Мацьвея 8 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2002
Калі Езус сышоў з гары, следам за Ім пайшло мноства людзей.
І вось, падышоў пракажоны і кланяўся Яму, кажучы: «Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысціць».
Езус працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: «Хачу, будзь ачышчаны!» І той адразу ачысціўся ад праказы.
Езус сказаў яму: «Глядзі, нікому не кажы, але ідзі, пакажыся святару і ахвяруй дар, які наказаў Майсей, на сведчанне ім».
Калі Езус увайшоў у Кафарнаум, падышоў да Яго сотнік і прасіў Яго,
кажучы: «Пане, слуга мой ляжыць дома паралізаваны і цяжка пакутуе».
Езус сказаў яму: «Я прыйду і вылечу яго».
Сотнік жа адказаў: «Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлены слуга мой.
Бо і я чалавек падуладны, сам маю ў падначаленні жаўнераў і кажу аднаму: “Ідзі”, і ідзе, а другому: “Прыйдзі”, і прыходзіць, а слугу майму: “Зрабі тое”, і робіць».
Пачуўшы гэта, Езус здзівіўся і сказаў тым, хто ішоў за Ім: «Сапраўды кажу вам, ні ў кога ў Ізраэлі Я не знайшоў такой веры.
Кажу вам, што многія прыйдуць з усходу і захаду і зоймуць месца за сталом з Абрагамам, Ісаакам і Якубам у Валадарстве Нябесным.
А сыны валадарства будуць выкінуты вон у цемру, там будзе плач і скрыгатанне зубоў».
І сказаў Езус сотніку: «Ідзі, і як паверыў, няхай станецца табе». І быў аздароўлены слуга ягоны ў тую ж гадзіну.
Калі Езус прыйшоў у дом Пятра, убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы.
Ён дакрануўся да яе рукі, і гарачка пакінула яе, і яна ўстала, і прыслужвала ім.
Калі настаў вечар, прывялі да Яго многіх апанаваных злымі духамі. А Ён словам выгнаў духаў і аздаравіў усіх хворых,
каб збылося сказанае прарокам Ісаем:«Ён узяў на сябе нашую слабасцьі панёс нашыя хваробы».
Езус, убачыўшы вакол сябе натоўп, загадаў пераплыць на другі бераг.
Тады адзін кніжнік падышоў і сказаў Яму: «Настаўнік, я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў».
А Езус сказаў яму: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае дзе схіліць галаву».
Другі ж з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго».
А Езус сказаў яму: «Ідзі за Мною і пакінь памерлым хаваць сваіх памерлых».
Калі ўвайшоў у човен, былі з Ім Ягоныя вучні.
І вось, пачалася вялікая бура на моры, так што човен накрывалі хвалі. А Ён спаў.
Падышоўшы, яны пабудзілі Яго, кажучы: «Пане, ратуй, мы гінем!»
А Ён сказаў ім: «Чаго вы спалохаліся, малаверныя?» Тады, устаўшы, загадаў вятрам і мору, і настала вялікая ціша.
А людзі дзівіліся і казалі: «Хто Ён такі, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?»
Калі Езус прыплыў на другі бераг, у край гадарэнаў, сустрэлі Яго, выйшаўшы з магільных пячор, двое апанаваных злымі духамі, вельмі лютыя, так што ніхто не асмельваўся праходзіць той дарогай.
Яны закрычалі: «Што Табе да нас, Сыне Божы? Ты прыйшоў сюды заўчасна мучыць нас?»
Далёка ж ад іх пасвіўся вялікі статак свіней.
І злыя духі прасілі Яго, кажучы: «Калі выганяеш нас, то пашлі нас у статак свіней».
Ён сказаў ім: «Ідзіце». Яны выйшлі і ўвайшлі ў статак свіней. Тады кінуўся ўвесь статак з кручы ў мора і загінуў у вадзе.
А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, а таксама пра апанаваных злымі духамі.
Увесь горад выйшаў насустрач Езусу, і, убачыўшы Яго, папрасілі, каб Ён адышоў ад іхніх межаў.