Мацьвея 21 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад В. Гадлеўскага
Калі наблізіліся да Ерузалема і прыйшлі ў Бэтфагію да гары Аліўнай, тады Езус паслаў двух вучняў,
І калі прыбліжаліся да Ерузаліму і прыйшлі да Бэтфагэ пры Аліўнай гарэ, тады езус паслаў двух вучняў,
кажучы ім: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі. Там адразу знойдзеце прывязаную асліцу і асляня з ёю. Адвяжыце і прывядзіце да Мяне.
кажучы ім: Ідзеце ў сяло, якое напроць вас, і зараз знойдзеце прывязаную асьліцу і з ёй асьлянё: адвяжэце і прывядзеце да мяне.
Калі вам хто скажа што-небудзь, адкажыце, што яны патрэбны Пану; і зараз жа адашле іх».
А калі-б вам хто што гаварыў, скажэце, што яны патрэбны Пану і ён зараз пусьціць іх.
І сталася гэта, каб збылося сказанае прарокам:
А гэта ўсё сталася, каб споўнілася сказанае праз прарока (Зах. 9:9), які кажа:
«Скажыце дачцэ Сіёна:вось Кароль твой ідзе да цябе;лагодны, седзячы на асліцы, на асляняці,сыне пад’ярэмнай».
Скажэце дачцэ Сыёнскай: «Вось кароль твой ідзе да цябе ціхі, седзячы на асьліцы і асьляці, сыне пад’ярэмнай».
Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Езус.
Вучні-ж, пайшоўшы, зрабілі так, як ім загадаў Езус.
Прывялі асліцу і асляня і паклалі на іх свае плашчы, і Ён сеў на іх.
І прывялі асьліцу і асьлянё, і ўзлажылі на іх свае вопраткі і пасадзілі яго на верх.
І мноства людзей рассцілала свае плашчы на дарозе, іншыя ж зразалі галіны з дрэў і слалі на дарозе.
А вялізарная грамада слала свае вопраткі на дарозе, другія-ж зразалі галінкі з дзераваў і слалі іх на дарозе.
А натоўпы, якія ішлі спераду і за Ім, усклікалі: «Гасанна Сыну Давіда!Благаслаўлёны той,хто прыходзіць у імя Пана!Гасанна на вышынях!»
А грамады, каторыя ішлі наперадзе і ішлі ззаду, крычалі, кажучы: Госанна сыну Давіда, багаслаўлены, каторы ідзе ў імя Пана! Госанна на вышынах!
Калі Ён увайшоў у Ерузалем, узрушыўся ўвесь горад, і пыталіся: «Хто гэта?»
І калі ўехаў у Ерузалім, парушыўся ўвесь горад, кажучы: Хто гэта такі?
А народ адказваў: «Гэта прарок Езус з Назарэта Галілейскага».
Народ-жа адказаў: гэта Езус, прарок з Назарэту Галілейскага.
Езус увайшоў у святыню і прагнаў усіх, хто гандляваў і купляў у святыні, а сталы мянялаў і лаўкі гандляроў галубамі папераварочваў.
І ўвайшоў Езус у сьвятыню Божую і выгнаў усіх прадаючых і купляючых у сьвятыні і абярнуў сталы мяняльнікаў і столікі прадаючых галубы;
Ён сказаў ім: «Напісана: “Дом Мой назавецца домам малітвы”, а вы зрабілі з яго пячору разбойнікаў».
і сказаў ім: Ёсьць напісана: «дом мой будзе названы домам малітвы, а вы яго зрабілі пячэрай разбойнікаў» (Із. 56:7; Ер. 7:11).
Падышлі да Яго ў святыні сляпыя і кульгавыя, а Ён аздаравіў іх.
І прыступілі да яго сьляпыя і кульгавыя ў сьвятыні і ён аздаравіў іх.
Але першасвятары і кніжнікі, калі ўбачылі цуды, якія Ён учыніў, і дзяцей, якія ўсклікалі ў святыні: «Гасанна Сыну Давіда», абурыліся
А старшыя сьвятары і кніжнікі, бачучы дзівы, якія чыніў, і дзяцей, выкрыківаючых у сьвятыні і кажучых: «Госанна сыну Давіда»! — абурыліся
і сказалі Яму: «Ці чуеш, што яны кажуць?» А Езус адказаў ім: «Так. Хіба вы не чыталі ніколі: “З вуснаў немаўлят і тых, хто сасе, Ты ўчыніў хвалу”?»
і сказалі яму: Ці чуеш, што яны кажуць? Езус-жа сказаў ім: Так. Ці-ж вы ніколі ня чыталі, што «з вуснаў дзетак і сысункоў Ты ўчыніў хвалу»? (Пс. 8:3).
Пакінуўшы іх, Ён выйшаў з горада ў Бэтанію і пераначаваў там.
І пакінуўшы іх, выйшаў проч з гораду да Бэтаніі і там астаўся.
А раніцай, калі вяртаўся ў горад, адчуў голад.
А нараніцы, варочаючыся ў горад, захацеў есьці.
Убачыўшы пры дарозе смакоўніцу, падышоў да яе і нічога, акрамя лісця, на ёй не знайшоў. Тады сказаў ёй: «Няхай з цябе ніколі навекі не будзе пладоў». І смакоўніца адразу засохла.
І ўгледзеўшы пры дарозе адно фігавае дрэва, падыйшоў да яго і, нічога не знайшоўшы на ім апроч толькі лісьця, сказаў да яго: Няхай-жа з цябе ніколі ня родзіцца плод на векі! І зсохла зараз-жа фіга.
Калі вучні ўбачылі гэта, здзівіліся і сказалі: «Як гэта адразу смакоўніца высахла?»
А вучні, убачыўшы, дзівіліся, кажучы: Як яна зараз-жа зсохла!
А Езус сказаў ім у адказ: «Сапраўды кажу вам: калі ў вас будзе вера і не будзе сумненняў, то не толькі зробіце гэта са смакоўніцай, але і калі скажаце гары гэтай: “Падыміся і кінься ў мора”, збудзецца.
А Езус, адказваючы, сказаў ім: Сапраўды кажу вам: калі б вы мелі веру і не сумневаліся, ня толькі зробіце з фігавым дрэвам, але калі-б і гэтай гарэ сказалі: «Узьніміся і кінься ў мора», станецца.
І ўсё, чаго папросіце ў малітве з верай, атрымаеце».
І ўсё, чаго толькі будзеце прасіць у малітве веручы, атрымаеце.
Калі Ён прыйшоў у святыню і навучаў, падышлі да Яго першасвятары і старэйшыны народу і сказалі: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто даў Табе гэтую ўладу?»
І калі прыйшоў у сьвятыню, прыступілі да яго, калі ён навучаў, вышэйшыя сьвятары і старшыя народу, кажучы: Якою ўладаю ты гэта робіш? І хто табе даў гэтую ўладу?
Езус адказаў ім: «Спытаю ў вас і Я пра адно; калі скажаце Мне пра гэта, тады і Я вам скажу, якою ўладаю раблю гэта.
Адказваючы, Езус сказаў ім: Спытаюся і я ў вас аднаго слова, калі вы мне яго скажаце, то і я вам скажу, якою ўладаю я гэта раблю.
Адкуль быў Янаў хрост? З неба ці ад людзей?» Яны ж разважалі паміж сабою, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, то Ён скажа нам: “Чаму ж вы не паверылі яму?”
Хрост Яна скуль быў, з неба ці з людзей? Яны-ж разважалі паміж саюою, кажучы:
А калі скажам: “Ад людзей”, — баімся натоўпу, бо ўсе лічаць Яна прарокам».
Калі скажам: «З неба», то ён нам скажа: Чаму-ж вы не паверылі яму? Калі-ж скажам: «З людзей», баімося грамады, бо ўсе мелі Яна за прарока.
І сказалі ў адказ Езусу: «Не ведаем». Тады і Ён сказаў ім: «І Я не скажу вам, якой уладай раблю гэта».
І адказваючы Езусу, сказалі: Ня ведаем. Сказаў ім так-жа ён: І я вам не скажу, якою ўладаю я гэта раблю.
«Як вам здаецца? У аднаго чалавека былі два сыны. Прыйшоўшы да першага, ён сказаў: “Сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку”.
А як вам здаецца? Адзін чалавек меў двух сыноў і, падыйшоўшы да першага, сказаў: Сыне, ідзі сягоньня, папрацуй у маім вінаградніку.
Але той адказаў: “Не хачу.” Аднак пасля, апамятаўшыся, пайшоў.
Але той, адказваючы, сказаў: Не хачу. Потым аднак, раскаяўшыся, пайшоў.
Тады падышоў да другога і сказаў тое самае. Той жа сказаў у адказ: “Іду, гаспадару”. І не пайшоў.
І падыйшоўшы да другога, сказаў таксама. Гэты-ж адказваючы, сказаў: Іду, пане — і не пайшоў.
Каторы з двух выканаў волю бацькі?» Кажуць Яму: «Першы». Тады Езус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусніцы ідуць перад вамі ў Валадарства Божае.
Каторы з двух споўніў волю айца? Кажуць яму: Першы. Сказаў ім Езус. Сапраўды кажу вам, што мытнікі і блудніцы пойдуць перад вамі ў каралеўства Божае.
Прыйшоў да вас Ян шляхам справядлівасці, і вы не паверылі яму. А мытнікі і распусніцы паверылі. Вы ж, убачыўшы, не апамяталіся пасля, каб паверыць яму.
Бо прыйшоў да вас Ян шляхам справядлівасьці і вы не паверылі яму; вы-ж бачачы, ані ня мелі жалю пасьля, каб паверыць яму.
Паслухайце іншую прыпавесць. Быў адзін гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджай, выкапаў у ім давіла, пабудаваў вежу ды, аддаўшы яго вінаградарам, паехаў.
Паслухайце другое прыповесьці: Быў чалавек гаспадар, каторы засадзіў вінаграднік, абгарадзіў яго плотам, выкапаў у ім вінатоку, пабудаваў вежу, аддаў яго ў арэнду земляробам і выехаў.
Калі ж наблізіўся час ураджаю, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў, каб забраць свой ураджай.
Калі-ж надыйшоў час пладоў, паслаў сваіх слуг да земляробаў, каб атрымаць свае плады.
А вінаградары, схапіўшы слугаў ягоных, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага закідалі камянямі.
Але земляробы, схапіўшы ягоных слуг, іншага пабілі, іншага забілі, а іншага закаменавалі.
Той зноў паслаў яшчэ больш слугаў, і з імі ўчынілі тое самае.
Ізноў паслаў іншых слуг, болей чым першых, і з імі зрабілі таксама.
Урэшце ён паслаў да іх свайго сына, кажучы: “Ушануюць сына майго”.
Уканцы-ж паслаў да іх сына свайго, кажучы: Ушануюць сына майго.
Але, убачыўшы сына, вінаградары сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ем яго і завалодаем спадчынай ягонай”.
Але земляробы, убачыўшы сына, гаварылі паміж сабою: Гэта насьледнік, пойдзем, заб’ём яго і будзем мець ягону спадчыну.
І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі.
І схапіўшы яго, выкінулі вон з вінаградніка і забілі.
Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць з гэтымі вінаградарамі?»
Дык калі прыйдзе гаспадар вінаградніка, што зробіць з тымі земляробамі?
Адказалі Яму: «Злачынцаў гэтых пакарае ліхою смерцю, а вінаграднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў адпаведны час».
Кажуць яму. Злыдняў пазлому выгубіць, а вінаграднік свой аддасьць у арэнду іншым земляробам, каторыя будуць аддаваць яму плод у сваім часе.
Езус сказаў ім: «Няўжо ж вы ніколі не чыталі ў Пісаннях: “Камень, адкінуты будаўнікамі,стаў галавою вугла.Пан учыніў гэта,і дзіўнае яно ў вачах нашых”?
Сказаў ім Езус: Ці-ж вы ніколі ня чыталі ў Пісаньні (Пс. 117:22): «Камень, які адкінулі будаўнічыя, стаўся галавою вугла? Ад Пана гэта сталася і ёсьць дзіўным у вачох нашых».
Таму кажу вам, што адымецца ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які прынясе плады яго.
Дзеля гэтага кажу вам, што будзе аднята ад вас каралеўства Божае і будзе дадзена народу, які творыць плады яго.
І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, таго раструшчыць».
А хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, сатрэ яго.
Калі першасвятары і фарысеі пачулі Ягоныя прыпавесці, зразумелі, што Ён гаворыць пра іх.
І калі пачулі яго прыповесьці старшыя сьвятары і фарызэі, зразумелі, што аб іх гаварыў.
Таму намагаліся схапіць Яго, але баяліся людзей, бо тыя лічылі Яго прарокам.
І хочучы яго ўзяць, баяліся грамадаў, бо яны мелі яго за прарока.