Лукаша 16 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча
Сказаў жа і да вучняў Сваіх: адзін чалаве́к быў багаты і ме́ў эканома, на якога данясьлі яму, што растра́чвае маемасьць яго;
І сказаў таксама вучанікам: «Быў якісь багаты чалавек, што меў аканома, каторага ўдалі яму, што раськідае маемасьць ягоную.
і, паклікаўшы яго, сказаў яму: што гэта я чую аб табе́? Дай справаздачу з гаспадараваньня твайго, бо ты ня можаш бале́й гаспадараваць.
І, пагукаўшы яго, сказаў яму: "Што гэта я чую празь цябе? здай лічбу з аканомства свайго, бо ты ня можаш быць балей аканомам".
Тады эканом сказаў сам у сабе́: што мне́ рабіць? Гаспадар мой адыймае ад мяне́ кіраўніцтва домам; капа́ць ня здужаю, прасіць саромлюся:
І аканом сказаў сам сабе: "Што імне рабіць? бо спадар мой адбірае аканомства ад мяне: капаць не магу, прасіць саромлюся.
ве́даю, што зро́блю, каб прынялі мяне́ ў дамы́ сваі, калі адстаўлены буду ад эканомства.
Ведаю, што зрабіць, каб, як я буду аддалены ад аканомства, мяне прынялі ў дамы свае".
І, паклікаўшы пазычальнікаў гаспадара свайго кожнага паасобку, сказаў пе́ршаму: колькі вíнен гаспадару майму?
І, пагукаўшы паасобку кажнага з даўжбітоў спадара свайго, сказаў першаму: "Колькі ты вінен спадару майму?"
Той сказаў: сто ме́р але́ю. І сказаў: вазьмі тваю расьпіску і сядай, хутчэй напішы пяцьдзесят.
А тый сказаў: "Сто барылак алівы". І сказаў яму: "Вазьмі свой квіт і борзьдзенька садзіся напішы пяцьдзясят".
Потым другому сказаў: а ты колькі вінен? Той адказаў: сто ме́р пшаніцы. І сказаў яму: вазьмі тваю расьпіску і напішы: восемдзесят.
Тады сказаў другому: "А ты колькі вінен?" Ён жа сказаў: "Сто карцоў пшонкі". І кажа яму: «Вазьмі свой квіт і напішы асьмідзясят».
І пахваліў гаспадар эканома няве́рнага, што дага́дліва ўчыніў; бо сыны ве́ку гэтага дага́длівей за сыноў сьвятла́ ў родзе сваім.
І спадар пахваліў несправядлівага аканома, што разважна зрабіў; бо сынове веку гэтага разважнейшыя ў сваім родзе за сыноў сьвятліні.
І Я кажу вам: здабывайце сабе́ прыяцеляў багацьцем няправедным, каб яны, як зьбядне́еце, прынялі вас у ве́чныя сялібы.
І кажу вам: прыдбавайце прыяцеляў багацьцям несправядлівым, каб, як яго ня стане, прынялі вас да вечных буданоў.
Ве́рны ў малым і ў многім верны, а няве́рны ў малым няверны і ў многім.
«Хто верны ў найменшым, верны і ў шмат якім; а хто несправядлівы ў найменшым, несправядлівы і ў шмат якім.
Дык вось, калі вы ў няпра́ведным багацьці ня былі ве́рны, хто даве́рыць вам праведнае?
Дык калі вы ня былі верныя ў багацьцю несправядлівым, хто павера вам праўдзівае?
І калі ў чужым ня былі ве́рны, хто дасьць вам вашае?
І калі ня былі верныя ў чужым, хто дасьць вам ваша?
Ніякі слуга ня можа служыць двом гаспадаром, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаму пачне́ пільна служыць, а пра другога нядба́ць. Ня можаце служыць Богу і мамоне.
«Ніякі слуга ня можа служыць двум спадаром, — бо альбо аднаго зьненавідзе, а другога будзе любіць; або аднаму будзе прыяць, а другога ўлегцы мець. Ня можаце служыць Богу й мамоне».
Чулі ўсё гэтае і срэбралюбы фарысэі і сьмяяліся з Яго.
Фарысэі, што былі гальлівыя, слухалі ўсе гэта й сьміяліся зь Яго.
І сказаў ім: вы паказуеце сябе́ праведнымі перад людзьмі, але Бог ве́дае сэрцы вашыя: бо што высока ў людзе́й, тое агіда перад Богам.
І сказаў ім: «Вы правіцеся перад людзьмі, але Бог знае сэрцы вашыя; бо што высака ў людзёў, тое агіда перад Богам.
Закон і прарокі да Іоана: адгэтуль жа Царства Божае абвяшчаецца, і кожын сілаю ўваходзіць у яго.
«Закон а прарокі аж да Яана; адгэтуль дабравесьць гаспадарства Божага абяшчаецца, і кажны сілаю пракладае дарогу да яго.
Але хутчэй не́ба і зямля прамінуць, чым адна рыса з закону загіне.
Але лацьвей небу й зямлі мінуць, чымся адна рыска ў Законе шчэзьне.
Усякі, хто разводзіцца з жонкаю сваёю і жэніцца з другой, блудзіць, і кожны, хто жэніцца з разьве́дзенай з мужам, блудзіць.
«Кажны, хто адпушчае жонку сваю і жэніцца зь іншаю, чужаложа; і кажны, што жэніцца з адпушчанай мужам, чужаложа.
Адзін чалаве́к быў багаты, адзяваўся ў парфіру ды віссон і кожны дзе́нь раскошна банкетаваў.
«Быў жа якісь багаты чалавек, і адзяваўся ў шкарлат а цянюсенькае палатно, і кажны дзень гучна дзедаваў.
Другі-ж быў убогі, на імя Лазар, ды ляжаў ля варот яго ўве́сь у струпох;
І якісь убогі, імям Лазар, ляжаў ля брамы ягонае, увесь у скульлю;
і жадаў насыціцца крошкамі, што па́далі з стала багача, і сабакі, прыходзячы, лізалі струпы яго.
І жадаў есьці крошкі, што валіліся із столу багатыровага; і сабакі, праходзячы, лізалі скульле ягонае.
І ста́лася: убогі памёр і адне́сены быў Ангеламі на лона Аўраа́мава; памёр і багач, і пахавалі яго;
І сталася, што ўбогі памер, і ангілы панесьлі яго на ўлоньне Абрагамова. І багатыр таксама памер, і быў пахаваны.
і ў пе́кле, будучы ў муках, ён, падняўшы вочы свае́, убачыў здалёк Аўраама і Лазара на лоне яго,
І ў пекле, будучы ў муках, узьняўшы вочы свае, бача Абрагама здалеку і Лазара на ўлоньню ягоным.
і, загаласіўшы, сказаў: Аце́ц Аўраам! зьлітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб абмачыў кане́ц пальца свайго ў вадзе́ і асьвяжыў язык мой, бо я мучуся ў полымі гэтым.
І, загаласіўшы, сказаў: "Войча Абрагаме! зжалься над імною і пашлі Лазара, каб занурыў канец палца свайго ў ваду і астудзіў язык мой, бо я мучаюся ў гэтым поламені".
Але Аўраам сказаў: сын! прыпомні, што ў жыцьці тваім ме́ў ты добрае, а Лазар благое; цяпе́р жа ён тут пацяшаецца, а ты це́рпіш вялікія мукі;
Але Абрагам сказаў: "Дзяцё, успомні, што ты супоўна адзяржаў дабро свае за жыцьця свайго, а Лазар таксама ліха; цяпер жа ён цешыцца тут, а ты мучышся.
дый да таго між намі і вамі вялікая прорва, так што, хто хоча перайсьці адгэтуль да вас, ня могуць, таксама і адтуль да нас не пераходзяць.
І апрача ўсяго гэтага, памеж нас і вас устаноўлена вялікае бяздоньне, так што тыя, што хочуць перайсьці адгэтуль да вас, ня могуць, ані адгэнуль да нас не пераходзяць".
Тады сказаў ён: дык прашу цябе́, аце́ц, пашлі яго ў дом айца майго,
І сказаў ён: "Дык я прашу цябе, войча, паслаць яго да дому айца майго;
бо ў мяне́ пяць братоў; няхай ён засьве́дчыць ім, каб і яны ня прыйшлі ў гэтае ме́сца мучэньня.
Бо ў мяне пяцёх братоў, — няхай сьветча ім, каб і яны ня прышлі да гэтага месца мукаў".
Аўраам сказаў яму: у іх ёсьць Майсе́й і прарокі, няхай слухаюць іх.
Але Абрагам кажа яму: "У іх ё Масей а прарокі; няхай слухаюць іх".
Ён жа сказаў: не́, аце́ц Аўраам! Але калі хто з уме́ршых прыйдзе да іх, пакаюцца.
Ён жа сказаў: "Не, войча Абрагаме, але калі б хтось ізь мертвых прышоў да іх, пакаяцца".
Тады Аўраам сказаў яму: калі Майсе́я і прарокаў ня слухаюць, то, калі б хто і з уме́ршых ускрос, не паве́раць.
А ён сказаў яму: "Калі ня слухаюць Масея а прарокаў, то калі б хто і зь мертвых ускрэс, не пераканаюцца".»