Лукаша 9 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Праваслаўнай Царквы
І склікаўшы дванаццаць, даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі, і лекаваць ад хваробаў,
Склíкаўшы ж дванаццаць, Ён даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі, і ацаля́ць ад хвароб;
і паслаў іх зьвеставаць Царства Божае і ацаляць хворых
і паслаў іх прапаведаваць Царства Божае і ацаля́ць хворых.
і сказаў ім: нічога не бярэце ў дарогу: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, і ня майце па дзьве вопраткі;
І сказаў ім: нічога не бяры́це ў дарогу: ні посаха, ні торбы, ні хле́ба, ні срэ́бра, і не ма́йце па дзве во́праткі;
і ў які дом увойдзеце, там заставайцеся і адтуль выпраўляйцеся ў дарогу;
і ў які дом уво́йдзеце, там застава́йцеся і адтуль выпраўля́йцеся дале́й;
а калі дзе ня прымуць вас, дык, выходзячы з горада таго, абцярушэце і пыл з вашых ног у сьведчаньне на іх.
а калі хто не пры́ме вас, то, выходзячы з горада таго, абтрасíце пыл з ног вашых у све́дчанне на іх.
Яны пайшлі і праходзілі селішчамі, зьвястуючы і ацаляючы ўсюды.
І, пайшоўшы, яны праходзілі па се́лішчах, дабраве́сцячы і ацаля́ючы ўсюды.
Дачуўся Ірад тэтрарх пра ўсё, што рабіў Ісус, і зьдзіўляўся: бо адны казалі, што гэта Ян паўстаў зь мёртвых;
І пачуў Ірад тэтра́рх пра ўсё, што рабіў Іісус, і недаўмява́ў, бо некаторыя казалі, што Іаан паўстаў з мёртвых,
другія — што Ільля зьявіўся; а тыя, што адзін з старавечных прарокаў уваскрэс.
а некаторыя, што Іса́ія явіўся, а іншыя, што адзін са старажытных прарокаў уваскрэс.
І сказаў Ірад: Яну я адцяў галаву; а хто Гэты, пра Якога я чую такое? І стараўся ўбачыць Яго.
І сказаў Ірад: Іаану я адсе́к галаву; хто ж Гэты, пра Каго я чую такое? І імкну́ўся ўбачыць Яго.
Апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму, што яны зрабілі; і Ён, узяўшы іх з Сабою, адасобіўся ў пустэльнай мясьціне, непадалёк ад горада, называнага Бэтсаідаю.
І, вярну́ўшыся, апосталы расказа́лі Яму, што́ зрабілі; і ўзяўшы іх, пайшоў асобна ў пустэ́льнае ме́сца каля горада, які называ́ўся Віфсаíда.
Але людзі, даведаўшыся, пайшлі за Ім: і Ён, прыняўшы іх, гутарыў зь імі пра Царства Божае і ацаляў тых, каму было патрэбнае ацаленьне.
Але людзі, даве́даўшыся, пайшлі за Ім; і Ён, прыня́ўшы іх, гаварыў ім пра Царства Божае, і тых, хто меў патрэ́бу ў ацале́нні, ацаля́ў.
А дзень пачаў хіліцца да вечара. І прыступіўшы да Яго, дванаццаць казалі Яму: адпусьці людзей, каб яны пайшлі ў навакольныя селішчы і вёскі начаваць і дасталі ежы; бо што мы тут у пустэльнай мясьціне.
Дзень жа пачаў хілíцца да вечара. І, падышоўшы, дванаццаць сказалі Яму: адпусці людзей, каб пайшлі ў навако́льныя се́лішчы і вёскі і знайшлі прыту́лак і ежу, бо мы тут у пустэ́льным ме́сцы.
Але Ён сказаў ім: вы дайце ім есьці. Яны сказалі: у нас няма больш за пяць хлябоў і дзьве рыбіны; хіба што, нам трэба пайсьці купіць ежы на ўвесь гэты люд.
Але Ён сказаў ім: вы ім дайце есці. Яны ж сказалі: няма ў нас больш нічога, акрамя́ пяці хлябо́ў і дзвюх ры́бін, хіба́ што пайсці нам купíць ежы для ўсіх гэтых людзей.
Бо іх было каля пяці тысяч чалавек. Але Ён сказаў вучням Сваім: пасадзеце іх радамі па пяцьдзясят.
Бо іх было каля пяці тысяч мужчын. Але Ён сказаў вучням Сваім: рассадзíце іх групамі па пяцьдзесят.
І зрабілі так, і пасадзілі ўсіх.
І зрабілі так, і рассадзíлі ўсіх.
А Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбіны і паглядзеўшы на неба, дабраславіў іх, пераламаў і даў вучням, каб раздаць людзям.
Ён жа, узяўшы пяць хлябо́ў і дзве ры́біны, і ўзвёўшы вочы на неба, благаславíў іх і пераламíў, і даваў вучням, каб разне́слі народу.
І елі і наеліся ўсе: і рэшты кавалкаў набралася ў іх дванаццаць кашоў.
І елі, і насы́ціліся ўсе; і сабра́на было ў іх рэ́шты кава́лкаў дванаццаць кашоў.
Аднаго разу, калі Ён маліўся ў адасобленым месцы, вучні былі зь Ім, Ён спытаўся ў іх: за каго ўважаюць Мяне людзі?
І ста́лася: калі Ён маліўся ў адзіно́це, з Ім былí вучні, і Ён спытаўся ў іх: за каго Мяне прыма́е народ?
Яны сказалі ў адказ, за Яна Хрысьціцеля, а некаторыя — за Ільлю: а іншыя кажуць, што адзін з старавечных прарокаў уваскрэс.
Яны ж сказалі ў адказ: за Іаана Хрысцíцеля, іншыя ж за Ілію́, а іншыя кажуць, што нехта са старажы́тных прарокаў уваскрэ́с.
А Ён спытаўся ў іх: а вы за каго ўважаеце Мяне? Адказаў Пётр: за Хрыста Божага.
Ён жа сказаў ім: а вы за каго прыма́еце Мяне? І ў адказ Пётр сказаў: за Хрыста Божага.
Але Ён строга загадаў ім нікому не казаць пра гэта,
Але Ён, забараня́ючы ім, загадаў нікому не казаць пра гэта,
сказаўшы, што Сын Чалавечы мае шмат адпакутаваць, і быць адкінутым старэйшынамі, першасьвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэйці дзень уваскрэснуць.
сказаўшы, што Сыну Чалавечаму нале́жыць многа адпаку́таваць, і быць адры́нутым старэйшынамі, і першасвятара́мі, і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэ́снуць.
А да ўсіх прамовіў: калі хто хоча ісьці за Мною, адрачыся ад сябе і вазьмі крыж свой і ідзі за Мною;
А да ўсіх казаў: хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэ́цца ад сябе і во́зьме крыж свой штодня́ і ідзе ўслед за Мною.
бо, хто хоча душу сваю захаваць, той страціць яе: а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той захавае яе,
Бо хто хоча душу́ сваю ўратава́ць, той загу́біць яе; а хто загу́біць душу́ сваю дзе́ля Мяне, той урату́е яе.
бо што карысьці чалавеку здабыць увесь сьвет, а сябе самога загубіць, альбо пашкодзіць сабе?
Бо якую карысць ма́е чалавек, здабы́ўшы ўвесь свет, а сябе загубíўшы ці сабе пашко́дзіўшы?
бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй і Айцовай і сьвятых анёлаў.
Бо хто пасаро́меецца Мяне і Маіх слоў, таго Сын Чалавечы пасаро́меецца, калі пры́йдзе ў славе Сваёй і Айца, і святых Ангелаў.
Кажу бо вам па праўдзе: ёсьць сярод тых, што стаяць тут, такія, якія ня зьведаюць сьмерці, а ўжо ўгледзяць Царства Божае.
Кажу вам па праўдзе: ёсць сярод тых, што стаяць тут, некато́рыя, якія не зазна́юць смерці, пакуль не ўбачаць Царства Божага.
Пасьля гэтых словаў, дзён праз восем, узяўшы Пятра, Яна і Якава, узыйшоў Ён на гару памаліцца.
І ста́лася пасля гэтых слоў дзён праз восем: узяўшы Пятра, Іаана і Іакава, узышоў Ён на гару памаліцца.
І калі маліўся, выгляд аблічча ў Яго зьмяніўся, і вопратка ў Яго зрабілася белая, бліскучая.
І калі маліўся, выгляд твару Яго стаў іншым, і ўбра́нне Яго стала белым і зіхатлíвым.
І вось, два мужы гутарылі зь Ім, якія былі Майсей і Ільля:
І вось, два мужы́ размаўлялі з Ім, гэта былí Маісей і Ілія́;
зьявіўшыся ў славе, яны казалі абодва пра зыход Ягоны, які яму належала зьдзейсьніць у Ерусаліме.
явíўшыся ў сла́ве, яны гаварылі пра адыход Яго, які Ён меў здзе́йсніць у Іерусаліме.
Пётр і астатнія зь ім змораныя былі сном: але прачнуўшыся, угледзелі славу Ягоную, і двух мужоў, што стаялі зь Ім.
А Пятра і тых, што былí з ім, змары́ў сон; прабудзíўшыся ж, яны ўбачылі сла́ву Яго, і двух мужоў, што стаялі з Ім.
І калі яны адыходзілі ад Яго, сказаў Пётр Ісусу: Настаўнік! добра нам тут быць: зробім тры палаткі, адну Табе, адну Майсею і адну Ільлю, — ня ведаючы, што казаў.
І ста́лася: калі яны адыхо́дзілі ад Яго, сказаў Пётр да Іісуса: Настаўнік! добра нам тут быць; і зробім тры шатры́: адзін Табе, і адзін Маісею, і адзін Іліí, — не ве́даючы, што́ кажа.
Калі ж ён казаў гэта, наплыло воблака і асланіла іх; і спалохаліся яны, калі ўвайшлі ў воблака.
Калі ж ён гаварыў гэта, узнíкла во́блака і ахіну́ла іх; і яны спало́халіся, калі ўвайшлí ў во́блака.
І быў з воблака голас, які мовіў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны; Яго слухайце.
І быў з во́блака голас, які гаварыў: гэта Сын Мой Узлю́блены; Яго слу́хайце.
Калі быў гэты голас, застаўся Ісус адзін. І яны змоўчалі і нікому не казалі ў тыя дні пра тое, што бачылі.
І калі быў голас гэты, апыну́ўся Іісус адзін. І яны маўчалі, і нікому не расказа́лі ў тыя дні нічога з таго, што бачылі.
А на другі дзень, калі яны сыйшлі з гары, сустрэла Яго шмат людзей.
І ста́лася на другі дзень: калі яны сышлí з гары́, сустрэла Яго мноства народу.
Раптам нехта зь людзей усклікнуў: Настаўнік! малю Цябе зірнуць на сына майго, ён адзін у мяне:
І вось, нейкі чалавек з натоўпу ўскры́кнуў, гаворачы: Настаўнік! малю́ Цябе, узгля́нь на сына майго; бо ён адзіны ў мяне;
яго вярэдзіць дух, і ён раптам ускрыквае, і курчыць яго, так што пускае пену; і ледзьве адступае ад яго, змучыўшы яго;
і вось, дух хапа́е яго, і ён раптам ускры́квае, і ку́рчыць яго, так што ён пену пуска́е; і ледзь адступа́е ад яго, зму́чыўшы яго;
я прасіў вучняў Тваіх выгнаць яго, і яны не маглі.
я прасіў вучняў Тваіх, каб вы́гналі яго, і яны не змаглí.
А Ісус адказваючы, сказаў: о род няверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? прывядзі сюды сына твайго.
Іісус жа сказаў у адказ: о, ро́дзе бязве́рны і разбэ́шчаны! даку́ль буду з вамі і буду цярпець вас? прывядзі сюды сы́на свайго.
І калі той яшчэ ішоў, дэман кінуў яго на зямлю і пачаў калаціць; але Ісус загразіў нячыстаму духу, і ацаліў падлетка, і аддаў яго бацьку ягонаму.
І калі той яшчэ падыходзіў, кінуў яго дэман і ску́рчыў. Але Іісус забараніў духу нячыстаму, і ацалíў хло́пца, і аддаў яго ба́цьку яго.
І ўсе зьдзіўляліся зь велічы Божай. А калі ўсе зьдзіўляліся з усяго, што гаварыў Ісус, Ён сказаў вучням Сваім:
І ўсе дзівíліся ве́лічы Божай. Калі ўсе здзіўля́ліся ўсяму, што рабіў Іісус, Ён сказаў вучням Сваім:
пакладзеце вы сабе ў вушы словы гэтыя: Сын Чалавечы будзе аддадзены ў рукі чалавечыя.
укладзíце вы ў вушы свае словы гэтыя: Сын Чалавечы адда́дзены будзе ў ру́кі чалавечыя.
Але яны не зразумелі слова гэтага, і яно было замкнута ад іх, так што яны ня ўцямілі яго; а спытацца ў Яго пра гэтае слова баяліся.
Яны ж не разумелі сло́ва гэтага, і было́ яно скры́та ад іх, так што яны не спасцíглі яго; і баяліся яны спытацца ў Яго пра слова гэтае.
І прыйшло ім на думку: хто б зь іх быў большы?
І прыйшло ім на думку: хто быў бы з іх бо́льшы?
А Ісус, бачачы помысел сэрца іхняга, узяўшы дзіця, паставіў яго перад Сабою
Іісус жа, ба́чачы по́мысел сэ́рца іх, узяў дзіця́, паставіў яго каля Сябе
і сказаў ім: хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае; а хто прыме Мяне, той прымае Таго, Хто паслаў Мяне; бо, хто з вас найменшы за ўсіх, той будзе вялікі.
і сказаў ім: хто пры́ме гэтае дзіця́ ў імя́ Маё, той Мяне прыма́е; а хто пры́ме Мяне, прыма́е Таго, Хто паслаў Мяне; бо хто меншы між усіх вас, той вялікі.
Пры гэтым Ян сказаў: Настаўнік! мы бачылі чалавека, які імем Тваім выганяе дэманаў, і забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі.
Іаан жа сказаў у адказ: Настаўнік! мы бачылі некага, хто íмем Тваім выганяў дэманаў, і забаранíлі яму, бо ён не сле́дуе за Табою з намі.
Ісус сказаў яму: не забараняйце; бо хто ня супроць вас, той за вас.
І сказаў яму Іісус: не забараняйце; бо хто не супраць вас, той за вас.
А калі набліжаліся дні ўшэсьця Ягонага ад людзей, Ён захацеў ісьці ў Ерусалім,
І ста́лася: калі набліжа́ліся дні ўзя́цця Яго на неба, Ён цвёрда вы́рашыў ісці ў Іерусалім;
і паслаў вястуноў перад абліччам Сваім: і яны пайшлі і ўвайшлі ў селішча Самаранскае, каб падрыхтаваць для Яго;
і паслаў вестуно́ў перад аблíччам Сваім; і яны пайшлі і ўвайшлі ў пасе́лішча самара́нскае, каб падрыхтава́ць для Яго;
але там ня прынялі Яго, бо Ён меў выгляд вандроўніка ў Ерусалім.
але там не прынялí Яго, таму што Ён ішоў у Іерусалім.
Бачачы гэта, вучні Ягоныя, Якаў і Ян, сказалі: Госпадзе! ці хочаш, мы скажам, каб вагонь сышоў зь неба і вынішчыў іх, як і Ільля зрабіў?
Убачыўшы гэта, вучні Яго Іакаў і Іаан сказалі: Госпадзі! хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба і знíшчыў іх, як і Ілія́ зрабіў?
Але Ён, зьвярнуўшыся да іх, забараніў ім і сказаў: ня ведаеце, якога вы духу;
Але Ён, абярнуўшыся, забаранíў ім, ка́жучы: не ведаеце, якога вы духа;
бо Сын Чалавечы прыйшоў ня губіць душы чалавечыя, а ратаваць. І пайшлі ў іншае селішча.
бо Сын Чалавечы прыйшоў не загубíць ду́шы чалавечыя, але ўратава́ць. І пайшлі ў другое пасе́лішча.
Сталася, што калі яны былі ў дарозе, нехта сказаў Яму: Госпадзе! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў.
І ста́лася: калі яны былí ў дарозе, сказаў нехта Яму: я пайду за Табою, куды б ты не ішоў, Госпадзі!
Ісус сказаў яму: лісы маюць норы, а птушкі нябесныя — гнёзды; а Сын Чалавечы ня мае, дзе прыхіліць галаву.
І сказаў яму Іісус: лíсы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не ма́е дзе галаву́ прытулíць.
А другому сказаў: ідзі за Мною. Той сказаў: Госпадзе! дазволь мне сьпярша пайсьці і пахаваць бацьку майго.
Другому ж сказаў: ідзі ўслед за Мною. А той сказаў: Госпадзі! дазволь мне пайсці і перш пахава́ць бацьку майго.
Але Ісус сказаў яму: пакінь мёртвым хаваць сваіх мерцьвякоў; а ты ідзі, зьвястуй Царства Божае.
Але Іісус сказаў яму: пакінь мёртвым хаваць сваіх паме́рлых; а ты ідзі абвяшча́й Царства Божае.
Яшчэ другі сказаў: я пайду за Табою, Госпадзе! але сьпярша дазволь мне разьвітацца з хатнімі маімі.
І сказаў яшчэ адзін: я пайду за Табою, Госпадзі, але перш дазволь мне развіта́цца з тымі, хто ў доме маім.
Але Ісус сказаў яму: ніхто, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надзейны для Царства Божага.
Іісус жа яму сказаў: ніхто з тых, хто кладзе́ руку́ сваю на плуг і азіра́ецца назад, не прыда́тны для Царства Божага.