Лукаша 15 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 1999
І набліжаліся да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі слухаць Яго.
Прыходзілі да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі слухаць Яго.
І наракалі хварысэі і кніжнікі, кажучы: Ён прыймае грэшнікаў і есьць разам зь імі.
І наракалі фарысэі і кніжнікі, кажучы: "Ён прыймае грэшнікаў і есьць з імі".
Але (Ён) сказаў ім (вось) гэткую прыповесьць, кажучы:
Сказаў ім тады Езус гэткую прыповесьць:
які сярод вас чалавек, маючы сто авечак і згубіўшы адну зь іх, ня пакідае дзявяноста дзевяці ў пустэльні і ня йдзе за згубленай, пакуль ня знойдзе яе?
"Ці ёсьць між вамі нехта, хто мае сто авец, і калі б згубіў адну з іх, ці не пакіне дзевяноста дзевяць у пустыні і ці не ідзе за тою, што згублена, пакуль яе ня знойдзе?
І, знайшоўшы, бярэ на плечы свае, радуючыся.
І калі яе знойдзе, кладзе сабе на плечы і цешыцца.
І, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: парадуйцеся са мною, бо (я) знайшоў маю згубленую авечку.
І, вярнуўшыся дамоў, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: "Цешцеся разам са мной, бо я адшукаў авечку маю, якая была згубіўшыся".
Кажу вам, што гэтак радасьць будзе на Небе большая за аднаго грэшніка, які каецца, чым за дзявяноста дзевяць праведнікаў, якія ня маюць патрэбы ў пакаяньні.
Кажу вам, што большая будзе радасьць у небе з аднаго грэшніка, які навяртаецца, чым з дзевяноста дзевяці справядлівых, не патрабуючых навярненьня.
Альбо якая жанчына, якая мае дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, і ці ня запальвае сьвечку і ня мяце ў хаце, і шукае старанна да таго часу, пакуль ня знойдзе?
Або якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, ці ня паліць сьвечкі і ці не мяце падлогі ды не шукае рупліва, аж пакуль ня знойдзе?
І, знайшоўшы, (яна) склікае сябровак і суседак, кажучы: парадуйцеся са мною, бо я знайшла драхму, якую (была) згубіла.
А калі знойдзе, склікае сябровак і суседак, кажучы ім: "Цешцеся са мною, бо я знайшла драхму, якую была згубіўшы".
Кажу вам: гэтак бывае радасьць у Ангелаў Бога (і) за аднаго грэшніка, які каецца.
Так кажу вам: Будзе радасьць сярод анёлаў Божых дзеля аднаго грэшніка, каторы навяртаецца.
І (Ён) сказаў: адзін чалавек меў двух сыноў.
І казаў далей: "Адзін чалавек меў двух сыноў.
І сказаў малодшы зь іх бацьку: бацька! дай мне належную (мне) частку маёмасьці. І (бацька) падзяліў ім маёмасьць.
І маладзейшы з іх сказаў бацьку: "Айцец, дай мне частку маёмасьці, што мне належыцца". І (бацька) разьдзяліў паміж іх маёмасьць.
І праз некалькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, пайшоў у далёкую старану і там змарнаваў маёмасьць сваю, жывучы распусна.
Небавам маладзейшы сын, забраўшы ўсё сваё, выбраўся ў далёкую краіну і пралайдачыў там сваю маёмасьць, жывучы распусна.
Калі ж ён патраціў усё, настаў вялікі голад у гэнай старане, і ён пачаў цярпець галоту;
І калі змарнаваў усё, настаў вялікі голад у той старане, ды і сам ён пачаў галадаць.
і, пайшоўшы, прыстаў да аднаго з жыхароў той краіны, а той паслаў яго на свае палі пасьвіць сьвіньняў;
Дык пайшоў і прыстаў да аднаго жыхара тае краіны, і той паслаў яго ў сваё паселішча пасьвіць сьвіні.
і ён жадаў напоўніць страўнік свой ражкамі, якія елі сьвіньні, але ніхто ня даваў яму.
І ён рады быў напоўніць жывот свой стручкамі, якія елі сьвіні, але ніхто яму не даваў.
І, апамятаўшыся, (ён) сказаў: колькі наймітаў у бацькі майго маюць хлеба ўдосталь, а я гіну з голаду;
Разважыўшы гэта, сказаў: "Колькі парабкаў у бацькі майго ўдосталь маюць хлеба, а я тут з голаду паміраю.
устану, пайду да бацькі майго і скажу яму: тата, я саграшыў супраць Неба і перад табою,
Устану і вярнуся да бацькі майго ды скажу яму: "Айцец, саграшыў я перад небам і перад табой,
і ўжо я ня варты называцца сынам тваім; прыймі мяне, як аднаго з наймітаў тваіх.
і ўжо ня варты называцца тваім сынам; вазьмі мяне адным з парабкаў сваіх".
І, устаўшы, пайшоў да бацькі свайго. І калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго ба́цька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся яму на шыю і пацалаваў яго.
І, устаўшы, пайшоў да бацькі свайго. А калі ён быў яшчэ далёка, бацька ягоны ўбачыў яго, і зьлітаваўся, і, пераняўшы яго, кінуўся яму на шыю, і цалаваў яго.
Сын жа сказаў яму: тата! я саграшыў супраць Неба і перад табою і ўжо ня варты называцца сынам тваім.
Сын жа сказаў яму: "Айцец, я саграшыў перад небам і перад табой; і ўжо ня варты называцца сынам тваім".
А бацька сказаў рабам сваім: прынясіце найлепшую вопратку і апраніце яго, і дайце персьцень на руку ягоную і абутак на ногі;
А бацька загадаў слугам сваім: "Хутка прынясіце найлепшую адзежу і адзеньце яго, і дайце яму такжа персьцень на палец яго і сандалы яму на ногі,
і, прывёўшы, укормленае цяля зарэжце; і, паеўшы, будзем весяліцца,
і выбярыце кормнае цялё і забіце. Будзем есьці і весяліцца,
бо гэты мой сын быў мёртвы і ажыў, і быў згублены і знайшоўся. І пача́лі весяліцца.
бо сын мой гэты быў памёршы і аджыў, быў прапаўшы і знайшоўся". І пачалі весяліцца.
А старэйшы ягоны сын быў у полі; і калі, вяртаючыся, падыйшоў да дому, пачуў сьпевы і скокі.
А старэйшы сын яго быў на полі і, калі вяртаўся і падыйшоў пад дом, пачуў музыку і скокі.
І, паклікаўшы аднаго са слугаў сваіх, пытаўся: што тут робіцца?
І паклікаў аднаго слугу ды спытаўся, што гэта здарылася.
Той жа сказаў яму: брат твой вярнуўся, і бацька твой зарэзаў укормленае цяля, бо прыняў яго здаровым.
А той кажа яму: "Брат твой вярнуўся, дык бацька твой забіў кормнае цялё, бо вярнуўся ён здаровы".
І (ён) узлаваўся, і ня хацеў увайсьці. Бацька ж ягоны, выйшаўшы, угаворваў яго.
Абурыўся ён тады і не хацеў заходзіць. А бацька яго выйшаў і пачаў яго ўпрашаць.
Ён жа, адказаўшы, сказаў бацьку: вось (я) столькі гадоў служу табе і ніколі загадам тваім ня грэбаваў, а ты мне ніколі ня даў казляняці, каб мне з сябрамі маімі павесяліцца.
А ён у адказ сказаў бацьку свайму: "Я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, а ты мне ніколі ня даў казьляці, каб я пабаляваў з сябрамі сваімі.
А калі гэты твой сын, які змарнатравіў тваю маёмасьць з блудадзейкамі, вярнуўся, (ты) зарэзаў яму ўкормленае цялё.
А як паявіўся гэты сын твой, што пралайдачыў з распусьніцамі сваю маёмасьць, дык забіў ты яму тлустае цялё".
Ён жа сказаў яму: сынок! ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё;
Бацька сказаў яму: "Сыне, ты заўсёды са мной, і ўсё, што маё — тваё.
а ўзрадавацца і ўзьвесяліцца трэба было, таму што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся.
Трэба ж аднак радавацца і банкетаваць, бо брат твой быў памёршы і аджыў, быў прапаўшы і знайшоўся".