Мацьвея 8 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Як жа зышоў Ён із гары, за Ім пайшло шмат грудоў.
 

І вось, падышоў пракажаны і, кланяючыся Яму, сказаў: «Спадару, калі хочаш, можаш мяне ачысьціць».
 

Ісус, выцягнуўшы руку, даткнуўся да яго й сказаў: «Хачу, ачысьціся». І ён якга ачысьціўся ад праказы.
 

І кажа яму Ісус: «Глядзі, нікому не кажы; але пайдзі, пакажыся сьвятару і абрачы дар, які расказаў Масей, на сьветчаньне ім».
 

А як увыйшоў да Калернауму, да Яго падышоў сотнік і прасіў Яго:
 

«Спадару! дзяцюк мой ляжыць дома, у яго паляруш, і ён вельма мучыцца».
 

Ісус кажа яму: «Я прыйду і ўздараўлю яго».
 

Сотнік жа адказаў і сказаў: «Спадару! я ня годзен, каб Ты ўвыйшоў пад страху маю; але скажы толькі слова, і ачуняе слуга мой;
 

Бо я, і людзіна падуладная, і маю пад сабой вояў, кажу аднаму: ’Пайдзі’, і йдзець; і другому: ’Прыйдзі’, і прыходзе; і слузе свайму: ’Зрабі гэта’ і робе».
 

Пачуўшы гэта, Ісус зьдзіваваўся й сказаў ідучым за Ім: «Запраўды кажу вам: у нікім такое веры ў Ізраелю не знайшоў Я.
 

Кажу ж вам, што шмат прыйдзе з усходу і із захаду і засядуць із Абрагамам, Ісаком а Якавам у гаспадарстве нябёсным;
 

А сынове гаспадарства выкінены будуць у цемру навонную; там будзе плач а скрыгот зубамі».
 

І сказаў Ісус сотніку: «Ідзі, і, як ты ўверыў, няхай будзе табе». І ачуняў дзяцюк тае ж гадзіны.
 

І прыйшоўшы да дому Пятровага, Ісус абачыў цешчу ягоную, што ляжала й была ў гаручцы.
 

І даткнуўся да рукі ейнае, і гаручка пакінула яе; і яна ўстала а паслугавала ім.
 

Як жа настаў вечар, да Яго прывялі шмат апанаваных злым духам, і Ён выгнаў духоў словам, і ўсіх няўздолюючых уздаравіў,
 

Каб спаўнілася сказанае Ісаям прарокам, што кажа: «Ён узяў на Сябе няўздоленьні нашы і панёс хваробы».
 

Як Ісус абачыў навокал Сябе вялікія груды, расказаў адплысьці на другі бок.
 

І дабліжыўся адзін із кніжнікаў, і сказаў Яму: «Вучыцелю! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў».
 

І кажа яму Ісус: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнезды, а сын людзкі ня мае йдзе галавы прытуліць».
 

Другі ж із вучанікаў Ягоных сказаў Яму: «Спадару! дазволь імне ўперад пайсьці і пахаваць айца свайго».
 

Але Ісус сказаў яму: «Ідзі за Імною і пакінь мертвым хаваць памерлых сваіх».
 

І як увыйшоў Ён у струг, за Ім пайшлі вучанікі Ягоныя.
 

І вось, узьнялася вялікая бура на мору, ажно хвалі залівалі струг; а Ён спаў.
 

І, дабліжыўшыся, яны пабудзілі Яго й сказалі: «Спадару! ратуй нас — гінем!»
 

І кажа ім: «Чаму вы баязьлівыя, малаверныя?» Потым, устаўшы, зганіў вятры а мора, і стала вялікая цішыня.
 

Людзі ж дзіваваліся й сказалі: «Што за Гэты, што вятры а мора слухаюць Яго?»
 

І як Ён прыбыў на другі бок да зямлі Ґерґесынскае, Яго перанялі два апанаваныя д’яблам, вышаўшы з грабоў, надта злыя, ажно ніхто ня мог праходзіць тудэй.
 

І вось, яны закрычэлі: «Што Табе да нас, Ісусе, Сыну Божы? Ты прышоў сюды без пары мучыць нас».
 

Далёка ж ад іх пасьцілася вялікая чарада сьвіньняў.
 

І нячысьцікі прасілі Яго, кажучы: «Калі выжанеш нас, то пашлі нас у чараду сьвіньняў».
 

І сказаў ім «Ідзіце». І яны, вышаўшы, пайшлі ў сьвіньні. І вось, уся чарада сьвіньняў кінулася із стромы ў мора і загінула ў вадзе.
 

Пасучыя ж іх уцяклі і, прышоўшы да места, павядалі праз усе і праз тых апанаваных нячысьцікам.
 

І вось, усё места вышла напярэймы Ісусу і, абачыўшы Яго, малілі, каб Ён адыйшоў ад граніцаў іхных.