Лукаша 3 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

А ў пятнаццаты год праўленьня Тыверыя кесара, калі Понцій Пілат начальнічаў у Юдэі, Ірад быў тэтрархам у Галілеі, Піліп, брат ягоны, — тэтрархам у Ітурэі і Траханіцкай вобласьці, а Лісаній — тэтрархам у Авілінеі,
 
У пятнаццаты ж год праўле́ння ке́сара Тыве́рыя, калі Понцій Пілат быў правíцелем у Іудзеі, Ірад быў тэтра́рхам у Галіле́і, а Філіп, брат яго, тэтра́рхам у Ітурэ́і і Траханíцкай зямлі, а Ліса́ній тэтра́рхам у Авіліне́і,

пры першасьвятарах Ганьне і Каяфе, быў голас Божы да Яна, сына Захара, у пустыні.
 
пры першасвятарах Анне і Каіа́фе, было́ слова Божае да Іаана, сына Заха́рыі, у пусты́ні.

І ён пайшоў па ўсіх навакольлях Ярдана, прапаведуючы хрышчэньне пакаяньня на дараваньне грахоў,
 
І прайшоў ён усё навако́лле Іарданскае, прапаве́дуючы хрышчэ́нне пакая́ння дзе́ля адпушчэ́ння грахоў,

як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаі, які кажа: «голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму;
 
як напíсана ў кнізе слоў Іса́іі прарока: «голас таго, хто клíча ў пусты́ні: падрыхту́йце шлях Госпаду, про́стымі зрабíце сце́жкі Яму;

кожны дол хай напоўніцца, і кожная гара і пагорак хай абнізяцца, крывізны выпрастуюцца, і няроўныя дарогі зробяцца гладкімі;
 
кожны дол няхай напо́ўніцца, і кожная гара́ і ўзгорак няхай панíзяцца, і крывое няхай вы́прастаецца, і няроўныя дарогі стануць гла́дкімі,

і ўбачыць кожная плоць ратунак Божы».
 
і ўбачыць кожная плоць спасе́нне Божае».

Ян люду, што прыходзіў хрысьціцца ў яго, казаў: выродзьдзе яхідніна? хто намовіў вас уцякаць ад будучага гневу?
 
І вось сказаў народу, які прыходзіў хрысцíцца ад яго: адро́ддзе яхíдніна! хто намо́віў вас уцяка́ць ад будучага гневу?

прынясеце ж плады годныя пакаяньня, і ня думайце гаварыць самі сабе: «бацька ў нас Абрагам»; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узьвесьці дзяцей Абрагаму;
 
Прынясíце ж годныя плады́ пакая́ння і не думайце гаварыць самі сабе: «айцец ў нас Аўраам»; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узве́сці дзяцей Аўрааму.

ужо і сякера пры корані дрэваў ляжыць: бо ўсякае дрэва, якое ня родзіць добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у вагонь.
 
Ужо і сяке́ра пры ко́рані дрэў ляжы́ць: бо ўсякае дрэва, якое не прыно́сіць добрага плоду, ссяка́юць і кíдаюць у агонь.

І пыталіся ў яго людзі: што ж нам рабіць?
 
І пытаўся ў яго народ, ка́жучы: што ж рабіць нам?

Ён сказаў ім у адказ: у каго дзьве адзежыны, той дай таму, хто ня мае; і ў каго ёсьць ежа, рабі тое самае.
 
Ён жа гаворыць ім у адказ: хто ма́е дзве кашу́лі, няхай дасць таму, хто не ма́е, і хто ма́е ежу, няхай зробіць гэтаксама.

Прыйшлі і мытнікі хрысьціцца і сказалі яму: Настаўнік! што нам рабіць?
 
Прыйшлі і мы́тнікі хрысцíцца ад яго і сказалі яму: настаўнік! што нам рабіць?

Ён адказваў ім: нічога не патрабуйце больш вызначанага вам.
 
А ён сказаў ім: нічога больш за вы́значанае вам не спаганя́йце.

Пыталіся ў яго таксама і воі: а нам што рабіць? І сказаў ім: нікога ня крыўдзіце, не паклёпнічайце, і задавольвайцеся сваёй платай.
 
Пыталіся ў яго таксама і воіны, гаво́рачы: а нам што рабіць? І сказаў ім: не чынíце крыўды нікому, не даносьце і задавальня́йцеся пла́тай сваёй.

А калі люд быў у чаканьні, і ўсе думалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці ня Хрыстос ён, —
 
Калі ж народ быў у чака́нні і ўсе разважа́лі ў сэ́рцах сваіх пра Іаана, ці не Хрыстос ён, —

Ян усім адказваў: я хрышчу вас вадою, але ідзе Мацнейшы за мяне, у Якога я няварты разьвязаць рэмень на абутку; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і вагнём;
 
адказаў Іаан усім, гаворачы: я вадою хрышчу́ вас, але ідзе Мацнейшы за мяне, у Якога я нява́рты развяза́ць раме́нь абутку Яго; Ён будзе хрысцíць вас Духам Святым і агнём.

гарфа Ягоная ў руцэ Ягонай, і Ён ачысьціць гумно Сваё і зьбярэ пшаніцу ў засекі Свае, а салому спаліць вагнём непагасным.
 
Лапа́та Яго ў руцэ́ Яго, і Ён ачы́сціць гумно́ Сваё, і збярэ́ пшаніцу ў жы́тніцу Сваю, а мякíну спа́ліць агнём непага́сным.

Шмат чаго іншага зьвеставаў ён народу, павучаючы яго.
 
І многа ў чым іншым настаўля́ючы, дабраве́сціў ён народу.

А Ірад тэтрарх, дакараны ім за Ірадыяду, жонку братавую, і за ўсё, што зрабіў Ірад благога,
 
А Ірад тэтра́рх, выкрыва́ны ім за Ірадыя́ду, жонку Філіпа, брата свайго, і за ўсё ліхое, што зрабіў Ірад,

дадаў да ўсяго іншага і тое, што ўвязьніў Яна ў цямніцу.
 
дада́ў да ўсяго яшчэ і тое, што зачынíў Іаана ў цямнíцы.

А калі ахрысьціўся ўвесь народ, і Ісус, ахрысьціўшыся, маліўся, — адчынілася неба,
 
І ста́лася: калі хрысцíўся ўвесь народ, і Іісус, ахрысцíўшыся, маліўся, раскры́лася неба,

і Дух Сьвяты сышоў на Яго ў цялесным вобразе, як голуб, і быў голас зь нябёсаў, які прамовіў: Ты Сын Мой любасны; Цябе Я ўпадабаў!
 
і сышоў на Яго Дух Святы́ ў цяле́сным вы́глядзе, як голуб, і голас быў з неба, які прамовіў: Ты Сын Мой Узлю́блены, Цябе Я ўпадаба́ў.

Ісус, пачынаючы Сваё служэньне, быў гадоў трыццаці, і быў, як думалі, сын Язэпаў, Іліеў,
 
А Сам Іісус меў гадоў трыццаць, калі распачына́ў, і быў, як думалі, Сын Іо́сіфаў, Ілíеў,

Мататаў, Левіінаў, Мэлхіеў, Янаеў, Язэпаў,
 
Матфа́таў, Левíеў, Мелхíеў, Іана́еў, Іо́сіфаў,

Мататыеў, Амосаў, Навумаў, Ясьлімаў, Нагееў.
 
Матафíеў, Амо́саў, Нау́маў, Еслíмаў, Нагге́еў,

Маатаў, Мататыеў, Сэмяіеў, Язэпаў, Юдаў,
 
Маа́фаў, Матафíеў, Семеíеў, Іо́сіфаў, Іу́даў,

Ёананаў, Рысаеў, Зарававэлеў, Салатыілеў, Нірыеў,
 
Іаана́наў, Рыса́еў, Зарава́велеў, Салафіíлеў, Ніры́еў,

Мэлхіеў, Аддзіеў, Касамаў, Элмадамаў, Іраў,
 
Мелхíеў, Аддзíеў, Каса́маў, Елмада́маў, Íраў,

Ёсіеў, Эліезэраў, Ёрымаў, Мататаў, Левіінаў,
 
Іасíеў, Еліезе́раў, Іары́маў, Матфа́таў, Левíеў,

Сымонаў, Юдаў, Язэпаў, Ёнанаў, Іліякімаў,
 
Сімяо́наў, Іу́даў, Іосіфаў, Іана́наў, Еліакíмаў,

Мэлеаеў, Маінанаў, Мататаеў, Натанаў, Давідаў,
 
Мелеа́еў, Маіна́наў, Маттафа́еў, Нафа́наў, Давíдаў,

Ясэеў, Авідаў, Ваозаў, Салмонаў, Наасонаў,
 
Іесе́еў, Авíдаў, Вао́заў, Салмо́наў, Наасо́наў,

Амінадаваў, Арамаў, Ісромаў, Фарэсаў, Юдаў,
 
Амінада́ваў, Ара́маў, Есро́маў, Фарэ́саў, Іу́даў,

Якаваў, Ісакаў, Абрагамаў, Тараў, Нахораў,
 
Іа́каваў, Ісаа́каў, Аўраа́маў, Фа́раў, Нахо́раў,

Сэрухаў, Рагаваў, Фалекаў, Івераў, Салаў,
 
Серу́хаў, Рага́ваў, Фале́каў, Еве́раў, Са́лаў,

Каінанаў, Арфаксадаў, Сімаў, Ноеў, Ламэхаў,
 
Каіна́наў, Арфакса́даў, Сíмаў, Но́еў, Ла́мехаў,

Матусалаў, Інохаў, Ярэдаў, Малелеілаў, Каінанаў,
 
Мафуса́лаў, Ено́хаў, Іарэ́даў, Малелеíлаў, Каіна́наў,

Іносаў, Сітаў, Адамаў, Божы.
 
Ено́саў, Сíфаў, Ада́маў, Божы.