Лукаша 17 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Сказаў Ісус таксама вучням Сваім: немагчыма ня прыйсьці звадам, але гора таму, праз каго яны прыходзяць:
Сказаў жа Ён вучням Сваім: немагчы́ма, каб не прыйшлí спаку́сы, але гора таму, праз каго яны прыхо́дзяць;
лепш было б яму, калі б мельны жарон павесілі яму на шыю і кінулі яго ў мора, чым калі б ён спакусіў аднаго з малых гэтых.
лепш было б яму́, калі б жаро́н млынавы́ павесілі на шы́ю яму́ ды ўкíнулі ў мора, чым каб ён спакусíў аднаго з малы́х гэтых.
Глядзеце на сябе. Калі ж згрэшыць супроць цябе брат твой, ушчуй яго, і калі пакаецца, даруй яму.
Будзьце ўва́жлівымі да сябе. Калі саграшы́ць су́праць цябе брат твой, вы́гавары яму, і калі пака́ецца, дару́й яму;
і калі сем разоў на дзень згрэшыць супроць цябе і сем разоў на дзень навернецца, і скажа: каюся, — даруй яму.
і калі сем разоў на дзень саграшы́ць су́праць цябе, і сем разоў на дзень зве́рнецца, ка́жучы: ка́юся, — дару́й яму.
І сказалі апосталы Госпаду: памнож у нас веру.
І сказалі Апосталы Госпаду: прымно́ж нам веру.
Гасподзь сказаў: калі б вы мелі веру зь зерне гарчычнае і сказалі смакоўніцы гэтай: вырвіся і перасадзіся ў мора, — дык яна паслухалася б вас.
Гасподзь жа сказаў: калі б вы ме́лі веру з гарчы́чнае зе́рне і сказалі шаўко́ўніцы гэтай: вы́рвіся з ко́ранем і перасадзíся ў мора, — і яна паслу́халася б вас.
Хто з вас, маючы раба, які арэ альбо пасьвіць, калі вернецца ён з поля, скажа яму: хадзі хутчэй, сядай за стол?
Хто з вас, ма́ючы раба́, які арэ́ ці пасе́, пасля вярта́ння яго з поля, скажа яму: адразу ж ідзі за стол?
Наадварот, ці ня скажа яму: прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, служы мне, пакуль буду есьці і піць, і потым еж і пі сам?
А хіба́ не скажа яму: прыгату́й мне павячэ́раць і, падпераза́ўшыся, служы́ мне, паку́ль буду есці і піць, а потым еж і пі сам?
Ці будзе ён дзякаваць рабу гэтаму за тое, што ён выканаў загад? ня думаю.
Ці падзякуе ён рабу гэтаму, што зрабіў зага́данае? Не думаю.
Гэтак сама і вы, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажэце: мы рабы нічога ня вартыя, бо зрабілі, што павінны былі зрабіць.
Так і вы, калі зробіце ўсё зага́данае вам, кажыце: мы нічога не ва́ртыя рабы, бо зрабілі тое, што павінны зрабіць.
Ідучы ў Ерусалім, Ён праходзіў паміж Самарыяй і Галілеяю.
І ста́лася: ідучы́ ў Іерусалім, Ён прахо́дзіў паміж Самары́яй і Галіле́яй.
І калі ўваходзіў Ён у адно селішча, сустрэлі Яго дзесяць чалавек пракажоных, якія спыніліся зводдаль,
І калі ўваходзіў Ён у нейкае паселішча, сустрэлі Яго дзесяць чалавек пракажоных, якія спыніліся воддаль;
і моцным голасам казалі: Ісусе Настаўнік, памілуй нас.
і яны голасна казалі: Іісусе Настаўнік, памілуй нас.
Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: ідзеце, пакажэцеся сьвятарам. І пакуль яны ішлі, ачысьціліся.
І, убачыўшы, Ён сказаў ім: ідзіце, пакажыцеся святарам. І сталася: калі яны ішлі — ачы́сціліся.
А адзін зь іх, бачачы, што ацалёны, вярнуўся, моцным голасам услаўляючы Бога,
Адзін жа з іх, убачыўшы, што ацаліўся, вярнуўся, голасна славячы Бога,
і ўпаў ніцма да ног Ягоных, дзякуючы Яму; і гэта быў Самаранін.
і ўпаў ніц да ног Яго, дзякуючы Яму, і гэта быў Самаранíн.
Тады Ісус сказаў: ці ня дзесяць ачысьціліся? дзе ж дзевяць?
І ў адказ Іісус сказаў: ці не дзесяць ачысціліся? а дзе ж дзевяць?
як яны не вярнуліся ўзьнесьці славу Богу, апрача гэтага іншапляменца?
хіба́ не знайшлося з іх нікога, хто б вярнуўся аддаць хвалу Богу, акрамя гэтага іншародца?
І сказаў яму: устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе.
І сказаў яму: устань і ідзі, вера твая ўратавала цябе.
А як спыталіся ў Яго фарысэі, калі прыйдзе Царства Божае, адказваў ім: ня прыйдзе Царства Божае ўвачавідкі,
А як спыталіся фарысеі, калі пры́йдзе Царства Божае, Ён, адка́зваючы ім, сказаў: не пры́йдзе Царства Божае прыкме́тна,
і ня скажуць: вось, яно тут, альбо: вось, там. Бо вось, Царства Божае ўнутры ў вас ёсьць.
і не скажуць: «вось, яно тут», ці: «вось, там». Бо вось, Царства Божае ўнутры́ вас.
Сказаў таксама вучням: прыйдуць дні, калі захочаце бачыць хоць адзін зь дзён Сына Чалавечага, і ня ўбачыце;
Сказаў жа вучням Сваім: пры́йдуць дні, калі пажада́еце ўба́чыць хоць бы адзін з дзён Сына Чалавечага, і не ўбачыце;
і скажуць вам: вось, тут, альбо: вось, там, — ня ідзеце і ня гневайцеся:
і скажуць вам: «вось, тут», ці: «вось, там», — не выходзьце і не ганяйцеся;
бо як маланка, што бліснула з аднаго краю неба, бліскае да другога краю неба, так будзе Сын Чалавечы ў дзень Свой.
бо як маланка, блíскаючы, ад аднаго краю нябёс да другога свеціць, так будзе Сын Чалавечы ў дзень Свой.
Але сьпярша належыць Яму шмат адпакутаваць і быць адкінутым родам гэтым.
Але перш нале́жыць Яму многа адпаку́таваць і быць адры́нутым родам гэтым.
І як было ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына Чалавечага:
І як было́ ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сы́на Чалавечага:
елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж, да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг, і прыйшоў патоп і зьнішчыў усіх.
елі, пілí, жаніліся, выхо́дзілі за́муж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг; і прыйшоў патоп і вы́нішчыў усіх.
Гэтак сама было і ў дні Лота: елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі;
Таксама, як было і ў дні Лота: елі, пілí, купля́лі, прадава́лі, садзíлі, будава́лі;
але ў дзень, калі Лот выйшаў з Садомы, праліўся зь неба дождж агнявы і серны і вынішчыў усіх:
а ў той дзень, калі вы́йшаў Лот з Садо́ма, пралілíся дажджом з неба агонь і се́ра і вы́нішчылі ўсіх;
так будзе і ў той дзень, калі Сын Чалавечы адкрыецца.
так будзе і ў той дзень, калі Сын Чалавечы я́віцца.
У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы ягоныя ў доме, той ня сыходзь узяць іх; і хто будзе на полі, таксама не вяртайся назад;
У той дзень хто будзе на да́ху, а рэ́чы яго ў доме, няхай не сыхо́дзіць узяць іх; і хто будзе на полі, таксама няхай не вярта́ецца назад.
успамінайце жонку Лотаву.
Па́мятайце пра жонку Лотаву.
Хто будзе ашчаджаць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць яе, той ажывіць яе.
Хто будзе старацца ўратава́ць душу́ сваю, той загу́біць яе, а хто загу́біць яе, той ажы́віць яе.
Маўляю вам: у тую ноч будуць двое на адной пасьцелі: адзін возьмецца, а другі пакінецца;
Кажу вам: у тую ноч будуць двое на адной пасцелі: адзін будзе ўзя́ты, а другі пакíнуты;
дзьве будуць малоць разам: адна возьмецца, а другая пакінецца:
будуць дзве разам малоць: адна будзе ўзя́та, а другая пакíнута;
двое будуць на полі: адзін возьмецца, а другі пакінецца.
двое будуць на полі: адзін будзе ўзя́ты, а другі пакíнуты.
На гэта сказалі Яму: дзе, Госпадзе? А Ён сказаў ім: дзе труп, там зьбяруцца і арлы.
І ў адказ сказалі яму: дзе, Госпадзí Ён жа сказаў ім: дзе це́ла, там збяру́цца і арлы.