, каб Ён паабедаў у яго; і, увайшоўшы, Ён узлёг.
Калі Ён гаварыў, фарысей некі запрасіў Яго на абед да сябе; і Ён прыйшоў і супачыў за сталом.
Але фарысей здзівіўся, бачачы, што Ісус не памыў рукі перад абедам.
Фарысей-жа зьдзівіўся, пабачыўшы, што Ён не памыў рук перад абедам.
І гаворыць Госпад яму: «Цяпер вы, фарысеі, абмываеце тое, што звонку чары і місы, але тое, што ўнутры вас, — поўнае сквапнасці і беззаконня.
Але Госпад сказаў яму: — вось вы фарысеі, ачышчаеце звонку кубкі й міскі, а нутро вашае поўнае драпежнасьці й злосьці.
Неразумныя! Ці ж Той, Хто стварыў знешняе, не стварыў таксама нутра?
Неразумныя! ці ня Той, Хто стварыў вонкавае, старыў і нутраное?
Лепш давайце людзям міласціну з таго, што ўнутры, і вось, усё будзе вам чыстым.
Давайце лепш ахвяру з таго, што маеце, тады ўсе будзе для вас чыстае.
Але гора вам, фарысеі, што даяце дзесяціну з мяты, і руты, і з усякай гародніны, а не звяртаеце ўвагі на справядлівасць і любоў Бога. Трэба і гэта выканаць, і таго не забываць.
Але гора вам фарысеям, што даеце дзесяціну з мяты, руты і ўсякай гародніны, а не зважаеце на суд і любоў Божую; гэтае належала рабіць і таго не занядбаць.
Гора вам, фарысеі, што любіце першыя лаўкі ў сінагозе і прывітанні на рынку.
Гора вам фарысеям, што любіце першыя месцы ў сынагогах ды вітаньні на рынках.
Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, бо вы, як магілы, якіх не відаць, і людзі, ходзячы па іх, не ведаюць».
Гора вам, кніжнікі й фарысеі крывадушнікі, таму што вы як гробы закрытыя, і людзі ходзяць над імі й не заўважаюць.
Адзін з заканазнаўцаў, адказваючы, гаворыць Яму: «Настаўнік, так гаворачы, Ты нас зневажаеш».
У адказ на гэта законьнік некі сказаў Яму: — Вучыцель! кажучы гэтае, Ты й нас зьневажаеш.
А Ён гаворыць: «І вам, заканазнаўцы, гора, бо вы накладаеце на людзей цяжары невыносныя, а самі нават пальцам вашым не кранаеце грузу.
Ён-жа сказаў: — і вам, законьнікам, гора, што накладаеце на людзей тяжары празьмерныя, а самі й пальцам не дакранаецеся да цяжараў тых.
Гора вам, што будуеце магілы прарокам, а вашы бацькі пазабівалі іх.
Гора вам, што будуеце надгробкі прарокам, бацькі-ж вашыя пабівалі іх;
Сапраўды, вы сведчыце і згаджаецеся з учынкамі бацькоў вашых, бо яны іх пазабівалі, а вы [ім магілы] будуеце.
Гэтым вы сьветчыце пра ўчынкі бацькоў вашых і згаджаецеся з імі, бо яны забівалі прарокаў, а вы будуеце ім грабніцы.
Дзеля таго і мудрасць Божая сказала: “Пашлю да іх прарокаў і Апосталаў, і з іх адных пазабіваюць, а другіх пераследаваць будуць,
Дзеля таго й прамудрасьць Божая гаворыць: — пашлю да іх прарокаў і апосталаў, яны-ж адных заб'юць, а іншых прагоняць.
каб спагнана была кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэння свету, з роду гэтага,
І зышчацца ад роду гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэньня сьвету;
пачынаючы ад крыві Абэля аж да крыві Захарыі, які загінуў між ахвярнікам і святыняй”. Канешне скажу вам: будзе спагнана з роду гэтага.
ад крыві Авэля да крыві Захарыя, забітага між ахвярнікам і храмам; запраўды кажу вам, зышчацца ад роду гэтага.
Гора вам, заканазнаўцы, што вы ўзялі ключ разумення! І самі не ўвайшлі, і тым, што ўваходзілі, перашкодзілі».
Гора вам законьнікам, што вы ўзялі ключ пазнаваньня: самі не ўвайшлі й тым, хто хацеў увайсьці, перашкодзілі.
І, калі Ён казаў ім гэта, фарысеі і кніжнікі пачалі гвалтоўна наступаць на Яго і закідваць пытаннямі пра многае,
Калі-ж Ён прамаўляў гэтае да іх, кніжнікі й фарысеі пачалі прыставаць да Яго з рознымі пытаньнямі, вымагаючы адказаў;
падпільноўваючы Яго і шукаючы, каб падлавіць у чым-небудзь з Яго вуснаў, каб абвінаваціць Яго.
Каб пачуць з вуснаў Ягоных штось магчымае да абвінавачаньня Яго.