Лукаша 14 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І сталася: калі Ён прыйшоў у суботу ў дом аднаго з фарысейскіх начальнікаў з’есці хлеба, яны сачылі за Ім.
 
І сталася, калі Езус у суботу ўвайшоў у дом аднаго з начальнікаў фарысэйскіх, запрошаны на пасілак, яны вось за Ім сачылі.

І вось перад Ім быў адзін чалавек, хворы на вадзянку.
 
І вось нейкі апухлы чалавек прыйшоў да Яго.

І, азваўшыся, Ісус спытаўся ў законнікаў і фарысеяў, кажучы: Ці дазваляецца вылечваць у суботу ці не?
 
І адказваючы, спытаўся Езус законаведаў і фарысэяў, кажучы: "Ці належыцца аздараўляць у суботу?"

Яны ж змаўчалі. І, дакрануўшыся да хворага, Ён вылечыў яго і адпусціў.
 
Але яны маўчалі. Тады Езус, дакрануўшыся да хворага, аздаравіў яго і адправіў.

А ім Ён сказаў: Хіба хто з вас, у каго сын36 або вол уваліцца ў студню, не выцягне яго зразу ж, у суботні дзень?
 
І сказаў ім: "Калі каторага з вас асёл або вол уваліцца ў студню, ці ня зараз выцягваюць яго ў дзень суботы".

І яны не змаглі адказаць на гэта.
 
І не маглі яны на гэта ніяк адказаць.

І казаў Ён запрошаным прыпавесць, бо заўважыў, як яны выбіралі сабе першыя месцы, і сказаў ім:
 
Аднойчы, прыглядаючыся, як госьці выбіралі першыя месцы, сказаў Езус запрошаным гэтую прыповесьць:

Калі хто запросіць цябе на вяселле, не ўзлягай на першае месца; каб часам хто важнейшы за цябе не быў запрошаны ім
 
"Калі будзеш запрошаны на вясельле, не сядай на першым месцы, каб часам ня быў запрошаны важнейшы за цябе,

і не прыйшоў бы той, хто паклікаў цябе і яго, і не сказаў табе: «Дай яму месца», і тады ты з сорамам пачнеш займаць апошняе месца.
 
бо тады той, хто цябе і яго запрасіў, прыйшоўшы, скажа табе: "Саступі яму месца". І тады ты з сорамам зоймеш апошняе месца.

Але калі запросяць, пайдзі і ўзляж на апошняе месца, каб той, хто паклікаў цябе, прыйшоўшы, сказаў табе: «Дружа, падыміся вышэй»; тады табе будзе гонар перад усімі, хто з табою ўзлягае.
 
Дык калі цябе запросяць, ідзі і сядзь на апошнім месцы, каб, калі надыйдзе той, хто цябе запрасіў, сказаў табе: "Прыяцелю, сядзь вышэй". Тады будзеш мець пашану ў банкетуючых.

Бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, будзе ўзвышаны.
 
Бо кожны, хто сябе вывышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны".

Казаў жа і таму, хто Яго запрасіў: Калі спраўляеш абед ці вячэру, не кліч сваіх сяброў, ні сваіх братоў, ні сваіх сваякоў, ні багатых суседзяў, каб і яны не паклікалі ў адказ цябе і не была табе аддзяка.
 
Затым гаварыў і да таго, хто Яго запрасіў: "Калі спраўляеш абед або вячэру, не запрашай сяброў тваіх, ані братоў тваіх, ані сваякоў, ані багатых суседзяў, каб яны часам цябе не запрасілі, бо ўжо атрымаў бы ўзнагароду.

Але калі спраўляеш гасціну, кліч убогіх, калек, кульгавых, сляпых;
 
Але калі спраўляеш банкет, пакліч убогіх, калекаў, кульгавых ды сьляпых,

і будзеш шчаслівы, бо яны не маюць чым адплаціць табе, табе ж будзе адплачана пры ўваскрэсенні праведных.
 
і шчасьлівы будзеш, бо запрошаныя ня маюць, чым адплаціцца табе. Адплачана табе будзе пры ўваскрашэньні справядлівых".

І адзін з тых, што ўзляглі, пачуўшы гэта, сказаў Яму: Шчаслівы той, хто будзе есці хлеб у Царстве Божым!
 
Пачуўшы гэта, адзін з гасьцей сказаў Яму: "Багаслаўлены той, хто будзе спажываць хлеб у Каралеўстве Божым!"

Ён жа сказаў яму: Адзін чалавек спраўляў вялікую вялікую вячэру і запрасіў многіх
 
А (Езус) сказаў яму: "Адзін чалавек справіў вялікую вячэру і паклікаў многа гасьцей.

і паслаў свайго слугу ў час вячэры сказаць запрошаным: «Прыходзьце, бо ўжо ўсё гатова».
 
Ды паслаў свайго слугу ў пару вячэры, каб прыпомніў запрошаным: "Прыходзьце, бо ўжо ўсё прагатавана".

І пачалі яны ўсе да аднаго прасіць прабачэння. Першы сказаў яму: Я купіў поле і павінен пайсці паглядзець, яго; прашу цябе, прабач мне.
 
І пачалі ўсе ў адзін час адгаворвацца. Першы сказаў яму: "Купіў я палетак і мушу пайсьці і агледзець яго; прашу цябе, прабач мне".

І другі сказаў: Я купіў пяць пар валоў і іду выпрабоўваць іх; прашу цябе, прабач мне.
 
А другі сказаў: "Купіў я пяць пар валоў і іду іх праверыць. Прашу цябе, прабач мне".

І іншы сказаў: Я ажаніўся і таму не магу прыйсці.
 
Яшчэ іншы сказаў: "Я ажаніўся, і дзеля таго не магу прыйсьці".

І, прыйшоўшы, [той] слуга расказаў гэта свайму гаспадару. Тады, разгневаўшыся, сказаў гаспадар дома свайму слузе: Выйдзі хутчэй на вуліцы і завулкі горада і прывядзі сюды ўбогіх, калек, сляпых і кульгавых.
 
І, вярнуўшыся, слуга расказаў гэта гаспадару свайму. Тады разгневаны гаспадар сказаў свайму слузе: "Ідзі скора на вуліцы і завулкі горада, і прывядзі сюды ўбогіх і калекаў, храмых і сьляпых".

І слуга сказаў: Гаспадару, зроблена, як ты загадаў, і яшчэ ёсць месца.
 
І сказаў слуга: "Гаспадару, усё зроблена, як загадаў ты, але яшчэ ёсьць месца".

і сказаў гаспадар слузе: Выйдзі на дарогі і на загароды, і змусь людзей прыйсці, каб напоўніўся мой дом;
 
Дык зноў сказаў гаспадар слузе: "Выйдзі на дарогі і заплоцьці і змушай прыходзіць, каб дом мой быў поўным.

бо кажу я вам, што ніводзін з тых запрошаных мужоў не пакаштуе маёй вячэры. [Бо шмат пакліканых, ды выбраных мала].
 
Кажу вам, што ніводзін з тых людзей запрошаных не пакаштуе маёй вячэры".

Ішлі ж з Ім вялікія натоўпы, і, павярнуўшыся, Ён сказаў ім:
 
І хадзілі за Езусам вялікія грамады, і, павярнуўшыся да іх, Ён сказаў:

Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзіць свайго бацьку і маці, і жонку, і дзяцей, і братоў, і сясцёр, а яшчэ і жыцця свайго, той не можа быць Маім вучнем.
 
"Калі хто прыходзіць да Мяне, і ня мае ў нянавісьці бацькі свайго, і маці, і жонкі, і дзяцей, і братоў, і сёстраў, а пры тым і жыцьця свайго, ня можа быць вучнем Маім.

Хто не нясе свайго крыжа, а ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем.
 
І хто не нясе крыжа свайго ды не ідзе за Мной, ня можа быць вучнем Маім.

Бо хто з вас, хочучы пабудаваць вежу, не сядзе спярша і не падлічыць выдаткаў: ці мае на завяршэнне?
 
Бо хто з вас, маючы збудаваць вежу, ня сядзе перш і не аблічыць патрэбных выдаткаў, ці мае чым яе дакончыць?

Каб, калі ён закладзе падмурак, але не зможа дакончыць, усе, хто пабачыць, не пачалі смяяцца з яго.
 
Каб, калі заложыць падмурак і ня зможа закончыць, усе, якія гэтае бачаць, ня сталі сьмяяцца з яго

кажучы: «Гэты чалавек пачаў будаваць, а не змог дакончыць».
 
ды каб не гаварылі: "Гэты чалавек пачаў будаваць і ня змог скончыць".

Або які цар, ідучы на вайну супроць другога цара, перш не сядзе і не абдумае, ці зможа ён з дзесяццю тысячамі сустрэць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю тысячамі?
 
Або які кароль, маючы ваяваць супраць другога караля, ня сядзе перш і не абдумае, ці мог бы ён з дзесяцьцю тысячамі пайсьці супраць тога, які ідзе на яго з дваццацьцю тысячамі?

Калі ж не, то пакуль той яшчэ далёка, ён, паслаўшы пасольства, просіць аб умовах міру.
 
Інакш, калі той яшчэ далёка, высылае пасланьнікаў і просіць аб мір.

Гэтак і кожны з вас, калі не адмовіцца ад усёй сваёй маёмасці, не можа быць Маім вучнем.
 
Так вось кожны з вас, хто ня вырачацца ўсяго, што мае, ня можа быць Маім вучнем.

Вядома, соль — добрая; але калі і соль будзе абяссоленая, чым прыправіць?
 
Соль добрая, але калі зьвятрэе, чым яе пасаліць?

І ні ў зямлю, ні ў гной яна непрыдатная; яе вон выкідваюць. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
 
Не надасца яна ані ў зямлю, ані ў гной, але вон яе выкінуць. Хто мае вушы слухаць, няхай слухае".