2 да Цімафея 4 разьдзел

Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Умольваю цябе перад Богам і Госпадам Хрыстом Ісусам, Які будзе судзіць жывых і памерлых, праз прыход Яго і Валадарства Яго:
 
Сьведчу перад Богам і Хрыстом Езусам, які будзе судзіць жывых і памёршых, праз прыход Ягоны і каралеўства Ягонае:

абвяшчай слова, настойвай у час ці не ў час, дакарай, забараняй, малі з усёй цярплівасцю і навукай.
 
Абвяшчай слова, настойвай у час ці ня ў час, дакарай, пагражай, малі з усёй цярплівасьцю і навукай.

Бо надыдзе час, калі здаровай навукі не будуць прымаць, але па волі сваіх пажадлівасцей падбяруць сабе настаўнікаў, патураючых вушам,
 
Надыйдзе бо час, калі здаровай навукі ня сьцерпяць, але па волі сваіх хаценьняў падбяруць сабе настаўнікаў, патураючых вушам іхнім,

і адвернуць слых ад праўды, а да баек прыхінуцца.
 
і адвернуць слых ад праўды, а да баек прыхінуцца.

Ты ж пільнуйся ва ўсім, цярпі ў смутку, выконвай справу евангеліста, службу тваю спаўняй.
 
Ты ж пільнуйся ва ўсім, працуй, выконвай справу эвангеліста, службу тваю выпаўняй.

Я вось гатовы стацца ахвярай, і час майго адыходу настаў.
 
Я вось гатовы стацца ахвярай, і час майго адыходу набліжаецца.

Змагаўся я ў добрым змаганні, бег закончыў, веру захаваў.
 
Змагаўся я ў добрым змаганьні, бег закончыў, веру захаваў.

На заканчэнне рыхтуецца мне вянок справядлівасці, які мне дасць у той дзень Госпад, справядлівы Суддзя, ды не толькі мне, але і тым, якія палюбілі прыход Яго.
 
На заканчэньне рыхтуецца мне вянок справядлівасьці, які мне дасьць у той дзень Госпад, справядлівы Суддзя, ды ня толькі мне, але і тым, якія палюбілі прыход Ягоны.

Паспяшайся прыйсці да мяне хутка,
 
Пасьпяшайся прыйсьці да мяне чым хутчэй,

бо Дэмас кінуў мяне, палюбіўшы гэты век, і пайшоў у Тэсалоніку, Крэсцэнс — у Галатыю, Ціт — у Далмацыю.
 
бо Дэмас кінуў мяне, палюбіўшы гэты сьвет, і пайшоў у Тэсалоніку, Крэсцэнс — у Галятыю, Ціт — у Дальмацыю.

Адзін Лука са мною. Вазьмі Марка і прывядзі яго з сабой, бо ён патрэбны мне для службы.
 
Адзін Лукаш застаўся са мною. Вазьмі Марка і прывядзі яго з сабой, бо ён патрэбны мне для службы.

Тыхіка паслаў я ў Эфес.
 
Тыхіка паслаў я ў Эфэз.

Як будзеш ісці, вазьмі з сабою плашч, які пакінуў я ў Траадзе ў Карпа, і кнігі, асабліва пергаміны.
 
Як будзеш ісьці, вазьмі з сабою плашч, які пакінуў я ў Траадзе ў Карпа, і кнігі, асабліва пергаміны.

Аляксандр, меднік, шмат учыніў мне ліха. Няхай аддасць яму Госпад паводле дзейнасці яго.
 
Каваль Аляксандар шмат учыніў мне ліха. Няхай аддасьць яму Госпад паводле дзейнасьці ягонай.

Яго і ты абмінай, бо ён вельмі працівіцца нашым словам.
 
Яго і ты абмінай, бо ён вельмі працівіцца нашым словам.

Пры першай маёй абароне нікога не было пры мне, але ўсе мяне пакінулі. Няхай гэта не будзе ім палічана.
 
Пры першай маёй абароне нікога не было пры мне, але ўсе мяне пакінулі. Няхай гэта ня будзе ім палічана.

Госпад жа з’явіўся перада мною і ўмацаваў мяне, каб прапаведаванне праз мяне працягвалася і каб яго пачулі ўсе народы; і я пазбегнуў ільвінае пашчы.
 
Госпад жа быў са мною і ўмацаваў мяне, каб навучаньне маё працягвалася і каб яго чулі ўсе народы; і я пазьбегнуў ільвінае пашчы.

І вызваліць мяне Госпад ад усякай ліхой справы, і захавае для Свайго Нябеснага Валадарства. Яму слава на векі вечныя. Амін.
 
І вызваліць мяне Госпад ад усякіх ліхіх дзеяньняў, і захавае для свайго нябеснага Каралеўства. Яму хвала на вякі вечныя. Амэн.

Прывітай Прыску і Аквілу, і разам дом Анэсіфора.
 
Прывітай Прыску і Аквілю, і разам дом Анэсіфора.

Эраст застаўся ў Карынце, а Трафіма пакінуў я хворым у Мілеце.
 
Эраст застаўся ў Карыньце, а Трафіма пакінуў я хворым у Мілеце.

Паспяшайся перад зімой прыйсці. Вітаюць цябе Эўбул, і Пудэнс, і Лін, і Клаўдзія, і ўсе браты.
 
Пасьпяшайся перад зімой прыйсьці. Вітаюць цябе Эўбуль, і Пудэнс, і Лін, і Кляўдыя, і ўсе браты.

Госпад Ісус Хрыстос з духам тваім. Ласка з вамі. Амін.
 
Госпад (хай будзе) з тваім духам. Ласка з вамі.