Лукаша 1 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Як ўжо многія прыклалі руку скласці аповесць пра падзеі, што адбыліся ў нас,
 
Многія ўжо спрабавалі ўдакладніць падзеі, якія ў нас адбыліся,

як перадалі нам тыя, што ад пачатку былі відавочцамі і служкамі Слова,
 
як пераказалі нам тыя, што ад пачатку былі вачавідцамі і слугамі Слова.

вырашыў і я, дакладна даследаваўшы ўсё ад пачатку, напісаць па парадку пра іх табе, найшаноўнейшы Тэофіле,
 
Таксама і я, старана разгледзеўшы ўсё ад пачатку, рашыўся па парадку апісаць табе, дастойны Тэафілю,

каб ты пераканаўся ў непарушнасці тых слоў, у якіх ты быў настаўлены.
 
каб ты пераканаўся ў праўдзівасьці словаў, у якіх ты быў навучаны.

Быў у дні Ірада, іудзейскага цара, адзін святар імем Захарыя з Авіявай чарады, а жонка ў яго была з дачок Ааронавых. І імя ёй — Елісавета.
 
У дні Герода, караля Юдэі, жыў адзін сьвятар на імя Захарыя з Абіявае чаргі. Ён меў жонку, з дачок Ааронавых, імя яе Альжбета.

Былі ж яны абое праведныя перад Богам, ходзячы беззаганна паводле ўсіх запаведзяў і правілаў Гасподніх.
 
Яны абое былі справядлівымі перад Богам, беззаганна спаўняючы ўсе прыказаньні і пастановы Госпадавы.

І не мелі дзіцяці, бо Елісавета была бясплодная, і абое яны былі на схіле сваіх гадоў.
 
Ды ня мелі сына, бо Альжбета была няплоднай, а абое былі ўжо ў пажылым веку.

І сталася: калі ў парадку свае чарады ён служыў перад Богам,
 
І сталася, калі ён адбываў службу сьвятарскую перад Богам у сваёй чарзе,

паводле звычаю святарства выпаў яму жэраб кадзіць, увайшоўшы ў храм Гасподні,
 
па жэрабю, як быў звычай у сьвятароў, выпала яму ўвайсьці ў сьвятыню Госпадаву для каджэньня,

а ўсё мноства народу малілася з надворку ў гадзіну каджэння.
 
а ўсё мноства народу ў час каджэньня малілася навонкі.

І паказаўся яму Анёл Гасподні, стоячы праваруч кадзільнага ахвярніка.
 
І зьявіўся перад ім анёл Госпадаў, стоячы па правым баку аўтара каджэньня,

І Захарыя, убачыўшы, уразіўся і страх напаў на яго.
 
дык Захарыя стрывожыўся, бачачы гэта, ды вялікі страх ахапіў яго.

Але Анёл сказаў яму: Не бойся, Захарыя, бо твая просьба пачута. І твая жонка Елісавета народзіць табе сына, і назавеш яго імем Іаан.
 
Тады анёл прамовіў да яго: "Ня бойся, Захарыя, бо выслухана маленьне тваё, вось жа жана твая Альжбета народзіць табе сына, і назавеш яго імем Ян.

І будзе табе радасць і весялосць, і многія нараджэнню яго ўсцешацца.
 
Ён будзе табе радасьцяй і пацехай, ды многія будуць радавацца з яго нараджэньня.

Бо ён будзе вялікі перад Госпадам, і не будзе піць ні віна, ні сікера і Святым Духам напоўніцца яшчэ ва ўлонні сваёй маці
 
Ён будзе вялікім на віду Госпада, і ня будзе піць віна і сікеры, ды ад улоньня маці будзе напоўнены Духам Сьвятым,

і многіх з Ізраілевых сыноў далучыць да Госпада, іхняга Бога.
 
і многіх сыноў Ізраэля наверне да Госпада, Бога іхняга.

І ён будзе ісці перад Ім у духу і сіле Іліі, каб сэрцы бацькоў павярнуць да дзяцей, і непакорных да розуму праведных, каб падрыхтаваць Госпаду народ дасканалы.
 
І пройдзе перад Ім у духу і моцы Гальяша, каб вярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, а няверучых — да мудрасьці справядлівых, каб прырыхтаваць Госпаду народ дасканалы".

І Захарыя сказаў Анёлу: Па чым я пазнаю гэта? Бо я стары і мая жонка на схіле сваіх дзён.
 
І сказаў Захарыя анёлу: "З чаго я магу гэта ведаць? Я бо стары, і жонка мая пажылая ў гадах сваіх".

І ў адказ яму Анёл сказаў: Я Гаўрыіл, што перад Богам стаю, і пасланы гаварыць з табою і дабравесціць табе гэта;
 
У адказ сказаў яму анёл: "Я — Габрыель, каторы стаю перад Богам, і пасланы Ім гаварыць з табою, і абвясьціць табе радасную вестку.

і вось, ты будзеш маўчаць і не змажаш гаварыць да дня, калі збудзецца гэта, за тое, што ты не паверыў маім словам, якія спраўдзяцца ў свой час.
 
І вось станешся нямым ды ня будзеш магчы гаварыць аж да дня, у які гэта зьдзейсьніцца, таму што ты не паверыў словам маім, якія споўняцца ў свой час".

І народ чакаў Захарыю і дзівіўся, што ён марудзіў у храме.
 
І народ чакаў Захарыю, і дзівіліся, што ён так доўга прабывае ў сьвятыні.

А, выйшаўшы, той не мог гаварыць з імі, і яны зрамзумелі, што ён бачыў з’явенне ў храме; а ён падаваў ім знакі і заставаўся нямы.
 
Выйшаўшы, ён ня мог да іх гаварыць, дык пазналі, што ён бачыў зьяву ў сьвятыні. А ён даваў ім знакі і застаўся нямым.

І сталася: калі скончыліся дні яго службы, ён пайшоў у свой дом.
 
І сталася, калі скончыліся дні службы ягонай, ён вярнуўся ў дом свой.

Пасля ж гэтых дзён зачала яго жонка Елісавета і таілася пяць месяцаў, кажучы:
 
Па нейкім часе жонка яго, Альжбета, пачала дзіця і праз пяць месяцаў скрывалася, кажучы:

Так мне зрабіў Госпад ў дні, калі ласкава паглядзеў на мяне, каб зняць з мяне ганьбу сярод людзей.
 
"Так учыніў мне Госпад ў дні, у якія ўзглянуў на мяне, каб зьняць ганьбу маю на віду ў людзей".

А ў шосты месяц быў пасланы ад Бога Анёл Гаўрыіл у Галілейскі горад пад назваю Назарэт,
 
А ў шосты месяц быў пасланы Богам анёл Габрыель у горад у Галілеі, званы Назарэт,

да Дзевы, заручанай з чалавекам імем Іосіф, з дому Давідавага; а імя Дзевы — Марыям.
 
да Дзевы, заручанай мужу, які меў імя Язэп, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.

І [Анёл], увайшоўшы да Яе, сказаў: Радуйся, ласкаю адораная! Госпад з Табою! [Дабраславёная Ты між жанчын!]
 
Увайшоўшы да яе, анёл прывітаў: "Вітай, поўная ласкі, Госпад з табою".

Яна ж, [убачыўшы яго], збянтэжылася ад гэтага слова і разважала, што б гэта было за прывітанне.
 
А яна ж стрывожылася дзеля словаў ягоных ды думала сабе, што гэта за прывітаньне такое?

І сказаў Ёй Анёл: Не бойся, Марыям, бо знайшла Ты ласку ў Бога.
 
І сказаў ёй анёл: "Ня бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Бога.

І вось, Ты зачнеш ва ўлонні і народзіш Сына і назавеш Яго імем Ісус.
 
Вось жа пачнеш ва ўлоньні і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус.

Ён будзе вялікі, і Сынам Усявышняга будзе названы, і дасць Яму Госпад Бог трон Давіда, Яго бацькі,
 
Ён будзе вялікім і Сынам Узвышняга будзе названы. І дасьць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага;

і будзе цараваць Ён над домам Іякава навекі, і Яго Царству не будзе канца.
 
і будзе Ён валадарыць над домам Якуба вечна, і валадарству Ягонаму ня будзе канца".

А Марыям сказала Анёлу: Як будзе гэта, калі мужа не знаю?
 
Марыя ж сказала анёлу: "Як жа гэта можа стацца, калі я мужа ня знаю?"

І ў адказ Анёл сказаў Ёй: Святы Дух зыдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне цябе; таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым.
 
У адказ анёл сказаў ёй: "Дух Сьвяты зыйдзе на Цябе, і моц Узвышняга агарне Цябе. Таму, што народзіцца сьвятое, Сынам Божым назавецца.

І вось, Елісавета, Твая сваяка, — і яна зачала сына ў сваёй старасці, і гэта шосты месяц у яе, якую называюць бясплоднай,
 
Вось сваячка Твая Альжбета, і яна пачала дзіця ў сваёй старасьці, і ўжо шосты месяц у той, каторую завуць бясплоднай,

бо ў Бога няма ніводнага немажлівага слова.
 
бо ў Бога ня будзе немагчымым ніводнае слова".

І Марыям сказала: Вось, я — раба Гасподняя; няхай будзе Мне паводле твайго слова. — І Анёл адышоў ад Яе.
 
Марыя ж сказала: "Вось жа Я — служанка Госпадава, хай Мне станецца паводле Твайго слова". І анёл адыйшоў ад Яе.

І, устаўшы, Марыям у тыя дні пайшла з паспешлівасцю ў горную мясцовасць, у горад Іуды,
 
У тыя дні Марыя, устаўшы, пайшла з пасьпехам у горы, у горад (пакаленьня) Юды.

і ўвайшла ў Захарыеў дом і прывітала Елісавету.
 
І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету.

І сталася: калі пачула Елісавета Марыіна прывітанне, падскочыла дзіцятка ў яе ўлонні, і Елісавета напоўнілася Святым Духам,
 
І калі Альжбета пачула прывітаньне Марыі, падскочыла дзіцятка ў ейным улоньні, і Дух Сьвяты напоўніў Альжбету,

і ўсклікнула моцным голасам і сказала: Дабраславёная Ты між жанчын і дабраславёны плод Твайго ўлоння!
 
і загаманіла яна моцным голасам, кажучы: "Багаслаўленая Ты між жанчынаў, і багаслаўлены плод улоньня Твайго.

І адкуль мне гэта, каб Маці майго Госпада прыйшла да мяне?
 
А скуль жа мне гэта ласка, што Маці Госпада майго прыйшла да мяне?

Бо вось, калі дайшоў голас Твайго прывітання да маіх вушэй, падскочыла ад радасці дзіцятка ў маім ўлонні,
 
Бо як толькі загучэў голас прывітаньня Твайго ў вушах маіх, падскочыла з радасьцяй дзіцятка ў маім улоньні.

і шчаслівая Тая, якая паверыла, што спраўдзіцца сказанае ёй ад Госпада!
 
І шчасьлівая тая, што ўверыла, бо споўніцца сказанае Ёй ад Госпада".

І Марыям сказала: Мая душа ўзвялічвае Госпада,
 
І сказала Марыя: "Узьвялічвае душа Мая Госпада,

і ўзрадаваўся Мой дух у Богу, Майму Збаўцу,
 
і ўзрадаваўся дух Мой у Богу, Збаўцы Маім,

таму што глянуў Ён на паніжэнне Свае Рабы. Бо вось з гэтага часу будуць дабраслаўляць мяне ў се пакаленні;
 
бо ўзглянуў Ён на пакорнасьць служанкі сваёй. Вось адгэтуль шчасьлівай называць Мяне будуць усе роды,

бо Магутны стварыў Мне вялікае. І святое Яго імя;
 
бо зрабіў Мне вялікія рэчы Магутны, і сьвятое імя Яго,

і Яго міласэрнасць — на пакаленні і пакаленні тых, што Яго баяцца.
 
і міласэрдзе Ягонае з пакаленьня ў пакаленьне тым, што баяцца Яго.

Ён стварыў сілу Сваёю рукою; рассеяў ганарлівых думкамі сэрца іх;
 
Выявіў магутнасьць пляча свайго, разагнаў пыхлівых у намерах сэрцаў сваіх,

скінуў уладароў з тронаў і ўзвысіў пакорлівых,
 
спіхнуў моцных з пасадаў і ўзвысіў пакорных.

галодных насыціў дабром, а багатых адаслаў ні з чым.
 
Галодных насыціў даброцьцем, а багатых адправіў ні з чым.

Ён прыйшоў на дапамогу Ізраілю, Свайму слузе, памятаючы пра міласэрнасць, —
 
Прытуліў Ізраэля, слугу свайго, памятаючы на міласэрдзе,

як сказаў Ён нашым бацькам, — Аўрааму і яго патомкам.
 
як прадказаў бацькам нашым, Абрагаму і нашчадкам ягоным навекі".

Заставалася ж Марыям з ёю месяцаў са тры і вярнулася ў Свой дом.
 
Ды заставалася з ёю Марыя каля трох месяцаў, і вярнулася ў свой дом.

А Елісавеце надышоў час радзіць, і яна нарадзіла сына.
 
А Альжбеце настаў час радзіць, і яна нарадзіла сына.

І яе суседзі і сваякі пачулі, што ўзвялічыў Госпад Сваю міласэрнасць да яе, і цешыліся з ёю.
 
Яе суседзі і сваякі, пачуўшы, што Госпад аказаў ёй сваё вялікае міласэрдзе, радаваліся разам з ёю.

І сталася: у восьмы дзень прыйшлі абразаць дзіцятка, і хацелі яго назваць імем яго бацькі, Захарыем.
 
У восьмы дзень сабраліся яны абрэзаць хлапчука ды назваць яго імем бацькі ягонага, Захарыям.

Але яго маці сказала ў адказ: Не, а будзе названы ён Іаанам.
 
І, запытаная, маці яго адказала: "Ніякім чынам, але будзе названы Ян".

І сказалі ёй: Нікога няма ў тваёй радні, хто называўся б гэтым імем.
 
Сказалі ёй: "У родзе тваім няма нікога, хто б называўся гэтым імем".

І пыталіся знакамі ў яго бацькі, як ён хацеў бы, каб назвалі яго.
 
Дык пыталі на мігі ў бацькі яго, як ён хацеў бы назваць яго.

І ён, папрасіўшы дошчачку, напісаў, паведамляючы: «Яго імя — Іаана». І ўсе здзівіліся..
 
А той запатрабаваў табліцы і напісаў словамі: "Ян імя яго". Дык зьдзівіліся ўсе.

І зараз жа раскрыліся яго вусны і ажыў язык яго, і ён загаварыў, дабраславячы Бога.
 
А ў гэты момант расчыніліся вусны яго ды язык яго і стаў гаварыць, багаславячы Бога.

І ахапіў страх усіх, што жылі навокал іх, і па ўсёй горнай Іудзеі расказвалі пра ўсё гэта.
 
Дык ахапіў страх усіх іхніх суседзяў, і па ўсіх гарах Юдэі разьнеслася вестка пра гэта здарэньне.

І ўсе, што чулі, бралі сабе да сэрца, кажучы: Кім жа будзе гэтае дзіцятка? — Бо і рука Гасподняя была з ім.
 
А ўсе, што пра гэта пачулі, разважалі ў сэрцы сваім, кажучы: "Кім жа будзе гэта дзіця?" Бо рука Госпадава была з ім.

І яго бацька Захарыя напоўніўся Святым Духам і прарочыў, кажучы:
 
І Захарыя, бацька яго, напоўнены Духам Сьвятым, праракаваў у гэтыя словы:

Дабраславёны Госпад, Бог Ізраілеў, што наведаў Свой народ і даў яму вызваленне,
 
"Багаслаўлены Госпад, Бог Ізраэля, бо наведаў і адкупіў народ свой,

і падняў нам рог выратавання ў доме Давіда, Свайго слугі, —
 
і падняў рог збаўленьня нашага ў доме Давіда, слугі свайго,

як сказаў ад веку вуснамі Сваіх святых прарокаў, —
 
як прадказаў вуснамі сьвятых прарокаў сваіх, якія жылі ад вякоў,

што ўратуе нас ад нашых ворагаў і ад рукі ўсіх ненавіснікаў нашых,
 
збаўленьне ад ворагаў нашых, ды з рук тых, што ненавідзяць нас;

створыць міласэрнасць нашым бацькам і ўспомніць Свой святы запавет,
 
каб аказаць міласэрдзе бацькам нашым, помнячы на сьвяты запавет свой,

клятву, якой пакляўся нашаму бацьку Аўрааму, што дасць нам,
 
і на прысягу, якую даў Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам,

бясстрашна, выбавіўшы з рукі ворагаў, служыць Яму
 
каб без страху, асвабоджаныя з рук непрыяцеляў, служылі Яму

ў святасці і праведнасці перад Ім ва ўсе нашы дні1.
 
ў сьвятасьці і справядлівасьці перад Ім у-ва ўсе дні нашыя.

І ты, дзіцятка, будзеш звацца прарокам Ўсявышняга, бо ты пойдзеш перад [абліччам] Госпада, каб падрыхтаваць Яму дарогі,
 
І ты, юнача, названы будзеш прарокам Узвышняга, бо пойдзеш перад воблікам Госпада, правячы дарогі Ягоныя,

каб даць Яго народу пазнаць выратаванее ў адпушчэнні іх грахоў,
 
каб даць народу Ягонаму навуку збаўленьня для адпушчэньня грахоў іхніх,

праз сардэчную міласэрнасць нашага Бога, у якой наведае2 нас Усход з вышыні,
 
праз міласэрдзе бязмежнае Бога нашага, каторы наведаў нас, зыходзячы з вышыняў,

каб даць святло тым, што сядзяць у цемры і смяротным цені, і скіраваць нашы ногі на дарогу міру.
 
каб асьвяціць тых, што сядзяць ў поцемках ды ў засеню сьмерці, каб накіраваць ногі нашыя на шлях супакою".

Хлопчык жа рос і ўмацоўвася духам, і быў ён у пустэльнях да дня свайго з’яўлення перад Ізраілем.
 
А дзіця расло і ўзмацоўвалася у духу, ды прабывала ў пустыні аж да дня свайго паяўленьня перад Ізраэлем.