2 да Цімафея 1 разьдзел
Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 1999
Павел, з волі Божай Апостал Хрыста Ісуса згодна з абяцаннем жыцця, якое ў Хрысце Ісусе, —
Павал, апостал Хрыста Езуса з волі Бога, паводле абяцаньня жыцьця, якое ёсьць у Езусе Хрысьце,
Цімафею, улюбёнаму сыну: Ласка Божая, міласэрнасць, мір ад Бога Бацькі і Хрыста Ісуса, нашага Госпада.
Цімафею, найдаражэйшаму сыну: Ласка, міласэрдзе і супакой ад Бога Айца і Хрыста Езуса, Госпада нашага.
Я дзякую Богу, Якому служу, як продкі, у чыстым сумленні, у той час як няспынна ўспамінаю пра цябе ў маіх малітвах уночы і ўдзень,
Дзякую Богу, якому служу з чыстым сумленьнем, як і мае продкі, што ў маіх малітвах днём і ноччу без перапынку маю ў памяці цябе,
прагнучы ўбачыць цябе, памятаючы твае слёзы, каб мне напомніцца радасцю,
і прагну ўбачыць цябе, памятаючы твае сьлёзы, каб напоўніцца радасьцю,
атрымаўшы напамінак аб непрытворнай веры ў табе, якая жыла спярша ў тваёй бабцы Лаідзе і ў тваёй маці Яўніцы, і, я ўпэўнены, што яна жыве і ў табе.
і прыпамінаю веру тваю не фальшывую, якая раней жыла ў тваёй бабулі Ляідзе і тваёй маці Эўніцы, ды я перакананы, што жыве і ў табе.
З гэтай прычыны напамінаю табе, каб ты радзімаў дар Божы, які ў табе праз ускладанне маіх рук.
Дзеля гэтай прычыны нагадваю табе, каб ажывіў ты дар Божы, які ёсьць у табе праз узлажэньне рук маіх.
бо даў нам Бог Дух не баязлівасці, а сілы, і любові, і здаровага розуму.
Бо ня даў нам Бог Духа страху, але сілы, любові і мудрасьці.
Дык не саромейся ні сведчання нашага Госпада, ні мяне, Яго вязня, а цярпі разам для Дабравесця паводле сілы Бога,
Дык не саромейся тады сьведчаньня Госпада нашага, ані мяне, вязьня Ягонага, але працуй са мною дзеля Эвангельля моцай Бога,
Які выратаваў нас і паклікаў святым пакліканнем, не паводле нашых учынкаў, а паводле Свайго прадвызначэння і ласкі, дадзенай нам у Хрысце Ісусе перад вечнымі часамі,
які асвабадзіў нас і паклікаў сьвятым пакліканьнем не дзеля нашых заслугаў, але паводле пастановы сваёй і ласкі, якая дадзена нам у Хрысьце Езусе спрадвеку,
а выяўленай цяпер праз з’яўленне нашага Збаўцы Хрыста Ісуса, Які знішчыў смерць і асвятліў жыццё і нятленне праз Дабравесце,
а цяпер аб'явілася праз зьяўленьне Збаўцы нашага Езуса Хрыста, які зьнішчыў сьмерць і асьвяціў жыцьцё і несьмяротнасьць праз Эвангельле,
для якога я быў прызначаны звестуном і Апосталам і настаўнікам [язычнікаў].
для якога я пастаўлены вестуном, і апосталам, і вучыцелем.
З гэтай прычыны я цярплю ўсё гэта, але я не саромеюся, бо ведаю, Каму паверыў, і ўпэўнены, што Ён у сілах захаваць мой уклад да таго дня.
З гэтай прычыны пераношу цярпеньні, але не саромеюся, бо ведаю, каму паверыў, і маю пэўнасьць, што Ён мае моц дапамагчы мне захаваць перададзенае мне на той дзень.
Май за ўзор здаровых слоў, якія ты ад мяне пачуў, у веры і любові, якія ў Хрысце Ісусе.
За аснову вазьмі здаровыя словы, якія чуў ты ад мяне, у веры і любові, што ў Хрысьце Езусе.
Добры ўклад захоўвай Святым Духам, Які жыве ў нас.
Беражы добры скарб праз Духа Сьвятога, які прабывае ў нас.
Ты ведаеш тое, што ўсе, хто ў Азіі, адвярнуліся ад мяне, у іх ліку Фігел і Гермаген.
Ці ведаеш тое, што ўсе, пражываючыя ў Азіі, між імі Фігел і Гермаген, адвярнуліся ад мяне?
Няхай Госпад змілуецца над домам Анісіфора, таму што ён часта падбадзёрваў мяне і не саромеўся маіх ланцугоў;
Хай будзе міласэрным Госпад для дома Анэсіфора, бо часта ён мяне падмацоўваў і не саромеўся кайданаў маіх,
а, быўшы у Рыме, старанна расшукваў мяне і знайшоў.
але, прыбыўшы ў Рым, пільна шукаў мяне і знайшоў.
Няхай дасць яму Госпад знайсці міласэрнасць ад Госпада ў той дзень. А колькі ён паслужыў [мне] ў Эфесе, ты лепш ведаеш.
Хай атрымае ён у Бога міласэрдзе ў гэты дзень. А колькі ён служыў мне ў Эфэзе, ты лепей ведаеш.