Лукаша 16 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Казаў таксама вучням сваім: «Адзін багаты чалавек меў эканома, на якога данеслі яму, што растрачвае маёмасць яго.
 
І далей навучаў вучняў сваіх: "Быў адзін багаты чалавек, які меў аканома, і зьняславілі таго перад гаспадаром, што ён марнуе яго даброцьці.

Той, паклікаўшы яго, сказаў яму: “Што гэта я чую пра цябе? Зрабі справаздачу пра кіраванне сваё, бо ўжо не можаш быць эканомам”.
 
Дык пазваўшы яго, сказаў яму (гаспадар): "Што я чую пра цябе? Разлічыся з гаспадараваньня твайго, бо ўжо больш ня будзеш гаспадараваць".

Тады эканом сказаў сам сабе: “Што мне рабіць, бо гаспадар мой адбірае ў мяне кіраўніцтва домам? Капаць не маю сілаў, жабраваць саромеюся.
 
Падумаў сабе аканом: "Што мне рабіць, калі гаспадар мой адбярэ ад мяне гаспадараваньне? Капаць ня здолею, а жабраваць стыдаюся.

Ведаю, што зрабіць, каб людзі прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад кіраўніцтва домам”.
 
Ведаю, што мне рабіць, каб, калі буду ўсунуты ад гаспадараваньня, прынялі мяне ў дамы свае".

Паклікаўшы асобна кожнага з даўжнікоў свайго гаспадара, ён сказаў першаму: “Колькі ты павінен гаспадару майму?”
 
Склікаўшы тады паасобку даўжнікоў гаспадара свайго, сказаў перашаму: "Колькі вінаваты ты гаспадару майму?"

Той сказаў: “Сто кадзяў алею”. Тады сказаў яму: “Вазьмі сваю распіску, сядай хутчэй і напішы пяцьдзясят”.
 
Той адказаў: "Сто бочак алею". Дык сказаў яму: "Вазьмі запіс твой, сядзь і хуценька напішы пяцьдзесят".

Потым другому сказаў: “А ты колькі павінен?” Той сказаў: “Сто кор пшаніцы”. І яму сказаў: “Вазьмі сваю распіску і напішы восемдзесят”.
 
Затым пытае другога: "А ты колькі вінаваты?" Той адказаў: "Сто мер пшаніцы". Дык сказаў яму: "Вазьмі запіс твой ды напішы восемдзесят".

І пахваліў гаспадар несправядлівага эканома, што ён разумна ўчыніў. Бо сыны гэтага веку мудрэйшыя за сыноў святла ў адносінах да свайго пакалення.
 
Дык пахваліў гаспадар аканома нягоднага, што здагадліва зрабіў. Бо сыны гэтага веку разумнейшыя ў родзе сваім, чым сыны сьвятла.

І Я кажу вам: здабывайце сяброў сабе несправядлівай мамонай, каб, калі яна праміне, прынялі вас у вечныя шатры.
 
І Я вам кажу: Здабывайце сабе сяброў мамонай нягоднай, каб, калі яе ня стане, прынялі вас у вечныя сялібы.

Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім.
 
Хто верны ў малым, і ў вялікім будзе верны. А хто ў малым нягодны, і ў вялікім нягодны будзе.

Таму, калі вы ў несправядлівай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае?
 
Дык калі вы не былі вернымі ў нягоднай мамоне, хто вам даверыць сапраўднае (дабро)?

І калі ў чужым не былі верныя, хто дасць вам вашае?
 
І калі вы ў чужым не былі вернымі, дык хто вам дасьць вашае?

Ніякі слуга не можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне».
 
Ніводзін слуга ня можа двум панам служыць, бо або аднаго будзе ненавідзіць, а другога будзе любіць, або да аднаго прытуліцца, а другім пагардзіць. Ня можаце Богу служыць і мамоне".

Чулі ўсё гэта і фарысеі, якія любілі грошы, і насміхаліся з Яго.
 
А гэтага ўсяго слухалі фарысэі, якія былі хцівымі, і насьмяхаліся з Яго.

І сказаў ім: «Вы паказваеце сябе праведнымі перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя. Бо што вялікае ў людзей, тое брыдкае перад Богам.
 
Дык (Езус) сказаў ім: "Вы ўважаецеся за справядлівых перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя. Бо што ў людзей высокароднае, тое ў Бога агіднае.

Закон і Прарокі былі да Яна. З таго часу абвяшчаецца Валадарства Божае, і кожны стараецца сілком уваходзіць у яго.
 
Закон і Прарокі былі да Яна. Адгэтуль жа весьціцца Каралеўства Божае, і кожны сілаю ўваходзіць у яго.

Але хутчэй неба і зямля мінуць, чым знікне адна рыска Закону.
 
Лягчэй небу і зямлі прамінуць, чым адна крэска ў Законе счэзьне.

Кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёй і жэніцца з іншай, чужаложыць. І хто жэніцца з разведзенай, чужаложыць.
 
Кожны, хто кідае жонку сваю і бярэ іншую, чужаложыць; і хто кінутую мужам узяў, чужаложыць.

Быў адзін багаты чалавек, які апранаўся ў парфіру і вісон і кожны дзень цудоўна баляваў.
 
Жыў адзін багаты чалавек. Ён адзяваўся ў пурпур і вісон ды штодзённа раскошна баляваў.

А нейкі жабрак, імем Лазар, ляжаў каля ягонай брамы ў струпах
 
І жыў нейкі жабрак імем Лазар. Ён ляжаў увесь у скулах каля яго брамы

і хацеў насыціцца тым, што падала са стала багацея. Сабакі прыходзілі і лізалі ягоныя струпы.
 
і прагнуў заспакоіць голад крошкамі, спадаючымі са стала багацея, але ніхто яму не даваў, толькі сабакі прыходзілі і лізалі скулы ягоныя.

Памёр жабрак і ўзнесены быў анёламі на ўлонне Абрагама. Памёр і багаты, і быў пахаваны.
 
І сталася, што жабрак памёр, і анёлы занесьлі яго на ўлоньне Абрагама. Памёр таксама багацей і быў пахаваны.

У адхлані, будучы ў пакутах, ён узняў вочы свае і ўбачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлонні ягоным.
 
І ў пекле, церпячы мукі, падняў свае вочы і ўбачыў здалёк Абрагама і на ўлоньні яго Лазара.

Усклікнуўшы, ён сказаў: “Ойча Абрагаме, змілуйся нада мною і пашлі Лазара, каб абмакнуў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў мой язык, бо я пакутую ў полымі гэтым”.
 
І закрычаў: "Ойча Абрагаме, зжалься нада мной і пашлі Лазара, хай умочыць у вадзе канец пальца свайго і змочыць язык мой, бо мучуся ў полымі".

Але Абрагам сказаў: “Дзіця, успомні, што ты атрымаў ужо сваё дабро пры жыцці сваім, падобным чынам і Лазар — ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш.
 
Сказаў яму Абрагам: "Сыне, прыпомні, што ты за жыцьця свайго карыстаўся даброцьцямі тваімі, а Лазар благацьцём. Ён цяпер тут цешыцца, а ты мучышся.

І да ўсяго гэтага паміж намі і вамі вялізная прорва, так што тыя, хто хоча, не могуць перайсці адсюль да вас, ні адтуль да нас не могуць перайсці”.
 
Прытым паміж намі і вамі зьзяе прорва, каб тыя, што хочуць ад нас да вас перайсьці, не маглі, ані адтуль да нас перабрацца".

Тады сказаў ён: “Дык прашу цябе, ойча, пашлі яго ў дом бацькі майго,
 
Дык кажа: "Малю цябе, ойча, каб паслаў яго ў дом бацькі майго, —

бо ў мяне пяць братоў. Няхай засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты”.
 
бо маю пяць братоў — каб перасьцярог іх, каб і яны не папалі ў гэтае месца мучэньняў".

Абрагам адказаў: “У іх ёсць Майсей і Прарокі, няхай слухаюцца іх”.
 
Кажа яму Абрагам: "Маюць Майсея і Прарокаў; хай слухаюць іх".

А той сказаў: “Не, ойча Абрагаме, толькі калі хтосьці з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца”.
 
Але ён кажа: "Не, ойча Абрагаме, але каб хто з памёршых пайшоў да іх, навернуцца".

Тады Абрагам сказаў яму: “Калі Майсея і Прарокаў не слухаюцца, то, калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць”».
 
Але (Абрагам) сказаў яму: "Калі ня слухаюць Майсея і Прарокаў, дык каб і хто з памёршых паўстаў, не павераць".