Лукаша 15 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Наблізіліся да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі слухаць Яго.
Падыходзілі ж да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі слухаць Яго.
А фарысэі і кніжнікі наракалі, кажучы: Ён прымае грэшнікаў і есьць зь імі.
І наракалі фарысэі і кніжнікі, кажучы: «Ён прыймае грэшнікаў і есьць разам з імі».
Але Ён сказаў ім наступную прытчу:
Ён жа сказаў ім гэткую прыповесьць, кажучы:
хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну зь іх, не пакіне дзевяноста дзевяцёх ў пустыні і ня пойдзе па прапалую, пакуль ня знойдзе яе?
«Які чалавек з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакідае дзевяноста дзевяць у пустыні і не ідзе па згубленую, пакуль ня знойдзе яе?
А знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасьцю;
І, знайшоўшы, бярэ яе на плечы свае з радасьцю.
і прыйшоўшы дамоў, пакліча сяброў і суседзяў і скажа ім; парадуйцеся са мною, я знайшоў маю прапалую авечку.
І, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: “Цешцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку”.
Маўляю вам, што так на нябёсах болей радасьці будзе за аднаго грэшніка, які каецца, чым за дзевяноста дзевяцёх праведнікаў, якія ня маюць патрэбы ў каяньні.
Кажу вам, што большая радасьць будзе ў небе з аднаго грэшніка, які навяртаецца, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія ня маюць патрэбы ў навяртаньні.
Альбо якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, не запаліць сьвечкі і не пачне месьці пакой і шукаць пільна, пакуль ня знойдзе?
Або якая жанчына, што мае дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, не запальвае сьвечкі і не пачынае месьці дом, і не шукае пільна, пакуль ня знойдзе?
А знайшоўшы, пакліча сябровак і суседак і скажа: парадуйцеся са мною, я знайшла згубленую драхму,
А, знайшоўшы, склікае сябровак і суседак, кажучы: “Цешцеся са мною, бо я знайшла драхму, якую была згубіла”.
Так, кажу вам, бывае радасьць у анёлаў Божых і за аднаго грэшніка, які каецца.
Такая, кажу вам, стаецца радасьць у анёлаў Божых з аднаго грэшніка, які навяртаецца».
Яшчэ сказаў: у аднаго чалавека было два сыны;
Яшчэ сказаў: «У аднаго чалавека былі два сыны.
і сказаў малодшы бацьку: тата! дай мне належную мне долю маёмасьці. І бацька падзяліў ім маёмасьць.
І сказаў малодшы з іх бацьку: “Бацька, дай мне належную частку маёмасьці”. І падзяліў ім маёмасьць.
Праз колькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, пайшоў у далёкі край і там распусьціў маёмасьць сваю, жывучы распусна.
І праз некалькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, выправіўся ў далёкі край, і там змарнаваў маёмасьць сваю, жывучы распусна.
А калі ён пражыў усё, настаў вялікі голад у той краіне, і ён апынуўся ў нястачы;
Калі ж выдаткаваў усё, стаўся вялікі голад у тым краі, і ён пачаў мець нястачу.
і пайшоў, прыстаў да аднаго жыхара той краіны, а той паслаў яго на палі свае пасьвіць сьвіньні;
І, пайшоўшы, прыстаў да аднаго з грамадзянаў таго краю, і той паслаў яго на поле сваё даглядаць сьвіньняў.
і ён рады быў напоўніць чэрава сваё струкамі, якія елі сьвіньні, але ніхто не даваў яму.
І ён жадаў напоўніць жывот свой шалупіньнем, якое елі сьвіньні, і ніхто не даваў яму.
Апамятаўшыся, сказаў: колькі парабкаў у бацькі майго маюць лішкі хлеба, а я паміраю з голаду!
Апамятаўшыся, ён сказаў: “Колькі парабкаў у бацькі майго маюць лішак хлеба, а я паміраю з голаду!
Устану, пайду да бацькі майго і скажу яму: тата! я зграшыў супроць неба і перад табою,
Устаўшы, пайду да бацькі майго і скажу яму: 'Ойча! Я саграшыў супраць неба і перад табою,
і ўжо ня варты называцца сынам тваім; прымі мяне ў лік парабкаў тваіх.
і ўжо ня варты называцца сынам тваім; зрабі мяне адным з парабкаў тваіх'.”
Устаў і пайшоў да бацькі свайго. І калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і ўмілажаліўся; і пабегшы, упаў яму на шыю і пацалаваў яго.
І, устаўшы, прыйшоў да бацькі свайго. Калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зьлітаваўся, і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і цалаваў яго.
А сын сказаў яму: тата! я зграшыў супроць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сынам тваім.
Сын жа сказаў яму: “Ойча! Я саграшыў супраць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сынам тваім”.
А бацька сказаў рабам сваім: прынясеце найлепшую вопратку і апранеце яго, і дайце пярсьцёнак на руку яму і абутак на ногі;
А бацька сказаў слугам сваім: “Прынясіце найлепшыя шаты, і апраніце яго, і дайце пярсьцёнак на руку ягоную і сандалы на ногі.
і прывядзеце ўкормленае цяля і закалеце: будзем есьці і весяліцца,
І прывядзіце кормнае цяля, і закалеце, і, паеўшы, будзем весяліцца.
бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся. І пачалі весяліцца.
Бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца
А старэйшы сын ягоны быў на полі; і вяртаючыся, калі наблізіўся да дома, пачуў сьпевы і весялосьць;
А старэйшы сын ягоны быў у полі. І калі, варочаючыся, падыйшоў да дому, пачуў сьпевы і скокі.
і паклікаўшы аднаго слугу, спытаўся: што гэта такое?
І, паклікаўшы аднаго са слугаў сваіх, спытаўся: “Што гэта адбываецца?”
Той сказаў яму: брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў укормленае цяля, бо прыняў яго здаровага.
Той жа сказаў яму: “Брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў кормнае цяля, бо атрымаў яго здаровым”.
Ён угневаўся і не хацеў увайсьці. А бацька, выйшаўшы, клікаў яго.
Загневаўся ён і не хацеў увайсьці. Тады бацька ягоны, выйшаўшы, клікаў яго.
Але ён сказаў у адказ бацьку: вось, я столькі гадоў служу табе і ніколі не пераступаў загаду твайго, але ты ніколі ня даў мне і казьляняці, каб мне павесяліцца зь сябрамі маімі;
А ён, адказваючы, сказаў бацьку: “Вось, я столькі гадоў служу табе і ніколі не адступіў ад прыказаньня твайго, і ты ніколі ня даў мне і казьляняці, каб мне павесяліцца з сябрамі маімі.
а калі сын твой, вось гэты, распусьціўшы маёмасьць сваю з блудніцамі, прыйшоў, ты закалоў яму ўкормленае цяля.
А калі гэты сын твой, пажоршы маёмасьць тваю з распусьніцамі, прыйшоў, ты закалоў для яго кормнае цяля”.
А ён сказаў яму: сыне мой! ты заўсёды са мною, і ўсё маё ёсьць тваё;
Ён жа сказаў яму: “Дзіця! Ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё.
а з таго трэба было радавацца і весяліцца, што брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся.
А з таго трэба цешыцца і радавацца, што брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся”».