Лукаша 21 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І глянуўшы, Ён убачыў багатых, што клалі дары свае ў скарбонку;
 
Аднойчы Езус, падняўшы вочы свае і бачачы, як багатыя кідалі ахвяры свае ў скарбону,

убачыў таксама і бедную ўдаву, якая паклала туды дзьве лепты,
 
убачыў таксама адну бедную ўдаву, як кідала два дробныя грошыкі,

і сказаў: праўду кажу вам, што гэтая бедная ўдава больш за ўсіх паклала;
 
і сказаў: "Сапраўды кажу вам: Гэтая ўдава ўкінула болей, чым усе іншыя.

бо ўсе тыя ад лішку свайго паклалі Богу, а яна ад нястачы сваёй паклала ўвесь пражытак свой, які мела.
 
Бо ўсе з лішкаў сваіх кідалі ў ахвяру (Богу), а яна з недастатку свайго ўкінула ўсё, што мела на сваё ўтрыманьне".

І калі некаторыя гаварылі пра храм, што ён упрыгожаны дарагімі камянямі і дарамі, Ён сказаў:
 
І калі некаторыя гаварылі пра сьвятыню, што прыгожымі каменьнямі і дарамі аздоблена, Езус сказаў:

прыйдуць дні, у якія з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені; усё будзе разбурана.
 
"Надыйдуць дні, у якія з усяго, што бачыце, не застанецца каменя на камені, каб ня было зруйнавана".

І спыталіся ў Яго: Настаўнік! калі ж гэта будзе? і якая прыкмета, калі адбыцца павінна?
 
Дык спыталіся ў Яго, кажучы: "Вучыцель, калі гэта будзе, і што будзе за знак, калі гэта пачнецца?"

Ён сказаў: сьцеражэцеся, каб вас не ўвялі ў аблуду; бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я; і гэты час блізкі. Не хадзеце сьледам за імі.
 
Езус сказаў: "Глядзіце, каб вас не зьвялі. Бо многа прыйдзе ў Маё імя, кажучы: "Гэта Я" або: "Час надыйшоў", ды не ідзіце за імі.

А як пачуеце пра войны і смуты, не жахайцеся: бо гэта павінна быць раней; але не адразу канец.
 
А калі пачуеце пра войны і замяшаньні, не палохайцеся, бо трэба, каб гэта здарылася перш, але яшчэ ня зараз канец".

Тады сказаў ім: паўстане народ на народ, і царства на царства;
 
Далей казаў ім: "Паўстане народ на народ і каралеўства на каралеўства,

будуць вялікія землятрусы месцамі, і голад і пошасьці, і вусьцішныя зьявішчы і вялікія азнакі зь неба.
 
і будуць вялікія землятрусы, і месцамі пошасьці і голад, і панаваць будуць страхі, ды знакі вялікія будуць на небе.

Але раней за ўсё тое накладуць на вас рукі і будуць гнаць вас, выдаючы ў сынагогі і ў цямніцы, і паставяць перад царамі і правіцелямі за імя Маё,
 
Але перад тым усім наложаць на вас рукі, будуць перасьледаваць і выдаваць у сынагогі і ў вязьніцы, цягаючы да каралёў і намесьнікаў дзеля імя Майго;

а будзе гэта вам на сьведчаньне.
 
а станецца гэта вам дзеля сьведчаньня.

Дык вось, пакладзеце сабе на сэрца не абдумваць наперад, што адказваць;
 
Палажыце тады ў сэрцах вашых ня думаць, як маеце адказваць.

бо Я дам вам вусны і мудрасьць, якой ня здолеюць супярэчыць, ні супрацьстаяць усе, хто супрацівіцца вам.
 
Бо Я дам вам вымову і мудрасьць, каторай ня змогуць запярэчыць усе супраціўнікі вашыя.

Выдадзены таксама будзеце і бацькамі і братамі, і родзічамі і сябрамі, і некаторых з вас заб’юць;
 
А выдаваць вас будуць і бацькі, і браты, і сваякі, і сябры, і заб'юць некаторых з вас,

і будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё;
 
і будуць вас усе ненавідзець дзеля імя Майго.

але і волас з галавы вашай не прападзе.
 
Але нават волас з галавы вашай не прападзе.

Цярпеньнем вашым ратуйце душы вашыя.
 
Цярплівасьцяй вашай здабудзеце душы вашыя.

Калі ж убачыце Ерусалім, абложаны войскам, тады ведайце, што наблізіўся заняпад яго:
 
Калі вось убачыце Ерузалім войскам акружаны, тады ведайце, што прыблізілася спусташэньне ягонае.

тады ўсе, хто ў Юдэі, хай уцякаюць у горы; і хто ў горадзе, выходзь зь яго; і хто ў навакольлі, не ўваходзь у яго,
 
Тады тыя, што ў Юдэі, хай уцякаюць у горы, і каторыя ў горадзе, хай выходзяць (з яго), а тыя, што ў ваколіцы, хай не ўваходзяць у яго.

бо гэта дні помсты, хай збудзецца ўсё напісанае.
 
Бо гэта дні помсты, каб збылося ўсё, што напісана.

Ды гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні; бо вялікая будзе нягода на зямлі і гнеў на народ гэты:
 
Гора ж цяжарным і кормячым у тыя дні! Бо будзе прыгнёт вялікі на зямлі і гнеў над гэтым народам,

і палягуць ад вострага меча, і павядуцца ў палон ва ўсе народы; і Ерусалім будзе таптаны язычнікамі, дакуль ня скончацца часы язычнікаў.
 
і будуць падаць ад вострага мяча, і пагоняць іх у няволю да ўсіх народаў, і Ерузалім будзе таптаны паганамі, аж пакуль ня выпаўняцца часы народаў.

І будуць азнакі ў сонцы і ў месяцы і ў зорках, а на зямлі заняпад духу народаў і недаўмёнасьць; і мора зашуміць і забушуе;
 
І будуць знакі на сонцы, і на месяцы, і на зорках, ды на зямлі прыгнёт народаў ад разрухаў, як зараве і забушуе мора.

людзі будуць здыхаць ад страху і чаканьня нягодаў, што пойдуць на сьвет, бо сілы нябесныя пахіснуцца.
 
Людзі будуць пруцянець ад страху і чаканьня тых падзей, якія нахлынуць на ўвесь сьвет, бо магуцьці нябесныя захістаюцца.

І тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках у сіле і славе вялікай.
 
І тады ўбачаць Сына Чалавечага, прыходзячага ў воблаку з уладай і славай вялікай.

А калі пачне гэта збывацца, тады схілецеся і падымеце галовы вашыя, бо набліжацьмецца збавеньне вашае.
 
А калі гэта дзеяцца пачне, углядайцеся і падымайце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленьне вашае".

І сказаў ім прытчу: паглядзеце на смакоўніцу і на ўсе дрэвы:
 
І сказаў ім прыповесьць: "Паглядзіце на дрэва фіговае ды на ўсе дрэвы.

калі яны ўжо распускаюцца, дык, бачачы гэта, ведаеце самі, што ўжо блізка лета.
 
Калі яны ўжо пускаюць лісты, ведаеце, што ўжо блізка лета.

Так, і калі вы ўбачыце, што тое збываецца, ведайце, што блізка Царства Божае.
 
Так і вы, як убачыце, што ўсё гэта дзеецца, ведайце, што ўжо блізка Каралеўства Божае.

Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як ўсё тое будзе:
 
Сапраўды кажу вам: Не праміне пакаленьне гэтае, як усё гэта споўніцца.

неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць.
 
Неба і зямля праміне, але словы Мае не прамінуць.

Глядзеце ж за сабою, каб сэрцы вашыя не абцяжарваліся абжорствам і п’янствам і клопатам будным, і каб дзень той не застаў вас зьнянацку:
 
Сьцеражыцеся, каб часам не абцяжарылі сэрцы вашыя абжорствам і п'янствам, ды клопатамі гэтага жыцьця, і каб дзень гэты не прыйшоў на вас зьнянацку.

бо ён, як сетка, накрые ўсіх, хто жыве па ўсім улоньні зямным;
 
Бо ён як сетка спадзе на ўсіх, што жывуць на абліччы ўсёй зямлі.

дык вось, чувайце ва ўсякі час і малецеся, і хай спадобіцеся ўнікнуць усіх гэтых будучых нягодаў і паўстаць перад Сынам Чалавечым.
 
Дык чувайце, молячыся ўвесь час, каб былі вартымі ўсьцерагчыся ўсяго гэтага, што мае прыйсьці, ды каб маглі стануць перад Сынам Чалавечым".

Удзень Ён вучыў у храме; а ночы, выходзячы, праводзіў на гары, называнай Аліўнай.
 
І навучаў днямі ў сьвятыні, а нанач выходзіў і прабываў на гары, каторую называюць Аліўнай.

І ўвесь люд з раніцы прыходзіў да Яго ў храм слухаць Яго.
 
І ўвесь народ ад раніцы зьбіраўся ў сьвятыню, каб слухаць Яго.