Лукаша 12 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Тым часам, калі сабраліся дзесяткі тысяч натоўпу, так што людзі тапталі адзін аднаго, Ён пачаў казаць спярша Сваім вучням: Сцеражыцеся закваскі фарысеяў, гэта значыць крывадушнасці.
 
Калі сабраліся велізарныя грамады кругом Яго, так што адны другіх націскалі, пачаў Езус гаварыць перш да вучняў сваіх: "Сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай, каторая ёсьць крывадушнасьць.

Няма ж нічога схаванага, што не будзе адкрыта, і таемнага, што не будзе вядомым.
 
Бо няма анічога скрытага, што не было б выяўлена, ані таксама тайнага, чаго б ня ведалі.

Таму тое, што казалі вы ў цемры, пры святле будзе ўчута, і што вы прамовілі на вуха ў пакоях, будзе абвешчана на дахах.
 
Бо што вы гаварылі ў цемры, пачуецца ў сьвятле, ды што ў вуха шапталі ў бакоўцы, будзе абвешчана на дахах.

І Я кажу вам, Маім сябрам: не бойцеся тых, што забіваюць цела, і пасля гэтага больш нічога не могуць зрабіць.
 
Кажу ж вам, сябрам Маім: Ня бойцеся тых, што забіваюць цела, і пасьля гэтага нічога болей ня могуць зрабіць.

Але пакажу вам, каго баяцца: бойцеся Таго, хто, забіўшы, мае ўладу ўкінуць у геену. Так, кажу вам, Гэтага бойцеся.
 
А падказваю вам, каго маеце баяцца: Бойцеся таго, хто па забіцьці мае ўладу ўкінуць у пекла. Сапраўды кажу вам: Такога бойцеся.

Ці не пяць вераб’ёў прадаюцца за два асарыі? І ніводзін з іх не забыты ў Бога.
 
Ці ж не прадаюць пяць вераб'ёў за два медзякі? Але ні адзін з іх не забыты Богам.

А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Не бойцеся: вы даражэйшыя за шмат вераб’ёў.
 
А ў вас і валасы на галаве вашай усе палічаны. Ня бойцеся; вы ж болей вартыя, чым шмат вераб'ёў.

Кажу ж вам: кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Сын Чалавечы вызнае перад Божымі Анёламі;
 
Кажу ж вам: Хто прызнае Мяне перад людзьмі, таго і Сын Чалавечы прызнае перад анёламі Божымі.

а хто адрачэцца Мяне перад людзьмі, будзе адкінуты перад Божымі Анёламі.
 
А хто вырачацца Мяне перад людзьмі, таго выракуцца перад анёламі Божымі.

І кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца; а таму, хто скажа блюзнерства на Святога Духа, — не даруецца.
 
І кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, будзе адпушчана; але хто б блюзьніў на Духа Сьвятога, ня будзе таму адпушчана.

А калі прывядуць вас у сінагогі, і да начальства, і да ўлад, не турбуйцеся, як або чым апраўдацца ці што сказаць;
 
А калі вас павядуць у сынагогі, да начальстваў і да ўладаў, не турбуйцеся, як і што маеце адказаць, ці што гаварыць,

бо Святы Дух навучыць вас у тую часіну, што трэба сказаць.
 
бо Дух Сьвяты навучыць вас у тую гадзіну, што вам трэба казаць".

І нехта з натоўпу сказаў Яму: Настаўніку, скажы майму брату, каб ён падзяліў са мною спадчыну.
 
Нехта з грамады сказаў Езусу: "Вучыцель, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай".

Ён жа сказаў яму: Чалавеча, хто Мяне паставіў суддзёю або дзялільшчыкам над вамі?
 
Але Ён сказаў: "Чалавеча, хто ж устанавіў Мяне суддзёй і дзяліцелем над вамі?"

І Ён сказаў ім: Глядзіце, асцерагайцеся ўсялякай хцівасці, бо нічыё жыццё не залежыць ад багацця яго маёмасці.
 
Ды сказаў ім: "Глядзіце, высьцерагайцеся ўсякай хцівасьці, бо калі хто і мае дастатак, яго жыцьцё не залежыць ад таго, што мае".

І сказаў ім прыпавесць, кажучы: У аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла зямля.
 
Затым расказаў ім прыповесьць: "Поле аднаго багатага чалавека дало шчодры ўраджай.

І ён разважаў сам сабе, кажучы: Што мне рабіць, бо не маю куды сабраць свае плады?
 
Дык ён разважаў у сваёй душы: "Што мне зрабіць, бо ня маю дзе падзець свайго плёну?"

І сказаў Вось што зраблю, разбяру мае свірны і пабудую большыя і збяру туды ўсё збожжа26 і ўсё маё дабро,
 
Дык сказаў: "Вось што зраблю: развалю свае гумны, і пастаўлю большыя, і там памяшчу ўсю пшаніцу і даброцьце маё,

і скажу маёй душы: «Душа, маеш шмат дабра, на шмат гадоў складзенага; адпачывай, еш, пі, весяліся».
 
і скажу душы маёй: "Душа, маеш многа даброцьцяў, назапашаных на шмат гадоў; адпачывай, еш, пі, банкетуй".

Ды Бог сказаў яму: Неразумны, гэтай начы запатрабуюць тваю душу ад цябе; а тое, што ты нарыхтаваў, каму дастанецца?
 
Але Бог сказаў яму: "Дурны, у гэту ноч запатрабуюць ад цябе душы тваёй, а тое, што прыгатаваў, чыё будзе?"

Так бывае з тым, хто збірае скарбы для сябе, а не багацее для Бога.
 
Так бывае з тым, хто для сябе зьбірае скарбы, а ня ёсьць багаты перад Богам".

І Ён сказаў Сваім вучням: Дзеля таго кажу вам: не турбуйцеся пра [ваша] жыццё, што вам есці, ні пра цела, у што вам адзецца.
 
І сказаў вучням сваім: "Дзеля таго кажу вам: Не турбуйцесяся пра жыцьцё вашае, што будзеце есьці, ані пра цела, у што яго будзеце адзяваць.

Бо жыцце большае за яду і цела — за адзенне.
 
Бо жыцьцё важнейшае за яду, і цела — за адзеньне.

Паглядзіце на крумкачоў, што не сеюць, і не жнуць, няма ў іх ні кладоўкі, ні свірна, а Бог корміць іх. Наколькі вы даражэйшыя за птушак!
 
Паглядзіце на груганоў: яны ня сеюць, ані жнуць, і ня маюць сьвірнаў, і Бог іх корміць.На колькі ж вы больш вартыя за птушак.

Хто ж з вас, турбуючыся, можа дабавіць да свайго росту27 хоць бы локаць?28
 
Ды хто з вас сваім клопатам можа дадаць хоць адзін локаць да свайго веку?

Дык калі вы і найменшага не можаце, чаго турбуецеся пра астатняе?
 
Калі вось найменшай рэчы ня можаце, дык чаму пра іншыя турбуецеся?

Паглядзіце на лілеі, як яны растуць: не працуюць і ні прадуць; але кажу вам, нават Саламон ува ўсёй сваёй славе не адзяваўся так, як кожная з іх.
 
Прыгледзьцеся лілеям, як растуць: не працуюць, ані прадуць. Але кажу Я вам, што нават Салямон ва ўсёй сваёй славе ня быў так адзеты, як адна з іх.

Калі ж траву, якая сёння ёсць у полі, а заўтра ў печ будзе ўкінута, Бог так убірае, то тым больш вас, малаверы!
 
Дык калі траву, што сёньня на полі, а заўтра ў печ кіданая, Бог так адзяе, дык куды больш вас, малаверы.

І вы не шукайце, што вам есці і што вам піць, і не трывожцеся:
 
Таму вы не пытайцеся, што будзеце есьці або што будзеце піць, і не турбуйцеся.

бо ўсяго гэтага шукаюць народы свету, Бацька ж ваш ведае, што вы маеце патрэбу ў гэтым.
 
Гэта ўсё людзі гэтага сьвету шукаюць. Ваш жа Айцец ведае, што гэтага патрабуеце.

Толькі шукайце Яго29 Царства і гэта [ўсё] дадасца вам.
 
Дык перш шукайце Каралеўства Яго, і гэта ўсё будзе вам дадзена.

Не бойся, малая чародка, бо ваш Бацька меў ласку даць вам Царства.
 
Ня бойся, малое стада, бо спадабалася Айцу вашаму даць вам Каралеўства.

Прадавайце вашу маёмасць і падавайце міласціну; і зрабіце сабе кашалі, якія не старэюць, скарб невычэрпны ў нябёсах, куды злодзей не прыблізіцца і дзе моль не знішчае;
 
Дык прадайце, што маеце, і дайце міласьціну. Спраўце сабе капшукі, каторыя не нішчэюць, скарб бязьмежны ў небе, куды злодзей не ўбіваецца, і дзе моль не зьядае.

бо дзе ваш скарб, там будзе і ваша сэрца.
 
Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.

Няхай будуць вашы паясніцы падпяразаныя і свяцільні гараць;
 
Хай паясьніцы вашыя будуць падперазаныя і сьветачы запаленыя ў руках вашых,

а вы будзьце падобнымі да людзей, што чакаюць свайго гаспадара, калі ён вернецца з вяселля, каб, як прыйдзе і пастукае, адразу адчыніць яму.
 
а вы самі падобныя да людзей, чакаючых вяртаньня гаспадара свайго з вясельля, каб, калі надыйдзе і пастукае, адразу адчыніць яму.

Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар, прыйшоўшы, застане нядрэмнымі; праўду кажу вам, што ён падперажэ і пасадзіць іх і, падышоўшы, будзе слугаваць ім.
 
Шчасьлівыя тыя слугі, каторых, прыйшоўшы, гаспадар знойдзе чуваючымі. Сапраўды кажу вам, ён падперажацца і скажа ім сесьці за стол ды, абыходзячы, будзе паслугаваць ім.

І калі ў другую, і калі ў трэцюю варту прыйдзе і застане іх гэтак, шчаслівыя тыя [слугі]!
 
І ці ён прыйдзе ў другую варту, ці ў трэцюю прыйдзе і так знойдзе, шчасьлівыя тыя слугі.

Вы ж знайце гэта, што калі б гаспадар дома ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то [не спаў бы і] не дапусціў бы падкапаць свой дом.
 
А гэта ведайце, што калі б гаспадар дому ведаў, у каторы час злодзей прыйдзе, напэўна не дазволіў бы яму ўламацца ў дом свой.

[Дык] і вы будзьце гатовы, бо ў гадзіну, у якую не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы.
 
Так і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіну, у каторай вы не спадзяецёся.

І Пётр сказаў [Яму]: Госпадзе, ці нам кажаш гэтую прыпавесць, ці і ўсім?
 
Затым спытаўся ў Яго Пётар: "Госпадзе, ці гэта нам гаворыш гэту прыповесьць, ці, можа, усім?"

І сказаў Госпад: Дык хто ж верны эканом, разумны, якога гаспадар паставіць над сваёю чэляддзю, каб даваць у свой час меру хлеба?
 
І сказаў Госпад: "Хто, думаеш, ёсьць верны і разумны загадчык, якога гаспадар паставіў над домам сваім, каб у свой час зааглядаў кожнага мераю хлеба?

Шчаслівы той слуга, якога яго гаспадар, прыйшоўшы, застане, што ён робіць так.
 
Шчасьлівы той слуга, якога гаспадар, надыйшоўшы, знойдзе так робячым.

Праўдзіва кажу вам, што ён паставіць яго над усёю яго маёмасцю.
 
Сапраўды кажу вам, што паставіць яго над усёй сваёю маёмасьцю.

А калі той слуга скажа ў сэрцы сваім: «Позніцца мой гаспадар прыйсці», і пачне біць слуг і служанак, і есці, і піць, і напівацца,
 
А калі той слуга падумае ў сэрцы сваім: "Гаспадар мой марудзіць з паваротам", ды пачне біць слугі і служанкі, есьці, піць ды напівацца,

то прыйдзе гаспадар таго слугі ў дзень, у які той не чакае, і ў гадзіну, якой той не ведае, і рассячэ яго папалам і вызначыць яму адну долю з нявернымі.
 
прыйдзе гаспадар слугі таго ў дзень, у які не спадзяецца, і ў хвіліну, якой ня ведае, і адлучыць яго, ды дасьць яму ўдзел з нявернымі.

Той жа слуга, што ведаў волю свайго гаспадара, а не падрыхтаваў або не зрабіў паводле яго волі, будзе многа біты.
 
Той жа слуга, які ведаў волю гаспадара свайго, але не прыгатаваўся і не рабіў паводле волі яго, будзе строга пакараны.

А той, які не ведаў, але зрабіў нешта вартае біцця, будзе меней біты. Кожнаму, каму шмат было дадзена, з таго шмат спагоніцца, і каму шмат даручана, з таго больш запатрабуецца.
 
А той, які ня ведаў, і рабіў вартае кары, будзе пакараны меней. Ад кожнага, каму болей дадзена, болей будзе вымагацца, і ад таго, каму многа даручана, болей патрабаваць будуць.

Агонь Я прыйшоў кінуць на зямлю, і як Я хачу, каб ён ужо запалаў!
 
Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і чаго хачу? Каб ён ужо гарэў!

Хрышчэннем жа Я павінен быць ахрышчаны, і як Я пакутую пакуль гэта нездзейсніцца.
 
Я маю быць хростам хрышчаны і так мучуся, пакуль гэта ня споўніцца.

Ці вы думаеце, што Я прыйшоў даць мір на зямлі? Не, кажу вам, а хутчэй падзел!
 
Ці ж думаеце, што Я прыйшоў супакой прынесьці на зямлю? Не, кажу вам, але разьдзяленьне.

Бо ад гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзелены: тры супроць двух і два супроць трох,
 
Адсюль вось будзе пяцёра ў адным доме падзеленыя: трое супраць двух, а двух супраць тром паўстануць.

падзеляцца: бацька супроць сына і сын супроць бацькі, маці супроць дачкі і дачка супроць маці, свякроў супроць сваёй нявесткі і нявестка супроць [сваёй] свекрыві.
 
Бацька будзе супраць сына, а сын — супраць бацькі, матка супраць дачкі, а дачка супраць маткі, сьвякруха супраць сынавай сваёй, а сынавая супраць сьвякрухі сваёй.

Ён казаў жа натоўпам: Калі бачыце, што хмара падымаецца на захадзе30, вы адразу кажаце: «Надыходзіць лівень», — і бывае так;
 
Далей прамаўляў і да грамадаў: "Калі бачыце хмарку, што падымаецца з захаду, зараз кажаце: "Будзе навальніца", і так станецца.

а калі дзьме паўднёвы вецер, то кажаце: «Будзе спёка», — і яна бывае.
 
А калі вецер дзьме з поўдня, кажаце: "Будзе сьпякота", і так станецца.

Крывадушнікі, твар зямлі і неба распазнаць вы ўмееце, як жа часу гэтага не ўмееце распазнаць?
 
Крывадушнікі! Аблічча зямлі і неба ўмееце распазнаваць, як жа часу гэтага не пазнаецё?

Што ж вы і самі па сабе не судзіце, што правільнае?
 
Дык чаму самі сябе ня судзіце па справядлівасьці?

Бо калі ты ідзеш са сваім праціўнікам да начальніка, то ў дарозе пастарайся дайсці з ім да згоды, каб не пацягнуў ён цябе да суддзі; а суддзя аддасць цябе выканаўцу, а выканаўца кіне цябе ў турму.
 
Калі ідзеш з супраціўнікам тваім да начальніка, дык па дарозе старайся асвабадзіцца ад яго, каб ён не павёў цябе да суддзі, а суддзя не аддаў бы цябе кату, а кат ня кінуў бы цябе ў вязьніцу.

Кажу табе, не выйдзеш ты адтуль, пакуль не аддасі і апошняй лепты.
 
Кажу табе, ня выйдзеш адтуль, пакуль не разлічышся да апошняга грошыка".