Яна 20 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2002
У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы.
Тады пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: «Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго!»
Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы.
Пабеглі абодва разам. Другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы.
Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў.
Тады прыйшоў услед за ім Сымон Пётр, увайшоў у магілу і ўбачыў палотны, якія там ляжалі,
і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы.
Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег першы да магілы, убачыў і паверыў.
Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых.
Так вучні зноў вярнуліся да сябе.
Марыя стаяла каля магілы і плакала. Калі ж плакала, зазірнула ў магілу
і ўбачыла двух анёлаў у белым адзенні, якія сядзелі адзін каля галавы, а другі каля ног, дзе ляжала цела Езуса.
Яны сказалі ёй: «Жанчына, чаго ты плачаш?» Яна адказала ім: «Забралі майго Пана, і не ведаю, дзе паклалі Яго».
Калі гэта сказала, азірнулася і ўбачыла Езуса, які стаяў, але не ведала, што гэта Езус.
Сказаў ёй Езус: «Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш?» Яна, думаючы, што гэта садоўнік, сказала Яму: «Пане, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я забяру Яго».
Езус сказаў ёй: «Марыя!» А яна азірнулася і сказала Яму па-габрэйску: «Раббуні!» (што азначае «Настаўнік»).
Сказаў ёй Езус: «Не затрымлівай Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца. Ідзі ж да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, да Бога Майго і Бога вашага».
Пайшла Марыя Магдалена абвясціць вучням, што бачыла Пана і тое, што Ён сказаў ёй.
Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: «Спакой вам!»
Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана.
Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас».
Сказаўшы гэта, дыхнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога.
Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца».
Тамаш, адзін з Дванаццаці, якога звалі Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус.
Іншыя вучні казалі Яму: «Мы бачылі Пана!» Але ён сказаў ім: «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу».
Праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, Езус прыйшоў, стаў пасярэдзіне і сказаў: «Спакой вам!»
Потым сказаў Тамашу: «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым!»
У адказ Тамаш сказаў Яму: «Пан мой і Бог мой!»
Езус сказаў яму: «Ты паверыў, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў!»
Шмат іншых знакаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі.
Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус — гэта Хрыстус, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.