Адкрыцьцё 4 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 1999
Пасля гэтага я ўбачыў: вось дзверы адчыненыя ў небе, і ранейшы голас, які я чуў, як бы гук трубы, што гаварыў са мною, сказаў: «Узыдзі сюды, я пакажу табе, што павінна адбыцца пасля гэтага».
Пасьля гэтага ўбачыў я: і вось дзьверы адчыненыя ў небе, і голас першы, які я пачуў, быў як быццам голасам трубы, размаўляючай са мною і кажучай: "Увайдзі сюды, і Я пакажу табе тое, што павінна стацца пасьля".
Я адразу напоўніўся Духам. Вось трон стаяў на небе, а на троне нехта сядзеў.
І адразу быў я ў захапленьні духам: і вось трон стаяў у небе, а на троне Нехта сядзеў.
Той, які сядзеў, з выгляду быў падобны да каменя яшмы і сердаліку, і вясёлка была вакол трона, з выгляду падобная да смарагду.
І Той, хто сядзеў, падобны быў з выгляду да каменя з ясьпіса і сардына, і вясёлка вакол трону была падобная з выгляду на шмарагд.
Навокал трона было дваццаць чатыры троны. А на тронах сядзелі дваццаць чатыры старэйшыны, апранутыя ў белыя шаты. На іхніх галовах— залатыя вянкі.
І вакол трона — дваццаць чатыры троны, і на тронах сядзелі дваццаць чатыры старыя, адзетыя ў белыя вопраткі, і на галавах іхніх — залатыя кароны.
З трона сыходзілі маланкі, галасы і грымоты. Сем вогненных паходняў, якія ёсць сямю Божымі духамі, гарэла перад тронам.
І ад трону выходзілі маланкі, і галасы, і грымоты; і сем сьветачаў палаючых гараць перад тронам, якія ёсьць сем духаў Божых.
І перад тронам было быццам мора шкляное, падобнае да крышталю. А пасярэдзіне трона і навокал трона былі чатыры жывыя істоты, поўныя вачэй спераду і ззаду.
І перад тронам зьзяла нібы шклянае мора, падобнае на крышталь. І на сярэдзіне трону і навокал трону — чатыры жывёлы, поўныя вачэй спераду і ззаду.
Першая жывая істота была падобная да льва, а другая жывая істота — падобная да вала, трэцяя жывая істота мела аблічча, як у чалавека, а чацвёртая жывая істота была падобная да арла, які ляціць.
І першая жывёла падобная да льва, і другая жывёла падобная да быка, і трэцяя жывёла мела твар быццам чалавечы, і чацьвёртая жывёла мела падабенства да арла лятаючага.
Кожная з чатырох жывых істот мела па шэсць крылаў, а вакол і ўсярэдзіне — яны поўныя вачэй. І не маюць яны спакою ні ўдзень, ні ўначы, кажучы: «Святы, святы, святы Пан Бог усемагутны, які быў, ёсць і прыходзіць!»
І чатыры жывёлы мелі па шэсьць крылаў і навакол, і ўсярэдзіне мелі поўна вачэй; і бесперапынна днём і ноччу яны ўскліквалі: "Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты Госпад Бог Усемагутны, які быў, і які ёсьць, і які прыходзіць".
Калі жывыя істоты аддадуць славу, пашану і падзяку таму, хто сядзіць на троне, хто жыве на векі вечныя,
І калі аддавалі тыя жывёліны чэсьць, і хвалу, і падзяку Седзячаму на троне, Жывучаму на вякі вечныя,
тады дваццаць чатыры старэйшыны ўпадуць перад тым, хто сядзіць на троне, і паклоняцца таму, хто жыве на векі вечныя, і кінуць вянкі свае перад тронам, кажучы:
падалі перад Седзячым на троне дваццаць чатыры старыя, і кланяліся Жывучаму на вякі вечныя, і клалі кароны свае перад тронам, кажучы:
«Ты, Пане і наш Божа,годны прыняць славу і пашану, і сілу,бо Ты стварыў усё,і з Тваёй волі існавала і было створана».
"Дастойны Госпад Бог наш прыймаць хвалу, і чэсьць, і моц, бо Ты стварыў усё, і ўсё з волі Тавёй існавала і было створана".