Мацьвея 8 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад В. Гадлеўскага
Калі Езус сышоў з гары, следам за Ім пайшло мноства людзей.
Калі-ж зыйшоў з гары, пайшлі за ім вялікія грамады.
І вось, падышоў пракажоны і кланяўся Яму, кажучы: «Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысціць».
І вось пракажаны, падыйшоўшы, кланяўся яму, кажучы: Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
Езус працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: «Хачу, будзь ачышчаны!» І той адразу ачысціўся ад праказы.
І Езус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго, кажучы: Хачу, будзь ачышчаны. І зараз-жа была ачышчана ягоная праказа.
Езус сказаў яму: «Глядзі, нікому не кажы, але ідзі, пакажыся святару і ахвяруй дар, які наказаў Майсей, на сведчанне ім».
І сказаў яму Езус: Глядзі, нікому не кажы, але ідзі, пакажыся сьвятару і ахвяруй дар, які загадаў Майсей, гэным на пасьведчаньне.
Калі Езус увайшоў у Кафарнаум, падышоў да Яго сотнік і прасіў Яго,
Калі-ж увайшоў у Капарнаум, падыйшоў да яго сотнік, просячы яго,
кажучы: «Пане, слуга мой ляжыць дома паралізаваны і цяжка пакутуе».
і кажучы: Пане, слуга мой ляжыць дома спаралізаваны і цяжка мучыцца.
Езус сказаў яму: «Я прыйду і вылечу яго».
І сказаў яму Езус: Я прыйду і аздараўлю яго.
Сотнік жа адказаў: «Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлены слуга мой.
А сотнік, адказваючы, прамовіў: Пане, я ня варт, каб ты увайшоў пад дах мой, але скажу толькі словам і аздаравее слуга мой.
Бо і я чалавек падуладны, сам маю ў падначаленні жаўнераў і кажу аднаму: “Ідзі”, і ідзе, а другому: “Прыйдзі”, і прыходзіць, а слугу майму: “Зрабі тое”, і робіць».
Бо і я ёсьць чалавек пастаўлены пад уладай, маючы пад сабой жаўнераў, і кажу гэтаму: «Ідзі» — і ён ідзе, другому: «Прыйдзі» — і ён прыходзіць, а слузе майму: «Рабі гэта» — і ён робіць.
Пачуўшы гэта, Езус здзівіўся і сказаў тым, хто ішоў за Ім: «Сапраўды кажу вам, ні ў кога ў Ізраэлі Я не знайшоў такой веры.
А пачуўшы, Езус зьдзівіўся і сказаў да тых, што ішлі за ім: Сапраўды кажу вам, не знайшоў я такой вялікай веры ў Ізраілю.
Кажу вам, што многія прыйдуць з усходу і захаду і зоймуць месца за сталом з Абрагамам, Ісаакам і Якубам у Валадарстве Нябесным.
А кажу вам, што многія прыйдуць з усходу і захаду і засядуць з Абрагамам, Ізаакам і Якубам у каралеўстве нябесным,
А сыны валадарства будуць выкінуты вон у цемру, там будзе плач і скрыгатанне зубоў».
а сыны каралеўства будуць выкінуты ў цемру надворную, там будзе плач і скрыгот зубоў.
І сказаў Езус сотніку: «Ідзі, і як паверыў, няхай станецца табе». І быў аздароўлены слуга ягоны ў тую ж гадзіну.
І сказаў Езус сотніку: Ідзі, і як ты ўверыў, няхай табе станецца. І аздаравеў слуга ў тую гадзіну.
Калі Езус прыйшоў у дом Пятра, убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы.
І калі Езус прыйшоў у дом Пятра, убачыў цешчу ягоную, ляжачую ў гарачцы,
Ён дакрануўся да яе рукі, і гарачка пакінула яе, і яна ўстала, і прыслужвала ім.
і дакранаўся да яе рукі, і пакінула яе гарачка, і яна ўстала і паслугавала ім.
Калі настаў вечар, прывялі да Яго многіх апанаваных злымі духамі. А Ён словам выгнаў духаў і аздаравіў усіх хворых,
Калі-ж надыйшоў вечар, прывялі да яго многіх, маючых злых духаў. І выганяў духаў словам і аздаравіў усіх хворых,
каб збылося сказанае прарокам Ісаем:«Ён узяў на сябе нашую слабасцьі панёс нашыя хваробы».
каб споўнілася, што было сказана праз Ізраіля прарока, які кажа: «Ён прыняў нашыя немачы і нсіў нашыя хваробы». (53:4).
Езус, убачыўшы вакол сябе натоўп, загадаў пераплыць на другі бераг.
Відзячы-ж навакол сябе многія грамады, Езус загадаў пераплыць на другі бок мора.
Тады адзін кніжнік падышоў і сказаў Яму: «Настаўнік, я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў».
І падыйшоўшы адзін кніжнік, сказаў яму: Вучыцель, я пайду за табою, дзе толькі ты пойдзеш.
А Езус сказаў яму: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае дзе схіліць галаву».
А Езус сказаў яму: Лісіцы маюць норы і птушкі нябесныя гнёзды, а Сын чалавечы ня мае дзе скланіць галаву.
Другі ж з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго».
Другі-ж з вучняў ягоных сказаў яму: Пане, дазволь мне перш пайсьці і пахаваць бацьку майго.
А Езус сказаў яму: «Ідзі за Мною і пакінь памерлым хаваць сваіх памерлых».
А Езус сказаў яму: Ідзі за мною і пакінь умерлым хаваць сваіх нябожчыкаў.
Калі ўвайшоў у човен, былі з Ім Ягоныя вучні.
І калі ён увайшоў у лодку, увайшлі за ім ягоны вучні.
І вось, пачалася вялікая бура на моры, так што човен накрывалі хвалі. А Ён спаў.
І вось узьнялася вялікая бура на моры, так што хвалі залівалі лодку, а ён спаў.
Падышоўшы, яны пабудзілі Яго, кажучы: «Пане, ратуй, мы гінем!»
І прыступілі да яго вучні ягоны, кажучы: Пане, ратуй нас, гінем.
А Ён сказаў ім: «Чаго вы спалохаліся, малаверныя?» Тады, устаўшы, загадаў вятрам і мору, і настала вялікая ціша.
А Езус адказаў ім: Чаго вы баіцёся, малаверныя? Тады ўстаўшы, загадаў вятром і мору і зрабілася цішыня вялікая.
А людзі дзівіліся і казалі: «Хто Ён такі, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?»
А людзі дзівіліся, кажучы: Хто-ж гэта такі, што вятры і мора слухаюць яго?
Калі Езус прыплыў на другі бераг, у край гадарэнаў, сустрэлі Яго, выйшаўшы з магільных пячор, двое апанаваных злымі духамі, вельмі лютыя, так што ніхто не асмельваўся праходзіць той дарогай.
І калі прыбыў на той бераг у краіну Гэразэнаў, перанялі яго два маючыя д’ябэльства, якія выходзілі з грабоў, вельмі злыя, так што ніхто ня мог прайсьці гэнай дарогай
Яны закрычалі: «Што Табе да нас, Сыне Божы? Ты прыйшоў сюды заўчасна мучыць нас?»
І вось яны закрычалі, кажучы: што табе да нас, Езусе, Сыне Божы? Прыйшоў ты сюды перад часам нас мучыць?
Далёка ж ад іх пасвіўся вялікі статак свіней.
А была недалёка ад іх пасучыся вялікая стада сьвіней.
І злыя духі прасілі Яго, кажучы: «Калі выганяеш нас, то пашлі нас у статак свіней».
Д’яблы-ж, прасілі яго, кажучы: Калі нас выганяеш згэтуль, пашлі нас у стада сьвіней.
Ён сказаў ім: «Ідзіце». Яны выйшлі і ўвайшлі ў статак свіней. Тады кінуўся ўвесь статак з кручы ў мора і загінуў у вадзе.
І сказаў ім: Ідзеце. Яны-ж выйшаўшы, увайшлі ў сьвіні. І вось уся стада кінулася стрымгалоў у мора і пагінула ў вадзе.
А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, а таксама пра апанаваных злымі духамі.
А пастухі ўцяклі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі аб усім і аб тых, што мелі д’ябэльства.
Увесь горад выйшаў насустрач Езусу, і, убачыўшы Яго, папрасілі, каб Ён адышоў ад іхніх межаў.
І вось увесь горад выйшаў насустрэч Езусу і, убачыўшы яго, прасілі, каб адыйшоў ад іхных граніц.