2 да Цімафея 1 разьдзел
Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999
Паўла, Апостал Хрыста Ісуса, з волі Бога, паводле абяцання жыцця, якое ёсць у Хрысце Ісусе,
Павал, апостал Хрыста Езуса з волі Бога, паводле абяцаньня жыцьця, якое ёсьць у Езусе Хрысьце,
Цімафею, улюбёнаму сыну: ласка, міласэрнасць і супакой ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
Цімафею, найдаражэйшаму сыну: Ласка, міласэрдзе і супакой ад Бога Айца і Хрыста Езуса, Госпада нашага.
Дзякую Богу, Якому служу ад прабацькоў з чыстым сумленнем, што ў маіх малітвах уночы і днём без перапынку маю ў памяці цябе,
Дзякую Богу, якому служу з чыстым сумленьнем, як і мае продкі, што ў маіх малітвах днём і ноччу без перапынку маю ў памяці цябе,
і прагну ўбачыць цябе, памятаючы твае слёзы, каб напоўніцца радасцю,
і прагну ўбачыць цябе, памятаючы твае сьлёзы, каб напоўніцца радасьцю,
і прыпамінаю веру не фальшывую, якая ёсць у табе, якая жыла найперш у бабулі тваёй Лаідзе і маці тваёй Эўніцы, ды я перакананы, што і ў табе.
і прыпамінаю веру тваю не фальшывую, якая раней жыла ў тваёй бабулі Ляідзе і тваёй маці Эўніцы, ды я перакананы, што жыве і ў табе.
Дзеля гэтай прычыны нагадваю табе, каб узграваў ты дар Божы, які ёсць у табе праз ускладанне рук маіх.
Дзеля гэтай прычыны нагадваю табе, каб ажывіў ты дар Божы, які ёсьць у табе праз узлажэньне рук маіх.
Бо не даў нам Бог духа страху, але сілы, любові і цвярозага мыслення.
Бо ня даў нам Бог Духа страху, але сілы, любові і мудрасьці.
Дык не саромейся тады сведчання Госпада нашага, ані мяне, вязня Яго, але працуй дзеля Евангелля моцы Бога,
Дык не саромейся тады сьведчаньня Госпада нашага, ані мяне, вязьня Ягонага, але працуй са мною дзеля Эвангельля моцай Бога,
Які збавіў нас і паклікаў святым пакліканнем не паводле нашых спраў, але паводле пастановы Сваёй і ласкі, якая дадзена нам у Хрысце Ісусе спрадвеку,
які асвабадзіў нас і паклікаў сьвятым пакліканьнем не дзеля нашых заслугаў, але паводле пастановы сваёй і ласкі, якая дадзена нам у Хрысьце Езусе спрадвеку,
а цяпер аб’явілася праз з’яўленне Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, Які знішчыў смерць і асвяціў жыццё і несмяротнасць праз Евангелле,
а цяпер аб'явілася праз зьяўленьне Збаўцы нашага Езуса Хрыста, які зьнішчыў сьмерць і асьвяціў жыцьцё і несьмяротнасьць праз Эвангельле,
дзеля якога я пастаўлены прапаведнікам, і Апосталам, і вучыцелем паганаў.
для якога я пастаўлены вестуном, і апосталам, і вучыцелем.
З гэтай прычыны пераношу цярпенні, але не саромеюся, бо ведаю, Каму паверыў, і маю пэўнасць, што Ён мае моц захаваць уклад мой на той дзень.
З гэтай прычыны пераношу цярпеньні, але не саромеюся, бо ведаю, каму паверыў, і маю пэўнасьць, што Ён мае моц дапамагчы мне захаваць перададзенае мне на той дзень.
За ўзор вазьмі здаровыя словы, якія чуў ты ад мяне, адносна веры і любові, што ў Хрысце Ісусе.
За аснову вазьмі здаровыя словы, якія чуў ты ад мяне, у веры і любові, што ў Хрысьце Езусе.
Беражы добры ўклад Духа Святога, Які прабывае ў нас.
Беражы добры скарб праз Духа Сьвятога, які прабывае ў нас.
Ці ведаеш тое, што ўсе, што ў Азіі, між імі Фігел і Гермаген, адвярнуліся ад мяне?
Ці ведаеш тое, што ўсе, пражываючыя ў Азіі, між імі Фігел і Гермаген, адвярнуліся ад мяне?
Хай дасць міласэрнасць Госпад дому Анэсіфора, бо часта ён мяне падмацоўваў і не саромеўся кайданоў маіх,
Хай будзе міласэрным Госпад для дома Анэсіфора, бо часта ён мяне падмацоўваў і не саромеўся кайданаў маіх,
але, прыбыўшы ў Рым, пільна шукаў мяне і знайшоў.
але, прыбыўшы ў Рым, пільна шукаў мяне і знайшоў.
Хай дасць яму Госпад знайсці міласэрнасць у Госпада ў той дзень. А колькі ён служыў у Эфесе, ты лепей ведаеш.
Хай атрымае ён у Бога міласэрдзе ў гэты дзень. А колькі ён служыў мне ў Эфэзе, ты лепей ведаеш.