Лукаша 10 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Пасьля гэтага выбраў Гасподзь і іншых вучняў, і паслаў іх па двое перад абліччам Сваім у кожны горад і мясьціну, куды Сам хацеў ісьці,
Просьле гэтага Спадар прызначыў іншых семдзясят і паслаў іх па двух перад відзеньням Сваім да кажнага места а месца, куды Сам маніўся йсьці.
і сказаў ім: жніва многа, а работнікаў мала; дык вось малеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво Сваё.
І сказаў ім: «Жніво запраўды вялікае, але работнікаў мала; дык маліце Спадара, каб выправіў работнікаў да жніва Свайго.
Ідзеце! Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў.
Ідзіце; вось, Я пасылаю вас, як ягняты памеж ваўкоў.
Не бярэце ні мяха, ні торбы, ні абутку, і нікога на дарозе ня вітайце.
Не нясіце із сабою ані хатуля, ані капшука, ані вобую, і нікога не здароўце на дарозе.
У які дом увойдзеце, сьпярша кажэце: «мір дому гэтаму!»
І ў які дом увыйдзеце, найперш скажыце: "Супакой дому гэтаму".
і калі будзе там сын міру, дык спачыне на ім мір ваш; а калі не, дык да вас вернецца;
І калі будзе там сын супакою, супакой ваш супачыне на ім; калі не, ён зьвернецца да вас.
а ў доме тым заставайцеся, ежце і пеце, што ў іх ёсьць: бо працаўнік варты ўзнагароды за працу сваю, не пераходзьце з дому ў дом.
І ў тым самым доме заставайцеся, ядучы й п’ючы тое, што ё ў іх, бо гожы работнік заплаты свае; не пераходзьце з дому да дому.
І калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ежце, што вам дадуць;
І да якога места прыйдзеце, і прыймуць вас, ежча, што пастановяць перад вамі.
і ацаляйце ў ім хворых, і кажэце ім: «наблізілася да вас Царства Божае».
І ўздараўляйце хворых у ім, хто ёсьць у ім, і кажыце ім: "Бліжыцца да вас гаспадарства Божае".
А як прыйдзеце ў які горад, і ня прымуць вас, дык, выйшаўшы на вуліцу, скажэце:
Калі ж увыйдзеце ў якое места, і ня прыймуць вас, то, вышаўшы на вуліцу, скажыце:
«і пыл, прыліплы да нас ад вашага горада, абцярушваем вам; аднак жа ведайце, што наблізілася да вас Царства Божае».
"І пыл, прыліплы да нас ізь места вашага, страсаем вам із ног нашых; ведайце, адылі, што дабліжылася да вас гаспадарства Божае".
Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе радасьней, чым гораду таму.
Але кажу вам, што Садоме таго дня лацьвей будзе, чымся месту таму.
Гора табе, Харазіне! гора табе, Віфсаіда! бо, калі б у Тыры і Сідоне зьявіліся сілы, яўленыя ў вас, дык даўно б яны, седзячы ў вярэце і ў попеле, пакаяліся;
«Бяда табе, Хоразыне! Бяда табе Віфсаіда! бо калі б магучыя ўчынкі сталіся ў Тыру а Сыдоне, якія сталіся ў вас, яны даўно пакаяліся б, седзячы ў зрэб’ю а попеле.
але і Тыру і Сідону радасьней будзе на судзе, чым вам.
Але лацьвей будзе Тыру а Сыдону на судзе, чымся вам.
І ты, Капернауме, што да неба ўзвысіўся, да пекла зрынешся.
І ты, Капернауме, што аж да неба ўзьняўся, аж да пеклы ськінены будзеш.
Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас цураецца, Мяне цураецца; а хто цураецца Мяне, цураецца Таго, Хто паслаў Мяне.
Хто слухае вас, слухае Мяне; і хто грэбуе вамі, грэбуе Імною; а хто грэбуе Імною, грэбуе Тым, хто паслаў Мяне».
Семдзесят вучняў вярнуліся з радасьцю і казалі: Госпадзе! і дэманы слухаюцца нас у імя Тваё.
Семдзясят зьвярнуліся з радасьцяй, кажучы: «Спадару! навет нячысьцікі паддаюцца нам у імя Твае».
А Ён сказаў ім: Я бачыў сатану, які ўпаў зь неба, як маланка;
Ён жа сказаў ім: «Я бачыў шайтана, што, як маланьня, валіўся зь неба.
вось, даю вам уладу наступаць на зьмеяў і скарпіёнаў і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам;
Во, даю вам уладу таптаць гады а скарпіёны і ўсю моц непрыяцельскую, і нішто ніяк вам не пашкодзе.
аднак жа таму ня радуйцеся, што духі слухаюцца вас: а радуйцеся таму, што імёны вашыя напісаны на нябёсах.
Ня цешчася, адылі, з таго, што духі вам паддаюцца; але валей цешчася з таго, што ймёны вашыя напісаныя на нябёсах».
У тую хвіліну ўзрадаваўся духам Ісус і сказаў: слаўлю Цябе, Войча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і ад разумных і адкрыў малым дзецям; праўда, Войча! бо такая была Твая воля.
Тае ж гадзіны Ісус цешыўся ў Духу Сьвятым і сказаў: «Дзякую Табе, Войча, Спадару неба й зямлі, што Ты схаваў гэта ад мудрых а разумных і аб’явіў гэта бязьлеткам. Але, Войча, бо так зьлюб было Табе.
І зьвярнуўшыся да вучняў, сказаў: усё перададзена Мне Айцом Маім; і Хто ёсьць Сын, ня ведае ніхто, апрача Айца, і Хто ёсьць Айцец, ня ведае ніхто, апрача Сына, і каму Сын хоча адкрыць.
«Усе перадана Імне Айцом Маім; і ніхто ня ведае, хто ё Сын, апрача Айца; і хто ё Айцец, апрача Сына, і каму Сын хоча аб’явіць».
І зьвярнуўшыся да вучняў, сказаў ім асобна: дабрашчасныя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце!
І, зьвярнуўшыся да вучанікаў, сказаў ім апрыч: «Шчасьлівыя вочы, каторыя бачаць, што вы бачыце!
бо кажу вам, што многія прарокі і цары хацелі бачыць, што вы бачылі, і ня ўбачылі, і чуць, што вы чулі, і ня чулі.
Бо кажу вам, што шмат якія прарокі а каралёве хацелі бачыць, што вы бачыце, але ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, але ня чулі».
І вось, адзін законьнік устаў і, спакушаючы Яго, сказаў: Настаўнік, што мне рабіць, каб успадкаваць жыцьцё вечнае?
І вось, адзін праўнік устаў і, спакушаючы Яго, сказаў: «Вучыцелю! што я маю рабіць, каб спала імне жыцьцё вечнае?»
А Ён сказаў яму: у законе што напісана? як чытаеш?
І Ён сказаў яму: «У законе што напісана? як чытаеш?»
Той сказаў у адказ: «палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцай тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і блізкага твайго, як самога сябе».
А ён, адказуючы, сказаў: «Любі Спадара Бога свайго з усяго сэрца свайго, і з усяе душы свае, із усяе сілы свае, і з усяе думкі свае, і прыяцеля свайго, як самога сябе».
Ісус сказаў яму: слушна ты адказваў; так рабі і будзеш жыць.
І сказаў яму: «Добра ты адказаў; гэтак рабі, і будзеш жыць».
Але той, хочучы апраўдацца, сказаў Ісусу: а хто мой блізкі?
Але ён, хочучы аправіцца, кажа Ісусу: «А хто мой прыяцель?»
На гэта сказаў Ісус: нейкі чалавек ішоў зь Ерусаліма ў Ерыхон і нарваўся на разбойнікаў, якія зьнялі зь яго вопратку, паранілі яго і пайшлі, пакінуўшы яго ледзь жывога.
І, адказуючы, Ісус сказаў: «Адзін чалавек ішоў зь Ерузаліму да Ерыхону і лучыў памеж разбойнікаў, каторыя зьдзерлі зь яго адзецьце, і ранілі, і адышлі, пакінуўшы яго паў мертвага.
З нагоды нейкі сьвятар ішоў тою дарогаю і, убачыўшы яго, прайшоў міма.
І прыгадзілася, што тудэй зыходзіў адзін сьвятар і, згледзіўшы яго, прайшоў другім бокам.
Гэтак сама і лявіт, быўшы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма.
Падобна й Левіт, быўшы на тым месцу, падышоў, паглядзеў і прайшоў другім бокам.
А нейкі Самаранін, праязджаючы, знайшоў яго і, убачыўшы яго, пашкадаваў,
Але Самаранін якісь, падарожжуючы, лучыў на яго і, абачыўшы яго, зжаліўся над ім.
і падышоўшы, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном; і, пасадзіўшы яго на свайго асла, прывёз яго ў гасьцініцу і паклапаціўся пра яго;
І падышоў да яго, завязаў раны яму, узьліўшы алівы а віна; і, пасадзіўшы яго на стачыну сваю, прывёз яго да заезду і заапекаваўся ім.
а на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў гаспадару гасьцініцы і сказаў яму: паклапаціся пра яго; і калі патраціш больш, я, калі вярнуся, аддам табе.
А назаўтрае, ад’яжджаючы, выняў два дынары, даў гаспадару і сказаў яму: "Заапякуйся ім; і што балей выдасі, я, як зьвярнуся, аддам табе".
Хто з гэтых трох, думаеш ты, быў блізкі таму, што нарваўся на разбойнікаў?
Дык каторы з гэтых трох, здаецца табе, прыяцель таму, хто лучыў памеж разбойнікаў?»
Ён сказаў: той, які зрабіў яму міласьць. Тады Ісус сказаў яму: ідзі, і ты рабі гэтак сама.
І ён сказаў: «Тый, што зьмілаваўся над ім». І сказаў яму Ісус: «Ідзі, і ты рабі таксама».
У часе дарогі іхняй, прыйшоў Ён у адно селішча; тут жанчына, імем Марфа, прыняла Яго ў дом свой;
І сталася, як ішлі, што Ён увыйшоў да аднаго сяла.
у яе была сястра, імем Марыя, якая села да ног Ісуса і слухала слова Ягонае.
Жонка ж адна, імям Мархва, прыняла Яго да дому. І ў яе была сястра, званая Марыя, каторая села ля ног Ісусавых і слухала слова Ягонае.
А Марфа клапатала пра вялікае частаваньне, і падышоўшы, сказала: Госпадзе! ці Табе клопату няма, што сястра мая адну мяне пакінула служыць? скажы ёй, каб пасобіла мне.
Але Мархва клапатала каля шмат паслугі, а, падышоўшы да Яго, сказала: «Спадару; ці не парушае Цябе, што сястра мая пакінула мяне адну паслугаваць? Дык скажы ёй, каб памагла імне».
А Ісус сказаў ёй у адказ: Марфа! Марфа! рупішся і завіхаешся ты занадта,
І, адказуючы, сказаў ёй Ісус: «Мархва! Мархва! ты рупішся а клапоцішся праз шмат што;
а адно толькі трэба, Марыя ж выбрала добрую долю, якая не адымецца ў яе.
Але з мала чаго аднаго надабе. І Марыя абрала добрую дзель, каторая ня будзе аднята ад яе».