1 да Цімафея 1 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Павел, Апостал Хрыста Ісуса паводле наказу Бога, нашага Збаўцы, і Хрыста Ісуса, нашай надзеі, —
 
Павал, апостал Езуса Хрыста па загаду Бога, Збаўцы нашага, і Езуса Хрыста, нашай надзеі,

Цімафею, сапраўднаму сыну ў веры: Ласка, міласць, мір ад Бога, [нашага] Бацькі і Хрыста Ісуса, нашага Госпада.
 
Цімафею, умілаванаму сыну ў веры: Ласка, міласэрдзе і супакой ад Бога Айца і Хрыста Езуса, Госпада нашага.

Як я папрасіў цябе, калі выпраўляўся ў Македонію, застацца ў Эфесе, каб ты загадаў некаторым не вучыць іншаму
 
Я, ідучы ў Македонію, прасіў цябе застацца ў Эфэзе, каб загадаў некаторым не крывіць навукі,

і не займацца байкамі і бясконцымі радаводамі, якія больш выклікаюць спрэчкі, а не Божае домаўладкаванне, якое ў веры.
 
а таксама займацца байкамі і радаводамі бясконца, якія выклікаюць больш спрэчак, чым служаць збаўленьню Божаму праз веру.

А мэта наказу — любоў ад чыстага і добрага сумлення і некрывадушнай веры,
 
Канец жа загаду ёсьць — любоў з чыстага сэрца, і добрага сумленьня, і праўдзівай веры,

ад чаго некаторыя, збочыўшы, кінуліся ў пустаслоўе,
 
адвярнуўшыся ад чаго, некаторыя папаліся ў пустаслоўе,

хочучы быць настаўнікамі закона, хоць яны не разумеюць ні таго, што кажуць, ні таго, што ўпэўнена сцвярждаюць.
 
хочучы быць настаўнікамі закону, хоць не разумеюць, што гавораць і што сьцьвярджаюць.

А мы ведаем, што закон — добры, калі хто яго законна ўжывае
 
Ведаем, што закон добры, калі ім хто разумна карыстаецца,

і ведае тое, што закон прызначаны не для праведнага, а для беззаконных і непакорлівых, для бязбожных і грэшнікаў, для нячыстых і паганых, для збойцаў бацькоў і мацярок, для чалавеказабойцаў,
 
ведаючы, што закон дадзены не для справядлівых, але для несправядлівых, непаслухмяных, бязбожных, грэшнікаў, разбэшчаных і паганых, бацькабойцаў і маткабойцаў, людзябойцаў,

распуснікаў, мужаложнікаў, гандляроў людзьмі, клятвапарушальнікаў і ўсяго іншага, што супроцьстаіць здароваму вучэнню,
 
для распусьнікаў, мужаложнікаў, людакрадаў, брахуноў, крывапрысяжнікаў і супраць усяго іншага, што пярэчыць здаровай навуцы,

паводле дабравесця славы шчаслівага Бога, якое было даручана мне
 
паводле Эвангельля хвалы багаславёнага Бога, якое мне даручана.

Я складаю падзяку Таму, Хто ўмацаваў мяне, Хрысту Ісусу, нашаму Госпаду, што прызнаў мяне верным і паставіў на служэнне,
 
Дзякую Таму, хто мяне ўзмацняе, Госпаду нашаму Езусу Хрысту, бо Ён палічыў мяне верным, даручаючы служэньне мне,

[мяне], які раней быў блюзнерцам, ганіцелем, зневажальнікам, але памілаваны, бо рабіў гэта, не разумеючы, у нявер’і,
 
які раней блюзьніў, перасьледаваў і ачарняў; але атрымаў міласэрдзе, бо дзейнічаў па несьвядомасьці і з няверства.

і без меры памножылася ласка нашага Госпада з вераю і любоўю ў Хрысце Ісусе.
 
Ласка ж Госпада нашага вылілася шчодра на мяне з вераю і любоўю, якая ў Езусе Хрысьце.

Слушнае гэта слова і вартае ўсялякага прыняцця, што Хрыстос Ісус прыйшоў у свет выратаваць грэшных, з якіх першы — я.
 
Вернае слова і вартае ўсякага прыняцьця: Хрыстос Езус прыйшоў на сьвет, каб збавіць грэшнікаў, з якіх я — першы,

Але я таму быў памілаваны, каб Ісус Хрыстос на мне першым паказаў усю доўгацярплівасць у прыклад тым, што павераць у Яго для вечнага жыцця.
 
але атрымаў міласэрдзе дзеля таго каб у-ва мне першым выявіў Езус Хрыстос сваю бязьмежную цярплівасьць на паказ тым, што павераць Яму на жыцьцё вечнае.

А Цару вякоў, нятленнаму, нябачнаму, адзінаму Богу — гонар і хвала векі вечныя. Амін.
 
Валадару ж бесьсьмяротнаму вякоў, нябачнаму, адзінаму Богу паклон і слава на вякі вечныя. Амэн.

Гэты наказ я даручаю табе, сыне мой Цімафей, згодна з раней зробленымі аб табе прароцтвамі, каб ты з іх дапамогаю ваяваў добраю вайной,
 
Гэты загад даю табе, сын мой Цімафеі, паводле ранейшых адносна цябе прароцтваў, каб ты змагаўся згодна з імі як добры змагар,

маючы веру і добрае сумленне, адкінуўшы якія некаторыя пацярпелі крушэнне ўверы.
 
маючы веру і чыстае сумленьне, якое ўтраціўшы, некаторыя адбіліся,

Між іх Гіменей і Аляксандр, якіх я перадаў сатане, каб яны навучыліся не зневажаць Бога.
 
з якіх Гіменэй і Аляксандар, якіх я аддаў шатану, каб адвыклі блюзьніць.