Лукаша 19 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Потым Ісус увайшоў у Ерыхон і праходзіў празь яго.
І ўвайшоўшы, Ён праходзіў праз Іерыхон.
І вось, нехта на імя Закхей, начальнік мытнікаў і чалавек багаты,
І вось чалавек, зва́ны íмем Закхе́й, які быў начальнік мы́тнікаў і быў багаты,
стараўся ўбачыць Ісуса, хто Ён, але ня мог з-за людзей, бо малога быў росту;
імкну́ўся ўба́чыць Іісуса, хто Ён, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малы́ ростам;
і забегшы наперад, залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Яму выпадала праходзіць міма яе.
і, забе́гшы наперад, узлез на смако́ўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там прахо́дзіць.
Ісус, калі прыйшоў на гэтае месца, зірнуўшы, угледзеў яго і сказаў яму: Закхей! сыдзі хутчэй, бо сёньня трэба мне быць у цябе ў доме.
І калі прыйшоў Іісус на гэтае месца, то, паглядзе́ўшы, убачыў яго і сказаў яму: Закхей! хутчэй злазь, бо сёння ў доме тваім нале́жыць Мне быць.
І ён пасьпешна сышоў і прыняў Яго з радасьцю.
І той паспе́шна злез і прыня́ў Яго з радасцю.
І ўсе, бачачы тое, пачалі наракаць і казалі, што Ён зайшоў да грэшнага чалавека.
І ўсе, уба́чыўшы гэта, нарака́лі, ка́жучы: да грэшнага чалавека зайшоў Ён.
А Закхей, стаўшы, сказаў Госпаду: Госпадзе! палавіну маёмасьці маёй я аддам убогім і, калі каго чым пакрыўдзіў, аддам учатыракроць.
Закхей жа, устаўшы, сказаў Госпаду: вось, палову маёмасці маёй, Госпадзі, я дам убо́гім, і калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы́ больш.
Ісус сказаў яму: сёньня прыйшло збавеньне дому гэтаму, бо і ён сын Абрагамаў;
Сказаў яму Іісус: сёння наста́ла спасе́нне дому гэтаму, таму што і ён — сын Аўраамаў;
бо Сын Чалавечы прыйшоў зыскаць і выратаваць тое, што загінула.
бо Сын Чалавечы прыйшоў, каб знайсцí і спасцí тое, што загíнула.
А калі яны слухалі гэта, дадаў прытчу: бо Ён быў блізь Ерусаліма, і яны думалі, што неўзабаве павінна адкрыцца Царства Божае.
Калі ж яны слухалі гэта, Ён дада́ў яшчэ прытчу, таму што быў блізка ад Іерусаліма, і яны думалі, што зараз жа Царства Божае ма́е явíцца.
Дык вось сказаў: нейкі чалавек высокага роду выпраўляўся ў далёкую краіну, каб атрымаць сабе царства і вярнуцца;
Дык сказаў Ён: нейкі чалавек знатнага роду пайшоў у далёкую краíну, каб атрыма́ць сабе царства і вярну́цца;
і паклікаўшы дзесяць рабоў сваіх, даў ім дзесяць мінаў і сказаў ім: пускайце іх у абарот, пакуль не вярнуся.
і, паклíкаўшы дзесяць рабоў сваіх, ён даў ім дзесяць мін і сказаў ім: укладзíце ў справу, пакуль я вярну́ся.
Але грамадзяне ненавідзелі яго і адправілі сьледам за ім пасольства, сказаўшы: ня хочам, каб ён валадарыў над намі.
Але яго грамадзя́не ненавíдзелі яго і пасла́лі ўслед за ім пасольства, ка́жучы: не хочам, каб ён царстваваў над намі.
І калі вярнуўся, атрымаўшы царства, загадаў паклікаць да сябе рабоў тых, якім даў серабро, каб даведацца, хто што набыў.
І ста́лася: калі ён вярнуўся, атрыма́ўшы царства, то сказаў паклíкаць тых рабоў, якім даў срэ́бра, каб даведацца, хто што набы́ў.
Прыйшоў першы і сказаў: гаспадару! міна твая прынесла дзесяць мінаў.
І прыйшоў першы, ка́жучы: гаспадар, мíна твая прыне́сла дзесяць мін.
І сказаў яму: выдатна, добры раб! за тое, што ты ў малым быў верны, вазьмі пад управу дзесяць гарадоў.
І ён сказаў яму: добра, раб добры; за тое, што ў найме́ншым ты быў верны, будзь уладаро́м над дзесяццю́ гарадамі.
Прыйшоў другі і сказаў: гаспадару! міна твая прынесла пяць мінаў.
І прыйшоў другі, ка́жучы: гаспадар, міна твая прыне́сла пяць мін.
Сказаў і гэтаму: і ты будзь над пяцьцю гарадамі.
Сказаў і гэтаму: і ты будзь над пяццю́ гарадамі.
Прыйшоў трэйці і сказаў: гаспадару! вось твая міна, якую я захоўваў, загарнуўшы ў хустачку;
І яшчэ адзін прыйшоў, ка́жучы: гаспадар, вось міна твая, якую я трымаў схава́ную ў ху́стцы,
бо я баяўся цябе, таму што ты чалавек жорсткі: бярэш, чаго ня клаў, і жнеш, чаго ня сеяў.
таму што я баяўся цябе, бо ты чалавек жорсткі: бярэш, чаго не клаў, і жне́ш, чаго не сеяў.
Гаспадар сказаў яму: тваімі вуснамі судзіцьму цябе, ліхі раб! ты ведаў, што я чалавек жорсткі, бяру, чаго ня клаў, і жну, чаго ня сеяў;
А той кажа яму: ву́снамі тваімі буду судзíць цябе, ліхí раб: ты ведаў, што я чалавек жорсткі, які бярэ, чаго не клаў, і жне, чаго не сеяў;
чаму ж ты не аддаў срэбра майго ў абарот, каб я, прыйшоўшы, атрымаў яго з прыбыткам?
чаму ж ты не аддаў маё срэ́бра ў абаро́т, каб я, прыйшо́ўшы, атрымаў яго з прыбы́ткам?
І сказаў тым, што стаялі першыя: вазьмеце ў яго міну і дайце таму, які мае дзесяць мінаў.
І сказаў прысутным: вазьміце ў яго міну і аддайце таму, хто ма́е дзесяць мін.
І сказалі яму: гаспадару! у яго ёсьць дзесяць мінаў.
І сказалі яму: гаспадар, ён жа ма́е дзесяць мін.
Кажу вам, што кожнаму, хто мае, дадзена будзе, а ў таго, хто ня мае, адымецца і тое, што мае;
Кажу вам, што кожнаму, хто ма́е, будзе да́дзена, а ў таго, хто не ма́е, ады́мецца і тое, што ма́е ён;
а ворагаў маіх тых, якія не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзеце сюды і набеце перада мною.
а тых ворагаў жа маіх, якія не хацелі, каб я стаў царом над імі, прывядзíце сюды і пазабіва́йце перада мною.
Сказаўшы гэта, Ён пайшоў далей, уваходзячы ў Ерусалім.
І, сказаўшы гэта, Ён пайшоў дале́й, узыхо́дзячы ў Іерусалім.
І калі наблізіўся да Віфагіі і Віфаніі, да гары, называнай Аліўнай, паслаў двух вучняў Сваіх,
І ста́лася: калі Ён наблізіўся да Віфагíі і Віфа́ніі, да гары, што заве́цца Елеонскай, паслаў двух вучняў Сваіх,
сказаўшы: ідзеце ў селішча, што насупраць; увайшоўшы ў яго, знайдзеце маладога асла прывязанага, на якога ніхто зь людзей ніколі не садзіўся; адвязаўшы яго, прывядзеце;
сказаўшы: ідзіце ў се́лішча, што насу́праць; увайшо́ўшы ў яго, зно́йдзеце прывя́занае асляня́, на якое ніколі ніхто з людзей не сяда́ў; адвяжы́це яго і прывядзíце;
і калі хто спытаецца ў вас: навошта адвязваеце?, скажэце яму так: ён патрэбен Госпаду.
і калі хто спытае ў вас: «навошта адвя́зваеце?», скажы́це яму так: «яно патрэбна Госпаду».
Пасланыя пайшлі і знайшлі, як Ён сказаў ім.
Пасла́ныя пайшлі і знайшлі, як Ён сказаў ім.
А калі яны адвязвалі маладога асла, гаспадары ягоныя сказалі ім: навошта адвязваеце асьляня?
Калі ж яны адвя́звалі асляня́, гаспадары́ яго сказалі ім: нашто вы адвя́зваеце асляня́?
Яны адказвалі: ён патрэбен Госпаду.
Яны сказалі: яно патрэбна Госпаду.
І прывялі яго да Ісуса: і накінуўшы вопратку сваю на асьляня, пасадзілі на яго Ісуса.
І прывялí яго да Іісуса, і, накíнуўшы во́пратку сваю на асляня́, пасадзíлі на яго Іісуса.
І калі Ён ехаў, пасьцілалі вопратку сваю на дарозе.
І калі Ён ехаў, людзі пасціла́лі во́пратку сваю на дарогу.
А калі Ён наблізіўся да спуску з гары Аліўнай, усё мноства вучняў пачало ў радасьці шматгалоса славіць Бога за ўсе дзівосы, якія бачылі яны,
А калі Ён набліжа́ўся ўжо да спу́ску з гары Елеонскай, усё мноства вучняў, ра́дуючыся, пачало́ моцным го́ласам хвалíць Бога за ўсе цуды, якія бачылі яны,
кажучы: дабраславёны Цар, Які ідзе ў імя Гасподняе! Мір на нябёсах і слава ў вышынях!
ка́жучы: благаславёны Цар, Які прыходзіць у імя́ Гасподняе! мір на нябёсах і слава ў вы́шніх!
І некаторыя фарысэі з-паміж людзей сказалі Яму: Настаўнік! забарані вучням Тваім.
І некато́рыя фарысеі з натоўпу сказалі Яму: Настаўнік! забаранí ву́чням Сваім.
Але Ён сказаў ім у адказ: кажу вам, што калі яны замоўкнуць, дык камяні загалосяць.
А Ён прамовіў ім у адказ: кажу вам, што калі яны змо́ўкнуць, то камянí закрыча́ць.
І калі наблізіўся да горада, дык, гледзячы на яго, заплакаў па ім
І, калі Ён наблíзіўся, то, уба́чыўшы горад, заплакаў па ім,
і сказаў: о, калі б і ты хоць бы ў гэты твой дзень уведаў, што служыць міру твайму! але гэта схавана сёньня ад вачэй тваіх;
ка́жучы: калі б і ты хоць у гэты дзень твой зразуме́ў, што́ трэба для міру твайго! але цяпер гэта скры́та ад вачэй тваіх;
бо прыйдуць на цябе дні, калі ворагі твае абложаць цябе акопамі, і акружаць цябе, і сьціснуць цябе адусюль,
бо пры́йдуць на цябе дні, і ўзвяду́ць ворагі твае вакол цябе вал, і акру́жаць цябе, і сцíснуць цябе адусю́ль,
і зруйнуюць цябе, і заб’юць дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць у табе каменя на камені, за тое, што ты не даведаўся часу адведзінаў тваіх.
і знíшчаць цябе і дзяцей тваіх у табе, і не пакíнуць ка́меня на ка́мені ў табе за тое, што не разуме́ў ты ча́су наве́дання цябе.
І ўвайшоўшы ў храм, пачаў выганяць тых, што прадавалі ў ім, і тых, што куплялі,
І, увайшоўшы ў храм, Ён пачаў выганя́ць тых, што прадава́лі ў ім і купля́лі,
кажучы ім: напісана: «дом Мой ёсьць дом малітвы: а вы зрабілі зь яго логва разбойнікаў».
ка́жучы ім: напíсана: «дом Мой — гэта дом малітвы», а вы зрабілі з яго логава разбойнікаў.
І вучыў кожны дзень у храме. А першасьвятары і кніжнікі і старэйшыны народу намышлялі загубіць Яго,
І Ён кожны дзень вучыў у храме. А першасвятары́ і кніжнікі шука́лі, як загубíць Яго, таксама і першыя людзі ў народзе,
і не знаходзілі, што б зрабіць зь Ім, бо ўвесь народ неадступна слухаў Яго.
і не знахо́дзілі, што зрабíць з Ім, бо ўвесь народ, слу́хаючы, абступа́ў Яго.