Лукаша 12 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2017
Тым часам, калі сабраліся дзесяткі тысяч натоўпу, так што людзі тапталі адзін аднаго, Ён пачаў казаць спярша Сваім вучням: Сцеражыцеся закваскі фарысеяў, гэта значыць крывадушнасці.
Калі сабраўся велізарны натоўп кругом Яго, так што адны на адных націскалі, пачаў спярша Ён гаварыць да вучняў Сваіх: «Сцеражыцеся кіслі фарысейскай, якая ёсць крывадушнасць.
Няма ж нічога схаванага, што не будзе адкрыта, і таемнага, што не будзе вядомым.
Бо няма анічога скрытага, што не было б выяўлена, ані таксама тайнага, чаго б не ўведалі.
Таму тое, што казалі вы ў цемры, пры святле будзе ўчута, і што вы прамовілі на вуха ў пакоях, будзе абвешчана на дахах.
Бо што вы гаварылі ў цемры, пачуецца ў святле, ды што ў вуха гаварылі ў пакоях, будзе абвешчана на дахах.
І Я кажу вам, Маім сябрам: не бойцеся тых, што забіваюць цела, і пасля гэтага больш нічога не могуць зрабіць.
Кажу ж вам, сябрам Маім: не бойцеся тых, што забіваюць цела і пасля гэтага нічога болей не могуць зрабіць.
Але пакажу вам, каго баяцца: бойцеся Таго, хто, забіўшы, мае ўладу ўкінуць у геену. Так, кажу вам, Гэтага бойцеся.
А Я перасцерагаю вас, Каго баяцца: бойцеся Таго, Хто па забіцці мае ўладу ўкінуць у пекла. Так, кажу вам: Яго бойцеся.
Ці не пяць вераб’ёў прадаюцца за два асарыі? І ніводзін з іх не забыты ў Бога.
Ці ж не прадаюць пяць вераб’ёў за два асарыі? Але ні адзін з іх не забыты перад Богам.
А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Не бойцеся: вы даражэйшыя за шмат вераб’ёў.
Але і валасы на галаве вашай усе палічаны. Таму не бойцеся: вы ж важнейшыя за мноства вераб’ёў.
Кажу ж вам: кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Сын Чалавечы вызнае перад Божымі Анёламі;
Кажу ж вам: кожны, хто прызнае Мяне перад людзьмі, таго і Сын Чалавечы прызнае перад анёламі Божымі;
а хто адрачэцца Мяне перад людзьмі, будзе адкінуты перад Божымі Анёламі.
а хто зрачэцца Мяне перад людзьмі, таго і Ён адкіне перад анёламі Божымі.
І кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца; а таму, хто скажа блюзнерства на Святога Духа, — не даруецца.
І кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, будзе даравана; але хто б блюзніў на Духа Святога, не будзе таму даравана.
А калі прывядуць вас у сінагогі, і да начальства, і да ўлад, не турбуйцеся, як або чым апраўдацца ці што сказаць;
А калі вас павядуць у сінагогі, і да начальства, і да ўладаў, не турбуйцеся, як і што маеце адказаць ці што гаварыць,
бо Святы Дух навучыць вас у тую часіну, што трэба сказаць.
бо Дух Святы навучыць вас у тую гадзіну, што вам трэба казаць».
І нехта з натоўпу сказаў Яму: Настаўніку, скажы майму брату, каб ён падзяліў са мною спадчыну.
Нехта з натоўпу гаворыць Яму: «Настаўнік, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай».
Ён жа сказаў яму: Чалавеча, хто Мяне паставіў суддзёю або дзялільшчыкам над вамі?
Але Ён сказаў яму: «Чалавеча, хто ж паставіў Мяне суддзёй і размеркавальнікам над вамі?»
І Ён сказаў ім: Глядзіце, асцерагайцеся ўсялякай хцівасці, бо нічыё жыццё не залежыць ад багацця яго маёмасці.
Ды сказаў ім: «Зважайце і высцерагайцеся ўсякай хцівасці, бо, калі хто і мае дастатак, яго жыццё не ў тым, што мае».
І сказаў ім прыпавесць, кажучы: У аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла зямля.
І сказаў ім прыпавесць, кажучы: «Поле аднаго багацея дало шчодры ўраджай.
І ён разважаў сам сабе, кажучы: Што мне рабіць, бо не маю куды сабраць свае плады?
Дык ён разважаў у сваёй душы, кажучы: “Што мне зрабіць, бо не маю дзе падзець свайго ўраджаю?”
І сказаў Вось што зраблю, разбяру мае свірны і пабудую большыя і збяру туды ўсё збожжа26 і ўсё маё дабро,
Ды сказаў: “Вось што зраблю: развалю свае свірны, і пабудую большыя, і туды збяру ўсе плады мае і даброцце маё,
і скажу маёй душы: «Душа, маеш шмат дабра, на шмат гадоў складзенага; адпачывай, еш, пі, весяліся».
і скажу душы маёй: “Душа, маеш многа даброццяў, назапашаных на шмат гадоў; адпачывай, еш, пі, весяліся”.
Ды Бог сказаў яму: Неразумны, гэтай начы запатрабуюць тваю душу ад цябе; а тое, што ты нарыхтаваў, каму дастанецца?
Але Бог сказаў яму: “Бязглузды! У гэтую ноч запатрабуюць душу тваю ад цябе, а тое, што прыгатаваў, чыё будзе?”
Так бывае з тым, хто збірае скарбы для сябе, а не багацее для Бога.
Так бывае з тым, хто для сябе збірае скарбы, а перад Богам не багаты».
І Ён сказаў Сваім вучням: Дзеля таго кажу вам: не турбуйцеся пра [ваша] жыццё, што вам есці, ні пра цела, у што вам адзецца.
І сказаў вучням Сваім: «Дзеля таго кажу вам: не турбуйцеся дзеля душы вашай, што будзеце есці, ані дзеля цела, што на яго ўздзенеце.
Бо жыцце большае за яду і цела — за адзенне.
Бо душа важнейшая за ежу, і цела — за адзенне.
Паглядзіце на крумкачоў, што не сеюць, і не жнуць, няма ў іх ні кладоўкі, ні свірна, а Бог корміць іх. Наколькі вы даражэйшыя за птушак!
Паглядзіце на груганоў, якія ані сеюць, ані жнуць, і няма ў іх ані камор, ані свірнаў, і Бог іх корміць; наколькі ж вы больш вартыя за птушак.
Хто ж з вас, турбуючыся, можа дабавіць да свайго росту27 хоць бы локаць?28
Ды хто з вас сваім клопатам можа дадаць хоць адзін локаць да свайго росту?
Дык калі вы і найменшага не можаце, чаго турбуецеся пра астатняе?
Калі вы нават і найменшай рэчы не можаце, дык чаму пра іншыя турбуецеся?
Паглядзіце на лілеі, як яны растуць: не працуюць і ні прадуць; але кажу вам, нават Саламон ува ўсёй сваёй славе не адзяваўся так, як кожная з іх.
Прыгледзьцеся да лілей, як яны растуць: ані працуюць, ані прадуць; але кажу Я вам: нават Саламон ва ўсёй сваёй славе не быў так апрануты, як адна з іх.
Калі ж траву, якая сёння ёсць у полі, а заўтра ў печ будзе ўкінута, Бог так убірае, то тым больш вас, малаверы!
Дык калі траву, што сёння на полі, а заўтра ў печ кінута, Бог так апранае, дык куды больш вас, малаверы.
І вы не шукайце, што вам есці і што вам піць, і не трывожцеся:
Таму вы не шукайце, што будзеце есці або што будзеце піць, і не турбуйцеся.
бо ўсяго гэтага шукаюць народы свету, Бацька ж ваш ведае, што вы маеце патрэбу ў гэтым.
Бо гэтага ўсяго народы свету шукаюць; ваш жа Айцец ведае, што гэта патрэбна вам.
Толькі шукайце Яго29 Царства і гэта [ўсё] дадасца вам.
Дык перш шукайце Валадарства Божага, і гэта ўсё вам прыкладзецца.
Не бойся, малая чародка, бо ваш Бацька меў ласку даць вам Царства.
Не бойся, малы статак, бо даспадобы было Айцу вашаму даць вам Валадарства.
Прадавайце вашу маёмасць і падавайце міласціну; і зрабіце сабе кашалі, якія не старэюць, скарб невычэрпны ў нябёсах, куды злодзей не прыблізіцца і дзе моль не знішчае;
Прадайце, што маеце, і дайце міласціну. Спраўце сабе капшукі, што не нішчэюць, скарб бязмежны ў нябёсах, куды злодзей не набліжаецца і дзе моль не з’ядае;
бо дзе ваш скарб, там будзе і ваша сэрца.
бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша.
Няхай будуць вашы паясніцы падпяразаныя і свяцільні гараць;
Хай паясніцы вашы будуць падперазаныя і светачы запалены ў руках вашых,
а вы будзьце падобнымі да людзей, што чакаюць свайго гаспадара, калі ён вернецца з вяселля, каб, як прыйдзе і пастукае, адразу адчыніць яму.
а вы самі падобны да людзей, што чакаюць гаспадара свайго, калі ён вернецца з вяселля, каб, калі надыдзе і пастукае, адразу адчыніць яму.
Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар, прыйшоўшы, застане нядрэмнымі; праўду кажу вам, што ён падперажэ і пасадзіць іх і, падышоўшы, будзе слугаваць ім.
Шчасныя тыя слугі, якіх гаспадар прыйдзе і знойдзе, што яны не спяць. Сапраўды кажу вам: ён падпярэжацца, і скажа ім узлегчы за сталом, ды, абыходзячы, будзе паслугаваць ім.
І калі ў другую, і калі ў трэцюю варту прыйдзе і застане іх гэтак, шчаслівыя тыя [слугі]!
І, ці ён прыйдзе ў другую варту, ці ў трэцюю варту прыйдзе і такімі іх знойдзе, шчасныя тыя слугі.
Вы ж знайце гэта, што калі б гаспадар дома ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то [не спаў бы і] не дапусціў бы падкапаць свой дом.
А гэта ведайце, што, калі б гаспадар дома ведаў, у які час злодзей прыйдзе, чакаў бы яго і не дазволіў бы яму падкапацца ў дом свой.
[Дык] і вы будзьце гатовы, бо ў гадзіну, у якую не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы.
Так і вы будзьце гатовы, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіну, у якую вы не спадзеяцеся».
І Пётр сказаў [Яму]: Госпадзе, ці нам кажаш гэтую прыпавесць, ці і ўсім?
Затым гаворыць Яму Пётра: «Госпадзе, ці нам гаворыш гэта для параўнання, ці, можа, усім?»
І сказаў Госпад: Дык хто ж верны эканом, разумны, якога гаспадар паставіць над сваёю чэляддзю, каб даваць у свой час меру хлеба?
І сказаў Госпад: «Хто, думаеш, ёсць верны і разумны аканом, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі, каб даваў ім у час меру пшаніцы?
Шчаслівы той слуга, якога яго гаспадар, прыйшоўшы, застане, што ён робіць так.
Шчасны той слуга, калі гаспадар прыйдзе і знойдзе, што ён так робіць.
Праўдзіва кажу вам, што ён паставіць яго над усёю яго маёмасцю.
Сапраўды кажу вам: над усім, чым валодае, паставіць ён яго.
А калі той слуга скажа ў сэрцы сваім: «Позніцца мой гаспадар прыйсці», і пачне біць слуг і служанак, і есці, і піць, і напівацца,
А калі той слуга скажа ў сэрцы сваім: “Гаспадар мой марудзіць з прыходам”, ды пачне біць паслугачоў і паслугачак, есці, піць ды напівацца,
то прыйдзе гаспадар таго слугі ў дзень, у які той не чакае, і ў гадзіну, якой той не ведае, і рассячэ яго папалам і вызначыць яму адну долю з нявернымі.
прыйдзе гаспадар паслугача таго ў дзень, у які не спадзяецца, і ў час, якога не ведае, і адлучыць яго, ды прызначыць яго долю разам з нявернымі.
Той жа слуга, што ведаў волю свайго гаспадара, а не падрыхтаваў або не зрабіў паводле яго волі, будзе многа біты.
Той жа паслугач, які ведаў волю гаспадара свайго, але не прыгатаваўся і не рабіў паводле волі яго, будзе строга пакараны.
А той, які не ведаў, але зрабіў нешта вартае біцця, будзе меней біты. Кожнаму, каму шмат было дадзена, з таго шмат спагоніцца, і каму шмат даручана, з таго больш запатрабуецца.
А той, які не ведаў і рабіў вартае кары, будзе пакараны меней. Ад кожнага, каму болей дадзена, болей спытаюць, і ад таго, каму многа даручана, болей патрабаваць будуць.
Агонь Я прыйшоў кінуць на зямлю, і як Я хачу, каб ён ужо запалаў!
Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і чаго хачу? Каб ён ужо гарэў!
Хрышчэннем жа Я павінен быць ахрышчаны, і як Я пакутую пакуль гэта нездзейсніцца.
Я маю быць хростам ахрышчаны, і як жа Я пакутую, пакуль гэта не споўніцца!
Ці вы думаеце, што Я прыйшоў даць мір на зямлі? Не, кажу вам, а хутчэй падзел!
Ці ж думаеце, што Я прыйшоў супакой прынесці на зямлю? Не, кажу вам, але раздзяленне.
Бо ад гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзелены: тры супроць двух і два супроць трох,
Адсюль вось будуць пяцёра ў адным доме падзеленыя: трое супраць двух, а двое супраць трох.
падзеляцца: бацька супроць сына і сын супроць бацькі, маці супроць дачкі і дачка супроць маці, свякроў супроць сваёй нявесткі і нявестка супроць [сваёй] свекрыві.
Раздзеляцца бацька з сынам, а сын з бацькам, маці з дачкой, а дачка з маці, свякроў з нявесткай сваёй, а нявестка з свекроўю сваёй».
Ён казаў жа натоўпам: Калі бачыце, што хмара падымаецца на захадзе30, вы адразу кажаце: «Надыходзіць лівень», — і бывае так;
Далей прамаўляў і да людзей: «Калі вы бачыце хмару, што падымаецца з захаду, зараз кажаце: “Набліжаецца навальніца”, і так стаецца.
а калі дзьме паўднёвы вецер, то кажаце: «Будзе спёка», — і яна бывае.
А калі вецер дзьме з поўдня, кажаце: “Будзе спякота”, і так стаецца.
Крывадушнікі, твар зямлі і неба распазнаць вы ўмееце, як жа часу гэтага не ўмееце распазнаць?
Крывадушнікі, аблічча зямлі і неба ўмееце распазнаць, чаму ж гэтага часу не ўмееце распазнаць?
Што ж вы і самі па сабе не судзіце, што правільнае?
Дык чаму самі сябе не судзіце па справядлівасці?
Бо калі ты ідзеш са сваім праціўнікам да начальніка, то ў дарозе пастарайся дайсці з ім да згоды, каб не пацягнуў ён цябе да суддзі; а суддзя аддасць цябе выканаўцу, а выканаўца кіне цябе ў турму.
Калі ідзеш з супраціўнікам тваім да начальніка, дык па дарозе старайся вызваліцца ад яго, каб ён не павёў цябе да суддзі, а суддзя не аддаў бы цябе кату, а кат не кінуў бы цябе ў вязніцу.
Кажу табе, не выйдзеш ты адтуль, пакуль не аддасі і апошняй лепты.
Кажу табе, не выйдзеш адтуль, пакуль не разлічышся да апошняга аса».