Мацьвея 1 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2002
Кніга радаводу Езуса Хрыста, сына Давіда, сына Абрагама.
Абрагам нарадзіў Ісаака; Ісаак нарадзіў Якуба; Якуб нарадзіў Юду і ягоных братоў;
Юда нарадзіў Фарэса і Зару ад Тамар. Фарэс нарадзіў Эзрома; Эзром нарадзіў Арама,
Арам нарадзіў Амінадаба; Амінадаб нарадзіў Наасона; Наасон нарадзіў Сальмона;
Сальмон нарадзіў Бааза ад Рахаб; Бааз нарадзіў Абэда ад Рут; Абэд нарадзіў Есэя,
а Есэй нарадзіў караля Давіда. Давід нарадзіў Саламона ад жонкі Урыі;
Саламон нарадзіў Рабаама; Рабаам нарадзіў Абія; Абій нарадзіў Асу;
Аса нарадзіў Язафата; Язафат нарадзіў Ярама; Ярам нарадзіў Осію;
Осія нарадзіў Яатама; Яатам нарадзіў Ахаза; Ахаз нарадзіў Эзэхію;
Эзэхія нарадзіў Манасэса; Манасэс нарадзіў Амона; Амон нарадзіў Ёсію;
Ёсія нарадзіў Ехонію і ягоных братоў падчас бабілёнскага перасялення.
А пасля бабілёнскага перасялення Ехонія нарадзіў Салятыэля; Салятыэль нарадзіў Зарабабэля;
Зарабабэль нарадзіў Абіюда; Абіюд нарадзіў Эліяхіма; Эліяхім нарадзіў Азора;
Азор нарадзіў Садока; Садок нарадзіў Ахіма; Ахім нарадзіў Эліюда;
Эліюд нарадзіў Элеазара; Элеазар нарадзіў Матана; Матан нарадзіў Якуба;
Якуб нарадзіў Юзафа, мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Езус, званы Хрыстом.
А ўсіх пакаленняў ад Абрагама да Давіда — чатырнаццаць, ад Давіда да бабілёнскага перасялення — чатырнаццаць, і ад бабілёнскага перасялення да Хрыста — чатырнаццаць пакаленняў.
Нараджэнне Езуса Хрыста было такім. Пасля заручын Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым яны пачалі жыць разам, Яна зачала ад Духа Святога.
Юзаф жа, муж Яе, будучы справядлівым і не жадаючы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе.
Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: «Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога.
Яна ж народзіць Сына, а ты дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных».
А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа:
«Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае “з намі Бог”».
Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю,
і не спазнаваў Яе, пакуль Яна не нарадзіла Сына, якому ён даў імя Езус.