Лукаша 12 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Тымчасам сабраліся тысячы народу, ажно ціснулі адзін аднаго, і Ён зачаў гаварыць сьпярша да вучняў Сваіх: сьцеражыцеся перадусім рашчыны фарысэйскай, або крывадушнасьці.
 
Прымеж таго, як зьберліся тысячы груду, ажно ціснулі адны адных, Ён пачаў казаць найперш вучанікам Сваім: «Сьцеражыцеся закісі фарысэйскае, каторая ё двудушнасьць.

Няма нічога тайнага, што ня выявілася-б, і ўкрытага, аб чым не даве́даліся-б;
 
Бо няма нічога закрытага, што не адкрылася б, і тайнага, чаго не даведаліся б.

дык, што вы сказалі ў цемнаце́, тое пачуеце ў сьвятле́; і што гаварылі навуха ў хаце, тое будзе абве́шчана на стрэхах.
 
Затым тое, што вы гукалі ў цямноце, пачуюць у сьвятліні; і што шапталі ў пакоях, будзе агалошана на стрэхах.

Кажу-ж вам, дру́гі маі: ня бойцеся тых, што забіваюць це́ла і пасьля гэтага ня могуць больш нічога зрабіць;
 
«І кажу вам, прыяцелям Сваім: ня бойцеся тых, што забіваюць цела, а потым ня маюць нічога балей зрабіць.

але кажу вам, каго баяцца: бойцеся таго, хто, забіўшы, можа ўкінуць у гее́нну: запраўды, кажу вам, таго бойцеся.
 
Але скажу вам, каго баяцца: бойцеся таго, хто, па забіцьцю, мае ўладу укінуць у пеклу; але, кажу вам, таго бойцеся.

Ці ня пяць малых птушак прадаюцца за два асары? і ніводная з іх не забыта ў Бога.
 
«Ці ня пяць вераб’ёў прадаюць за два пенязі? і ні водзін ізь іх не забыты ў Бога.

А ў вас і валасы на галаве́ ўсе́ палічаны. Дык ня бойцеся: вы даражэй за многіх малых птушак.
 
А нават валасы на галаве вашай усі палічаны. Дык ня бойцеся; вы дарожшыя за шмат вераб’ёў.

Кажу-ж вам: усякага, хто вызнава́ціме Мяне́ перад людзьмі, і Сын Чалаве́чы вызна́е перад Ангеламі Божымі;
 
«Але кажу вам: хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго Сын Людзкі вызнае перад ангіламі Божымі.

а хто адрачэцца ад Мяне́ перад людзьмі, ад таго адракуцца перад Ангеламі Божымі.
 
А хто запрэцца Мяне перад людзьмі, таго адракуцца перад ангіламі Божымі.

І ўсякаму, хто скажа слова на Сына Чалаве́чага, даро́вана будзе, а хто блю́зьніцьме на Сьвятога Духа, таму ня будзе даро́вана.
 
І кажнаму, хто скажа слова на Сына Людзкога, будзе даравана яму, але хто блявузґае на Духа Сьвятога, таму ня будзе даравана.

Калі-ж прывядуць вас у школы, да ўладаў, ня турбуйцеся, як ці што адказваць, ці што гаварыць:
 
«І калі прывядуць вас да бажніцаў а да старцоў а да ўлады, не клапаціцеся як альбо што вам адказаць, альбо што сказаць:

бо Сьвяты Дух навучыць вас у тую гадзіну, што трэба гаварыць.
 
Бо Сьвяты Дух навуча вас тае ж гадзіны, што маеце казаць».

Не́хта з народу сказаў Яму: Вучыцель! скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай.
 
І адзін із груду сказаў Яму: «Вучыцелю, скажы брату майму, каб ён падзяліў з імною спадак».

Ён жа сказаў таму чалаве́ку: хто паставіў Мяне́ судзіць ці дзяліць вас?
 
Але Ён сказаў яму: «Чалавеча, хто прызначыў Мяне за судзьдзю альбо за дзельніка памеж вас?»

Пры гэтым сказаў ім: глядзіце, сьцеражыцеся прагавітасьці на багацьце, бо жыцьцё чалаве́ка не залежыць ад дастаткаў яго, якія ма́е.
 
І сказаў ім: «Глядзіце, сьцеражыцеся гальлівасьці, бо жыцьцё чалавечае не залежа ад дастатку нечага, каторы ён мае».

І сказаў ім прыповесьць: у аднага бага́тага чалаве́ка быў добры ўраджай у полі;
 
І сказаў ім прыпавесьць, кажучы: «Зямля аднаго багатыра дала добры ўрод.

і ён разважаў сам з сабою: што мне́ рабіць? Не́куды мне́ злажыць плады маі?
 
І ён разважаў сам із сабою, кажучы: "Што імне рабіць? бо я ня маю месца, ідзе скласьці плады свае".

І сказаў: вось, што зро́блю: разьбяру гумны мае́ і пабудую большыя, і зьбяру туды ўве́сь хлеб мой і ўсё дабро маё,
 
І сказаў: "Во, што зраблю: разбуру сьвірны свае, і пастанаўлю большыя, і там памяшчу ўрод свой а маемасьць сваю,

і скажу душы маёй: душа! многа дабра́ ляжыць у цябе́ на многія гады́: е́ш, пі, весяліся.
 
І скажу душы сваёй: душа, шмат дабра маеш складзенага на шмат год; супачывай, еж, пі, весяліся".

Але Бог сказаў яму: неразумны! У гэту ноч душу тваю возьмуць у цябе́; каму-ж даста́нецца тое, што ты прыдбаў?
 
Але Бог сказаў яму: "Дурню, гэтае ночы душу тваю вымагуць ад цябе, дык каму дастанецца тое, што ты прыдбаў?".

Так бывае з тым, хто зьбірае скарбы для сябе́, а ня ў Бога багаце́е.
 
Гэтак, хто зьбірае скарбы свае, але не багаты ў Богу».

І сказаў вучням Сваім: дзеля таго кажу вам: ня турбуйцеся дзеля душы вашай, што вам е́сьці, ні дзеля це́ла, у што адзе́цца:
 
І сказаў вучанікам Сваім: «Затым кажу вам: не клапаціцеся праз жыцьцё свае, што будзеце есьці, ані празь цела, у што адзецца.

душа больш за е́жу, і це́ла — за адзе́жу.
 
Жыцьцё большае за ежу, і цела — за адзежу.

Паглядзіце на гругано́ў: яны ня се́юць, ні жнуць; няма у іх сховаў, ні гумнаў, і Бог жывіць іх; наколькі ж вы ле́пшыя за птушак?
 
Паглядзіце на груганы: яны ня сеюць ані жнуць, ня маюць стопак ані сьвірнаў, і Бог жыве іх; колькі ж лепшыя вы за птушкі?

Дый хто з вас, турбуючыся, можа дада́ць сабе́ росту хоць на адзін локаць?
 
І хто з вас, клапоцячыся, можа дадаць росту сабе адзін локаць?

Дык вось, калі і найме́ншага ўчыніць ня можаце, што-ж турбуецеся аб іншае?
 
Дык калі найменшага гэтага ня можаце зрабіць, нашто клапаціцца праз засталае?

Паглядзіце на ліле́і, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць; але кажу вам, што і Салямон у ўсёй свае́й славе не адзяваўся так, як кожная з іх.
 
«Паглядзіце на лілі, як яны растуць: не працуюць ані прадуць; але кажу вам, што Салямон у вусёй славе сваёй не адзяваўся, як адна зь іх.

Калі-ж траву на полі, якая сягоньня ёсьць, а заўтра будзе кінена ў пе́ч, Бог так адзявае, то тым бале́й вас, малаве́ры.
 
Дык калі Бог так адзяець траву, што сядні ё на полю, а заўтра будзе ўкінена ў печ; пагатове вас, малаверныя.

Дык ня шукайце-ж, што́ вам е́сьці, ці што піць, і ня турбуйцеся,
 
«І ня шукайце, што будзеце есьці альбо што піць, і не клапаціцеся,

бо ўсяго гэтага шукаюць людзі гэтага сьве́ту; ваш жа Аце́ц ве́дае, што вам гэтае патрэбна;
 
Бо гэтага ўсяго шукаюць народы гэтага сьвету, а ваш Айцец ведае, чаго вам надабе.

найбале́й шукайце Царства Божага, і тое ўсё дададу́ць вам.
 
Але валей шукайце гаспадарства Божага, а ўсе гэта дадасца вам.

Ня бойся, малое стада; бо Аце́ц ваш упадабаў даць вам Царства.
 
«Ня бойся, чародка! бо падабалася Айцу вашаму даць вам гаспадарства.

Прадава́йце мае́масьці вашыя і давайце міласьцівыя ахвяры. Прыгатоўвайце сабе́ мяшкі нестарэючыя, скарб, што ня ўбывае на нябёсах, куды злодзей не дабіраецца, і дзе́ моль не зьядае.
 
Прадавайце маемасьць сваю і давайце ўбожыны. Гатуйце сабе мяхі нестарэючыя, скарб на нябёсах, каторы ня гіне, ідзе злодзей ня бліжыцца ані моль ня псуець;

Бо дзе́ скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.
 
Бо йдзе скарб вашы, там і сэрца вашае будзе.

Няхай будуць паясьніцы вашыя падпераза́ныя і сьве́тачы запа́леныя;
 
«Няхай сьцёгны вашы будуць падперазаныя і лянпы гаручыя:

і вы падобны да людзе́й, што чакаюць павароту гаспадара свайго з вясе́льля, каб, як прыйдзе ды пастукаецца, ураз адчыніць яму.
 
І вы будзеце падобныя да людзёў, што чакаюць спадара свайго, калі ён зьвернецца зь вясельля, каб, як ён прыйдзе а пастукае, зараз адамкнуць яму.

Шчасьлівыя тыя слугі, якіх гаспадар прыйшоўшы знойдзе на нага́х; запраўды кажу вам: ён падперажэцца і пасадзіць іх і, падыйшоўшы, пачне́ служыць ім.
 
Шчасьлівыя слугі тыя, каторых спадар, прышоўшы, засьпее чукавых; запраўды кажу вам, што ён падпяражацца, і пасадзе іх, і, падходзячы, будзе паслугаваць ім.

І калі прыйдзе ў другую варту і ў трэцюю варту прыйдзе і знойдзе іх так, то шчасьлівыя слугі гэныя!
 
І калі ў другую, і калі ў трэйцюю варту прыйдзе, і засьпее так — шчасьлівыя слугі тыя.

Вы ве́даеце, што, калі-б ве́даў гаспадар дому, у якой гадзіне прыйдзе зло́дзей, то ня спаў бы і не дапусьціў бы падкапацца пад дом яго;
 
«І тое ведайце, што калі б гаспадар дому ведаў, каторае гадзіны прыйдзе злодзей, ён ня спаў бы і не дазволіў бы падкапацца пад дом свой.

будзьце-ж і вы гатовы, бо Сын Чалаве́чы прыйдзе ў гадзіне, аб якой ня думаеце.
 
Затым таксама будзьце гатовы, бо Сын Людзкі прыйдзе тае гадзіны, калі ня думаеце».

Тады сказаў Яму Пётр: Госпадзе! ці да нас гаворыш гэтую прыповесьць, ці да ўсіх?
 
Тады Пётра сказаў Яму: «Спадару, Ты гукаеш прыпавесьць нам, ці таксама ўсім?»

Госпад жа сказаў: каторы ве́рны й разумны эканом, што гаспадар паставіў яго над слугамі сваімі раздава́ць ім у свой час ме́ру хле́ба?
 
І Спадар сказаў: «Дык хто ё тый верны а мудры дамавер, каторага Спадар пастанавіў над чэлядзяй Сваёй, даваць дзель ежы ў пару?

Шчасьлівы той слуга́, якога гаспадар яго, прыйшоўшы, знойдзе, што робіць гэта:
 
Шчасьлівы слуга, каторага спадар ягоны, прышоўшы, засьпее так робячы.

запраўды кажу вам, што над усёй мае́масьцю сваёй паставіць яго.
 
Запраўды кажу вам, што прызнача яго за загадніка над усёй маемасьцяй сваёй.

Калі-ж слуга́ гэты скажа ў сэрцы сваім: ня хутка прыйдзе гаспадар мой; і пачне́ біць слуг ды служа́нак, е́сьці й піць і ўпівацца;
 
Але калі слуга скажа ў сэрцу сваім: "Спадар мой позьніцца прысьці"; і пачнець біць слугаў а служэбкі, і есьці а піць а п’янчыцца,

то прыйдзе гаспадар слугí гэнага ў той дзе́нь, калі ён не чакае, і ў гадзіну, у якой ня думае, і адлучыць яго і ўчыніць яму адзін лёс з няве́рнымі.
 
То прыйдзе спадар слугі таго дня, калі ён не спадзяецца, і гадзіны, што ён ня ведае, і патнець яго, і прызнача яму дзель ізь нявернымі.

Слуга-ж той, які ве́даў волю гаспадара свайго і ня быў гатовы, і не рабіў па волі яго, будзе крэпка біты,
 
Слуга ж тый, што ведаў волю спадара свайго, і не прыгатаваўся ані зрабіў подле волі ягонае, будзе шмат біты.

а каторы ня ве́даў і зрабіў ва́ртае кары, біты будзе ме́ней. І ад кожнага, каму да́дзена многа, многа і вымагацца будзе, і каму многа даручана, з таго больш зы́шчуць.
 
А каторы ня ведаў і зрабіў гожае біцьця, будзе біты мала. Бо каму шмат дана, з таго будзе шмат вымагацца; і каму шмат паручылі, з таго балей спаганяць будуць.

Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю, і я́к хаце́ў бы, каб ён ужо загарэўся!
 
«Агонь прышоў Я пусьціць на зямлю, і як хацеў бы, каб ён ужо загарэўся!

Хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца, і я́к Я тамлюся, пакуль гэтае ня выпаўніцца!
 
Хрыстом Я маю хрысьціцца, і як Я тамуюся, пакуль гэта зьдзеецца!

Ці думаеце вы, што Я прыйшоў даць мір зямлі? Не́, кажу вам, але разьдзяле́ньне.
 
«Ці думаеце, што Я прышоў даць супакой на зямлі? Не, кажу вам, але баржджэй падзел.

Бо адгэтуль пяцёра ў адным доме пачнуць дзяліцца, трое проці двох і двое проці трох;
 
Бо адгэтуль пяцёх у вадным доме будуць падзяліўшыся: тры супроці двух, і два супроці трох.

бацька будзе проці сына, і сын проці бацькі; маці проці дачкí, і дачка́ проці маткі; сьвякроў проці няве́сткі свае́й, і няве́стка проці сьвякрові свае́.
 
Будуць падзяліўшыся: айцец супроці сына, і сын супроці айца; маці супроці дачкі, і дачка супроці маці; сьвякрывя супроці нявесткі, і нявестка супроці сьвякрыві»,

Сказаў жа і народу: калі вы бачыце хмару, падыймаючыся з захаду, ураз кажаце: дождж будзе; і стае́цца гэтак;
 
Сказаў жа й груду: «Як вы бачыце хмару, што падыймаецца із захаду, зараз кажаце: "Будзе лівун"; і дзеецца гэтак.

і калі дзьме́ паўдзённы ве́цер, ка́жаце: сьпе́ка будзе, і стае́цца.
 
І як паўднявы вецер вее, кажаце: "Будзе гарачыня"; і бывае.

Крывадушныя! аблічча зямлі і не́ба распазнаваць уме́еце, я́к жа часу гэтага не пазнаецё?
 
Двудушнікі! від неба й зямлі вы ведаеце як адрозьневаць, але як гэта ё, што ня можаце адрозьневаць гэтага часу?

Чаму-ж і вы па сабе́ самых ня судзіце, што́ мусіць быць?
 
Але і чаму нават па самых сабе ня судзіце, што справядлівае?

Калі ты йдзеш з супраціўнікам сваім да начальства, то па дарозе пастарайся пазбыцца яго, каб ён ня прывёў цябе́ да судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе́ ка́ту, а кат ня ўкінуў бы цябе́ ў вязьніцу;
 
«Як ты йдзеш да старца з праціўнікам сваім, на дарозе пастарайся вывальніцца ад яго, каб ён ня прывёў цябе да судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе паслугачаму, а паслугачы ня ўкінуў цябе ў вязьніцу.

кажу-ж табе́: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасí і апошняга медзяка.
 
Кажу табе: ня выйдзеш стуль, пакуль не заплаціш да апошняга пенязя.